Нягледзячы на шматлікія спасылкі на творы Маркса, рэферат, у якім Я. Кіпель выклаў свае погляды на паходжанне маралі, выклікаў шматлікія спрэчкі спачатку на кафедры фізіялогіі, а потым у парткаме ўніверсітэта. «Доўга мне ўспаміналі гэты рэферат: нават на судзе пракурор цвердзіў, нібы я меў намер рэвізаваць вучэнне Маркса»[81].
Тэарэтычныя пошукі ў галіне адносін паміж паламі ў Савецкай Беларусі падсумавала навукова-папулярная брашура беларускага ўрача-гігіеніста З. Ц. Шміта, падрыхтаваная ў 1930 г. У ёй аўтар, паводле яго слоў, спалучыў сацыялагічны і біялагічны падыходы да асэнсавання вызначаных праблем. Мінскі ўрач прапанаваў чытачам ужываць слова «каханне» толькі ў двукоссі як буржуазнае (са спасылкай на Стэндаля ён называе чатыры тыпы гэтага састарэлага пачуцця: каханне-пал, прыгожае каханне, пачуццёвае каханне, нарэшце, ганарлівае каханне). Фізіялагічнай асновай шлюбу, на думку Шміта, зяўляецца «плоцьны поцяг». Дзетанараджэнне ён разглядаў як «прадукт біолёгічнага падзелу працы». У ліку найважнейшых умоў стварэння камуністычнай сямі аўтар называе: вызваленне жанчыны з «кухонных путаў», перанясенне функцыі выхавання дзяцей у калектыў і ўцягванне жанчыны ў вытворча-грамадскую працу. Як урач Шміт выступаў за сэксуальнае выхаванне дзяцей, а таксама забарону ўступаць у шлюб па медыцынскіх паказчыках.
Разам з тым аўтар, адчуваючы паварот у дзяржаўнай сямейна-шлюбнай палітыцы, кажа пра новую сацыялістычную манагамію, права маці на сямейнае выхаванне дзяцей, а таксама пра сублімацыю сэксуальнай энергіі. Ён пэўны, што хутка прыйдзе той час, калі «чалавецтва ачалавечыць свае жывёльныя палы, яно адмовіцца ад налётчыкаў любові, растратчыкаў плоцьнай энэргіі і будзе пераключаць гэту сваю энэргію на ток высокага напружаньня грамадзкае творчасьці»[82].
Такім чынам, на працягу 1920-х гг., разам з іншымі савецкімі рэспублікамі, БССР стала палігонам для выпрабавання розных тэорый і канцэпцый, якія прапаноўвалі новыя альбо тлумачылі старыя ўзаемаадносіны палоў[83]. Яны ствараліся сацыёлагамі, біёлагамі, урачамі і, вядома, кіраўнікамі маштабнага эксперыменту партыйнымі ідэолагамі. Унутры палітычнай і навуковай эліты ў той час яшчэ маглі суіснаваць розныя погляды на «палавое пытанне». Пра плюралізм думак сведчыла адпраўка летам 1926 г. з СССР у Афрыку экспедыцыі прафесара І. І. Іванова з мэтай «вырашэньня аднаго з буйнейшых пытаньняў, што стаяць перад чалавечым розумам», а менавіта «скрыжаваньня чалавека з малпаю»[84]. Спробы вытлумачыць матывы і асаблівасці сэксуальных паводзін чалавека з дапамогай марксісцкай тэорыі карысталіся вялікім попытам і даверам перш за ўсё ў гарадскога насельніцтва, пераважна моладзі. Дзякуючы публічнай дыскусіі сэксуальныя адносіны паступова набывалі новае, палітычнае вымярэнне.
Тэарэтычныя пошукі ў галіне новых сямейна-шлюбных адносін знайшлі сваё ўвасабленне ў савецкай нарматворчасці, заканадаўчых актах.
