Коннік без галавы - Майн Рыд 12 стр.


Кактус хутка падзейнічаў яго сок быў добрым проціяддзем. I Фялім, заспакоены ўпэўненасцю, што небяспека мінула, а таксама ад стомленасці, забыўся моцным асвяжальным сном. Пасля няўдалай спробы зайсці мнаганожку агіднага паўзуна, які, у адрозненне ад змяі, не баіцца перапаўзаць цераз валасяную вяроўку, доктар-самавучка вярнуўся на свой лужок, дзе спакойна праспаў да раніцы.

Ледзь развіднела, усе трое былі на нагах. Фяліма ўжо не трэсла ад ліхаманкі, і ён забыў усе страхі. Паснедаўшы рэшткамі смажанага індыка, яны сталі спешна збірацца да адезду. Разам са старым паляўнічым былы грум з Балібалаха рыхтаваў дзікіх коней да падарожжа праз прэрыю. Морыс тым часам займаўся сваім канём і крапчастай кабылай. Асабліва вялікую ўвагу ён удзяляў цудоўнай палонніцы: старанна расчэсваў ёй грыву і хвост, счышчаў з бліскучай шэрсці плямы бруду сляды ўпартай пагоні, што сведчыла аб тым, як цяжка было накінуць ласо на яе гордую шыю.

 Кіньце!  сказаў Зеб, не без здзіўлення назіраючы за мустангерам.  Дарэмна вы так стараецеся. Вудлі Пойндэкстэр не з тых, хто адмаўляецца ад свайго слова. Вы атрымаеце дзвесце долараў паверце старому Зебу Стумпу. Чорт вазьмі, яна і вартая гэтых грошай!

Морыс нічога не адказаў, але, мяркуючы па ўсмешцы, што зайграла ў кутках яго рота, можна было здагадацца, што кентукіец зусім не зразумеў прычыны яго асаблівай увагі да крапчастага мустанга.

He прайшло і гадзіны, як мустангер ужо рушыў у дарогу на сваім гнядым кані, ведучы за сабою на ласо крапчастую кабылу. Ззаду жвавай рыссю бег табун, за якім наглядаў Фялім.

Зеб Стумп на сваёй старой кабыле ледзь паспяваў за імі.

Ззаду, асцярожна ступаючы па калючай траве, трухала Тара.

Ніхто не застаўся ахоўваць хаціну: яны проста зачынілі дзверы, абцягнутыя конскай шкурай, каб унутр не забраліся чатырохногія жыхары прэрыі. I цяпер цішыня, што панавала навокал, парушалася толькі крыкам вушастай савы, віскам пумы і нудным брэхам галоднага каёта.

9. Памежны форт

На высокім флагштоку форта Індж развяваецца флаг, усеяны зоркамі: ён адкідае хісткі цень на своеасаблівую, дзіўную панараму.

Гэта карціна сапраўднага памежнага жыцця праўдзіва перадаць яе мог бы, мабыць, толькі пэндзаль Вернэ Малодшага,  жыцця напаўваеннага, напаўцывільнага, напаўдзікага, напаўцывілізаванага; тут вы ўбачыце і бледнатварых і каляровых людзей у самым разнастайным убранні, людзей усіх прафесій і рознага грамадскага стану.

I сам форт мае такі ж незвычайны выгляд. Зорны флаг развяваецца не над бастыёнамі з зубчастымі сценамі, ён адкідвае свой цень не на казематы ці патаемныя хады: тут няма ні равоў, ні валоў нічога, што нагадвала б крэпасць. Гэта проста частакол са ствалоў алгароба, унутры якога знаходзіцца навес канюшня для двухсот коней. За яго межамі дзясятак пабудоў немудрагелістай архітэктуры, звычайныя хаціны-хакале з плеценымі, абмазанымі глінай сценамі; самая вялікая з іх казарма. За імі размешчаны шпіталь, інтэнданцкія склады; з аднаго боку гаўптвахта, з другога, на больш відным месцы,  афіцэрская сталовая і кватэры. Усё надзвычай проста: атынкаваныя сцены выбелены вапнай, на якую багатыя берагі Ляоны; усё чыста і ахайна, як і павінна быць у крэпасці, дзе ваенныя носяць мундзіры вялікай цывілізаванай нацыі. Такі форт Індж.

