Пантофля Мнемазіны - Людміла Іванаўна Рублеўская 8 стр.


Галоўныя спецыялісты тыя, што ажыўляюць прафесара Снэйпа з фандома паводле «Гары Потэра». Іх галоўны аргумент цела не знайшлі. Вісклівы Дамок, дзе супершпіён прыняў смерць ад жудаснай змяюкі Цёмнага Лорда, згарэў. Зусім як «Жыгуль» майго Віталя. Таму верагодна, што прафесар споўз. Інсцэнаваў сваю смерць, сціскаючы ў кішэні супрацьяддзе і кроваспыняльнае зелле, і падпаліў дэкарацыі. Альбо яго непрытомнае цела забралі змоўшчыкі. Ён ачуняў, змяніў імя і знешнасць Жыве як іншы чалавек, бо не хоча ў турму за старыя грахі. Альбо не памятае, хто ён, страціў магію. Альбо хаваецца ад няшчаснага кахання (да Гары Потэра, вядома).

Але каб хацеў Корвус проста знікнуць ён і так за мяжой быў Навошта вярнуўся на Беларусь і якім чынам?

Тут хутчэй падыходзіць аналогія з фандомам Шэрлака Холмса. Геніяльны слядак зваліўся ў Рэйхенбахскі вадаспад разам з прафесарам Марыярці. А насамрэч таксама інсцэнаваў сваю смерць і вярнуўся праз нейкі час у Лондан, каб давершыць справу выкрыцця злачыннай арганізацыі. Статус нябожчыка дазволіў лягчэй праводзіць расследаванні.

Якая ж важная недавершаная справа ў Корвуса?

Я ледзь успомніла, што зараз трэба выходзіць, давялося людзей расштурхоўваць. Нават значок з заплечніка, самы прыкольны, з няшнай постаццю прафесара Снэйпа ў стылі анімэ, з надпісам «Не хвалюйся, я бессмяротны» адчапіўся і застаўся дзесьці за жалезнымі дзвярыма цягніка.

Я завярнула за шэра-мармуровую калону станцыі і сутыкнулася з маладой чарнявай кабетай у паношанай балонневай куртцы колеру капуснага ліста. Кабета, сагнуўшыся, старанна лічыла грошы. Ад майго штуршка адна паперка паляцела на падлогу. Маё «прабачце» непрыкметна растала ад палючай нянавісці чорных вачэй. А гэтую спадарыню я ж нядаўна бачыла ў вагоне яна гнюсавым плачучым голасам старанна выгаворвала: «Выбачайце, што я адцягваю вашу ўвагу. Я не падманваю вас, дарагія людзі. Збіраю грошы на аперацыю дачцэ. Дапамажыце, хто чым можа, блаславі вас Гасподзь». Плач у голасе гучаў занадта прафесійна. Акцэнт сведчыў, што спадарыня не мясцовая. І я, гэтак жа, як многія пасажыры, утаропілася ў шпалеры з кнігамі і праігнаравала пацёрты поліэтыленавы пакет з міласцінавымі купюрамі, які на пару імгненняў затрымаўся перада мной.

Кабета не дала сіняй паперцы ўпасці на бетонную падлогу, спрытна падхапіла, быццам птушка матыля.

 Што лупішся?  цяпер яе голас зусім не плакаў і не маліў. Будзеш, красунька, з нябожчыкам цалавацца!

Мой погляд зачапіўся за танныя завушніцы ў выглядзе птушыных пёркаў з белага металу, што пагойдваліся ў вушах чарнявай жабрачкі. Я яшчэ раз мармытнула абсалютова непатрэбнае «Прабачце» і бегма пакінула станцыю. «Цалавацца з нябожчыкам» Гэта праклён, прадказанне ці прапанова?

Я нацягнула на галаву капюшон талстоўкі красавіцкі вецер насвістваў у вушы штось сімфанічнае. Мокры асфальт, белыя захляпаныя красоўкі з калісь жоўтымі шнуркамі З чаго ж пачаць росшукі свайго нябожчыка?

