Сацыялісты ўключылі вырашэнне гендарных праблем у сваю праграму, прычым адразу ж абвясцілі сацыялізм адзіным вучэннем, здольным канчаткова іх вырашыць. Яны тлумачылі, што большасць праблем ва ўзаемаадносінах паміж паламі выкліканы заняволеннем жанчыны, а таксама падзелам працы і прыватнай уласнасцю. Праз адсутнасць сродкаў да існавання эксплуатаваная капіталістычным грамадствам жанчына вымушана прапаноўваць сябе мужчынам у якасці прастытуткі, утрыманкі альбо жонкі. Прычым буржуазная мараль прымушае жанчын хлусіць пра каханне нават тады, калі яны кіруюцца халодным разлікам. Згодна з марксісцкім вучэннем, жанчыны цярпелі двайны прыгнёт ад капіталу і буржуазнай сямі. Пралетарская рэвалюцыя мусіла знішчыць прыватную ўласнасць на сродкі вытворчасці, а разам з ёю і буржуазную сямейную ячэйку.
Класікі кідаюць выклік
Ужо першыя сацыялісты даволі хутка зразумелі, што сямя будучыні не можа быць саюзам індывідуальнасцей. Арыентацыя традыцыйнай сямі на падтрымку волі індывіда ад пачатку супярэчыла інтарэсам калектыву і класа. Таму сацыял-рэфарматары кшталту Б. П. Анфантэна ўжо ў першай палове ХІХ ст. паставілі за мэту ператварыць сэксуальна-сямейнае партнёрства ў вольнае каханне-сяброўства. Іх тэорыі і практычныя эксперыменты ў камунах паўплывалі на тое, як сямейна-шлюбныя адносіны разумелі заснавальнікі марксізму.
Ужо ў «Камуністычным маніфесце», выдадзеным у 1848 г., стваральнікі камуністычнай тэорыі, якія дакладна не былі панылымі ханжамі, палемізуюць з крытыкамі сацыялізацыі жонак. «Зрэштай, няма нічога сьмяшнейшага, як высока-моральнае абурэньне нашых буржуёў проціў нібыта офіцыяльнай супольнасьці жанок пры комуністычным ладзе. Тымчасам, комуністым няма патрэбы заводзіць супольнасьць жанок, бо гэтая супольнасьць была бадай што заўсёды». Наступны пасаж класікаў крыху прыўздымае завесу над таямніцай адносін палоў пры камунізме: «У рэчавістасьці буржуазнае малажонства (шлюб) зьяўляецца супольнасьцю жанок. Комуністых можна было б упікнуць хіба ў тым, што яны хочуць паставіць адкрытую супольнасьць жанок на месца брыдкай, патаемнай»[30]. Акрамя абмеркавання вяртання да палігамных адносін пры камунізме, К. Маркс і Ф. Энгельс на адной са старонак свайго праграмнага дакумента паведамляюць пра намер камуністаў замяніць хатняе выхаванне дзяцей грамадскім. Пазней, у 1884 г., Ф. Энгельс вярнуўся да абмеркавання адносін паміж паламі ў камуністычным грамадстве ў сваёй працы «Паходжанне сямі, прыватнай уласнасці і дзяржавы». Ахарактарызаваўшы сучаснае яму грамадства як патрыярхальнае, заснаванае на ўладзе бацькі, аўтар прапанаваў наступную сямейную мадэль будучыні: манагамны саюз, заснаваны на вольным каханні, і лёгкі развод у выпадку, калі яно сышло[31].
Тэму вольнага кахання ў камуністычным грамадстве ў 1879 г. у сваёй працы «Жанчына і сацыялізм» развіў вядомы барацьбіт за правы жанчын, германскі сацыял-дэмакрат А. Бебель. Ён, у прыватнасці, лічыў, што «задавальненне палавой патрэбы такая ж асабістая справа кожнага чалавека, як задавальненне ўсякай іншай натуральнай патрэбы. Ніхто не павінен даваць у гэтым справаздачу іншаму і не пакліканы сюды ўмешвацца»[32]. Акрамя таго, А. Бебель развіў марксісцкую думку пра разбурэнне традыцыйнай сямі шляхам сацыялізацыі дзяцей, а менавіта пра іх грамадскае выхаванне з ясельнага ўзросту супольнымі камітэтамі, куды павінны ўваходзіць бацькі і педагогі.
