Вера пасоўвалася ўздоўж мяснога шэрагу. Рынак пад высокім купалам гулка гудзеў, поўніўся галасамі. Зазывалі гандляркі:
Бярыце свінінку. Паглядзіце які кавалак кумпяка пекны. Нядорага.
Скабачкі нятлустыя.
Вера завярнула ў другі шэраг. Яна наканавана цягнулася ля прылаўка, гружанага свежыной. Спытала пару разоў кошт выразкі. Прыцанілася. Погляд слізгаў па мясе, па гандлярках у белых хвартухах з каўпакамі на галаве. Раптам Вера адчула, што нехта за ёй назірае, спакваля, незаўважна. Яна ўтаропілася на гандлярак, што белафартушна чаргаваліся за мяснымі кавалкамі, раскладзенымі на доўгім суцэльным стале. Адна з гандлярак нахіліла галаву ўніз і ўбок, хаваючы твар, прысела і знікла пад сталом. Белы каўпак па-здрадніцку тырчаў зверху. Другая, паўнагрудая мажная матрона, праводзіла яе пад стол недаўменным разгубленым позіркам.
Воля, чаго ты туды палезла? міргнулі здзіўленнем вочыгузікі паўнагрудай гандляркі.
Каўпак не зварухнуўся.
Вера замарудзіла крок, спынілася ля каўпака. Магнітам пацягнула затрымацца. Яна пачала выбіраць свежаніну, не выпускаючы з віду каўпак. Праз нейкі час каўпак, вырашыўшы, што пагроза мінавала, павольна пайшоў з-пад стала ўгару. Над прылаўкам высунуўся малады жаночы твар.
Калініна?.. Волька?.. Што ты тут робіш? агарошана выпаліла Вера.
Мясам гандлюю, прагучаў з галавы над прылаўкам упаўшы голас, твар успыхнуў, і Волька Калініна поўнасцю вылезла з-пад стала, гатовая праваліцца скрозь зямлю. «Так няўдала патрапіцца на вочы былой сакурсніцы А Вера расфуфыраная, парфумай пахне, бачна што у шакаладзе. Не тое што я Развярэдзіла душу», засмучана думала Волька Калініна, разглядаючы Веру. Калісьці яны побач сядзелі ў аўдыторыі за мальбертамі, малявалі нацюрморты. Блікі святла на антычнай вазе. Светлацень. Драпіроўкі з тканіны. Юнацтва, поўнае мараў і надзей Жыццё няўмольна.
У нас швейныя атэлье пазачыняліся. Проста немагчыма ўладкавацца на працу па спецыяльнасці, чамусьці пачала апраўдвацца перад Верай былая сакурсніца. Двое дзяцей карміць трэба, прыходзіцца круціцца.
А я бяру замовы на святочныя сукенкі.
Я таксама спрабавала шыць на замову Ды толку мала Гарадок маленькі, заробак на прадпрыемствах не плацяць, народ збяднеў. Не замаўляюць святочных сукенак. Кожны стараецца штосьці таннае з адзення на рынку купіць Гэта у вас у сталіцы заўсёды ёсць багаценькія бураціны.
Так-так, разумею падтаквала, круцілася Вера, размова давалася няпроста, адчувалася нацягнутасць, няёмкасць. А ты нашых каго-небудзь бачыла? спрабавала яна зляпіць зацікаўленасць.
Як барыкада іх раздзяляў мясны прылавак з лунаючым у паветры пахам свежыны.
Не, не бачыла, шчыра адказала Калініна. «І не жадаю бачыць. Не вельмі я гляджуся за прылаўкам ў белым каўпаку гандляркі мясам. Цябе, Вера, з каптуром хопіць», кіслым воцатам праскочыла ў думках Калінінай.
А як у асабістым жыцці?
З мужам я разышлася. Свабодная жанчына, храбрылася Калініна.
Гандлярка з вачамі-гузікамі навалілася локцямі і «поўнай пазухай цыцок» на прылавак і, навастрыўшы вушы заўзятай пляткаркі, лавіла кожнае слова.
Мужчыны цяпер не прывязаны да сямі, уцякаюць ад праблем. Хочуць рабіць кареру, недарэчна пляла Вера.
