Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень 9 стр.


 Алеся, Алеся, Алеся, там птушкі пяюць у паднябессі мармытнуў заггас, і ва ўяўленьні перад ім паўстала вясёлая у белым халаце, што падкрэсліваў прыгажосьць яе паставы, з галамі, як два ёмкіх кавуны, і пелькамі, бы дзьве дынькі, спадарыня Алеся. Ён учуў яе мяккі і дзіўны грудны голас: Маладым, сам ведаеш, трэба некуды дзяваць сваю мужчынскую напружанасьць. Трэба іх жаніць. Нечага дарэмна марнаваць час і сілы. Чым жа, Савельевіч, я ня жонка для добрага і сьпелага дзецюка.

Зараз школьнаму заггасу хацелася добра падумаць, ці можна запрашаць да пекнай пані Алесі нежанатых, адукаваных і спрытных настаўнікаў. Пакажаш дарогу, а потым і сам не зойдзеш.

Астатнія, што стаялі побач і ўслед за Савельевічам зірнулі ў неба нежанаты ваенрук Алег Пятровіч у шыкоўнай, нарэшце набытай скуранцы, і ваганосы-качагары ў зацёртых і замусоленых куфайках, што цярпліва чакалі разліку за разгрузку прывезенага вугля ня мелі ў сёньняшнім дні аніякіх думак і дзейных спраў.

Між тым мазіст Зьміцер марудна абышоў самаход, аглядаючы колы і грукаючы ў іх нагой, абутай у керзавыя боты, запаволена падышоў да кабіны, адчыніў дзьверкі, нечакана спрытна кінуў сваё ёмкае цела ўнутр. Маз завёўся, газануў, накрыўшы прысутных хмарай чорнага смуроднага дыму, ад'ехаў заднім ходам ад кацельнай, разьвярнуўся на шэрым школьным двары і нарэшце зьехаў.

Вітаўт прывітаўся з прысутнымі. Чыста паголены, у файным чорным паліто (з-пад чырвонага шаліка быў бачны пухнаты швэдар), ён вылучаў водар мужчынскасьці, аздобленай пахам прыемнай парфумы. Сціплыя сельскія жыхары адчувалі ягоную маладую сілу. Ветлівы і ахайны, Вітаўт не расчыняўся, не зьмешваўся, нешта незнаёмае прысутнічала ў ягонай маўклівасьці.

Заггас з настаўнікам пайшлі да складу, дзе Савельевіч перадаў настаўніку ладны кавалак сьвежыны, закручаны ў ахайны скрутак кілаграммы на два.

 Трэба праверыць на трахінілёз. Загадчыца ФАПа Алеся сяньня закалола кабанчыка. Як кажуць, беражонага Бог беражэ.

 Праверым. Шмат для аналізу Хапіла б грам дзьвесьце.

 Астатняе за працу і клопат.

Заггас змоўчаў, што загадчыца ФАП запрашала іх на сьвежыну.

Настаўнік забраў скрутак і хутка пайшоў у будынак школы. Прысутныя пасунуліся да загадчыка гаспадаркі. Ваенрук рашуча выказаў калектыўнае пачуццё: Савельевіч, не марнуй час, плаці грошы людзям. Ім трэба грэцца, бачыш якая халадрыга, і краму могуць зачыніць.

Качагары задаволена заківалі галовамі, ваенрук выказаў набалелае. Пралетарыі ня былі ўпэўнены, што заггас іх сяньня разлічыць. Ваенрук, малады мужчына дваццаці шасьці гадоў, з раніцы сеў на хвост заггасу і на дармаўшчыну хацеў выпіць перад выхадным днём. Савельевіч быў зусім ня супраць. Чым выпіваць з замурзанымі і разумова абмежаванымі вясковымі качагарамі, лепш было секануць з педагогам. Выпіўка з інтэлігентнымі і адукаванымі настаўнікамі аўтаматычна падымала ягоны рэйтынг у вачах аднавяскоўцаў.

Пасля разліку качагараў ваенрук, мацаючы ва ўнутраным кішэні скуранкі запаветную пляшку, па якую ён хадзіў у вясковую краму, покуль Савельевіч кіраваў разгрузкай вугля, прапанаваў заггасу: Пойдзем да ліцьвіна, я бачыў у яго габінэце сьвятло гарыць.