Бальшавікі не мелі дакладнай праграмы ў галіне сэксуальнай і сямейна-шлюбнай палітыкі. Іх рыторыка на гэты конт зводзілася пераважна да сацыяльна-эканамічнага вызвалення жанчыны і пераадолення гендарнай няроўнасці. Меркавалася, што на месца традыцыйнай сямі павінны былі прыйсці квазісямейныя формы арганізацыі людзей, звязаныя не кроўнай еднасцю, а вытворчымі абавязкамі. У. І. Ленін, як і яго папярэднікі, разумеў «буржуазную» сямю як перашкоду на шляху рэалізацыі сацыялістычнага эксперыменту. У той жа час Ленін здагадаўся, што ў сэксуальнай свабодзе хаваецца небяспека індывідуалізму. Так, у 1915 г. ён рэзка раскрытыкаваў план артыкула І. Ф. Арманд, прысвечанага сямі, жаночаму пытанню і свабодзе кахання: «Патрабаванне свабоды кахання раю зусім выкінуць, гэта не пралетарскае, а буржуазнае патрабаванне»[33].
Калі рэвалюцыя разбурыла традыцыйныя нормы і рэгулятары сэксуальных паводзін царкву, шлюб і нават само паняцце кахання, замяніць іх не было чым. У 1920 г. у размове з К. Цэткін У. І. Ленін высунуў цьмяную думку пра тое, што сэксуальнай рэвалюцыі папярэднічае рэвалюцыя сацыяльная: «У галіне шлюбу і палавых зносін набліжаецца рэвалюцыя, сугучная пралетарскай рэвалюцыі». Разам з тым, паводле ўспамінаў нямецкай камуністкі, ён не ўхваляў празмерныя захапленні тэорыяй полу, увагі да палавых адносін, заклікаў моладзь займацца фізічнымі практыкаваннямі замест сэксу. У той жа размове з К. Цэткін Ленін назваў шкоднай думку аб тым, што пры сацыялізме задаволіць палавую смагу будзе гэтак жа проста, як выпіць шклянку вады[34].
Калі рэвалюцыя разбурыла традыцыйныя нормы і рэгулятары сэксуальных паводзін царкву, шлюб і нават само паняцце кахання, замяніць іх не было чым. У 1920 г. у размове з К. Цэткін У. І. Ленін высунуў цьмяную думку пра тое, што сэксуальнай рэвалюцыі папярэднічае рэвалюцыя сацыяльная: «У галіне шлюбу і палавых зносін набліжаецца рэвалюцыя, сугучная пралетарскай рэвалюцыі». Разам з тым, паводле ўспамінаў нямецкай камуністкі, ён не ўхваляў празмерныя захапленні тэорыяй полу, увагі да палавых адносін, заклікаў моладзь займацца фізічнымі практыкаваннямі замест сэксу. У той жа размове з К. Цэткін Ленін назваў шкоднай думку аб тым, што пры сацыялізме задаволіць палавую смагу будзе гэтак жа проста, як выпіць шклянку вады[34].
