Ну, а калі ён пасля ў горад? А там у мянтарню?
Мянты ў цёплых кабінетах сядзець любяць, а сюды ў зону адразу адказняк.
Ну, правёж, дык правёж.
Ён услухоўваўся ў іх слоўную гульню і разумеў велічыню небяспекі. Праз кроў яны ўжо, па ўсім бачна, пераступалі, і такіх заўсёды цягне да краю. Г-э-х, як неабдумана ён зрабіў, пакінуўшы тут ружжо.
Станавіся на калені, прасі прабачэння, загадаў яму Захар. Ён, відавочна, куражыўся і, пэўна, не без уплыву наркатычнай дозы.
Чалавек па імені Антон Лашкевіч падумаў, а потым марудна ўкленчыў.
Прашу.
Абодва адразу накінуліся на яго. Білі нагамі, ён блакаваў удары як мог, ведаў што ў кожнага з іх у кішэні па ствале, і цяпер у яго ніякіх шанцаў.
Лідка закрычала, пачала хапаць іх ззаду за рукі, але і яе адразу збілі з ног. Урэшце ім надакучыла, і яны стаміліся.
Ну, цяпер ты можаш тут адпачываць, сказаў напаследак Разак. Толькі калі яшчэ раз цябе ў гэтай хаце ўбачым табе гамон.
Праз некалькі хвілін яны сышлі, забраўшы дзяўчыну з сабой. Ён чуў, як галасы іх паступова сціхалі, і прымусіў сябе падняцца. Ружжо яны, відаць, знеслі. Боль, падумаў ён. Усё-такі ён яшчэ адчувае боль, але, не зважаючы, паварушыў рукамі, потым нагамі пераломаў не было, і ён сунуў у кішэню нож, які трымаў у схованцы за печкай, знайшоў апошні акраец хлеба і з гэтым выйшаў з хаты. Напрамак ён ведаў і спадзяваўся, што неўзабаве дагоніць бандытаў і іх паланянку. Як ён акрэсліў задачу, трэба было спачатку высачыць іх жытло, іх лежку, ну а потым ужо дзейнічаць па абставінах.
Ён рухаўся з цяжкасцю, часта спыняўся, прыслухоўваючыся, і ўрэшце пачуў наперадзе іх галасы. Яны доўга ішлі так, увесь час, як ён вызначыў, на поўдзень, а ён, хаваючыся, рухаўся следам.
Заімжэла, а потым прайшоў невялічкі дробны дождж. Тыя, каго ён адсочваў, пайшлі шпарчэй, і праз якія паўгадзіны дасягнулі чарговай кінутай вёскі. Як ён і здагадаўся, недзе тут была іх лёжка. Стаіўшыся ў хмызняку, ён назіраў, як яны падышлі да адной з хат яна выдзялялася і сваімі памерамі, і бляшаным дахам, у адрозненне ад астатніх, крытых звычайным шыферам: пэўна, належала якому вясковаму начальніку, і зніклі ў сярэдзіне.
Цяпер трэба было чакаць. Павінны ж яны часам кудысьці выходзіць: ці па адным, ці ўсе разам тут ужо ўсё дыктавалася і вырашалася выпадкам.
Ён доўга ляжаў, працягваючы сачыць за хатай, у якой знаходзіліся тыя, хто яго цікавіў, у рэшце рэшт, ён ужо ўсіх бачыў і ўсіх збольшага ведаў. Праблем, між тым, прыбаўлялася: цела яго пачало стынуць без руху, а рухацца было балюча і небяспечна. Ён абдумваў сітуацыю, у якой апынуўся, і не бачыў пакуль выйсця.
Тым не менш, ляжаць так далей не мела сэнсу, дый было ўжо зусім невыносна, і ён вырашыў перачакаць у якой закінутай хаце на ўскрайку вёскі, і пажадана, каб яму адтуль было бачна тое, што робіцца ў бандыцкім логаве.
