Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 19171929 гг. - Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі 4 стр.


Істотным фактарам, які разбураў падмуркі традыцыйнай вясковай сямі, было павелічэнне сацыяльнай мабільнасці насельніцтва. Адезд «на промыслы» ў горад надоўга адрываў тысячы жанатых мужчын ад сямей, парушаў, а ў шэрагу выпадкаў спыняў іх нармальнае сэксуальнае жыццё. Па вяртанні дамоў гэтыя «піянеры гарадской культуры» карысталіся вялікай папулярнасцю ў сялянскіх дзяўчын, адваротным бокам якой было павелічэнне колькасці запісаў аб незаконнанароджаных у метрычных кнігах. Павялічылася таксама колькасць міжэтнічных і міжканфесійных палавых сувязей без шлюбнай перспектывы. Найчасцей «грубыя жарты» і «пагрэшнасці» адбываліся ў вёсках, дзе спыняліся на пастой вайскоўцы.

Характарызуючы эвалюцыю сэксуальных і сямейна-шлюбных адносін, якую саспытала насельніцтва Беларусі ў дасавецкі час, трэба адзначыць яе агульнаеўрапейскі вектар і адначасова запаволенасць у параўнанні з індустрыяльна развітымі краінамі.

Першая сусветная вайна паўплывала на пераасэнсаванне ўсіх традыцыйных поглядаў на гендар, сэксуальныя паводзіны людзей. Мабілізацыі, бежанства, доўгатэрміновае размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі вялікіх вайсковых кантынгентаў прывялі да размывання традыцыйных уяўленняў пра сэкс і мараль. Кастрычніцкая рэвалюцыя выклікала далейшую дэзарганізацыю сямейных і маральных каштоўнасцей, пашырэнне пазасямейнай арыентацыі, а таксама дэструкцыю форм сацыяльнага кантролю за сэксуальнасцю. Разам з лозунгамі сацыяльнага і эканамічнага вызвалення працоўных бальшавікі прынеслі ў спустошаную Першай сусветнай вайной Беларусь ідэі вызвалення сэксуальнасці і разняволення жанчыны.

Сацыяльна-эканамічныя ўмовы, у якіх ладзіўся эксперымент па пабудове новых калектыўных форм жыцця людзей, былі далёкія ад ідэальных. На працягу ўсяго перыяду правядзення новай эканамічнай палітыкі (НЭП) эканоміка рэспублікі захоўвала аграрны характар. Нягледзячы на створаныя перадумовы да развіцця, сельская гаспадарка была даволі адсталай, прамысловасць мела напаўкустарны характар. Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, а таксама палітыка беларусізацыі, што праводзіліся ва ўмовах аднапартыйнай сістэмы, мелі абмежаваны характар. Пошукі новых сямейна-шлюбных форм адбываліся на фоне барацьбы за «новы быт», які разглядаўся ў якасці найважнейшай умовы раўнапраўнага становішча жанчыны.

З мэтай разбурэння традыцыйнай сямі, у якой бальшавіцкія ідэолагі бачылі адну з галоўных перашкод на шляху пабудовы камуністычнага грамадства, пачынаючы з 1917 г. пачала праводзіцца палітыка дзяржаўнага фемінізму. У яе рамках ажыццяўлялася адмаўленне ад традыцыйных сямейна-шлюбных адносін, іх перафарматаванне адпаведна новай сацыялістычнай маралі, а таксама эмансіпацыя жанчын.

Рэвалюцыйныя змены ў сэксуальных адносінах, што адбыліся ў СССР на працягу першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя, варта разглядаць у сусветным кантэксце. А менавіта у рэчышчы радыкальнай мадэрнізацыі і разрыву з традыцыйнымі каштоўнасцямі, якія ўвайшлі ў культурную гісторыю пад назвай «бурных (або варяцкіх) дваццатых» (roaring twenties). У той час у еўрапейскім і паўночнаамерыканскім грамадстве пад уплывам тэорыі З. Фрэйда распаўсюдзілася думка пра тое, што палавое жыццё патрэбна жанчынам не менш за мужчын, а падаўленне сэксуальных жаданняў разбуральнае для псіхікі. Першая сусветная вайна прывяла да масавага скарачэння мужчынскай часткі насельніцтва, а таксама перамогі феміністак, якія значна пашырылі канстытуцыйныя правы жанчын, змянілі іх менталітэт і паводзіны. Новае пакаленне жанчын 1920-х гг. імкнулася сумясціць сямейнае жыццё з прафесійнай карерай. Гэта адбілася на іх знешнім абліччы ў выглядзе кароткіх стрыжак, вузкіх спадніц, нагавіц, а таксама касметыкі, якую раней ужывалі пераважна актрысы і прастытуткі. На працягу «бурных дваццатых» палагоднела стаўленне да сэксуальных меншасцей.

