Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў 8 стр.


 Што, перапудзіўся?  пытаецца Мішка, спрабуючы пасміхнуцца. Сябрук і сам, відаць, перапужаўся, бо ўсмешка ягоная нежывая і насцярожлівая.

На шчасце, далёка не йдзём. Якраз на ўскрайку ляжыць, вывернуты з магілы, металёвы, звараны з тоўстай трубы крыж. Удвох падхопліваем яго, выцягваем на дарогу. Крыж і без таго цяжкі, а тут яшчэ да ніжняга канца прыстала бетонная камлыжына. Яна барануе зямлю, не дае разагнацца. Цягнуць крыж дварамі, па ўтравелых сцяжынах, не выпадае, таму шыбуем напрасткі, па асфальтавым ходніку.

Нябачная ў цемры варона ці не тая, што пужала нас на могілках, ляціць над нашымі галовамі, картава гарлае, і нейкая цётухна ў чорным палітоне, якая шыбуе насустрач, адскоквае ўбок і хрысціцца.

Цягнем крыж за будынак школьнай спартзалы, ставім старчма, збіраемся перавесці дух, ды тут надараецца неверагоднае: з задніх дзвярэй спартзалы, што заўсёды стаяць замкнёныя, выходзіць русічка Марковіч. Пакуль яна папраўляе валасы на галаве і абівае спадніцу, мы ціхенька, каб не нарабіць груку, кладзем крыж на асфальт, мерымся сігануць у кусты і чуем зычны голас:

 Зыль! Каролік!

Следам за русічкай з дзвярэй асцярожнай ступою і азіраючыся выходзіць настаўнік фізкультуры Міхал Карпавіч.

 А што ж гэта робіцца?!  не сваім голасам войкае русічка.  Міша э-ээ Міхал Карпавіч. Зірні на сваіх выхаванцаў! Вывернулі з магілы крыж і цягнуць у школу! Зараз жа цягніце назад!

 Нінэль Іванаўна, можна крыху цішэй?  Выцершы насоўкай упацелы лоб, Міхал Карпавіч ідзе да нас, падхоплівае крыж, цягне да бліжэйшых кустоў. Адзін прыперлі ці некалькі?

 Адзін!  выдыхаем мы з Мішкам і разам паглядаем спадылба на русічку. Тая таксама злёгку ўпацелая, і ў валасы ўбіўся кавалак шэрай ваты. Няйначай, кулялася на ліхенькіх школьных матах.

 Так заўтра а восьмай гадзіне чакаю вас ля дырэктарскага кабінета,  русічка змахвае вату з валасоў.

 Ды хлопцы металалом збіраюць. Ну, крыху перастараліся. Ці варта шум уздымаць?..

 Міхал Карпавіч я вас папрашу,  перарывае калегу русічка, а Мішка Зыль, шморгнуўшы носам, заўважае: Мы ў другую змену вучымся.

 Паўтараю: а восьмай гадзіне прыйсці да дырэктара! Русічка рашуча паварочваецца, цокае па асфальце туфлямі-лодачкамі. Міхал Карпавіч яшчэ імгненне стаіць нерухома, а потым, пацёршы няголеную шчаку, нясмелым крокам рушыць следам.

Наступнай раніцы мы стаім з Мішкам насупраць дырэктарскага кабінета: глядзім на падлогу, стоена ўздыхаем.

 Што, салагі, дастукаліся?  гукаюць хлопцы-старшакласнікі, якія гаманкой чарадой праходзяць міма.

А восьмай гадзіне гучыць званок, і няўцямны гул ды лямант, якімі поўняцца калідоры, паволі аціхаюць. Дзесьці на доле яшчэ тупаюць, голасна смяюцца, потым бразгаюць дзвярыма, і ўсё змаўкае.

Я апускаюся на калені, прыпадаю вухам да замочнай шчыліны. Чутны толькі асобныя фразы.

 Наталля Леанідаўна, я сапраўды заклікала збіраць металалом. Але ж пры гэтым не заклікала выкарчоўваць крыжы з магілаў, сакоча Чыпаліна.