У гэты самы час Вітаўт Янавіч адышоў ад мікраскопа, агледзеўшы апошні зрэз мяса, што даў яму заўгас. Сьвежына было добраякаснай, але асцярожны настаўнік ніколі не даваў поўнай гарантыі сваёй праверцы, паколькі сам ня браў узоры. Сёньня ён асабліва ўважліва рабіў аналіз, імкнучыся не зашкодзіць загадчыцы ФАПа, спадарыні Алесі Пятроўне. Пекная жанчына, усяго толькі на восем ці сем год старэйшая за яго, нават зараз пры думцы аб ёй Вітаўт зь зьдзіўленьнем адчуў, як сэрца ўзрушана грукнула ў грудзях.

Вітаўт сноўдаўся па габінэту біялогіі, механічна здымаў з сцен стэнды з малюнкамі разьвіцьця расліннага і жывёльнага сьвету ў мезазойскую эру, мяняў іх на стэнды развіцьця арганічнай супольнасьці ў палеазойскі перыяд. Думкі яго між тым бруілі ў вызначаным раніцой накірунку. Ён глянуў у вакно, як быццам там знаходзіўся адказ на пытаньне, што нечакана паўстала пасля зразуметай нядаўна высновы.

Жаніцца, а што далей? Ён апынуўся ў асяродзьдзі, якое ня мела высокай якасьці жыцьця Вясковы народ заўсёды знаходзіўся ніжэй агульнаграмадскай ватэрлініі. Перад ім паўстала нязвыклая супярэчнасьць: ці можна быць шчаслівым, будучы бедным?

У дзьверы асцярожна пастукалі, яны прачыніліся, у шчыліну прасунуў кудлатую галаву ваенрук Алег Пятровіч. За ім была бачна постаць школьнага заггаса ў чорным новым кажушку і шэрай заячай кучме.

У дзьверы асцярожна пастукалі, яны прачыніліся, у шчыліну прасунуў кудлатую галаву ваенрук Алег Пятровіч. За ім была бачна постаць школьнага заггаса ў чорным новым кажушку і шэрай заячай кучме.

 Яшчэ раз прывітаньне калегу! Можна да цябе? Што там паказвае мелкаскоп? Ці можна даваць дазвол на карыстаньне свежыной? А мы вось, перад выхадным днём, вырашылі з Савельевічам зайсьці да цябе пагрэцца. Можа, знойдзеш якую памідорыну?

Біёлаг, што знаходзіўся ў складаным стане пераўтварэньня напоўдзіцячага стану кукалкі ў дарослага вусеня, задумліва зірнуў на сябра.

 Усё ў парадку, можна смажыць. Заходзь, раскажы, як ты клацаў абцасамі на парадзе.

Ваенрук Алег тыдзень назад вызначыўся пры раённых спаборніцтвах дружын грамадзянскай абароны. У заключным парадзе ён ішоў па залітай дажджом плошчы райцэнтра з школьнай дружынай, быццам быў гэта ягоны парашутна-дэсантны ўзвод, дзе-небудзь у Кандагары. Ідучы ўперадзе ў вайсковай дэсанцкай форме, ён так лупцаваў абцасамі апускаючы з сілай прамыя, як аглоблі, ногі, што толькі пырскі вады ляцелі ва ўсе бакі. Пасля парада загадчык рана Андрэй Сцяпанавіч Плешавеня моцна паціснуў руку маладому педагогу і лагодна паляпаў па плячы, сказаў уладныя словы падзякі. Ад гэтай падзякі, поціску рукі кіруючай асобы і паляпваньню па плячы, ваенрук набыў незвычайную пыху і ўсе апошнія дні трымаўся пераможна. Хадзіў па школе з важным выглядам, як той бусел на сенажаці, спрабаваў шчыкаць піянерважатую і ўзбуджана пазіраў на дзябёлых вясковых настаўніц.

