Ніхто і не сумняецца, што Зіновій Позьні таленавіты самародак.
Так, але адзін, нават і таленавіты, чалавек гэткае дзейства не ажыццявіць. Трэба не менш за дзве ці тры асобы, каб правесьці ідэалагічную дыверсію. Калі б было больш, мы б ужо ведалі. Значыць, двое ці трое! Можна толькі здагадвацца
Мардзюховіч зірнуў на Пянкова ўрачыста і чамусьці вабна, быццам хацеў выйграць сто тысяч еўра ў латарэю, і дзесьці ў глыбіні ягонай таемнай чыноўніцкай душы рэктар здолеў угледзець след напружанай увагі.
Цябе можна павіншаваць, Сцяпан Ахмедавіч. Я ведаў, што ты здольны, але не ведаў, што да такога ўзроўню. Паваліць самога Пятакова, гэтага чужога «крата», запушчанага ва ўніверсітэт. Усё міністэрства і нават сам гаспадар у захапленні.
З пэўных крыніц маеш звесткі? Дзякуй, але гэта не я. Не правакуй мяне, гэта не я.
Шкада, калі не ты. Мне прамова Зіновія Позьняга спадабалася, і не толькі мне. Шчыра і трапна. Ёсць некаторыя вельмі ўплывовыя людзі ва ўладных колах, што пагадзіліся з ідэяй аб чорных жалобных повязях замест юбілейных медалёў і значкоў да таго часу, пакуль не будзе ўзноўлены і адбудаваны Савецкі Саюз.
Мардзюховіч пранікліва зірнуў у твар Пянкову, убачыў толькі яго збянтэжанасць і разгубленасць і дадаў: Дарэчы, я хачу цябе папярэдзіць. Ёсць ва ўладных колах і другія ўплывовыя асобы, якія катэгарычна нязгодныя з выступам Зіновія Позьняга. Яны будуць слухаць, нюхаць, выглядаць хоць год, пакуль не знойдуць крайняга. Новая буржуазія не хоча вяртання феадалізму, няхай сабе і сацыяльна абароненага.
Рэктар, напята хаваючы сваю няўпэўненасць і нервовасць, перайшоў да канкрэтыкі і прапанаваў сваю версію падзей.
У нас ёсць на прыкмеце некалькі неардынарных студэнтаў. Да прыкладу, «таварыш Маўзер» і ягоны сябар, пяцікурснік Паддубскі, ёсць яшчэ некалькі чалавек, што зацікаўленыя, каб утапіць прафесара А прафесара Пятакова шкада.
Рэктару трэба было стварыць такое агульнае меркаванне ў кіраўнічых колах, дзе прафесар быў толькі ахвярай непрыемнай падзеі. Нельга было дазволіць узнікнуць нават і ценю думкі, плёткі ці гіпотэзы, што рэктарат універсітэта, крый божа, мае нейкае дачыненне да гэтага непрыемнага і вельмі двухсэнсоўнага здарэння.
Сымон Апанасавіч моўчкі гартаў справу «ідэалагічных дыверсантаў», азіраў гаспадарчым вокам шыкоўны габінет, углядаўся ў рэктара, у ягоны шыкоўны пільчак, гадзіннік «Ролекс» на руцэ і прыкідваў, колькі дзесяткаў тысяч даляраў здымае ва ўласную кішэнь з нівы вышэйшай адукацыі Сцяпан Ахмедавіч. Рэктар адчуваў цяжкасць моманту і, дастаўшы з сейфа пачатую бутэльку арманьяку намеснік міністра любіў добры каньяк, хоць і не злоўжываў, разліў у два кілішкі. Мардзюховіч адмоўна пахітаў галавой кепскі знак, кілішка не ўзяў і ў роздуме запытаў: Стрэлачнікаў шукаеце? Доказы ёсць? Доказаў, як я ведаю, няма. Абодва вашыя «дыверсанты» маюць алібі, бо на момант выступу Зіновія Позьняга знаходзіліся ў зале. Я разумею, што калі ворагаў няма, то іх ствараюць, каб зваліць на іх уласныя хібы. І чаму табе шкада прафесара? А сябе не шкада? Пятакоў стварае ворагаў на роўным месцы, гэтаму яго калісьці вучылі ў спецвучэльні. Яму выгадна знішчаць маладых і таленавітых канкурэнтаў. А нам сёння патрэбныя педагогі, сейбіты, садоўнікі, што шукаюць і ствараюць таленты, узгадоўваюць будучых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Тых, хто не рынецца па даляры на Захад. Будзе працаваць на Радзіме, дзеля Бацькаўшчыны, гэта значыць, на нас з табой.
