Урбанізацыя, пераразмеркаванне рынку працы, збядненне дробнай гандлёва-рамесніцкай масы, што суправаджала развіццё капіталістычных адносін, назаўсёды змянілі сэксуальна-сямейнае жыццё беларускага мястэчка. Ужо згаданы А. Я. Багдановіч наступным чынам апісвае працэс дэзарганізацыі традыцыйнай сямі ў мястэчку Халопенічы: «Напрыканцы 70-х гадоў агульнае становішча на рынку нявест было такое, што не я шукаў збліжэння, а мяне шукалі перавыраб нявест пры адсутнасці адпаведных і надзейных жаніхоў Шкада, што ўсім ім, халопеніцкім дзяўчынам майго пакалення, выпала цяжкая, нават горкая доля толькі адна Ліза Шаблоўская своечасова і шчасліва выйшла замуж Усе астатнія, каго я толькі ні памятаю са сваіх равесніц, пайшлі ў жыццё цяжкім шляхам і ўсе не захавалі сябе. Што гэта значыць? Ці былі яны менш стрыманыя, менш маральныя, чым іх папярэдніцы? Вядома не: яны былі дзяўчыны сціплыя, можа быць, сціплейшыя за іншых. Але змяніліся абставіны менавіта гаспадарчыя абставіны: няма заробкаў, няма з чым замацавацца і завесці ўласную сямю. Няма пасагу, а голую хто возьме, нават і добрую работніцу. За невялікімі выключэннямі гэта ўсё былі дзеці беднаты»[13].
У трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» таксама цяжка знайсці чыстыя, незаплямленыя адносіны паміж мужам і жонкай. У семях персанажаў пануе атмасфера недаверу і жорсткасці, нявернасці і эгаізму. Новыя сэксуальныя паводзіны местачкоўцаў у апавяданні «Мутэрка» паказаў М. Гарэцкі. Прычым сэксуальна-распусныя паводзіны галоўнага героя сялянскага сына, «абмаскаленага беларуса», рэпетытара Данілы, які адначасова жыў з 35-гадовай маці сваёй вучаніцы і заляцаўся да яе 15-гадовай дачкі, аўтар звязаў з яго адмовай ад беларускай ідэнтычнасці[14].
Існавала нацыянальна-канфесійная спецыфіка сэксуальна-шлюбных адносін яўрэйскага насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак. Да прыкладу, трэба адзначыць большую ўстойлівасць у іх патрыярхальных традыцый, што тлумачылася рэлігійнымі прычынамі. Традыцыйны юдаізм прадугледжваў розныя ролі для мужчыны і жанчыны ў сэксуальнай сферы, строга кантраляваў кантакты паміж імі ў шлюбе і па-за ім. Звычайна яўрэйская сямя зяўлялася буйнейшай, чым хрысціянская. Значную ролю выконвала жанчына, якая часта не абмяжоўвалася хатнімі заняткамі, а займалася прадпрымальніцтвам, ствараючы матэрыяльны падмурак для сямейнага існавання. Яўрэйскія аўтары згадваюць багата трагічных гісторый пра заўчасныя шлюбы, якія часта распадаліся часам самі па сабе, часам праз тое, што бяднелі бацькі, якія ўтрымлівалі маладзёнаў. Часта яўрэі ўступалі ў шлюб у падлеткавым узросце і сталелі разам з уласнымі дзецьмі. Нярэдкія былі выпадкі, калі жаніліся стрыечныя браты і сёстры, бо іх бацькі і дзяды імкнуліся захаваць капіталы ад падзелу[15].
Традыцыйная сямя ў беларускіх татар, якую яны разглядалі ў якасці адзінай формы паўнавартаснага функцыянавання гаспадаркі, будавалася на пачатках Карана. Беларуская татарская сямя была патрыярхальнай, вольнасць адносін моладзі ў ёй стрымлівалася шарыятам. Але ў ёй адсутнічаў жорсткі падзел палоў, а таксама палігамныя практыкі, што засведчыў краязнавец напачатку ХХ ст.: «Няпрыхільнасьць да полігаміі выяўляецца часам даволі яскрава. Калі адзін немясцовы мусульманін пасяліўся зь дзьвюма жонкамі сярод менскіх татар, усе суседзі выкпівалі яго, як нейкага варята»[16].