Кареру?.. Седзячы з півам на канапе? Ты і сказанула Я яго сама вытурыла. Яшчэ і сыходзіць не хацеў. «Оля, я жыць без цябе не магу». Мала мне дваіх дзяцей, а ён за трэцяга.
Канечне, ён без мяне жыць не можа. Усё на маіх плячах. Дваіх дзяцей я так-сяк пацягну, а траіх то не, прабачце, асабліва калі трэці з барадой А ты як? выгаварыўшыся, спытала яна Веру.
Ды так, нічога сабе, ухіліста адказала Вера. Абмяркоўваць пры незнаёмых людзях асабістае жыццё было няёмка. Вера коса зірнула на прадавачку з пранырлівымі вачамі-гузікамі і паспешліва палезла ў сумачку, дастала асадку. Крутнуўшы яе між пальцаў, спытала ў Калінінай: У цябе ёсць паперка? Запішу хатні тэлефон, патэлефануй у бліжэйшы час, сустрэнемся, паразмаўляем. Тут не вельмі зручна.
Калініна паціснула плячамі. У мясных шэрагах паперы для нататак не вадзілася. Вера знаходліва адшукала ў бакавой кішэні дамскай касметычкі талончык на праезд і са зваротнага боку напісала нумар тэлефона. Вера марна пакідала нумар тэлефона. Волька Калініна тэлефанаваць не збіралася. Пра што ім гаварыць? Яны па розныя бакі мяснога прылаўка, як па розныя бакі барыкад. Студэнцкія бесклапотныя дні за дымкай жыццёвага далягляду. Графіка, жывапіс, мадэлі сукенак незваротна сышлі ў мінулае. У кожнага свой шлях. Вера летуценная, напамаджаная, ціснула на Калініну манернасцю і пахам парфумы.
Вера адчувала сябе не ў сваёй талерцы, быццам нечым вінавата перад Калінінай. Кропелька віны ўсё ж была: Вера не сумела схаваць пачуцці. Ёй бы згуляць свайго ў дошку хлопца, які нічаму не дзівіцца, а яна мружыла вочы спачуваннем. Каму спачуваць? Гандлюючы мясам, Волька Калініна зарабляла ўдвая болей за Веру. Але людзям уласціва прыпісваць сабе больш поспеху і ўдачы. Вера карпела за швейнай машынкай, абіхаджвала капрызлівых кліентак, пашываючы модныя строі, паслужліва ім падыгрывала: «Колер сукенкі Вам вельмі да твару, а фасон падыходзіць да вашай фігуры, толькі прыўзняць рукаўчык, крыху распусціць у таліі і падкараціць падол» і поўзала на кукішках, намячаючы даўжыню сукенкі. Удача.
На шашлык Вера купіла ў былой сакурсніцы шыйнае свіное мяса, бяскоснае. Віктор, знаўца пагулянак, казаў, што яно лепш за ўсё пасуе, каб быць засмажаным на агні. Вера аддалялася, сыходзіла з мяснога шэрагу. Гандлярка, адпіхнуўшыся локцямі ад прылаўка, выпрасталася і ўзняла перад сабой бюст.
Гэта што за фіфа? спытала яна, глянуўшы шэрымі гузікамі ўслед Веры.
Ды так, адна вучыліся разам, адказала Волька Калініна і скамячыла ў руцэ талон з напісаным тэлефонным нумарам.
Вярнуўшыся з Камароўскага рынка на кватэру, Вера зрабіла шашлык. Заліла кефірам у рондалі парэзанае на невялікія квадратныя кавалкі мяса, пакрышыла скрылькамі на чатыры часткі цыбулю, змяшала, пасаліла. Гатова. За ноч настаіцца, заўтра запячы і есці
У суботу раніцай збіраліся на шашлыкі. Вера, апранутая па паходнаму ў кароткія брыджы і спартыўную кофту на маланцы, складала пакеты ў багажнік. Ля машыны яны былі ўдваіх з Вікторам. Насцю забрала бабуля аднакласніцы. Вера пазнаёмілася з ёй на бацькоўскім сходзе, прыемная добразычлівая жанчына. Яна выручала Веру і часам прыглядвала за Насцяй. Часта, гледзячы на дачку, Вера балюча шкадавала, што ў Насці няма бабулі. Верына мама рана пайшла з жыцця.