Ясная справа, з мінулага. Раптам марінагорская цётачка штосьці ведае? Месяц таму сама мне патэлефанавала, прычым двойчы. Пыталася, чаму не прыязджаю. Маўляў, у рэчах пляменніка, пакінутых у яе доме, маецца адрасаваная мне рэч. Пакет, канверт Не памятаю. Але я па-ранейшаму хацела пазбавіцца ўсялякіх успамінаў і нават не падумала ехаць забіраць у той час як сама ўсё Віталева аддала. А цяпер зезджу. Таму што калі не ўпэўнюся, жывы Корвус ці не Самае страшнае няпэўнасць.

Першы пацалунак пасля сустрэчы з чарнявай жабрачкай, аднак, дастаўся не ад нябожчыка. Мацейка ў вітальні маёй кватэры крануў цёплымі вуснамі шчаку Хоць я адразу раздражнёна адхілілася. Не да сантыментаў. З варыўні пахла тушанай рыбай. Бэ-э Зноў рыба Успомніўся хек у белай пенапластавай скрыначцы, зедзены на абед. Ну, але сам факт хлопец гатуе мне вячэру, вунь пантофлі падае

 Дзякуй  мармытнула я, усунуўшы ногі ў вязаныя сіне-белыя пантофлі са скандынаўскім арнаментам.

 Ірынка, што здарылася?

Ён заўсёды адчувае мой настрой. Мацей глядзеў уважліва-трывожна, гэтак жа, як Кафка з ягонай майкі, якая абцягвала даволі шырокія плечы. Вы, напэўна, сказалі б прывабны хлопец, спартыўны, стылёвы. Прычоска з доўгім русявым чубам і каротка стрыжанымі скронямі, на абедзвюх руках скураныя фенечкі, іх уладальнік не здымаў нават дома, плюс «татушка» на загрыўку ў выглядзе лацінскага выслоўя A probis probari, ab improbis improbari aequa laus est. «Аднолькава вартыя ўхвала ад годных і ганьба ад нягодных». Што значыць, фіялетава мне на вашую крытыку.

Мне зразумела, адкуль гэтая дэманстрацыя незалежнасці ад чужога меркавання. Нацярпеўся Мацей Я дасюль, як на яго гляджу, бачу не шыракаплечага падцягнутага мужчыну, а поўненькага хлопчыка з наіўным ружовашчокім тварам, аж хочацца ўшчыкнуць за пухлую шчаку. Ці штурхануць у спіну, каб не глядзеў так, быццам увесь свет з цукерак і сонечных зайчыкаў. Што ж, з ім, нізенькім пухлявым навічком, усё гэта ў нашым чацвёртым «Б» і рабілі. І не толькі гэта. Штурхалі, шчыкалі, лупілі, падкладалі кнопкі на крэсла Клас наш быў паскудны. А што вы хочаце, рабочы раён. Побач зона строгага рэжыму, чыгунка, ля якой мы бавілі вольны час, скачучы па застылых грудах шлаку. А хлапцы бегалі да зоны, хваліліся, што вось учора ледзь вартавыя з вышак не падстрэлілі. Кідалі праз калючы дрот пачкі з чаем, цыгарэты. Атрымлівалі ўзамен нажы з наборнымі ручкамі, адмысловыя бранзалеты з жалезных ланцужкоў І ў класе парадкі былі, як на зоне. Нават спіс іерархіі па партах хадзіў. На чале Атаманша, самая высокая і мажная дзяўчынка, дзве яе шасцёркі, і ўжо не памятаю, як там ролі размяркоўваліся. Я з дзвюма сяброўкамі апынулася ў асобнай партыі, анархістаў. У мяне спісвалі ўрокі, мы разам з усімі ўцякалі з заняткаў і пляваліся гарохам з трубачак. Але ўдзельнічаць у «цёмных», кагось няўгоднага лупіць, падтрымліваць байкоты я наадрэз адмаўлялася. Атаманша паблажліва дазволіла мне быць трохі паасобку і за тое, што рабіла хатнія заданні за ўвесь клас, і за тое, што маніць не ўмела. Прынамсі, такое меркаванне пра мяне склалася.