Рэктар ледзь не вываліўся з крэсла: дзяржаўная канцэпта мянялася на вачох.
А што падумае і скажа Масква? асцярожна вымавіў рэктар. Намеснік міністра не адказаў на пытанне, і гэткі ягоны крок уваходзіў у запланаваную размову. Няхай думае. Калі пачне сумнявацца ды звяртацца некуды яшчэ, пойдзе ўслед за прафесарам. Намеснік не хацеў казаць, што Масква нарэшце сама зразумела каштоўнасць беларускай, як, дарэчы, і ўкраінскай дзяржаўнай ідэі для расійскага выжывання.
Нам патрэбны не проста здольныя, а таленавітыя, прафэсійныя. Ад няздараў у нас у вачох зацемкі пачынаюцца. Добры фільм зняць не могуць. Усё грошай не хапае. Колькі ні давай усё мала. І вынікаў аніякіх. Балбатуны, шпегі, саксупы. Інтрыгі, даносы, заціранні, вынікі дробныя і неканкурэнтныя. Працаваць няма каму. Твой Пятакоў усё жыццё прашвэндаўся ў контрвыведцы, прафукаўшы там вялікую дзяржаву, а сёння ўжо прафесар гісторыі і філасофіі! Навуковец?!
Твар у рэктара Сцяпана Ахмедавіча Пянкова нібыта скамянеў і выпраменьваў непрыхаваную нязгоду.
«Сёння ж разнясе па ўсіх інстанцыях, зразумеў намеснік міністра. Не ў нос іхняму кодлу. Хочуць і далей імітаваць дзейнасць, браць хабар і не трымаць адказнасці. Ну-ну. Прыйдзецца табе, Сымон Апанасавіч, закасваць рукавы».
Намеснік міністра ўзняўся, каб ісці на паседжанне тэрміновай і надзвычайнай камісіі, марудна рушыў па габінеце да дзвярэй, змрочны і злосны, з моцна прыхаванай застарэлай роспаччу ў душы, якой так і не ўгледзеў рэктар.
ІХ
На паседжанні камісіі доктар філасофскіх навук прафесар Заядалін Павел Паўлавіч, былы ветэран спецслужбаў, выказаў нязвыклую версію прамінулых падзей. Узяўшы слова, ён узняўся з-за стала, не спяшаючыся ўздзеў акуляры і, прыгладзіўшы правіцай плех, важка прамовіў: Хачу выказаць сваё меркаванне: ніякага Зіновія Позьняга на сустрэчы не было! пераканана зазначыў ён і, пачакаўшы, пакуль у габінеце сціхне водгук здзіўлення, працягваў далей: Па маім запыце аналітыкі кампетэнтных органаў зрабілі экспертызу тэлевыступу так званага Зіновія Позьняга. Голас быў сапраўды Зіновія Позьняга, а аблічча між тым было не яго.