На некаторай адлегласці бачна другая група пабудоў, не большая за тую, якая называецца фортам. Яны таксама знаходзяцца пад аховай амерыканскага флага; і хаця непасрэдна над імі ён не развяваецца, яму яны абавязаны сваім узнікненнем і існаваннем. Гэта зародак аднаго з тых пасёлкаў, якія звычайна ўзнікаюць паблізу амерыканскіх ваенных пастоў, хутка развіваюцца і ў большасці выпадкаў становяцца маленькімі гарадкамі, а часам і вялікімі гарадамі.

У цяперашні час насельніцтва пасёлка складаецца з маркітанта, на складзе якога захоўваюцца прыпасы, што не лічацца ў ваенным пайку; гаспадара гасцініцы і бара, які прыцягвае абібокаў сваімі палічкамі, застаўленымі гранёнымі бутэлькамі; кучкі прафесійных ігракоў, якія пры дапамозе фараона і монтэ чысцяць кішэні афіцэраў мясцовага гарнізона; двух дзясяткаў чарнавокіх сеньярыт сумніўнай рэпутацыі; такой жа колькасці паляўнічых, пагоншчыкаў, мустангераў і людзей без пэўных заняткаў, якія ў любой краіне, як правіла, сноўдацца каля ваенных лагераў.

Дамы гэтага невялікага пасёлка размешчаны ў некаторым парадку. Відаць, усе яны уласнасць аднаго прадпрымальніка. Яны стаяць вакол «плошчы», дзе замест ліхтароў і статуй тарчаць над вытаптанай травой высахлы ствол кіпарыса і некалькі кустоў.

Ляона ў гэтым месцы яшчэ амаль ручай; яна цячэ ззаду форта і пасёлка. Наперадзе рассцілаецца раўніна, пакрытая яркай ізумруднай зеленню і акрэсленая ўдалечыні больш цёмнай паласой лесу, дзе магутныя дубы, арэхавыя дрэвы і вязы змагаюцца за існаванне з калючымі кактусамі і са мноствам павойных і паўзучых раслін-паразітаў, амаль невядомых батаніку. На поўдзень і ўсход на беразе рэчкі раскіданы дамы. Гэта маёнткі плантатараў; некаторыя з іх адбудаваны нядаўна і не прэтэндуюць на які-небудзь стыль, другія больш вычварнай архітэктуры відаць, ужо саліднага ўзросту. Адзін з іх асабліва звяртае на сябе ўвагу. Уявіце сабе вялікі будынак з плоскім дахам і зубчастым парапетам; яго белыя сцены рэзка вызначаюцца на зялёным фоне лесу, які абступае дом з трох бакоў. Гэта асьенда' Каса-дэль-Корва.

Вы паварочваеце на поўнач, і перад вашымі вачамі нечакана вырастае адзінокая конусападобная гара; яна ўзвышаецца над раўнінай на некалькі сот футаў; ззаду яе ў туманнай далечыні вырысоўваецца ломаная лінія Гвадалупскіх гор горнага хрыбта, які ўвенчвае высокае, амаль недаследаванае пласкагоре Льяна-Эстакада.

Паглядзіце вышэй, і вы ўбачыце неба напаўсапфіравае, напаўбірузовае. Днём яно зусім сіняе, і толькі залаты шар сонца ззяе на ім. Ноччу яно ўсеяна зоркамі, нібы выкаванымі са светлай сталі; а выразна акрэслены дыск месяца здаецца тут зусім сярэбраным.

Гляньце ўніз у той час, калі ўжо зніклі месяц і зоркі, калі ветрык, насычаны водарам кветак, дзьме з заліва Матагорда, налятае на зорны флаг і распроствае яго ў ранішнім святле,  гляньце, і вы ўбачыце карціну настолькі яркую і жывую, пераменлівую па абрысах і фарбах, у стракатасці разнастайнага ўбрання, што апісаць яе немагчыма.