Аўтарытарнымі парадкамі характарызаваліся адносіны ў семях стараабрадцаў, якім былі ўласцівыя адасобленасць, замкнёнасць, рэлігійная нецярпімасць. У вялікай па памерах стараабрадніцкай сямі панаваў дух поўнага і беспярэчнага падпарадкавання ўсіх членаў яе галаве мужчыну. Найбольш складанае становішча ў сямі было ў нявесткі, якая мусіла падпарадкоўвацца ўсім мужчынам незалежна ад іх узросту[17].
Галоўным захавальнікам традыцыйных сэксуальна-шлюбных адносін у Беларусі зяўлялася вёска. Патрыярхальныя адносіны ў беларускіх вясковых семях панавалі і напачатку ХХ ст. Кіраўніком вялікай непадзельнай сямі зяўляўся старэйшы па ўзросце мужчына-бацька. Ён адказваў за арганізацыю гаспадарчай дзейнасці, сямейны побыт, распараджаўся фінансавымі сродкамі сямі, размяркоўваў працу сярод яе членаў, прадстаўляў сямю на сельскіх сходах і г. д. Яго аўтарытэт быў бясспрэчны. Жанчына ў сямі займала другараднае становішча. Паводле звычаёвага права жанчына не магла ўзначаліць сямю, яна не мела права ўспадкаваць рухомую і нерухомую маёмасць, за выключэннем свайго пасагу. Нягледзячы на гэта, роля жанчыны ў сямі была вялікая. Яна арганізоўвала паўсядзённы побыт сямі, спрыяла фарміраванню ўнутрысямейных адносін, падтрымлівала пэўны псіхалагічны клімат. Кіраўніком сярод жанчын у вялікай сямі была маці. Яна лічылася гаспадыняй, размяркоўвала хатнюю працу, кіравала выхаваннем дзяцей.
Сістэма дашлюбных адносін вясковай моладзі ўключала ў сябе знаёмства, заляцанне, сватанне, заручыны. Першы досвед цялеснага кантакту з прадстаўнікамі іншага полу набываўся на вячорках і падначоўках. Сумнымі наступствамі для дзяўчын мог скончыцца іх удзел у самым эратычна насычаным народным свяце Купаллі. Разам з тым для беларускай традыцыі даволі катэгарычным было патрабаванне дзявоцкасці маладой да шлюбу. Гэтая якасць дзяўчыны маркіравала яе сацыяльнае становішча і разумелася не столькі як асабістая вартасць, колькі як сцвярджэнне сямейнага, нават родавага гонару.
Бацькі маладых людзей, а таксама самі юнакі і дзяўчаты стараліся выбіраць будучых мужа і жонку са свайго саслоўя, у семях з добрым матэрыяльным становішчам і дастойнай рэпутацыяй. Абавязковым складнікам гэтага абраду было вянчанне ў царкве або касцёле. Бралі шлюб звычайна ў нядзелю або ў рэлігійнае свята, каб вяселле надоўга запомнілася ўсім членам сямі. Адзін з заснавальнікаў беларускай этнаграфіі П. В. Шэйн пісаў у 1902 г.: «Здаецца, нідзе больш сялянскае вяселле не суправаджаецца такімі цырымоніямі і абрадамі, як у Беларусі Змяніць або прапусціць што-небудзь з вясельнага абраду лічыцца злачынствам. Калі ж нешта падобнае адбылося падчас вяселля, то гэта ўспрымаецца як нядобрае прадвесце для маладой пары. Адным словам, абрадавы бок вяселля ўзведзены ў догмат і раўнасільны, на іх думку, царкоўнаму шлюбу»[18].