Такую хату ён неўзабаве вызначыў і неўпрыкмет, зарослымі шчыльным буряном агародамі, прабраўся туды і зазірнуў унутр. У хаце было пуста, валялася непатрэбнае, напаўгнілое рыззё, паламаныя крэслы, частка акон была выбітая, і адтуль несла холадам. Стаяла і спарахнелая канапа, якую ён асцярожна перасунуў да акна, працёр шкло, лёг і стаў назіраць. Ад хады і нязначнай працы ён крыху сагрэўся, выцягнуў з кішэні хлеб і адкусіў некалькі разоў.
На нейкі час ён задрамаў кароткім напаўпрывідным сном напаўсномнапаўтрызненнем. Яму прысніўся зімовы сад у бацькоў, і хоць было снежна, на яблынях віселі там-сям дробныя чырвоныя яблыкі, якія ён збіваў палкай у снег. Ён абудзіўся і прыпаў да акна: там нехта выходзіў на падворак ён убачыў толькі чыюсьці спіну, якая адразу знікла за дзвярыма.
Дачакацца ночы, падумаў ён, тады яны паснуць, а нож пры ім, што ж, яны самі хацелі вайны, няхай адбудзецца так, як выпадзе лёс.
Але ўсё адбылося значна прасцей, і ён з надзеяй на далейшае падумаў, што яму зараз проста пашчасціла, калі ўбачыў, як ужо ў прысмерку тры постаці выслізнулі з хаты і скіравалі на поўдзень як ён пачаў спадзявацца, у бок мяжы. За плячыма аднаго з іх ён убачыў абрысы аўтамата. Ён счакаў яшчэ хвілін з дзесяць больш чакаць было рызыкоўна і ўвогуле, на яго думку, не варта, і з перасцярогай наблізіўся да хаты, ціха прыадчыніў дзверы і ўвайшоў.
Дзяўчына сядзела ў куце, апусціўшы галаву на рукі. Да кісці левай рукі вёў доўгі ланцуг, канец якога быў прымкнуты вялікім вісячым замком да трубы ацяплення хата раней, пэўна, ацяплялася ад паравога катла.
Ліда! паклікаў ён ціха.
Дзяўчына ўскочыла на ногі, і ён убачыў, што адным канцом да ланцуга, а другім да кісці рукі яе прысцёгнутыя кайданкі.
Ты Антон? Як ты мяне знайшоў? Не, не можа быць!
Куды яны пайшлі? Адказвай, хутка!
На мяжу. Яны мяне прывязалі, бачыш?
Зараз, сказаў ён і спытаў: Дзе мая стрэльба, ведаеш?
Схавалі ў тым пакоі, пад ложак.
Ён кінуўся туды і сапраўды выцягнуў з-пад ложка «тулку», пераламаў ствалы і ўбачыў, што патронаў у іх не было. Асцярожныя, вылюдкі
Калі яны вернуцца?
Заўтра раніцай.
Дзе ў іх інструмент? У кладоўцы?
Так.
Ён сапраўды знайшоў там манціроўку, малаток і зубіла. Праз хвіліну ланцуг зваліўся з батарэі. Расшпіліць кайданкі яму было прасцей: таму-сяму яго калісьці навучылі ў войску.
Збірайся! загадаў ён. Мы вяртаемся назад, а адтуль у горад. Я адвязу цябе туды, і нічога больш не бойся. Тое-сёе забяром і пойдзем.
Ён хацеў хутчэй забраць прыхаваныя ля сваёй хаты ў патайнічку патроны і зарадзіць ружжо, бо толькі пасля гэтага мог адчуваць нейкую ўпэўненасць за іх абаіх.
Яны цябе забюць, нас забюць, ты іх яшчэ дрэнна ведаеш гэта вылюдкі. І ў горадзе знойдуць.
Даверся мне, прыспешваў ён. Усё роўна яны цябе знішчаць як небяспечную сведку, а так ты выратуешся.
Дзяўчына мітусілася па пакоі, разгублена азіраючы куты.
Дарэчы, дзе яны сваю «шмаль» хаваюць? спытаў ён.
У шафе. І вось на стале частка. Я павінна была фасаваць.