Найбуйнейшым спецыялістам у галіне гендарных адносін у рускай сацыял-дэмакратыі была А. М. Калантай, погляды якой уяўлялі сабой складаны сімбіёз фемінізму і марксізму. Яна лічыла, што толькі вольныя і, як правіла, шматлікія сэксуальныя сувязі дазволяць жанчыне захаваць уласную індывідуальнасць у грамадстве, дзе гаспадараць мужчыны. Першую сурёзную тэарэтычную працу на гэтую тэму пад назвай «Сацыяльныя асновы жаночага пытання» яна напісала ў 1909 г. Сярод вялікага фактычнага матэрыялу, які характарызаваў працу і быт жанчын у Расійскай імперыі, мы знаходзім у гэтай кнізе пакуль што яшчэ вельмі няпэўныя контуры новых сэксуальных адносін пры сацыялізме: «Пасля пераносу выхавальніцкай функцыі з сямі на грамадства знікне апошняе замацаванне сучаснай закрытай сямейнай ячэйкі На змену сучаснай прымусовай форме шлюбу ідзе вольны саюз свабодных індывідуумаў Ідэал вольнага кахання несумненна адпавядае той норме зносін паміж паламі, якую ўсталюе калектывісцкае грамадства»[35]. У рэчышчы крытыкі «буржуазнай сямі» і «буржуазнай падвойнай маралі» А. М. Калантай выказвае ўпэўненасць, што ў недалёкай будучыні «палавая маральнасць зробіцца справай асабістага сумлення кожнага»[36].
У разгар грамадзянскай вайны А. М. Калантай піша брашуру «Новая мараль і рабочы клас», дзе развівае свае погляды на каханне і сэксуальныя адносіны ў новым грамадстве. Гэтая брашура была напісана пад уплывам папулярнай кнігі нямецкай феміністкі Г. Мейзель-Хес «Сэксуальны крызіс» (1911), дзе сцвярджалася, што сучасная палавая мараль фікцыя, а традыцыйны шлюб супярэчыць прыродзе чалавека і забівае каханне. Напачатку Калантай малюе партрэт жанчыны з будучыні, сканцэнтраванай на працы, але разам з тым не варожай да «зямных радасцей». Гераіні Калантай не ўласніцы. Паважаючы пачуцці іншых, яны чула ставяцца да саперніц і патрабавальна да мужчын, даруючы ім здраду, але не ігнараванне іх духоўнага пачатку.
А. М. Калантай выступае супраць трох асноўных форм сэксуальных адносін: легальнага шлюбу, які, на яе думку, супярэчыць мабільнай чалавечай псіхіцы, вольнага саюзу, што вымагае зашмат выдаткаў часу і духоўных сіл, а таксама прастытуцыі. Замест гэтых старых форм яна прапануе там, дзе адсутнічае вялікае каханне (а яно, як вядома, адсутнічае ў абсалютнай большасці людзей), практыкаваць «каханне-гульню» альбо «эратычнае сяброўства». Гэтая форма сэксуальных адносін уяўлялася як «назапашванне любоўнай патэнцыі», «школа кахання», якая не замінае грамадскаму і асабістаму жыццю партнёраў[37]. Ідэал Калантай гэта манагамны саюз, заснаваны на «вялікім каханні». Але «не бяссменны» і не застылы. Чым больш складаная псіхіка чалавека, тым больш непазбежныя «змены». Таму, на яе думку, найбольш пашыранай формай палавых адносін пры сацыялізме будзе «канкубінат», альбо «паслядоўная манагамія». Побач з гэтай формай будзе існаваць цэлая гама разнастайных відаў адносін у межах «эратычнага сяброўства»[38].
У 1920 г., пасля смерці І. Ф. Арманд, А. М. Калантай на непрацяглы час заняла пасаду загадчыцы жаночым аддзелам ЦК УКП(б). Такім чынам яна атрымала магчымасць не толькі прапагандаваць свае радыкальныя марксісцка-феміністычныя погляды праз друк і лекцыі, але і ўкараняць іх у жыццё адміністрацыйнымі метадамі. Пра эвалюцыю гэтых поглядаў сведчыць апошняя праца Калантай на тэму сэксуальнай маралі «Дарогу крылатаму Эрасу!»[39], адрасаваная, паводле яе падзагалоўка, працоўнай моладзі. У гэтай працы яна паспрабавала пераадолець надта абагуленыя ўяўленні расійскіх марксістаў пра новыя адносіны палоў пры сацыялізме, асэнсаваўшы, што рэвалюцыя гэта толькі іх зыходная кропка.