Вы заўважыце ваенных: блакітную форму пехацінцаў Злучаных Штатаў, сінія мундзіры драгунаў і светлыя, амаль няўлоўнага зялёнага колеру мундзіры конных стралкоў. Па форме адзеты толькі дзяжурныя афіцэры, начальнік каравула і самі каравульныя. Іх таварышы, карыстаючыся вольным часам, ходзяць каля казармаў ці пад навесам канюшні ў чырвоных фланелевых кашулях, мяккіх капелюшах і ў нячышчаных ботах.

Яны балбочуць з людзьмі, якія апрануты зусім не па-ваеннаму. Гэта высокія паляўнічыя ў кашулях з аленевай шкуры і такіх жа гетрах; пастухі, мустангеры, апранутыя, як мексіканцы; сапраўдныя мексіканцы ў шырокіх штанах, з серапе на плячах, у ботах з вялізнымі шпорамі і ў абыякава заламаных набакір глянцавых самбрэра. Яны размаўляюць з індзейцамі, якія прыйшлі ў форт дзеля гандлю або мірных перагавораў; іх палаткі бачацца непадалёку. Фігуры індзейцаў з накінутымі на плечы чырвонымі, зялёнымі і блакітнымі коўдрамі здаюцца надзвычайна маляўнічымі і амаль класічна прыгожымі; нават недарэчная размалёўка, якой яны знявечылі сваю скуру, і зліплыя ад бруду чорныя доўгія валасы, падоўжаныя яшчэ пасмамі конскіх валасоў, не псуюць іх строгай прыгажосці.

Уявіце сабе гэты стракаты натоўп у разнастайным адзенні, якое сведчыць аб нацыянальнасці, прафесіі і становішчы яго гаспадароў; Дадайце яшчэ чарнаскурых сыноў Эфіопіі афіцэрскіх грумаў ці слугаў суседняга плантатара; уявіце сабе, як яны стаяць невялікімі групкамі і гутараць або фланіруюць па раўніне паміж фургонамі; уявіце сабе дзве шасціфутавыя пушкі на колах і побач павозкі з боепрыпасамі; адну ці дзве белыя палаткі, занятыя афіцэрамі, якія дзеля арыгінальнасці спяць пад прыкрыццём парусіны; вінтоўкі каравульных, састаўленыя ў піраміды. Уявіце сабе ўсё гэта, і перад вашымі вачамі разгорнецца карціна ваеннага форта, які знаходзіцца на мяжы Тэхаса, на самай ускраіне цывілізацыі.

Праз тыдзень пасля таго, як плантатар з Луізіяны прыехаў у свой новы дом, на пляц-парадзе перад фортам Індж стаялі тры афіцэры і глядзелі ў бок асьенды Каса-дэль-Корва.

Яны ўсе былі маладыя старэйшаму не больш як трыццаць гадоў. Пагоны з дзвюма нашыўкамі ў першага ўказвалі на яго капітанскі чын; другі, з адной папярочнай нашыўкай, быў старшым лейтэнантам; трэці, мяркуючы па яго гладкіх пагонах, быў, відаць, толькі малодшым лейтэнантам.

Яны былі вольныя ад дзяжурства і гаварылі пра новых жыхароў Каса-дэль-Корва плантатара з Луізіяны і яго сямю.

 Будзем святкаваць наваселле,  сказаў капітан пяхоты, маючы на ўвазе запрашэнне, атрыманае ўсімі афіцэрамі гарнізона.  Спачатку абед, а потым танцы. Сапраўдная падзея! Там мы сустрэнем, мабыць, усіх мясцовых арыстакратаў і красунь.

 Арыстакратаў?  са смехам адазваўся лейтэнант драгунскага палка.  He думаю, што тут шмат арыстакратаў, а красунь, бадай, і таго меней.

Назад Дальше