Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа 3 стр.


«Я з табой згодны наконт падвойнага, супярэчлівага жыцьця, я сам быў вымушаны шмат гадоў так жыць, і працаваць, удаваць зь сябе кагосьці іншага, і часта ва ўнівэрсытэце жартаваў, што я Дорян Грэй, ажно пакуль не пачаў сталець, і Дорян Грэй паступова зьнік».

7

Што датычыць новага раёну, то адразу па пераезьдзе я пачаў адсочваць, як да балкона на першым паверсе ў супрацьлеглым доме падыходзяць жанчыны. Такія жанчыны, якія відавочна маюць патрэбу ў фінансавай падтрымцы, і доўгі час сядзяць на алькаголі не ад добрага жыцьця.

Падыходзяць гэтыя жанчыны, і заўсёды розныя, і грукаюцца ў вокны балкона. Прыходзяць, быццам на паклон да мэсіі, ды стаяць у чарзе, каб памыць яму ногі сваімі сьлязьмі ды абцерці даўгімі валасамі.

Адмыкае ім звычайна заспаны гаспадар, у карычневым халаце, і перадае нешта, зусім невялікае.

Што гэта? Навошта? Не ключы ж шторазу ён перадае. І вось я, нават ненаўмысна, але стабільна раз ці два на тыдзень у розныя гадзіны, то раніцай, то ў абед, альбо ўвечары, назіраю, як да суседа ў двары ходзіць натоўп жанчын.

Пазьней, недзе праз тры месяцы, стала яшчэ весялей жыць, бо калі рана выйсьці гуляць з сабакам, недзе так а шостай, калі табе альбо на працу раней трэба, альбо ты прачнуўся зь перапою па чарговай творчай сустрэчы зь літаратарамі ды мастакамі, і ня можаш больш спаць,  можна назіраць адных і тых жа двух пацаноў, наркаманаў, маладых яшчэ зусім. Яны двойчы на тыдзень ходзяць вакол дому, і з такім трымценьнем, вусьцішу, шукаюць «нычку» гандляра.

Дылер з рук наркотыкаў не перадае, закладае хованку напрыклад, у вакенцы, што ў падмурку дому, дзе трубы. Аднойчы гэтыя самыя два маладыя чалавекі, адзін зь якіх па мабільным перапытваў, дзе дакладна шукаць, а другі на каленях поўзаў, дасталі тавар з расколіны дому. Радасныя былі, не перадаць словамі.

4

Кожны дзень Амэрыка прыносіў у школу штосьці цікавае і, як папугай, насіўся з гэтым.

Шлем гульца ў амэрыканскі футбол і цэлы дзень у калідорах школы толькі і чуваць, як хлопцы носяцца за кімсьці, хто ў шлеме.

Носяцца за ім, а той спрабуе зьбегчы, альбо спыняецца і разварочваецца, і бяжыць у натоўп хлапчукоў, і літаральна за імгненьне ператвараецца з хлопца ў шлеме ў шар для боўлінгу, а тыя, хто трапіліся на дарозе,  у кеглі.

Бэйсбольная драўляная біта і ўвесь трэці паверх зьвініць бітым шклом, бо ў памяшканьнях біта зь няўмелых і слабых рук школьнікаў выпадае і ляціць верталётам у бліжэйшую шыбу, і вось ужо дырэктар вызвоньвае бацькоў.

Рагатка амэрыканскай вытворчасьці ў параўнаньні з нашымі драўлянымі рагаткамі выглядала як сапраўдная зброя. Мэталічная цяжкая ручка і гума, якая была здольная нацягвацца на даўжыню рукі, і біць хутка, як пісталет, прабіваючы дзіркі ў сьценах.

Скураныя каляровыя шарыкі для жангляваньня, напампаваныя пяском, на цэлы дзень ператваралі школу ў сьвята, кожны вучыўся, як гэта круціць у руках тры, чатыры ці пяць мячоў. Амэрыка, здаецца, мог круціць усе дзесяць.

