Хачу я, Клава, пайсці да бацюшкі і пакаяцца за нашыя з табой агульныя грахі.
Не зразумела, здзіўлена сказала старэйшая сястра, што ты маеш на ўвазе?
Помніш, мы з табою складалі спісы здраднікаў і перадавалі партызанам?
Ну і што? Яны ж і былі здраднікамі, служылі немцам. У цябе склероз? Забылася, колькі хлопцаў і дзяўчат вывезлі ў Германію, колькі людзей загінула? А пасля вайны колькі яшчэ забівалі! Каб ты глянула на твар мёртвага Шымава! Чалавек прыехаў з Мінска, з міністэрства дапамагаць нашым палешукам далучацца да сацыялістычнага будаўніцтва, мухі не пакрыўдзіў. А яго
Хто служыў, а хто не хацеў ехаць у Германію, таму і вымушаны быў наймацца на працу да немцаў. Мы ж і іх уносілі ў спісы здраднікаў. А потым Сама ведаеш, што іх чакала..
Надзя неяк дзіўна ўсхліпнула, нібыта ёй перахапіла дыханне, выцерла потны твар і вочы, напоўненыя слязьмі.
Тады была вайна. Людзі дзяліліся на сваіх і чужых. Ворагаў трэба было знішчаць, пакуль яны не знішчылі нас. Ніхто мяне не можа папракнуць за гэта.
Могуць, яшчэ як могуць. Зрэшты, я сама сябе і дакараю. Усе мае хваробы і няшчасці праз гэтыя грахі!
Хваробы твае ад старасці. А няшчасная ты толькі таму, што ўсё жыццё пражыла з пяніцам. І дзеці ўдаліся ў яго. З каго ж ім прыклад браць?
Чаму яны з мяне прыклад не бралі? Не, ты мяне не пераканаеш, пахітала галавою Надзя. Ці ты ведаеш, чыя ўнучка гэтая журналістка, што з цябе гераіню зрабіла?
Якая розніца?
Не, ты паслухай, настойвала Надзя. Гэта ўнучка таго Андрэя Кавальчука з Пігановічаў. Помніш?
Не, не помню, абыякава адказала Клава.
Ён на чыгунцы пры немцах працаваў. Дзяцей меў чацвёра. Такі невялічкі чалавек, чорны, як жук.
Паглядзі, яе прозвішча Яновіч, а не Кавальчук.
Гэта яна па бацьку Яновіч, а прозвішча яе маці Кавальчук.
Чаго ты ад мяне хочаш? злосна спытала Клава. Каб я пакаялася разам з табою за кампанію?
Не. Ты паслухай. Ты помніш, што партызаны гэтага Кавальчука і ўсю яго сямю?..
Давай лепш зменім тэму гаворкі, абарвала яе гаспадыня. У мяне, здаецца, ужо ціск падымаецца.
Я нічога. Толькі хацела сказаць.
Адкуль ты ведаеш?
Мой мужык таксама быў з Пігановічаў. Дачка Кавальчука, як асірацела, жыла ў родзічаў па суседстве з маім мужыком. Яе выдалі замуж за першага, хто пасватаўся, такога ж горкага пяніцу, як мой. Слабое ў яе было здароўе, рана памерла Гэты артыкул прывітанне табе ад тых Кавальчукоў.
Твар Клаўдзіі Міхайлаўны раптам пакрыўся чырвонымі плямамі, яна села на канапу і адчула, што губляе прытомнасць, нахілілася на бок і ўткнулася тварам у маленькую падушачку. Надзя кінулася да сястры, павярнула яе тварам дагары, пытаючы:
Што з табою? Блага?
Дрыготкімі рукамі малодшая сястра дастала з сумачкі валідол, хацела пакласці сястры ў рот, але ўбачыла, што тая ніяк не рэагуе на яе голас, памкнулася да тэлефона, каб выклікаць хуткую дапамогу.
Пакуль прыехала брыгада кардыёлагаў, Надзя і пырскала на сястру халоднай вадой, і націрала нашатырным спіртам скроні, і клікала яе, і каялася, і праклінала сябе за тое, што распачала гаворку пра Кавальчука. Клава да памяці не прыходзіла.