Кардынальная змена адносін паміж паламі, якая адбывалася ў СССР на працягу 1920-х гг., у сусветнай гістарыяграфіі атрымала назву «сэксуальнай рэвалюцыі»[22]. Пад гэтым паняццем сёння звычайна разумеюць працэс і вынікі карэннай ломкі традыцыйных каштоўнасцей, арыентацый, норм і адносін у інтымнай і сямейна-шлюбнай сферы.

Паняцце «сэксуальная рэвалюцыя» ўпершыню было ўведзена ў навуковы ўжытак у канцы 1920-х гг. вучнем З. Фрэйда, аўстрыйскім і амерыканскім псіхолагам, камуністам В. Райхам. Распрацаваўшы гэтае паняцце ў рамках псіхааналітычнай парадыгмы, ён даў яго тлумачэнне як працэсу вызвалення прыгнечанай, дэфармаванай перш за ўсё эканамічнымі адносінамі сэксуальнай (альбо «аргоннай», паводле яго тэорыі) энергіі. Пры гэтым В. Райх падкрэсліваў, што вынікам сэксуальнай рэвалюцыі павінна быць не ўсёдазволенасць і анархія ў інтымнай сферы жыцця людзей, а псіхалагічнае разняволенне асобы і грамадства[23]. Зусім іншае, выключна негатыўнае разуменне феномену «сэксуальнай рэвалюцыі» як працэсу паступовай трансфармацыі «homo sapiens» у «homo sexual» прапанаваў у сярэдзіне ХХ ст. рускі і амерыканскі сацыёлаг П. А. Сарокін[24]. Новая канцэпцыя «сэксуальнай рэвалюцыі» як культурнага феномену з улікам сацыякультурных змен, што адбыліся на Захадзе ў 196070-х гг., была распрацавана аўстрыйскім і англійскім філосафам і псіхааналітыкам Дж. Франклам[25].

Згаданыя працы былі заўважаны і скарыстаны ў якасці метадалагічнага падмурку для даследавання розных аспектаў сэксуальнай рэвалюцыі 1920-х гг. у СССР прадстаўнікамі гістарычнага цэху, спачатку заходняга[26], а потым усходнееўрапейскага[27]. Водгукі сэксуальнай рэвалюцыі 1920-х гг. мы знаходзім на старонках прац некаторых беларускіх вучоных, што даследуюць гендарныя аспекты мінуўшчыны[28]. Аднак у якасці самастойнага абекта даследавання беларускія навукоўцы гэтую праблему не вывучалі.

1920-я гг. традыцыйна разглядаюцца ў беларускай гістарыяграфіі ў кантэксце беларусізацыі альбо правядзення ў рэспубліцы НЭПу. Аўтар паспрабаваў кінуць погляд на гэтае дзесяцігоддзе праз прызму найбольш «нябачнай» для гісторыкаў сферы чалавечага жыцця сэксуальных адносін. Выбар такога ракурсу невыпадковы. З аднаго боку, сэксуальная культура сёння стала прызнанай галіной гістарычных, антрапалагічных, сацыялагічных, культуралагічных даследаванняў. З іншага у разгляданы час БССР разам з іншымі савецкімі рэспублікамі стала полем маштабнага эксперыменту, падчас якога адбылася карэнная трансфармацыя мадэлі гендарных адносін.

