Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень 8 стр.


 Скажу болей, некаторыя адказныя кіраўнікі, выкладчыкі, навукоўцы стварылі манаполію, супольнае кола навуковай і выкладчыцкай дзейнасці і нішчаць самых таленавітых і здольных. Сфармавана выява ворага ў выглядзе мясцовых энтузіястаў нашай дзяржавы. Сёння нам гэткія людзі не патрэбны. Сусветная эканоміка, тэхналогія, навука імчаць наперад. Беларуская мова нам не вораг, гэтаксама як і сапраўдная гісторыя краіны. На гэтым прапаную абмеркаванне скончыць, брацца за настойлівую працу.

Намеснік крыху памаўчаў, паглядаючы востра і калюча на чальцоў камісіі, нават ветэран органаў не вытрымаў ягонага едкага позірку.

 Прапаную старшыню камісіі па святкаванні прафесара Пятакова А. А. адпусціць на пенсію, справу закрыць. Сурёзнае следства гэта праца для дзяржаўнай камісіі, для прафесіяналаў. Яна зоймецца вывучэннем сучаснага становішча навучання і выхавання ва універсітэце.

Гэткае рашэнне нечакана задаволіла прысутных. Для прафесіяналаў, то няхай будзе для прафесіяналаў.

Ідучы па доўгіх калідорах універсітэта, Сымон Апанасавіч адчуваў, як унутры яго нараджаецца нейкі малады жыццёвы ўздым, і новыя сілы ўліваюцца ў ягоныя яшчэ моцныя шлункі. Паціскаючы на развітанне далонь Сцяпану Ахмедавічу, намеснік міністра на імгненне весела ўсміхнуўся, пераблытаўшы гэтым думкі рэктара, і важка дадаў: Без патрыётаў і энтузіястаў, Сцяпан Ахмедавіч, аніякія грошы не дапамогуць. Ці не таму мы і прафукваем сваю дзяржаўнасць.

Развітаўшыся з рэктарам, ужо на вуліцы, ён азірнуў вясёлым позіркам Грунвальдскую плошчу і нечакана для сябе з імпэтам праспяваў «...Палыхне ўначы пажар, і паходнаю трубой зноў пакліча нас з табой на мужны бой!..».

Сымон Апанасавіч нібы выпіў кубачак добра згатаванай кавы і быў у тым узрушаным, нават шчаслівым стане душы, можа ад вясны, што буяла вакол, ці блакіту вечаровага неба, ад добраўпарадкаванай Грунвальдскай плошчы, а мо ад блізкай уласнай будучыні. Ён павольна каб не страціць гэты юнацкі, узнёслы стан душы, не расплёскаць яго ішоў да прыпаркаванай бліскучай «Нісаны».

Ужо адчыніўшы дзверцы легкавіка і сядаючы за стырно, ён раптам выразна адчуў, што ўсё, аб чым з такім натхненнем, пераканаўча і гіпнатычна прамаўляў Зіновій Позьні, цяпер было толькі незваротнай гераічнай гісторыяй прамінулага індустрыяльна-феадальнага грамадзтва.

2008, г. Менск

Рэванш

«Барер пасрэднасьці не кожнаму ўдаецца адолець. Гэта даволі мудрагелісты перавал. А зрэшты, пасрэднасьць зява пашыраная і надта тонкая. Да яе так проста і лёгка прызвычаіцца: пройдзе некаторы час і ўсё пасрэднае пачынае ўспрымацца як належнае, як эталон звычайнасьці»

Алесь Масарэнка «Верзяя»

Напачатку сьнежня, калі цемра зрабіла магутны наступ на вясковыя абшары і нуда пачала запалоньваць чалавечыя душы, вось гэткім восеньскім суботнім ранкам настаўнік біялогіі Вітаўт доўга і старанна галіўся і потым гэтак жа пільна азіраў свой твар у люстэрку. Стоячы босымі нагамі на жоўтай халаднечай падлозе, у сініх спартовых портках і цяльняшцы, ён уважліва спыніў позірк на сваім абліччы, як быцам імкнуўся зразумець, на што ён варты. З люстэрка на яго ўзіраўся ружовы, шчыры, задумлівы твар з сінімі вачыма і канадскай прычоскай русых валос.