Багажнік машыны напоўніцу загрузілі пляжнымі прычындаламі, сумкамі з посудам і прадуктамі. Рондаль з шашлыкамі прыладзілі між сумкамі, каб не перакуліўся ў дарозе. «Пежо» пакаціла збіраць каманду на ўік-энд.
Ля станцыі метро «Усход» у салон бадзёра заскочыў Саша, звыкла прымасціўся на пярэдняе сядзенне побач з Вікторам. Паехалі далей.
На вуліцы Каліноўскага прыхапілі мадэльерку Аню ў расцягнутых спартыўных штанах. Яна стаяла, прытуліўшыся да шэрага камля дрэва. Гэткая ж шэрая і невыразная, у апушчаных руках трымала скураную сумку з выцвілай рудой скуры. Сумка накшталт мяшка зашморгвалася зверху на куліску праз металічныя дзіркі-фістоны. Аня лічыла гэтую сумку шэдэўрам стылю. Для звычайнага мінака, неспакушонага творчымі пошукамі, «шэдэўр» выглядаў пастуховай торбай. Машына ледзь не праляцела на ўсіх ветразях міма Ані. Прыйшлося тармазіць і даваць задні ход. Аня квёла варухнулася, адкараскалася ад дрэва і няспешна запаўзла ў салон.
Іна чакала на прыпынку ў Зялёным Лузе. Вера заўважыла яе здалёк. Русалка з распушчанымі валасамі. Неверагодна кароткія блакітныя шорты на доўгіх нагах і стракатая пляжная сумка праз плячо. Машына прыціснулася да ўзбочыны і спынілася ля Іны.
Вера з Аняй пасунуліся і Іна падсела да іх на задняе сядзенне. Вера радасна кіўнула Іне.
Прывітанне, дарагая мая.
Усім прывецік, працыўкала Іна.
Уладкаваўшыся ў машыне, яна чынна прадставілася мужчынам:
Будзем знаёмы. Я Інэс-са.
У Верыных вушах нязвыкла прасіпела літара «с». Інэс-са. Яна здзіўлена пакасілася на сяброўку і падумала: «Мама мілая ратуйце, з якіх гэта пор яна зрабілася Інэсай? Заўсёды была Інай, іншым разам Інкай бач ты, сёння перакваліфікавалася ў Інэсу».
Віктор і Саша павярнуліся з пярэдніх сядзенняў да Інэсы і адначасова, зблытаўшы разам свае імёны, прамовілі: «Віктор, Саша».
Дык мы едзем? бадзёра спытала Інэса і дзвюма рукамі адсунула апаўшыя пасмы валасоў з твару.
Віктор павярнуўся да стырна, націснуў на педаль газу. «Пежо» адехала ад узбочыны і, набіраючы хуткасць, пакаціла па шашы. Саша крыху затрымаў пагляд на Верыных сяброўках. Агню ў яго паглядзе Вера не заўважыла. Ён павольна адвярнуўся, паправіў рэмень бяспекі і глянуў праз аўтамабільнае шкло ў поле, быццам там было цікавей. За горадам зелянелі апрацаваныя і засеяныя палеткі, дрэвы збіраліся ў невялікія пералескі, а з-за іх вынырвалі дачы з рознакаляровымі металачарапічнымі дахамі. Ненатуральным крыклівым бэзавым колерам кінуўся ў вочы вузкі двухпавярховы дачны дамок, бліснуў і люстрам адбіваў сонечныя промні металічны скатны дах павернутай бокам нізкай прыбудовы. Вясковыя старыя драўляныя хаты з шэрым шыферам на макаўцы стаялі асобна ад дач, сціпла туліліся адна да адной сярод поля. Саша апусціў аконнае шкло, і вецер цёплай плынню ўварваўся ў аўтамабіль, абдзьмуваў твар, уздымаў валасы. Высунутая з акна далонь рассякала сустрэчны вецер. Машына хутка імчала па шырокай бетоннай дарозе. Даехаўшы да скрыжавання, прытармазіла і звярнула з шашы ў бок Вячы. Пераадолелі яшчэ некалькі кіламетраў. Ля павароту пазначылася шыльда з назвай вёскі Дафэрэнцыя. Машына звярнула на дарогу ў пералесак. Праз пару хвілін выскачылі да ракі.