Распавядаць пра тое, што зь цікавостак Амэрыка мае дома, альбо што ён меў у Айдаха, бессэнсоўна, бо ніводны тэтрыс ня стане на адзін педэстал з прыстаўкаю, каляровым тэлевізарам ці сапраўдным, самым сапраўдным крутым горным роварам.

6

Такім чынам, калі Печань зрабіўся майстрам апавяданьняў, Нэрв навучыўся граць на гітары й сьпяваць брудныя й жорсткія песьні, а Верабей стаўся чэмпіёнам пітва, я вырашыў быць генэратарам ідэяў, бо падставаў для новага й сьвежага баўленьня часу было багата.

Нашым месцам сустрэчаў быў лесапарк, празь які зрэдчас праходзіў хуткасны аўтобус нумар 313, ён спыняўся на прыпынку й потым ішоў пад невялічкі пешаходны мост, які яднаў дзьве паловы парку, мост быў танюткі, меў невысокія парэнчы ў выглядзе турэмных кратаў і замест вадасьцёкаў простыя дзіркі на краях, у якія, каб не запашвацца на мосьце, сьцякала дажджавая вада.

Штовечар мы езьдзілі на гэтым аўтобусе і праз раз натыкаліся на злоснага кіроўцу, які, выглядае, хацеў быць настаўнікам, богам альбо выхавацелем для нас. Тое, як ён сябе паводзіў, абурала, але адначасова яднала яго зь іншымі пасажырамі.

«Езьдзяць яны тут без квіткоў, грэбаная моладзь! Брудныя вунь якія! Лепей бы месцы саступілі!» звычайна ён на прыпынку спыняўся, высоўваў твар праз вакенца выдачы квіткоў і роў на нас, а мы толькі сьмяяліся зь яго, а іншыя пасажыры ківалі галовамі, пагаджаліся з кіроўцам.

Але якая магла знайсьціся на нас управа добра, што мы ня драпалі цьвікамі вокнаў і не размалёўвалі фарбаю сядзеньняў, мы проста жадалі аднаго абы ён нас не чапаў і моўчкі давозіў дадому!

«Езьдзяць яны тут без квіткоў, грэбаная моладзь! Брудныя вунь якія! Лепей бы месцы саступілі!» звычайна ён на прыпынку спыняўся, высоўваў твар праз вакенца выдачы квіткоў і роў на нас, а мы толькі сьмяяліся зь яго, а іншыя пасажыры ківалі галовамі, пагаджаліся з кіроўцам.

Але якая магла знайсьціся на нас управа добра, што мы ня драпалі цьвікамі вокнаў і не размалёўвалі фарбаю сядзеньняў, мы проста жадалі аднаго абы ён нас не чапаў і моўчкі давозіў дадому!

3

Я стаў каля табло з раскладам руху цягнікоў.

І так прастаяў, вагаючыся, хвілінаў дзесяць і, нічога не надумаўшы, ужо нават быў схільны вярнуцца дадому, бо нейкая ўнутраная вусьціш мяне клікала паехаць назад.

Я прымусіў сябе падняцца на другі паверх вакзалу і завітаць у чабурэчную.

Я сядзеў некалькі гадзінаў з алькаголем і смажанкай, глядзеў на іншых наведнікаў, разглядаў іх твары, вопратку. Жаваў тлустае цеста зь невядомым мясным зьмесьцівам і запіваў усё гэта самаробнай адвёрткай, пакуль паўзь мяне не прайшла дзяўчына, якая лёгка зацікавіла мой захмялелы зрок.

Пазнаёміўся з Воляю. Яна аказалася вясёлая і цікавая дзяўчына, і ў гэты ж вечар павезла мяне дадому.

Калі б мне хтосьці сказаў, што я, сеўшы ў таксоўку, якая накіравалася ў бок Вользінай кватэры, захрасну тут, у гэтым горадзе, на пяць гадоў, я б ніколі не паверыў. Я б нават прыняў за сьвятую праўду адразу, зь першага слова, што Воля цнатлівіца, і што наступныя мае дзяўчаты і знаёмствы таксама будуць аточаныя пахам цнатлівых засмоктаў і спатнелых дотыкаў.