Вітаўт адчуваў сябе крыху зьбянтэжаным. Сяньня быў 26 дзень яго нараджэння. Чароўны час супержыцьця імкліва ляцеў, між тым бракавала патрэбнай якасьці існавання. Патрэбен быў скок у сьвядомасьці, нейкі новы дыскурс у новым накірунку.

Пакрысе Вітаўт, яшчэ покуль малады чалавек, сасьпеў да высновы, што яму трэба тэрмінова жаніцца. Менавіта цяпер Вітаўт пакутліва вырашаў, як і з кім ажыцявіць гэну адметную і няпростую падзею. Урэшце гэта такое складанае для мужчыны жыцьцёвае пакліканьне, калі ён раптам досыць ясна разумее, што сутнасьць быцьця недасяжна, што адкладваць надалей з гэтым пытаннем небясьпечна, і што пара, брат, жаніцца, запрагацца і цягнуць уласны сямейны воз.

Па рознаму жэняцца людзі. Іншага жанілка прымушае нечакана стаць сямейным чалавекам. Ён яшчэ не пасьпее і агледзецца вакол, адчуць волю, набыць уласны розум, спланаваць жыцьцёвую хаду, а ўжо зацугляны, зьвязаны, скручаны, прымусова абстаўлены з усіх бакоў рознымі дзіўнымі дачыненьнямі і варункамі, так што крок убок лічыцца злачынствам і выклікае лямант усёй жончынай радні. Глядзіць такі жанішок на жаночую асобу, такую ж несьвядомую, як сам, і верыць, што яна сапраўды непаўторная і вартая. Прынамсі рана ці позна гэны чад і атрута праходзяць і тады, гэткі, ўжо сталы мужык, спрабуе ўзяць у жыцьці рэванш. Бывае што і бярэ, але рэдка.

Мінулае заўсёды дае адказы на жыцьцёвыя пытанні. Дастакова пагартаць старонкі праляцелых гадоў і можна знайсьці адказ на любое пытанне. Год назад Вітаўт трагічна памыліўся, сам выпусьціў сваю жар-птушку. Тады ён з вясны ўсяго на тры-чатыры месяцы паехаў у Расею, хацеў зарабіць на легкавік. Прыехаў пад восень, а ягоная каханая ўжо замужам, і паглядае сваімі сінімі пырскамі з-за мужняга пляча, а перад Вітаўтам стаіць гэткі ўпэўнены чарнавокі паўднёвы чалавек па прозвішчу Мінасян і так непахісна, хоць стаў яго на месца дубовай шулы, цьвердзіць: «Ізвіні, дарагой. Любоў у нас. Сэм'я. Заходы, дарагой, гостэм будэш.»

Абышоў Вітаўт гэтую дубовую шулу, зірнуў у вінаватыя вочы некалі каханай. І ўвесь сусьвет пахіснуўся перад ім, і ў адзін міг крыштальны гмах мроі разбурыўся і ён грукнуўся з вышыні на цьвёрды і жорсткі грунт рэчаіснасьці.

Прайшоў год, рана з цяжкасьцю загаілася. Між тым нявырашанае пытаньне сяньня паўставала ва ўвесь рост. Ён, у каторы ўжо раз, у душы зайздросціў жанчынам, якія пры любым раскладзе маглі нарадзіць ад любімага чалавека дзяцей і потым усё астатняе жыцьцё ўвасобіць сваё Каханне у сваіх дзецях І вось зараз Вітаўт псаваў чароўны час свайго супержыцьця ў сельскай глухамані ў далечыні ад цывілізаваных цэнтраў, ад маладых прыгажунь, трацячы маладыя сілы і юнацкі чароўны юр з выпадковымі і дробнымі людзьмі.