Чыё ж гэта было аблічча? перапытаў намеснік міністра адукацыі Сымон Апанасавіч Мардзюховіч і ўважліва зірнуў на сямідзесяцігадовага доктара навук. Той, будучы заслужаным і ганаровым ветэранам органаў, упэўнена і разважліва працягваў выкладаць свой варыянт падзеяў: Гэта таленавіта зробленая містыфікацыя. Выдатная праца візажыста, што стварыў пераканаўчы вобраз Зіновія Позьняга Мікрафоны ў зале былі адключаныя, а да дынамікаў праз універсітэцкі радыёвузел была падключана магнітафонная версія выступу сапраўднага Зіновія Позьняга, які, дарэчы, знаходзіўся ў гэтую хвіліну ў Варшаве. Асоба, якую мы бачылі каля мікрафона ў вобразе лідэра апазыцыі, толькі бязгучна разяўляла рот і махала рукой. Праўда, не зусім зразумелая мэта гэтай прафесійнай акцыі. Што гэта? Варожая дыверсія супраць міждзяржаўных дачыненняў? Жарт? А можа, нехта адпомсціў прафесару Пятакову за ягоную прынцыповасць?
Вы гэта ў нас пытаецеся? нярвова запытаўся рэктар Сцяпан Ахмедавіч Пянкоў, які старанна імкнуўся стварыць уражанне, што кіруе плынню вышуку. Думка Заядаліна спачатку спадабалася яму сваёй магчымасцю для манеўра, хоць і раздражняла старэчым шматслоўем. Але ў якім святле пры гэткім варыянце магло б выглядаць кіраўніцтва універсітэта, ды і сама ўлада? Пэўна, у смешным, нават анекдатычным! У гэтым выпадку не толькі рэктар, але і ўвесь рэктарат і нават супрацоўнікі міністэрства з трэскам страчвалі свае пасады.
Намеснік міністра асветы Мардзюховіч пільна слухаў Заядаліна, задумліва варушыў сваімі махнатымі рудымі бровамі, чым нарэшце збянтэжыў ветэрана, які разгублена гартаў старэчай дрыготкай рукой лісты з матэрыяламі камісіі, блытана адказваў на пытанні, мусолячы ўжо агучаную версію пра наўмысны зман. Нарэшце чырвоны, узмоклы і злосны Заядалін сеў за стол.
Гаварылі шмат і доўга, выказвалі самыя неверагодныя гіпотэзы. Меркаванне Паўла Паўлавіча не здабыло падтрымкі найлепшых аналітыкаў універсітэта, бо перакладала адказнасць з боку спецслужбаў на рэктарат універсітэта. Да таго ж гэта была б маральная перамога апазіцыі, якая паставіла б уладу ў смешнае становішча.
Дасведчаны намеснік міністра цярпліва выслухаў усе меркаванні, нічым не выказваючы свайго стаўлення да справы. Выслухаўшы ўсіх, Сымон Апанасавіч зірнуў на гадзіннік вытворчасьці менскага завода «Прамень» і жорстка, так што ні ў кога з прысутных не ўзнікла нават і ценю нязгоды, зазначыў: Камісія сваёй працы не выканала. Яна гатова спусціць справу на тармазах. Здзейснена нахабная ідэалагічная дыверсія, нанесена непапраўная шкода міждзяржаўным дачыненням, зняважаны ветэраны. Гэта першае. З другога боку, чаму таленавітыя людзі працуюць на нашых незычліўцаў? Чаму не на Айчыну?! Чаму не заўважаем таленавітых? Не вылучаем іх!? Таленту патрэбна ўвага і цеплыня, матэрыяльная падтрымка. Між тым ва універсітэце назіраюцца выпадкі цкавання здольных навучэнцаў паводле нацыянальных адметнасцяў. Некаторыя выкладчыкі не валодаюць і, самае галоўнае, не хочуць ведаць адну з дзяржаўных моваў. Выказваюць знарок падкрэсленую грэблівасць, тым самым распальваюць агмень міжнацыянальнай варожасці.
Дзябёлы, мажны намеснік, заўсёды ветлівы і выхаваны, часцяком вясёлы, цяпер быў нязвыкла суворы, глядзеў з-пад касматых броваў незадаволена, без усялякай літасці, і рэктар Сцяпан Ахмедавіч Пянкоў зразумеў хісткасць свайго становішча.