Гістарычны час спарадзіў новыя крыніцы зьяўлення ваеных лідэраў «брыгадзіраў», ад якіх пайшлі так званыя «брыгадныя генералы». Брыгадныя генералы гэта вайсковыя кіраўнікі рознакаляровай масы пасіянарных лайдакоў, што вырашылі дасягнуць жыццёвай кареры ваенным шляхам, валодалі fighting instinct,[4] імкнуліся гвалтоўным шляхам завалодаць уладай у той ці іншай мясцовасьці. У застойныя часы яны былі чабанамі ці брыгадзірамі шабашнікаў, крымінальнымі аўтарытэтамі ці сакратарамі камсамольскіх суполак і ніколі не дасягнулі б вышынь парадных генералаў. У іх была толькі адзіная моцная вартасьць гэта магутны fighting instinct. У гэтым «брыгадзіры» перасягалі паркетных генералаў і пад час ваенных разборак спачатку перамагалі вайсковыя групоўкі сваімі маленькімі рознашэрснымі гуртамі.
Зазвычай сапраўднаму «брыгаднаму генералу» ня трэба было ніякіх ваенных навук, бо ён вучыўся сам кожнае імгненне і зразу бачыў у жыцці тое, што «паркетны генерал» доўга і ўпарта завучваў у сваіх акадэміях. «Брыгадны генерал» мацаваўся жывой рэчаіснасцю, адчуваў хаду, рытм і рух падзей, прымаў адэкватныя рашэнні, якія найлепшым чынам адпавядалі патрэбе часу. Іншым разам брыгадныя генералы дзеля вырашэння тых ці іншых тактычных і нават стратэгічных ваенных пытанняў замест вайсковых узброеных груповак з сістэмамі «Град», бамбаваннем, артпадрыхтоўкамі, танкавымі клінамі удала карысталіся кейсамі, напіханымі тугімі пачкамі амерыканскіх даляраў, інфармацыйным замбаваннем, хітрамудрымі правакацыямі, псіхалагічнымі запалохваннямі і палітычнымі маніпуляцыямі. Гэткія вайсковыя прыёмы не выкладаліся ні ў воднай акадэміі генеральнага штабу.
У тыя, цяпер ужо гістарычныя часы, паркетныя генералы, паверыўшы ў свае вайсковыя высілкі, пад заказ тамтэйшых і замежных палітычных лялькаводаў распачалі ваенныя канфлікты на сваіх ўласных тэрыторыях. Гэтак было вельмі зручна ваяваць, прамаўляць загады па тэлефонах з службовага габінэта, пючы каву, пазіраючы на стрункія ножкі сакратаркі і гартаючы «Камерсантъ» ці «Маскоўскі камсамолец», а ўвечары бавячы час у рэстаране з будучымі алігархамі ці па-вайсковаму рашуча атакуючы штонікі маладой моднай мадэлькі Ксеніі ці Анджэлы
Вайна на сваёй тэрыторыі з удзелам уласных вайскоўцаў і грамадзян дазваляла адпаведна кантраляваць усе вайсковыя дзеянні, рабіць вайну перманентнай, расцягваць у часе ці пры неабходнасьці нават прыпыняць, каб праз некі час ізноў узнаўляць. Гэткая вайна цалкам залежала ад дзяржаўнай бюракратыі і была яе заўсёднай патаемнай марай, бо дазваляла вырашаць любыя пытанні, перш за ўсё фінансавыя, эканамічныя, ідэалагічныя, дзяржаўныя, і дазваляла цалкам трымаць уладу ў сваіх руках
Дзеля ажыцяўлення вайсковых аперацый (не блытаць з хірургічнымі) тогачасным палітыкам дастаткова было найбольш адмарожаных і пасіянарных камандзіраў брыгад, злучэнняў, бандгруп і сепаратысцкіх згуртаванняў як з тога, так і з другога боку, абазначыць, як «брыгадных генералаў». Гэта гучала і рабіла ўражанне на міжнародную супольнасьць.