Ну добра, цнатлівіцы ў Менску, перад тым як зьбегчы,  гэта было тое, што мне сапраўды трэба, каб падняць статус, каб пачаць хаця б крыху сябе паважаць пасьля процьмы сэксуальных няўдачаў.

Я адчуваў, што наблізіўся да краю бездані, у якую хутка скокну, і ніколі, ніколі мне ня ўдасца адразу пераскочыць гэтую ўсёпаглынальную пустэчу й апынуцца на супрацьлеглым баку; я разумеў, цьмяна, скрозь алькаголь і вочы Вольгі, што я ўжо лячу на самае дно, зацяжным скокам, і, упаўшы, мне давядзецца караскацца наверх самастойна. Давядзецца пражыць не сваё жыцьцё. Пражыць дзеля таго, каб камусьці стала лепш, лягчэй,  але ня мне.

«Ты далёка жывеш?»

«Не, празь пяць хвілінаў будзем на месцы».

2

Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, маці я рэдка бачыў яна зьяжджала ў горад працаваць, і толькі ў выходныя, зрэдчас вызваляючыся на два дні, наведвала мяне і бабулю.

З падлецтва, калі толькі пачалі зьяўляцца валасы на целе, голас зрывацца на фальцэт альбо бас, я пачаў губляць штосьці ад сябе сапраўднага, зьмешваючыся з жанчынамі, якія, нібыта ружы, зьмешваліся ў маім рондалі з пэрсікамі, суніцамі, чарніцамі і скрылікамі лімона. Жанчыны адразу занялі галоўнае месца ў маім жыцьці, абмінуўшы рэшту дома, сямі, любімага сабаку, хобі. На некаторы час сэксуальны ўсёпачатковы сэнс выціснуў астатняе.

Сьціраючы сваю памяць, распушчаючы сваё насеньне ў цёплых улоньнях, я пакідаў частку самога сябе, каб адшукаць сябе сапраўднага.

У разнастайных дамах, сярод шэрых шпалераў здымных кватэраў, мною кіравалі юр, жарсьць, любоў, каханьне, і мне здавалася, што гэта мае найлепшыя пачуцьці. І, здавалася, што я адначасова і Самсон і Салямон.

1

Другі раз я трапіў у «Рукі Мадонны» пасьля абеду, і цьвёрда пастанавіў, што замест кавы буду піць сухое белае віно.

Пасьля трэцяга келіха папрасіў бутэльку.

Пасьля трэцяй бутэлькі віна папрасіў сто ўіскі.

Пасьля трох па сто ўіскі прынесьлі пляшку, якая ўжо была не патрэбная, пра што казаў нават афіцыянт.

За шэсьць гадзінаў «працы» я нічога не напісаў, не адрэдагаваў і нават не стварыў накіду. Ніякія тэксты нават не праглядаліся. За гэты час раскрываўся толькі рот, каб заліць у страўнік алькаголь.

Я нажлукціўся, чапляўся да адміністратаркі залі, распавядаў ёй, што я пісьменьнік, спрабаваў пасварыцца з барыста праз храновую каву мінулы раз.

Потым доўга сядзеў у ноўтбуку і ліставаўся з абы-кім.

Потым мяне акуратна папрасілі з бару.

«Акуратна» галоўнае слова ў характарыстыцы «Рук М.», мне гэта падабалася, я ўсьміхаўся сам сабе.

Добра, што рэстарацыя побач з домам, ісьці было лёгка, з надзеяй на лепшае, я хутка быў дома, скручаны і не задаволены сёньняшнім вынікам працы з кнігай.

5

Прачнуўся я вельмі кепска сказаць, што мне моцна хацелася гэтак рана падымацца, гэта схлусіць і вам, і мне, і ўсім чатыром пакаленьням мужчынаў маёй сямі.

Назад Дальше