Ён сабраў усё ў адзін груд, кінуў зверху аптэкарскія вагі, раструшчыў іх і ссунуў усё ў цэлафанавы пакет.
Па дарозе ўсё знішчым, закапаем.
Лідка схапілася за галаву. Твар яе быў спалоханы, а рукі трэсліся.
Ты хоць ведаеш, колькі ўсё гэта каштуе? Яны ж будуць шукаць нас да скону.
Адшукаюць сустрэнем. Цяпер рушым, бо да поўнай цемры трэба выйсці на дарогу, якая вядзе ў наш бок. І вось яшчэ: дзе тут у іх яда?
Толькі вайсковае мінулае і набытыя там навыкі ды інтуіцыя дазволілі яму праз некалькі гадзін дабрацца да «іх» вёскі. Лідка без сіл павалілася на канапу, а ён яшчэ прыгатаваў тое-сёе з ежы і прымусіў яе павячэраць і збольшага паеў сам.
Да раніцы бандыты не вернуцца на сваю лёжку, а калі такое і здарыцца, то ноччу наўрад ці кінуцца сюды, ну а раніцай ён з Лідкай ужо будзе далёка адсюль, меркаваў ён.
Спаў ён заўсёды чуйна, і тут, нават стомлены, адразу адрэагаваў на шолах і схапіўся за ружжо, што ляжала побач, але гэта была Лідка. Яна моўчкі лягла побач з ім і абхапіла яго рукамі. Яе па-ранейшаму трэсла.
Вось, прачнулася і больш спаць не магу, прашаптала яна. Я баюся. Ты ж не асудзіш мяне за гэта?
Жаданне блізкасці нахлынула да яго раптоўна, і, па праўдзе, ён не чакаў гэтага. З жанчынамі, як ён калісьці вырашыў для сябе, бадай, скончана, і віной таму, вядома, яго хвароба. Ну, калі можа ён толькі сустрэне такую ж як сам, але спадзявацца на гэта, як спадзявацца выйграць у латарэю. У яго даўно не было жанчыны, і ўласцівы ўсяму жывому інстынкт патрабаваў свайго, хоць мінулае вайсковае жыццё не раз прывучала яго да ўстрымання. Урэшце, ён не збіраўся рабіць з усяго гэтага драматычных высноў.
Чамусьці дзяўчына адразу адчула яго стан, хоць ён аніяк не выказаў ёй пра тое. Рука яе праслізнула яму пад кашулю, на грудзі, і дзяўчына пачала пяшчотна лашчыць яго.
Рукі ў цябе халодныя, сказаў ён. І лепш бы ты гэтага не рабіла.
Замест адказу дзяўчына моўчкі распранулася і сказала:
Усё яшчэ бе ліхаманка. Супакой зараз мяне і сам супакоішся.
Але ж я табе быццам казаў пра так званы «сямейны ўжытак». Няма гарантый, што ты не зачэпіш хваробы.
Яна ўпарта ператварала ўсё ў жарт.
Запарыў ты мяне сваёй хваробай. Хоць бы сказаў, што ў цябе. Пакуль жа я бачу здаровага дзядзьку. Як добра, што ты хочаш мяне. А я думала, ты зусім да мяне раўнадушны.
Потым яны ляжалі ў напаўдрымоце, і ён спытаў:
Цябе не білі на гэты раз? Пасля ўцёкаў?
Яны спяшаліся на мяжу. Правёж, як яны кажуць, абяцалі па вяртанні. Я спужалася, калі яны цябе білі. Вельмі балела?
Я амаль не адчуваю болю, сказаў ён.
8
На досвітку яны выйшлі з хаты і больш за дзве гадзіны прабіраліся ўжо знаёмай яму сцежкай праз лес, выйшлі з зоны, ехалі на аўтобусе, пакуль урэшце на пачатку дня не набрылі да чыгуначнай станцыі. Ружжо, якое ён нёс на сабе, перад тым як садзіцца ў транспарт, ён разабраў на тры часткі: прыклад, цаўё і ствол. Паасобку яны змясціліся ў яго дарожнай сумцы і не прыцягвалі лішняй увагі.