«Брыгадныя генералы» такім чынам паўсталі новым разгалінаванем вайскоўцаў, што адваявалі сабе месца ў навейшай ваеннай гісторыі. Дастаткова было назьбіраць некалькі соцень асоб рознага ваяўнічага зброду і ўсталяваць кантроль на некалькі селішчаў, дзе мясцовыя жыхары: жанчыны, дзеці, дзяды і бабулі, і сталыя мужчыны, што макіяжылі пад дзядоў, узгадаваўшы сабе шыкоўныя чорныя, рыжыя і сівыя бароды, як можна было абвесьціць сябе брыгадным генералам.
ІІІ
Стах Бахановіч зрабіўся брыгадным генералам зусім выпадкова. Прынамсі, нядаўна ён быў прарабам будаўнічых брыгад шабашнікаў. Потым пераменлівы лёс закінуў яго ў паўднёвыя рэгіёны, каб памагаць братняму народу ўзнаўляць селішчы і гарады, пацярпелыя ад землятрусу. У выніку хуткіх імклівых дзяржаўных перамен на палітычным ландшафце Стах трапіў (зусім выпадкова) у кагорту мясцовых увішных і пасіянарных людзей, пачаў імкліва набываць аўтарытэт, як прафесіянал сваёй справы, чалавек, які трымае слова, заўсёды даводзіць дамоўленасьці да канца, умее ладзіць нават з гарачымі каўказскімі мачо. Ён вырас і ў сваім асабістым уяўленні, бо калі чалавек у сваіх вачах мае невысокі рэйтынг, то і ў вачах людзей звонку ён таксама нішто.
Спачатку Бахановіч з сваімі людзьмі будаваў шматпавярховыя дамы, затым, калі варункі пачалі мяняцца, ён будаваў катэджы, а потым сховішчы і лёхі. Урэшце яму, як і яго людзям, было ўсё роўна, галоўнае каб заказчык своечасова плаціў грошы.
Спачатку Бахановіч з сваімі людзьмі будаваў шматпавярховыя дамы, затым, калі варункі пачалі мяняцца, ён будаваў катэджы, а потым сховішчы і лёхі. Урэшце яму, як і яго людзям, было ўсё роўна, галоўнае каб заказчык своечасова плаціў грошы.
Непрыкметна для сябе і неяк натуральна, ён абзавёўся ўзброенымі ахоўнікамі, без гэтага ў тыя часы ў тых мясцінах было аніяк. Яшчэ праз год, калі стралковай зброяй пачалі гандляваць на рынках, усе ягоныя будаўнікі панакуплялі аўтаматаў, гранатамётаў і, хаця займаліся будаўніцтвам, але знешне рабілі ўражанне буйнога вайсковага злучэння. Гэтыя гарэзы, гумарысты і проста штукары, калі пераязджалі з будоўлі на будоўлю, ці ў святочны дзень, аперазаныя кулямётнымі стужкамі, імчалі некуды на легкавіках, джыпах, уазах і камазах, гарланілі на тутэйшай трасянцы песні і, канечне, квасілі, а потым распачыналі страляніну ў спякотнае паўднёвае неба.
Спадарове, не страляць у людзей! Толькі ў неба! Увесь час утаймоўваў будаўнікоў Бахановіч. І пры патрэбе не шкадаваць грошай. Каўказ любіць грошы! Плаціць направа і налева. Плаціць і плаціць!
Гурты, натоўпы, працоўныя і дэкласіраваныя масы заўсёды маюць патрэбу ў лідэрах, імкнуцца мець важакоў. Стах Бахановіч зразумеў гэта і не пярэчыў, калі яго вылучалі на новую кіраўнічую вышыню. Галоўнае было адпавядаць тым несвядомым і свядомым пажаданням гэтых людзей, а таксама мець цвярозыя глузды, трымаць на ўсялякі выпадак шляхі адыходу і асцерагацца чужых падманлівых меркаванняў, якія б нішчылі гэтыя шляхі. Кожная рэвалюцыя мае даволі абмежаваны час волі, калі кожны індывід можа рабіць што хоча. Рана ці позна зяўляюцца правадыры, якія пачынаюць гэтую вольніцу лайдакоў падпарадкоўваць, мусова зганяць у гурты і суполкі.