На лесвіцы чуюцца нечыя крокі, і мы адскокваем ад дзвярэй. Па калідоры, спінай да нас, тупае школьная прыбіральшчыца з вядром і швабрай у руках, і я ізноў прыпадаю да шчыліны.

Гэтым разам прамаўляе дырэктарка:

 Думаю, у гэтым ёсць і наша віна. Бо мы, педагогі, не прышчапілі вучням  чаго там нам не прышчапілі, я не дачуўся: Мішка адцягнуў мяне ад дзвярной шчыліны і сам прыхінуўся да яе скронню.

 Ну, што там?  шапчу я. Сябар, прыклаўшы палец да вуснаў, утрапёна лыпае вачыма.

 Дырэктарка кажа трэба крыж некуды вывезці. І арганізаваць суботнік на могілках,  шапоча нарэшце сябрук і адскоквае ад дзвярэй.

Адскочыў Мішка своечасова, бо ў той жа міг дзверы адчыніліся і ў пройме паўстала дырэктарка школы Наталля Леанідаўна.

 Зыль і Каролік? Пяты «А»? Мы ківаем галовамі.

 Які ў вас зараз урок?

 У другую змену вучымся,  адказвае Мішка. Дырэктарка дакорліва ківае галавой, і я не магу ўцяміць: у чым яна нас дакарае. У тым, што мы прыцягнулі крыж з могілак ці таму, што вучымся ў другую змену.

 Добра,  з уздыхам прамаўляе дырэктарка.  Ідзіце, рыхтуйцеся да заняткаў. Я з вамі пагаманю пазней.

Дзверы прычыняюцца, і я, счакаўшы хвіліну, ізноў прыпадаю да замочнай шчыліны.

 Мы нічога не павінны пускаць на самацёк,  кажа Наталля Леанідаўна, стукаючы абцасамі па падлозе.  Вы чулі, што надарылася ў 19-й школе? Вучні сцягнулі на металалом накрыўку каналізацыйнага люка, і туды ўпаў мужчына. Сківіцу зламаў, ляжаў у рэанімацыі Мішка цягне мяне за рукаво, і за спінай адзываецца школьная прыбіральшчыца.

 Ай-я-яй! Падслухоўваюць чужыя размовы! Як не сорамна!  прыбіральшчыца ідзе па калідоры, піхаючы перад сабой швабру з мокрай анучай.

Прыбіральшчыца штосьці абурана прамаўляе нам услед, але мы не чуем: бяжым з Мішкам па лесвіцы, ляпаючы па парэнчах вільготнымі далонямі.

 Як ты думаеш, бацькам паведамяць?  ужо на ганку пытаецца сябар.

Я торгаю плечукамі.

 Табе добра. Бацька ў моры. Забыўся ўжо, калі цябе лупцавалі, гугніць сябар, ды, злавіўшы мой незадаволены позірк, аціхае.

Мой бацька рыбак. Ужо трэці год плавае на сейнеры. Летась цэлае лета быў з намі, а сёлета не прыехаў. Адно прыслаў поштай на братава імя дзевяцьсот рублёў. Маці хацела грошы назад адаслаць, ды Юрка не даў. Наогул маці на бацьку страшэнна злая. Як пабачыць ліст з Вентспілса, так адразу рве, не чытаючы. Так што, ідучы ў школу, я заўсёды зазіраю ў паштовую скрыню а раптам пісьмо ад бацькі?

На гадзінніку палова на дзявятую. Гэтым часам маці збіраецца на працу. Зрэшты, цяпер яна не адна: з кухні даносіцца голас цёткі Акуліны Мішкавай маці.

 Там, у портах, столькі сучак круціцца Ты сабе і ўявіць не можаш. Так што любога абкруцяць

Маці з суседкай грукаюць услонамі, выходзяць з кухні.

 Што, ужо скончыўся ваш збор?  пытаецца цётка Акуліна, і я, сцягваючы кеды, няўцямна мармычу:

 На заўтра перанеслі.

Сябрук, як ішоў у школу, наплёў пра збор. Не казаць жа, што нас ад самай раніцы выклікалі да дырэктаркі.

 Пайду Мішку пакармлю,  ад парога азываецца суседка і, сцішыўшы голас, дадае: Так што, Фруза, не перажывай. Пагуляе ды вернецца.

Праз пяць хвілін маці ідзе на працу, і я сядаю за стол. Сёння серада. Першы ўрок батаніка. Трэба штосьці пачытаць. Перагортваю падручнік, тупа гляджу на кветку канюшыны ў разрэзе і пераводжу позірк на братаў прайгравальнік. Прайгравальнік навачасны, маркі «Камета» Юрку падараваў бацька. А нядаўна, замоўленай бандэроллю, прыслаў замежную кружэлку з дзвюма песнямі «Бітлз». Як толькі яна зявілася, у нашай кватэры не зачыняліся дзверы: кружэлку пераслухаў ледзь не ўвесь Юркаў чацвёрты курс. Пару чалавек прыцягвалі магнітафоны, а акулярысты бамбіза з суседняга падезда Юрка кажа, што ён фотамастак,  прыходзіў з вялізным фотаапаратам і пераздымаў капэрту, у якую ўкладзена кружэлка. Капэрту таксама ўсе перагледзелі-перамацалі. Цяпер стаіць у серванце, за шклом, і Юрка не дазваляе яе адтуль выцягваць.

Спаўзаю з крэсла, падымаю накрыўку прайгравальніка, але кружэлкі на дыску няма. Няма і капэрты за шклом. Брат, відаць, прыхапіў на заняткі.

Вучыць батаніку зусім неахвота. Дый вочы смыляць ад недасыпу: учора цягаўся да ночы, а сёння падняўся з цёмнага рана. Кладуся на сваю ўлюбёную канапу, закідваю рукі за галаву і думаю пра тое, што русічка да Амерыкі і сапраўды не даляціць. Вунь, ля 19-й школы, дзядзька ўпаў у каналізацыйны люк і то апынуўся ў рэанімацыі. А тут шахта глыбінёй 12 тысяч кэмэ. Заплюшчваю вочы і ўяўляю, як падхорцісты, у высокім цыліндры і з рэдкай бародкай амерыканец такіх увесь час малююць у карыкатурах зазірае ў цёмную зеўру шахты і ў лабешнік яму стукае русічкін туфель. Амерыканец ловіць яго няўклюднай рукой, штосьці абурана гарлае я нават чую ў зямных нетрах глухое рэха,  і шпурляе абутак назад у шахту. Амерыканец пацірае лабешнік. Добра яшчэ, туфель быў пры канцы лёту, згубіў былую хуткасць.  Ху іс эбсэнт тудэй?!  гучна крычу амерыканцу і заўважаю ў яго руках бліскуча-чорную бомбу. На баку бомбы як падалося, Мішкавай рукой крэйдай напісана літара «А». Падхорцісты падлюка хоча кінуць яе ў шахту, каб тая гакнула на нашым баку.  Сіт стыл! Оупэн ё бук!  гарлаю штосілы і размежваю павекі Кот Маркіз, пабачыўшы, што я прачнуўся, трэцца вусамі аб ножку крэсла, бязгучна яўкае просіць даць смятаны. Здаецца, і заснуў на хвіліну, а на гадзінніку палова на адзінаццатую. Трэба збірацца ў школу.

Батаніку ў нас вядзе Капіталіна Іванаўна. Сухарлявая і задышлівая пенсіянерка. Ад яе манатоннага голасу кожнага разу цягне на сон. І калі добрая палова класа пачынае торкаць насамі, пенсіянерка прахопліваецца, тыцкае ўказкай у схематычную выяву кветкі, што вісіць на дошцы, і голасна прамаўляе:

 Вось гэта што? Гэта тычы

 Нка-а!  абуджана гукаем мы.

 А вось гэта што? Гэта пес

 Ці-ік!  гарлаем на ўвесь клас, і Капіталіна Іванаўна, ляпнуўшы ўказкай па стале, штораз заўважае: Каролік! Навошта так гучна? Я не глухая.  Пенсіянерка згадвае звычайна толькі мяне, нібыта толькі я адзін і крычу.

Назад Дальше