Галоўнае было не патрапіць да ізгояў, якім згаданыя «цёмныя» і ўчынялі. А вось Мацей якраз у тых ізгоях Мілы такі хлопчык, разумненькі, настаўнікі не нахваляцца. З добрай сямі тата і мама медыкі. Акуратненькая вопратка, акуратненькая стрыжачка, у музычную школу ходзіць, грае на флейце

Не, вы падумайце, у класе, дзе палова бацькоў пабывала ў калоніі, вучыцца флейтыст! Не хачу ўспамінаць, як яго абзывалі. А ён яшчэ да ўсяго і заікаўся. «Ад-д-д-чап-п-піцеся»

Вядома, ніякіх рамантычных пачуццяў Мацейка ні ў каго з дзяўчатаў не выклікаў. Наадварот нават побач з ім затрымацца грэбавалі. Сесці за адну парту з Саломай мянушка ад ягонага прозвішча Саламярэцкі Нізавошта! Задражняць. Таму нясмелыя спробы Саломы заляцацца да мяне («Хочаш ц-цукерку? П-пайшлі ў к-кіно?») былі сустрэтыя, як заляцелыя ў хату мухі: хуценька прыбіць, каб не дзумкалі.

Але флейтыст не здаўся. Замест таго, каб да канца вучобы шыцца па кутах і пазбягаць увагі якога-небудзь Валодзькі з паламаным носам і пудовымі кулакамі, пазапісваўся ў спартовыя секцыі. І ўжо ў восьмым класе канчаткова развітаўся з пухлявасцю, флейтай і кончыкам мезенца на левай руцэ. Мезенец яму падкараціла ў бойцы заточаная жалезная палоска, здабытая нейкім Вовам ці Мішам у добрых зэкаў. Заіканне засталося толькі калі моцна хваляваўся. Але нават калі я нечакана сустрэла Мацея ў Акадэміі мастацтваў ён паступіў на кампутарны дызайн, я вучылася на камунікатыўным, усё роўна бачыла ў ім таго ж поўненькага хлопчыка з наіўнымі вачыма, з якім няёмка падтрымліваць знаёмства, бо засмяюць.

Былы флейтыст доўга ў акадэміі не пратрымаўся. Мусіць, курса з другога перайшоў на айцішныя тэхналогіі ў другі інстытут. Хаця маляваў цікава. Графічка такая сюрэалістычная чорнай тушшу, цмокі, эльфы хоць зараз у раздзел арту на маім сайце.

Некалькі год я анічога пра заікастага Саламярэцкага не чула. Ажно да абароны дыплома яна ў нас была ў музеі сучаснага мастацтва. І калі я ціха ікала ад хвалявання дыплом мой быў на тэму «Промапрадукцыя Мінскага трактарнага завода», я абыграла вобраз трактара-супермена і баялася, што выкладчыкі не ацэняць сцёбу Адгадайце, хто падаў мне каву-латэ, прынесеную з суседняй кавярні?

У адрозненне ад мяне, Мацей хутка зрабіўся знакамітасцю ў сваіх прафесійных колах. Далучыўся да стварэння папулярнай кампутарнай гульні са смешнымі круглымі монстрыкамі, павыйграваў нейкія прэстыжныя конкурсы Урэшце, і мяне дабіўся. Ну, дазволіла ж я яму ўвайсці ў маё жыццё, выцягнуць з дэпрэсіі Праўда, ягонае мармытанне пра замежныя перспектывы толькі раздражняла: ён там будзе геніяльнічаць пры якім Білу Гейцу, а мне што рабіць? Посуд мыць у Макдональдсе? А на ролю хатняй гаспадыні я не падпішуся нават пры наяўнасці роты прыслугі. Маім мужам Салому не быць, я сказала.

Мой расповед пра сённяшнія падзеі развесяліў Мацея прыкладна як Гамлета зяўленне прывіду ягонага бацькі.

Назад Дальше