У абраным для даследавання гістарычным феномене аўтара цікавілі перш за ўсё сацыяльныя аспекты сэксуальнасці, іншымі словамі, тое, як на чалавечае цела ўздзейнічалі розныя сацыяльна-палітычныя сілы. Меркаванне, згодна з якім біялагічныя імпульсы, памкненні і жаданні пераўтвараюцца ў сэксуальнасць пад уздзеяннем сацыяльных сіл, падзяляецца вядучымі навукоўцамі свету. Абектам іх міждысцыплінарных даследаванняў сёння зяўляецца тое, як культура ў шырокім сэнсе фарміруе гендарную ідэнтычнасць, нормы сэксуальных паводзін, нарэшце, біялагічную сэксуальнасць чалавека ў цэлым. Асаблівую вартасць, перш за ўсё для асэнсавання сучасных працэсаў, што адбываюцца ў сэксуальнай і сямейна-шлюбнай сферы, а таксама прагназавання іх у будучым, мае рэканструкцыя гэтай сферы жыцця грамадства ў мінулым[29].

Як рэагавала на ідэі савецкіх сэксуальных рэвалюцыянераў поліэтнічнае і шматканфесійнае беларускае грамадства, дзе інтымная сфера на працягу стагоддзяў лічылася табуяванай для публічнага абмеркавання? Якія перашкоды і змены сустрэліся на шляху гэтых ідэй ад уладных ідэолагаў і законатворцаў да насельніцтва? Як увасабляліся тэарэтычныя пастулаты аб «новай жанчыне» ў паўсядзённым жыцці беларусаў? Якім чынам змяніліся сэксуальныя паводзіны гарадской і вясковай моладзі? Чаму і калі савецкая дзяржава спыніла разбурэнне традыцыйнай сямі і дэкларавала вяртанне да сямейных каштоўнасцей? Пошукам адказаў на пералічаныя пытанні прысвечана гэтая кніга. Яна адрасавана самым шырокай чытацкай аўдыторыі, але перш за ўсё моладзі.

Спачатку было слова

Стаўленне да сэксу ў еўрапейскім грамадстве да пачатку ХХ ст. грунтавалася перадусім на сплаве традыцыйнай і хрысціянскай маралі. У такім грамадстве сэкс быў непрымальны па-за шлюбам, як непрымальныя былі таксама кантрацэптывы і аборты. Развіццё навуковых ведаў, падзенне аўтарытэту царквы, а таксама пераход ад аграрнага да індустрыяльнага грамадства прывялі да размывання маральнага канона. Зяўленне на мяжы ХІХ і ХХ стст. руху суфражыстак і яго лагічнага працягу фемінізму прывяло да таго, што масы жанчын адчулі сябе роўнымі мужчынам. Гэта кардынальна адбілася на сэксуальных зносінах.

Сацыялісты ўключылі вырашэнне гендарных праблем у сваю праграму, прычым адразу ж абвясцілі сацыялізм адзіным вучэннем, здольным канчаткова іх вырашыць. Яны тлумачылі, што большасць праблем ва ўзаемаадносінах паміж паламі выкліканы заняволеннем жанчыны, а таксама падзелам працы і прыватнай уласнасцю. Праз адсутнасць сродкаў да існавання эксплуатаваная капіталістычным грамадствам жанчына вымушана прапаноўваць сябе мужчынам у якасці прастытуткі, утрыманкі альбо жонкі. Прычым буржуазная мараль прымушае жанчын хлусіць пра каханне нават тады, калі яны кіруюцца халодным разлікам. Згодна з марксісцкім вучэннем, жанчыны цярпелі двайны прыгнёт ад капіталу і буржуазнай сямі. Пралетарская рэвалюцыя мусіла знішчыць прыватную ўласнасць на сродкі вытворчасці, а разам з ёю і буржуазную сямейную ячэйку.

Класікі кідаюць выклік

Ужо першыя сацыялісты даволі хутка зразумелі, што сямя будучыні не можа быць саюзам індывідуальнасцей. Арыентацыя традыцыйнай сямі на падтрымку волі індывіда ад пачатку супярэчыла інтарэсам калектыву і класа. Таму сацыял-рэфарматары кшталту Б. П. Анфантэна ўжо ў першай палове ХІХ ст. паставілі за мэту ператварыць сэксуальна-сямейнае партнёрства ў вольнае каханне-сяброўства. Іх тэорыі і практычныя эксперыменты ў камунах паўплывалі на тое, як сямейна-шлюбныя адносіны разумелі заснавальнікі марксізму.

Назад Дальше