Вітаўт пасьнедаў смажанай кілбасой з дзічыны і яечняй на два яйкі. Задумліва выпіў гарбаты, гледзячы на восеньскі сумны абсяг у вакне, на голыя яблыні зь дзе-нідзе замерзлымі жоўтымі яблыкамі на галінах, потым прыбраў са стала. Ён не сьпяшаючыся, апрануўся, узяў тэчку з загатаванымі прыпасамі і пайшоў на двор, сыпануў ячменю курам, памарудзіўшы крыху, пастаяў на двары, назіраючы, як певень задаволена сакоча ў атачэньні свайго гарэму. Вітаўт зачыніў хату ён жыў ва ўласнай хаце, купленай за грошы, назьбіраныя некалі на легкавік і пашыбаваў у школу.

Звонку ў вясковым навакольлі валадарыў холад. Паветраныя массы з поўначы абрынуліся на вёску, счапілі марозам шэрую адзервянелую зямлю. Ад таго што сьнег ня выпаў, было брудна, няўтульна, змрочна. Над самым небакраем далёка на поўдні нізка вісеў маленькі бялявы абруч сонца.

Звычайна па выхадных біёлаг часцяком ездзіў на дызелі ў невядомым для жыхароў вёскі накірунку, да невядомай мэты. Мясцовыя жанчыны выказалі меркаванне, што ён ездзіць да чужой не тутэйшай бабенцыі, каб утаймаваць свой чароўны юнацкі юр, але куды і да якой жанчыны даведацца покуль не ўдалося.

 Надта хітры,  зазначыла загадчыца фермай Фёдараўна, вядомая на вёсцы спрытная і ёмкая кабета гадоў за сорак, якая мела двух дачок і марыла выдаць старэйшую, дваццацігадовую Жану, за маладога настаўніка.

Пасьля непрацяглай барацьбы за месца пад сонцам, расчараваная Фёдараўна выказала меркаванне дасьведчанай, навучанай жорсткім жыцьцём, сталай, усё яшчэ прывабнай і сьпелай жанчыны, якая паспытала гэтага самага жыцьця па самыя ноздры і добра ведала тое, аб чым казала: У яго не стаіць!

Гэта быў злавесны і, магчыма, канчатковы прысуд, як удар драўлянага малатка ў амерыканскіх судох, пасьля якога жаночая палова пачала паглядаць на маладога самца з падазронасьцю.

Ідучы ў школу, настаўнік Вітаўт Янавіч на хвіліну зьвярнуў да людзей, што таўкліся на школьным двары, каля разгружанага ад вугля бартавога маза. Тутака стаялі заггас, качагары і ваенрук, пазіралі на шафёра, што завіхаўся каля самахода. Школьны заггас Савельевіч у чорным кажуху нюхаў стылае халоднае паветра і, паглядаючы ў ледзяное блакітнае неба, разважліва казаў, зьвяртаючыся да прысутных: Мусіць, сяньня сьнег пойдзе

 Які сьнег!..  самотна пярэчыў ваенрук Алег Пятровіч, стомлена пераступіўшы з нагі на нагу.  Неба чыстая, як шклянка, нідзе ніводнай хмаркі.

Савельевіч нічога не адказаў на словы гарадскога чалавека, бо прынюхваўся да студзёнага паветра, што несла з сабой доўгачаканую зіму. Адначасова ён думаў над сваімі шматлікімі штодзённымі справамі. Ягоная добрая знаёмая, кума, загадчыца ФАПа Алеся сяньня, калі ён зранку сьвежаваў ёйнага кабанчыка, выказала яму незвычайную прапанову, каб ён запрасіў да яе ў госьці маладых нежанатых настаўнікаў на сьвяжыну.

 Алеся, Алеся, Алеся, там птушкі пяюць у паднябессі мармытнуў заггас, і ва ўяўленьні перад ім паўстала вясёлая у белым халаце, што падкрэсліваў прыгажосьць яе паставы, з галамі, як два ёмкіх кавуны, і пелькамі, бы дзьве дынькі, спадарыня Алеся. Ён учуў яе мяккі і дзіўны грудны голас: Маладым, сам ведаеш, трэба некуды дзяваць сваю мужчынскую напружанасьць. Трэба іх жаніць. Нечага дарэмна марнаваць час і сілы. Чым жа, Савельевіч, я ня жонка для добрага і сьпелага дзецюка.

Назад Дальше