З маленства кожная дзяўчынка рыхтавалася да сваёй найгалоўнейшай функцыі нараджаць і мець дзяцей. Цяжарная жанчына як увасабленне плоднасці выклікала да сябе павагу, ёй прыпісваўся цэлы шэраг станоўчых уласцівасцей. Хрысціянскую і народную традыцыі яднала жорсткае асуджэнне абортаў і забойстваў навароднага дзіцяці.
Род пільна сачыў за захаваннем семяў, нёс за іх маральную адказнасць. Развод перажываўся не толькі ўласна параю, але і родам, грамадою. Да таго ж развод рэзка асуджаўся царквою. Падставаю для царкоўнага разводу прызнаваліся здрада жонкі, няздольнасць мужа да выканання шлюбных абавязкаў, замах на жыццё аднаго з сужэнцаў. Жонка магла сысці, калі муж беспадстаўна абвінаваціў яе ў здрадзе. Пытанні кахання, характараў, удзелу ў выхаванні дзяцей, маёмасныя спрэчкі не абмяркоўваліся. Здрады мужа да ўвагі не прымаліся. Акрамя царкоўнага існаваў самавольны развод так званы роспут, які практыкаваўся і мужамі і жонкамі. Існавала таксама такая форма вырашэння сямейных канфліктаў, як прочкі калі жонка не магла больш трываць здзекаў мужа ці яго сямі, яна ўцякала, бегла да бацькоў[19].
Беларускі фальклор захаваў згадкі пра сэксуальныя пазіцыі, сродкі кантрацэпцыі, дэвіяцыі, якія звычайна тлумачыліся псіхічнымі захворваннямі. На падлеткавую мастурбацыю глядзелі як на сродак зняцця напругі. Для прафілактыкі палавых дысфункцый выкарыстоўвалася народная фітатэрапія. Як небяспечныя з сэксуальнага пункту гледжання ў беларускім фальклоры паўстаюць прадстаўнікі іншых этнічных супольнасцей маскалі, жыды, цыганы, хахлы, а таксама салдаты[20].
Эканамічнае і сацыякультурнае развіццё Беларусі ў парэформенны час не магло не адбіцца на традыцыйнай сялянскай сямі. Старыя рытуалы ўжо не паўсюль і не заўсёды рэгламентавалі паводзіны моладзі. Вось як апісвае П. В. Шэйн узаемны пошук жаніхоў і нявест на кірмашах у канцы ХІХ ст.: «Хлопцы частуюць дзяўчын гарэлкаю, а дзяўчыны хлопцаў закускамі. Трэба адзначыць, што на гэтых гульнях хлопцы і дзяўчыны часам напіваюцца да агіднасці, што цягне сумныя наступствы для дзяўчын»[21].
Істотным фактарам, які разбураў падмуркі традыцыйнай вясковай сямі, было павелічэнне сацыяльнай мабільнасці насельніцтва. Адезд «на промыслы» ў горад надоўга адрываў тысячы жанатых мужчын ад сямей, парушаў, а ў шэрагу выпадкаў спыняў іх нармальнае сэксуальнае жыццё. Па вяртанні дамоў гэтыя «піянеры гарадской культуры» карысталіся вялікай папулярнасцю ў сялянскіх дзяўчын, адваротным бокам якой было павелічэнне колькасці запісаў аб незаконнанароджаных у метрычных кнігах. Павялічылася таксама колькасць міжэтнічных і міжканфесійных палавых сувязей без шлюбнай перспектывы. Найчасцей «грубыя жарты» і «пагрэшнасці» адбываліся ў вёсках, дзе спыняліся на пастой вайскоўцы.
Характарызуючы эвалюцыю сэксуальных і сямейна-шлюбных адносін, якую саспытала насельніцтва Беларусі ў дасавецкі час, трэба адзначыць яе агульнаеўрапейскі вектар і адначасова запаволенасць у параўнанні з індустрыяльна развітымі краінамі.