За справу бяруцца юрысты
На заканадаўчым узроўні савецкая дзяржава рэгулявала сэксуальныя паводзіны насельніцтва з дапамогай сямейнага і крымінальнага права. Савецкае сямейнае права ўтварала сістэму юрыдычных норм, якія рэгламентавалі грамадскія адносіны, што паўставалі з факта шлюбу і прыналежнасці да сямі. Большая частка гэтых адносін, такіх як каханне, узаемная павага, асабістая свабода, адказнасць, давер, адданасць, сямейнае выхаванне, мелі немаёмасны характар. Аднак шлюб нараджаў таксама маёмасныя адносіны зяўлялася агульная маёмасць, абавязкі ўзаемнай матэрыяльнай падтрымкі, утрымання дзяцей і інш. У сферу кампетэнцыі крымінальнага права ўваходзілі злачынствы на сэксуальнай глебе гвалтаванне, разбэшчванне, арганізацыя сэксуальных паслуг.
Падмурак новых шлюбна-сямейных адносін у СССР заклалі ўжо першыя дэкрэты савецкай улады, якія абвясцілі юрыдычнае разняволенне жанчыны, яе раўнанне ў правах з мужчынам ва ўсіх сферах жыцця. 18 снежня 1917 г. Ленін падпісаў дэкрэт «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб увядзенні кніг грамадзянскага стану»[85], 19 снежня дэкрэт «Аб скасаванні шлюбу»[86]. Гэтыя дэкрэты пазбавілі мужчыну права кіраўніцтва сямёй, дэкларавалі матэрыяльнае і сэксуальнае самавызначэнне жанчыны, абвясцілі яе права на вольны выбар прозвішча, месца жыхарства і грамадзянства, чаго ў той час не было ні ў заходнееўрапейскіх краінах, ні ў ЗША. Асноўныя прынцыпы савецкай палітыкі ў галіне шлюбна-сямейных адносін былі замацаваны ў прынятым у Савецкай Расіі Кодэксе 1918 г. аб актах грамадзянскага стану, шлюбным, сямейным і апякунскім праве, які дзейнічаў таксама на тэрыторыі БССР[87]. Заканадаўца даў у Кодэксе правобраз камуністычнай сямі, якая грунтуецца на ідэальным каханні дзвюх асоб рознага полу. Уступленне ў шлюб дазвалялася мужчынам, якія дасягнулі 18 гадоў, і жанчынам, якія дасягнулі 16 гадоў, але ў пэўных абставінах узроставая планка магла быць зніжана. У рэчышчы лозунга эпохі ваеннага камунізму аб знішчэнні прыватных маёмасных адносін аўтары Кодэкса мелі на ўвазе сямю будучыні, цалкам вызваленую ад «маёмасных ланцугоў».
На практыцы гэта ўвасобілася ва ўвядзенні ў Кодэкс 1918 г. дарэвалюцыйнай нормы сямейнага права аб раздзельным валоданні сужэнцаў маёмасцю. Норма таксама пашыралася на дваран і гарадское саслоўе (сялянскія сямейныя маёмасныя спрэчкі вырашаліся з дапамогай звычаёвага права). Паводле імперскага сямейнага кодэкса ні муж, ні жонка не мелі права карыстацца і кіраваць маёмасцю сужэнца(кі) без спецыяльнага дазволу. Аднак пашырэнне гэтай у цэлым прагрэсіўнай нормы права, распрацаванай для абароны эканамічных інтарэсаў жанчын прывілеяваных класаў, на ўсё насельніцтва краіны прывяло да нечаканых вынікаў. У выпадку разводу цярпела беспрацоўная жанчына з дзецьмі, якая не мела правоў на маёмасць мужа, у тым ліку і на набытую ім у шлюбе. Гэтая катэгорыя жанчын дамінавала на абшарах былой Расійскай імперыі.
Кодэкс прызнаў выключнае права ЗАГСаў рэгістраваць шлюбы. Царкоўны шлюб абвяшчаўся перажыткам, а разам з ім таксама традыцыйная сямя. Нягледзячы на тое, што афіцыйна вянчанне забаронена не было, толькі шлюб, зарэгістраваны ў ЗАГСе, спараджаў правы і абавязкі мужа і жонкі. Вянчанне ў культавых установах усіх канфесій было забаронена без папярэдняй афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГСе. Апошняя забарона была адменена ў ліпені 1924 г. рашэннем Наркамата юстыцыі і Наркамата ўнутраных спраў БССР у сувязі з тым, што «рэлігійныя абрады зусім страцілі ўсялякае юрыдычнае значэнне для дзяржавы»[88].