Мясцовы аўтарытэт, генерал-маёр Бадаеў, якога вылучыла тутэйшае грамадства кіраваць тэрыторыяй, паклікаў да сябе Бахановіча, і калі той прымчаў з сваёй сотняй узброеных людзей на легкавіках і камазах, і ягоная ахова звыкла заняла самыя лепшыя камяністыя ўзгоркі і гэтак прафесійна ўзяла на прыцэл ахову генерала, што той, калі выйшаў з сваёй зялёнай юрты, задаволена зазначыў:
Слушна, цябе і вучыць ня трэба. Усё сам ведаеш!
Генерал Бадаеў дакрануўся ківуном да свайго чорнага вуса, палашчыў яго і запытаў, узіраючыся сваімі чорнымі пякучымі вачыма ў сінюю бязмеж вачэй Стаха Бахановіча:
Даю табе чын брыгаднага генерала! Далучайся да мяне.
А што трэба будзе рабіць пад вашым крылом? бадзёра перапытаў загарэлы Бахановіч. Прапанова яму спадабалася, і таму ён зразу ўзяў памяркоўны і нават рахманы тон.
Тое самае, што і рабіў. Будаваць, будаваць і будаваць. Зарабляць грошы і сілкаваць сваіх джыгітаў. Зараз, бачыш, вайны няма.
А калі?
Тады будзем і кумекаць, калі
Абодва не дагаворвалі аб будучыні. Бахановіч думаў мо з хвіліну: па ўсіму бачна, што бліжэйшых год-два вайны не будзе. За гэты час можна падзарабіць грошы на нафце, але без падтрымкі тутэйшага Бадаева гэта зараз рабілася немагчымым.
Так, а форму выдадзіце генеральскую, ды і нейкае ж пасведчанне трэба?
Усё будзе гатова праз паўгадзіны, заспакоіў яго Бадаеў. Зараз папём гарбаты, каньячку, а службоўцы ўсё падрыхтуюць.
Яны сядзелі пад спякотным сонцам за доўгім сталом, за якім мясцовыя кунакі, аўтарытэты і аксакалы з чорнымі і сівымі бародамі пілі зялёную гарбату, пільна пазіралі і ўважліва слухалі. Бадаеў, кульнуўшы з Стахам некалькі чарак дагестанскага каньяку за новага брыгаднага генерала, пачаў даваць Бахановічу ваенныя парады:
Ніколі не вагайся на вачах падначаленых! І не бойся маскавітаў, нават тых, хто скончыў акадэмію Генштаба. Яны ўмеюць прэсаваць толькі на мапах ці пры суадносінах сіл 10 да 1 на іх карысьць..
Абодва генералы не любілі маскалёў, бо прараба Бахановіча тыя некалькі разоў ашукалі на дзесяткі тысяч замежных адзінак, а Бадаеў сам кідаў маскоўцаў на добрыя дзесяткі і нават, страшна падумаць, сотні мільёнаў і цяпер чакаў немінучага пакарання за свае фінансавыя махінацыі.
Потым Стах прамераў вайсковую генеральскую палявую форму, якая яму не спадабалася акрамя пагонаў, што ёмка ляжалі на ягоных плячах, бо не было штаноў з лампасамі. Ён не вытрымаў і запытаў генерал-маёра:
Прабач, кунак,[5] але я не бачу штаноў з лампасамі.
Бадаеў быў якраз у гэткіх парадных сініх штанах з чырвонымі лампасамі і ў зелянковай лёгкай кашулі з генеральскімі палікамі.[6] Зразу было бачна, што гэта сапраўдны генерал, і Бахановіча нібыта крыху непакоіла думка, што паколькі яму не выдалі гэткіх штаноў, то ён генерал «не настаяшчы».