Медыкі моўчкі памералі ціск, зрабілі кардыяграму, запісалі неабходныя дадзеныя хворай, спыталі, ад чаго здарыўся прыступ. Надзя схлусіла, што сястры стала блага раптам без усялякай прычыны. Медсястра зрабіла Клаве некалькі ўколаў, і хворая расплюшчыла вочы, няўцямна агледзела прысутных.
Як вы сябе адчуваеце? спытаў доктар.
Добра, па складах адказала яна.
Госпадзі, як жа ты мяне напалохла! узрадавалася малодшая сястра, бачачы, што Клава акрыяла.
Памажы мне падняцца, Надзя, па мяне Аляксей прыйшоў.
Які Аляксей? здзіўлена спытала госця. Гэта ж доктар.
Здзітаўскі Праходзь, Алёша, даўно мы з табою не бачыліся.
Надзя голасам, які зрываўся на плач, ціха папрасіла:
Зрабіце, калі ласка, што-небудзь. Яна ж трызніць
Падобна на інсульт, канстатаваў доктар. Трэба везці хворую ў бальніцу.
Мне можна з вамі? спытала Надзя. Я сястра ёй.
А чаго вам ехаць? Хворую пакладуць у рэанімацыю. Туды наведвальнікаў не пускаюць. Як ёй палепшае, тады і прыходзьце наведаць.
Клаўдзію Міхайлаўну вынеслі на насілках. Надзя засталася ў пустой кватэры адна, вінавата падумала:
Нездарма наш бацька казаў, што за грэх нябожчык і з таго свету адпомсціць. «Ніколі не скардзілася, каб што балела, і раптам на табе! Напэўна, і запавет не склала. Зрэшты, я ды мае дзеці адзіныя яе спадчыннікі».
Сваё замужжа Юля ўспрыняла з пэўнай доляй іроніі і з абсалютным спакоем. Цяпер стала модна выпрабоўваць сябе ў шлюбе. Як не атрымаецца сумеснае жыццё, дык можна развесціся. Не вялікая страта. Невядома, дзе шукаць тое каханне на свеце. Мо гэта яно і ёсць, толькі трэба лепш прыгледзецца. З Барысам ёй было лёгка і проста. Здавалася, што ён гатовы выканаць усялякае яе жаданне, хоць асаблівых капрызаў яна і не выказвала. Неставала часу. Паездкі ў раён і напісанне артыкулаў забіралі час, сілу і душу. Да таго ж у Барыса часта здараліся дзяжурствы ў святочныя дні, дык бачыліся яны рэдка. Часам Юля нават пачынала сумаваць па ім недзе ў дарозе. Барысу часцяком даводзілася самому гатаваць ежу, прыбіраць кватэру і нават мыць бялізну. Толькі калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак, мімаволі занялася гаспадаркаю і заўважыла, што каханы муж часам па трое сутак не прыходзіць додому, усё праводзіць нейкія аперацыі і рэйды. Аднойчы, збіраючыся мыць ягоную міліцэйскую сарочку, праверыла кішэні, каб не сапсаваць якую патрэбную паперыну ці грошы, а знайшла фотаздымак, на якім Барыс трымаў на руках голую дзяўчыну. У Юлі ад нечаканасці ажно рукі затрэсліся і лоб пакрыўся кроплямі поту, быццам яна без дазволу дакранулася да брыдкай чужой таямніцы. Яна адкінула ад сябе фотаздымак, нібы змяю, а потым пачала таптаць яго нагамі. Хацела нават спаліць. Ды дзіцятка варухнулася пад сэрцам, і яна сцішыла свой гнеў, пайшла і легла на канапу, адчуваючы, як навальваецца на сэрца невыносны цяжар.
Так яна і праляжала, не ўстаючы, ажно да позняга вечара, пакуль не прыйшоў Барыс, ажыўлены, вясёлы.
Што гэта? спытала Юля, паказваючы рукою на фотаздымак, які ляжаў на падлозе сярод пакоя.
А! Гэта! Я ж табе расказваў, як русалку злавіў, Барыс нервова засмяяўся, хуценька падняў фотаздымак і схаваў у кішэню.
Не хлусі. Ты мне нічога не казаў.
Успомні. Пра русалку.
У мяне добрая памяць. Такога не было.
Не помніш? Тады слухай. Аднойчы ўвечары мы з сяржантам Міхальчуком ішлі па набярэжнай, чуем, нехта ў цемры плёхаецца. Думалі: тапелец. Я кінуўся ў ваду і дастаў голую дзяўчыну. Аказваецца, яна вырашыла пакупацца голенькая, бо не мела пры сабе купальніка. Сяржант мяне сфатаграфаваў на памяць.
А цяпер ты ў гэтай русалкі па трое сутак дзяжурыш?
Юлька, ну там няма нічога сурёзнага, разгублена пачаў апраўдвацца Барыс. Мы проста знаёмыя і ўсё.
Для чаго табе гэтае знаёмства?
Проста так.
Ажаніўся ты таксама проста так? Дзе ж тваё каханне? На дне Мухаўца ўтапіў, як русалку ратаваў? А цяпер ходзіш да яе невад закідваць.
А табе што да мяне? абурыўся Барыс. Я ж не магу цяпер з табою спаць. Мы нашага будучага сыночка аберагаем. А яна дзеўка вольная! Усе мужыкі так робяць!
Прэч! Прэч з маіх вачэй! закрычала Юля, адчуваючы, што падлога перакульваецца ў яе пад нагамі, а ўвесь свет рушыцца, ператвараецца ў хаос.
10Юля нарадзіла мёртвае неданошанае дзіця. Барыс сам пахаваў сына, бо жонка была слабая і цэлы месяц праляжала ў бальніцы. Як толькі выпісалася, паехала на магілку да дзіцяці. Была ранняя вясна, недзе высока ў небе спяваў жаваранак, напэўна, першы сёлета. Юля доўга і ціха плакала, стоячы над маленечкім грудочкам зямлі пад невыносна шчаслівы спеў вольнай птушкі. Нават падумалася, што, магчыма, гэта душа яе сына ўвасобілася ў жаваранка і радуецца сустрэчы з мамаю, якая не паспела яго ні папесціць, ні накарміць малаком.
На драўляным крыжыку было напісана «Бабровіч Іван». Напэўна, Барыс не доўга думаў, даючы імя сыну, назваў першае, што прыйшло ў галаву. Яна марыла назваць сваё немаўлятка Святаславам. Дата нараджэння і смерці ў дзіцяці супадалі.
«Мёртванароджанае каханне прынесла мёртванароджанае дзіця, горка падумала Юля, сама я ва ўсім вінаватая. Калі б кахала Барыса па-сапраўднаму, напэўна, змагла б дараваць. Як нічога не мела, так і не маю. А сустракацца з ім не хачу. Ніколі! Сыночак мой, даруй мне. Я гатова аддаць табе сваё жыццё, але табе ўжо нічога не трэба. Ты не паспеў на гэтай зямлі нават паветра ўдыхнуць, выпіць глыток вады. Прыйшоў з неба і схаваўся ад мяне пад зямлю. Як жа страшна я пакарала сябе»
Яна прысела, дакранулася да вільготнай глебы, якая замест пялюшак ахутвала зараз яе дзіця, і сэрца працяло вострым болем, нібы змяя пракусіла грудзі і высмоктвала сілу, жыццё, кроў з яе цела.
Няўпэўненаю, хісткаю хадою Юля доўга ішла да брамы, мінаючы мноства магіл, свежых і даўніх, тысячы нябожчыкаў пазіралі на яе з фотаздымкаў з нямым дакорам, што яна не ўратавала свайго сына, не вынасіла яго, не дала магчымасці пажыць на белым свеце, сказаць сваё першае ў жыцці слова: «Мама». Яе сын заставаўся сярод гэтых чужых магіл, сярод чужых душ.