У сакавіку 1922 г. калегія НКУС БССР усталявала наступныя тарыфы на аплату паслуг ЗАГСаў. За запіс аб нараджэнні спаганялася з прыватных асоб 50 капеек, членаў прафсаюза 25 капеек, за рэгістрацыю шлюбу спаганялася з прыватных асоб 5 рублёў, членаў прафсаюза 2 рублі, за развод з усіх грамадзян спаганялася 15 рублёў[89]. У чэрвені 1922 г. быў уведзены гербавы збор за ўсе метрычныя пасведчанні, што выдаваліся ЗАГСамі, у памеры 5 рублёў (сярэдні заробак прамысловага рабочага ў той час складаў каля 50 рублёў у месяц)[90].
25 ліпеня 1922 г. газета «Звязда» паведамляла, што для заключэння грамадзянскага шлюбу ў ЗАГСе жаніх і нявеста павінны мець пашпарты[91]. Жаніх да таго ж павінен быў мець копію ўліковай карткі з ваенкамата. Калі гэтыя дакументы адсутнічалі, то жаніх мог пацвердзіць сваю асобу з дапамогай службовага пасведчання, нявеста з дапамогай копіі метрычнага запісу, выдадзенага ЗАГСам (метрычныя запісы, выдадзеныя служкамі рэлігійнага культу, лічыліся несапраўднымі). Для ўступлення ў шлюб ваеннаслужачым было дастаткова прадявіць чырвонаармейскую кніжку. Удаўцы і ўдовы мусілі прадявіць пасведчанні аб смерці жонкі ці мужа. Пасведчанні і даведкі, выдадзеныя грамадзянам дамкамамі, не прымаліся. На рэгістрацыі шлюбу патрабавалася прысутнасць двух сведкаў[92].
Як частку дзяржаўнай палітыкі трэба разглядаць спробы скарыстаць на практыцы вынікі еўгенічных даследаванняў, якія ў рамках сацыяльнай гігіены актыўна развіваліся ў СССР у 1920-я гг. У жніўні 1923 г. Наркамат аховы здароўя БССР распрацаваў пастанову, адпаведна якой асобы, што збіраліся пабрацца шлюбам, мусілі абмяняцца пасведчаннямі аб стане здароўя, у прыватнасці аб наяўнасці ў іх псіхічных, венерычных і іншых захворванняў, што маглі перадацца нашчадкам[93].
Скасаванне шлюбу, якое ў дарэвалюцыйны час было звязана з вялікімі цяжкасцямі, адпаведна Кодэксу 1918 г. максімальна спрашчалася. «Спыненне палавога сажыцельства сужэнцаў ёсць фактычнае растаржэнне шлюбу, і заканадаўца, прызнаючы гэты прынцып як асноўны, спрасціў працэдуру разлукі да мэтазгоднага мінімуму», тлумачыў Кодэкс жыхарам рэспублікі член Прэзідыума ЦВК БССР В. П. Грузель[94]. Развод ажыццяўляўся праз суд паводле пісьмовага альбо вуснага звароту мужа альбо жонкі ці праз ЗАГС па жаданні абодвух альбо аднаго з бакоў. Шлюб не ствараў агульнай маёмасці мужа і жонкі, што на практыцы прыводзіла да эканамічнай залежнасці жонкі ад мужа, бо большасць жанчын у той час зяўляліся хатнімі гаспадынямі. Сітуацыя ўскладнялася слабасцю дзяржаўных службаў сацыяльнай дапамогі адзінокім жанчынам з дзецьмі. У падобных эканамічных, юрыдычных, культурных рэаліях сэксуальныя адносіны ў горадзе і вёсцы часта прыводзілі да сумных, а часам трагічных наступстваў, перш за ўсё для жанчын і дзяцей.
29 мая 1925 г. ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову «Да парадку разгляду спраў па скасаваньні шлюбаў і па выдачы ўтрыманьня незабясьпечанаму супругу і дзецям», мэтай якой было ўпарадкаванне працэдуры разводу, а таксама ўмацаванне матэрыяльнага становішча жанчыны пасля разводу. Пастанова змяшчала наступныя восем пунктаў: