Шал (зборнік) - Юры Станкевіч 8 стр.


У электрычцы, хоць перадусім ён паспеў пагаліцца, абодва ў сваёй вопратцы нагадвалі бамжоў, але іх ніхто не заўважаў бамжы раз-пораз так і вандруюць парамі.

Лідкіна кватэра, як ён і здагадваўся, ужо была перапрададзеная, і не адзін раз, а двойчы. Тут наскокам разбірацца не мела сэнсу, новыя жыльцы з ім проста не пажадалі гаварыць. Гэтая справа, меркаваў ён, павісне надоўга, і нават у пракуратуры ад падманутых заўсёды ледзь не адмахваюцца: куды глядзелі раней? Самі і вінаватыя, калі вас разводзяць на лохаў. У чымсьці яны мелі рацыю.

Затое пашанцавала з даўнім знаёмым, камендантам інтэрната. Той сустрэў яго добразычліва і выслухаў з разуменнем. Не задаваў лішніх пытанняў, бачыў, што наведвальнікам не да тлумачэнняў. Гэта быў сціплы на словы, сярэдняга ўзросту, хударлявы, яшчэ адносна малады чалавек з сівымі на выгляд скронямі. Калісьці, думаў Антон Лашкевіч, іх, нібы сляпых, сляпыя ж правадыры гвалтам загналі ў горы чужой краіны, дзе іх шукалі кулі і заядалі вошы. Камендант, бадай, таксама на сваім асабістым Пераходзе, вось толькі адзіноты, пэўна, пазбаўлены. Хоць, хто ведае чужое жыццё?

Камендант паказаў ім пакойчык, уручыў дзяўчыне ключ і ў сваю чаргу папрасіў яе папрацаваць тут які месяц-два за прыбіральшчыцу зарплата, вядома, невялікая, але ж у яе становішчы выбіраць не даводзіцца. Хіба не так?

Яна з удзячнасцю згадзілася, і камендант пайшоў.

 Ну, мне пара,  сказаў Антон Лашкевіч. Дзяўчына знерухомела.

 Куды ты пойдзеш? Да жонкі?

 Не. Мне трэба вяртацца назад.

 Але ж гэта гэта самагубства. Яны Ён перасцерагальна зрабіў ёй знак замаўчаць.  Іх усяго трое, і мяне вучылі ваяваць, а іх не.

 Ты ж адзін, і ты, як кажаш, хворы.

 Сапраўды, адзін я, Госпадзі, прамармытаў ён.

 Пра што ты? Мне за цябе страшна, зразумей.

Тым больш, з-за мяне ўсё, я вінаватая. Ён паціснуў плячыма.

 Якая розніца.

 А мне што рабіць? Пайсці з заявай, як ты раіш? Дык яны мяне адшукаюць і тады што?

 Цябе возьмуць пад абарону. Урэшце, як хочаш. Табе вырашаць. Шукаць цябе, на маю думку, ніхто не будзе, бо яны зразумеюць, што рабіць гэта ўжо позна. Будуць думаць, што ты збегла, запалоханая, як мага далей.

 Згода. Я ўсё зраблю, як ты кажаш. Зробім разам. Ты толькі не сыходзь.

Ён паклаў на тумбачку рэшткі грошай, якія знайшоў у кішэнях.

 Бывай, Лідка,  сказаў ён.  Дзякуй і табе за ўсё. Можа пабачымся.

Ён расчыніў дзверы, азірнуўшыся напаследак Лідка з пакутлівым выразам на твары стаяла пасярэдзіне ўбогага пакойчыка, сціснуўшы рукі, і глядзела на яго. Ён выйшаў.

Чалавек па імені Антон Лашкевіч не стаў заходзіць ні да жонкі, ні да дачкі, нават званіць ім усё гэта было даўно ў мінулым. К вечару ён зняў з рахунку грошы, напакаваў сумку прадуктамі і неўзабаве апынуўся на вакзале, дзе сеў у электрычку. Цягнік крануўся, і горад паплыў назад ліхтарамі, светлафорамі, вокнамі, за якімі рыхтаваліся спаць ці ўжо спалі, і вокнамі, за якімі скакалі пад музыку і пілі гарэлку мужчыны і жанчыны, злачынцы і іх ахвяры, проста шукальніцы прыгод і проста шлюхі, гандляры, якія меркавалі, як пераступіць закон, і тыя, хто ўжо яго пераступілі, і ўсе людзі, безабаронныя перад абставінамі і перад лёсам.

Нейкі жвавы стары, з катэгорыі тых, хто не выносіць адзіноты, што сядзеў насупраць, памкнуўся распачаць з ім гутарку, дарога ж доўгая, і пацікавіўся, куды ён едзе з такой вялікай і, як бачна, цяжкай сумкай, і ён усміхнуўся і адказаў:

 У Амстэрдам.

9

Днём ён ляжаў, зрэдку драмаў, а к вечару зайшоў у хату-падманку, дзе другія суткі па-ранейшаму за сталом, галавой на рукі, сядзеў нябожчык. Даліў у газніцу і запаліў святло. Пасля чаго, рухаючыся з перасцярогай, адразу вярнуўся ў «сваю» хату, дзе зноў лёг на ложак, паклаўшы ружжо пад правую руку. Павінны ж яны прыйсці, думаў ён, і менавіта гэтым вечарам ці ноччу, бо іх падзельнік не вярнуўся, паланянка знікла, і ім, пэўна, ужо надта карціць даведацца, у чым справа.

Ён заўсёды глушыў у сабе думкі пра сямю, але яны ўпарта вярталіся, і заўсёды нечакана. Так і цяпер яму ўспомнілася жонка, як ён упершыню ўбачыў яе на нейкім бязглуздым другасным канцэрце, а потым сустрэў у супермаркеце і пазнаў, чамусьці яго пацягнула да яе, яны пазнаёміліся, а праз нейкі час ён зрабіў ёй прапанову. Быў ён тады ўжо хворы, ці не? Бактэрыі лепры ўжо абудзіліся, ці яшчэ драмалі ў ім? У душы ён цяпер адчуваў, што жонка, нягледзячы на сваю даволі інфантыльную знешнасць,  цвёрды арэшак, які не расколюць шматлікія ўдары лёсу, і што яна намнога перажыве яго. Верагодна, знойдзе якога сябра, магчыма, ужо знайшла у рэшце рэшт, яго гэта цяпер мала кранае, бо ён зрабіў свой Пераход і ўжо нібы ў іншай рэальнасці. Вось дачка яе яму шкада.

Ён чуйна лавіў усе гукі, якія даносіліся да яго звонку. Вецер паварушыць лісце, рыпне дрэва, віскне мыш. Потым ён пачуў, як у бочку з-пад страхі капнула раз, другі, праз нейкі час зацурчэў тонкі струменьчык пайшоў невялікі дождж.

Думкі яго пакрысе блыталіся, і ён успомніў, што той, хто становіцца адзінокім,  адчувае з часам смак да смерці. Але ўсё жыццё не болей як спантанны і безнадзейны супраціў усеагульнаму і непазбежнаму паміранню, хіба не так? І няма чаго рабіць з гэтага ёкату і енку, бо так заўсёды было і так будзе.

Ён раптам уздрыгнуў і прачнуўся ён драмаў. І ўстрывожыўся, бо пачуў далёкі сабачы брэх. У цішыні ён добра чуў і пазнаў яго: той самы сабака, якога падкормлівае,  Антон Лашкевіч скінуў з сябе ватоўку і падхапіўся з ложка. «Вось яны і прыйшлі, з палёгкай падумаў ён і раптам пачаў маліцца. Адну малітву ён ведаў. « Госпадзі, папрасіў ён,  узмацні латы мае і дай мне сілы, каб перамагчы ворагаў маіх і тваіх, дай сілы мне і паменшы сілы тых, хто змагаецца са мной, прашу цябе, сцеражы мяне праз свайго Анёла Праведніка, не дай мне ўпасці, не дай заблукацца, памажы мне гэтае маё дзела, што я пачынаю, як для Цябе самога яго выканаць, бо Ты сказаў: «Без мяне нічога не можаце даканаць». Амін».

Ён узяў ружжо, рассоўгаў па кішэнях патроны і захапіў пісталет «магілы».

Стаяла ўсё такая ж дзіўная, непарушная цішыня. Злёгку імжэла, і паветра ад таго было вільготнае, а цемра, нягледзячы на тое, што вочы яго звыкліся з ёй, згушчалася адразу за парканамі, і толькі зрэдку, калі поўня паволі выпаўзала з-за хмар, станавілася бачным прывіднае наваколле.

Роўна струменіла святло з акна хаты-падманкі, але ён старанна абышоў яго і рушыў уздоўж зарослай травой вуліцы, трымаючыся вонкавага яе боку, дзе заканчваліся хаты і цягнуліся рэдкія дрэвы і вербалоз ды пачынаўся выган, за якім стаяў лес. Ён добра абгледзеў гэтыя месцы днём, і таму ішоў хоць і асцярожна, але ўпэўнена, і спыніўся ўрэшце на скрыжаванні дарог тут яны павінны былі прайсці і лёг на мокрую, яшчэ цёплую зямлю невялічкай меліярацыйнай канаўкі, якая вяла да зарослага аерам ручая.

Маўчанне.

Ён доўга ляжаў так, уткнуўшыся падбародкам у рукі, і ўглядваўся ў цемру, у якой гублялася зарослая пустазеллем дарога; па-ранейшаму было ціха, і яго ахапіла пачуццё несапраўднасці таго, што адбывалася.

Яны ўзніклі нібы здані, ішлі моўчкі, у рост, аніяк не сцерагліся. Нібы шляхта на фэст,  падумаў ён і налічыў дзве постаці. Значыць, усе,  падвынікаваў ён. У слабым святле поўні, што выслізнула з-за хмары, ён са здзіўленнем убачыў, што яны мелі пачварны выгляд нібы іншапланецяне, і зразумеў: усе былі ў рэспіратарах баяліся радыяцыі. З-за пляча ў аднаго з іх выторкваўся прыклад «калашнікава».

Ён павёў руляй яны ішлі перад ім метраў у дзесяці. Ну і няхай ідуць, паглядзяць на свайго падзельніка,  падумаў ён,  карысна і псіхалагічна ўражвае, гэта ім не людзей на іголку саджаць ды дзяўчат гвалціць,  і зноў нянавісць варухнулася ў ім, але ён стрымаў сябе, бо зараз яму трэба быць халодным і бязлітасным, як жывёла, і не павінна застацца ў ім ні той нянавісці, ні, тым болей, страху.

Яны прайшлі амаль побач, ішлі, вядома, на святло хаты-падманкі, ім не хацелася сюды ісці, праз радыяцыю, але ж зніклі дзяўчына і «магіла», а ён як сведка небяспечны.

Антон Лашкевіч пачакаў, падняўся з зямлі, потым асцярожна пайшоў следам. З-за дрэва, ля якога спыніўся, ён добра бачыў хату, з вокнаў якой ціхамірна струменіла святло. Яны асцярожна падкрадаліся, і вось, пэўна, заўважылі, што за сталом, тварам на рукі, сядзіць іх падзельнік, і ў пакоі больш нікога, а потым усё адбылося, як ён і меркаваў: ён пачуў прыглушаны вокліч яны кінуліся туды, але потым адзін вярнуўся ў зацень, значыць яны сцярожкія,  падумаў ён і праслізнуў да дзіркі ў плоце, спыніўся за хлеўчыкам, зрабіў некалькі крокаў бліжэй да таго, хто сцеражыў, і сцішыўся: той павінен быў хоць бы дзеля цікаўнасці зазірнуць у акно, а там шмат цікавага, анягож.

Дождж спыніўся, а месяц па-ранейшаму закрывалі хмары. Куртка яго прамокла, вільготныя былі і нагавіцы, толькі холаду ён не адчуваў.

Ён стаяў амаль нерухома, потым выцягнуў пісталет «магілы» і праверыў засцерагальнік, а «тулку» закінуў за спіну. У яго была перавага над імі: калі яны ў цемры могуць пераблытаць і падстрэліць свайго, то любы, на каго ён натрапіць,  вораг.

З боку хаты-падманкі пачуліся прыглушаныя галасы, ён ведаў, што там запанікавалі, а таму не здзівіўся, калі на яго пасунуўся цень і проста перад ім узнікла постаць чалавек рухаўся асцярожна, а ён сачыў, як той спыніўся амаль за крок ад яго і пачаў азірацца. Чалавек быў у бейсболцы і з рэспіратарам на твары той бялеў у цемры. Антон Лашкевіч счакаў, калі чалавек павернецца спінай, а потым зрабіў крок насустрач і з размаху апусціў дзяржанне пісталета таму на галаву. Чалавек рохкнуў і заваліўся на яго, і ён ударыў знізу каленам у падбародак і адчуў, як галава таго адкінулася назад і хруснулі шыйныя пазванкі, выкруціў з аслабелай яго рукі ствол навобмацак гэта быў наган і сунуў яго за пояс.

Назад Дальше