Мяняючы накірунак размовы, што магла прывесьці да непаразуменьня і крыўды, заггас Савельевіч прапанаваў маладым мужчынам: Можа, неяк адзначым заканчэньне працоўнага тыдня? Зараз вазьму на складзе тое-сёе ды і пойдзем да мяне, абмяркуем заўтрашняе паляванне,  дыпламатычна сказаў ён і паставіў на парту прынесеную з сабой тэчку.

Алег Пятровіч, прамёрзшы каля кацельнай, хацеў сагрэцца і таму прапанаваў: Покуль да дому, давай па чуць-чуць для сугрэву і разгону крыві, покуль дырэктара няма.

Прычыніўшы дзьверы на клямку, ён спрытна расстаўляў на стале на разасланую газэту чаркі, бутэльку белай, рэзаў хлеб і сала, чысьціў цыбулю. Стоячы каля стала, мужчыны нетаропка гаманілі паміж сабой, пазіраючы ў вакно, каб убачыць вяртаньне дырэктара, які зьехаў у райцэнтр. Пад вечар у школе засталіся толькі прыбіральшчыцы і качагары ў кацельнай.

 А вы самі, Вітаўт Янавіч, амаль зусім не п'яце.  Савельевіч дапытліва зірнуў на настаўніка.

На дзень нараджэньня, на Новы год, на Раданіцу можна ўзяць чарку. Больш няма сэнсу. Гарэлка разбурая розум чалавека. На дне бутэлькі хаваецца нячысцік.

Вітаўт казаў правільныя словы нетаропка, як бы раздумваў і далучаў прысутных да сваіх роздумаў. Але госьці ў такім важным пытаньні не паддаліся пад ягоныя ўзнёслыя меркаваньні. Біёлаг быў чалавек малазнаёмы, і яны толькі зрабілі выгляд, што слухаюць з павагай ягоныя думкі.

 Нішчыць здароў'е,  дадаў Алег, наліваючы чаркі, і павучальна зірнуў на заггаса.

 А навошта тады тое здароў'е, калі нельга і выпіць?

 Мудрае пытанне, Пятровіч. На ім шмат народу скалечыла жыццё,  задумліва зазначыў настаўнік.  Здароў'е патрэбна, каб зарабляць грошы. А потым, каб карыстацца заробленымі грашыма. Усё астатняе дарослыя людзі робяць амаль аўтаматычна.

 А калі няма сапраўднага здароў'я?

 Тады ўзамен паўстае праблема праходжаньня цыкла. Прайшоў жыцьцёвы цыкл: ўзгадаваў, падняў дзяцей ужо добра, ужо зьдзяйсьніўся.

 Чаму я не магу ў выхадны дзень з шаноўнымі людзьмі выпіць чарку другую? Скажы, Савельявіч. Пі ня пі, а пройдзе 50 год і ў люлю на канчатковы адпачынак.

 Уяві сабе, што мы зараз, узяўшы прыемных кабет, дзе-небудзь у ціхім утульным месцы пацягваем каньячок і заядаем бутэбродамі з сёмгай ды з ікрой.

 Ну, наконт баб то я за. А каньяк Ён клапамі ваніць.

 От халера, я ж ня ведаю, як тыя клапы смярдзяць,  зморшчыўся Вітаўт, у каторы раз пераканаўшыся, што высокая якасьць існаваньня не дасяжна ўяўленню пралетарыяў. Алег Пятровіч рашуча махнуў рукой, даючы каманду: За тое, каб хацелася і маглося.

Мужчыны чокнуліся і, не марудзячы, хутка кульнулі чаркі. Заггас, выцершы вусны рукой, не сьпяшаючыся ўзяў скібку хлеба, дадаў лустачку нарэзанага мёрзлага сала і, паклаўшы наверх суцэльнае колка цыбулі, прамовіў: Эх, моладзь, моладзь, залатыя дзянькі пралятаюць. Жаніць вас трэба. Лепшыя гады йдуць. Покуль ёсьць цікаўнасьць да жаночай палавіны Праімчыць час, і ўсё скончыцца Жыцьцё, як той дызель-цягнік, і прэ і прэ ўперад, а калі ідзе ў адваротны бок, то вязе ўжо іншых пасажыраў. Хто зевануў, той праехаў маладое шчасьце. Такія дзеўкі ваколЭх, каб вярнуць час!..

Назад Дальше