Сабраць рэчы і не разбудзіць маму задача ў цемры немагчымая. Бася не надта асцярожнічала. Прыслухоўвалася да шоргату можа, мама прачнецца, яны хаця б развітаюцца, ато і знойдуць такое рашэнне, якое не змусіць сыходзіць.
Не шумелася рухі былі надзіва асцярожнымі. Зараз ці ніколі. Басі здавалася, што слова «ніколі» самае страшнае. А тут «зараз» гэта як скочыць у халодную ваду яшчэ наважыцца трэба.
Альбо не трэба.
Бася паглядала, ці чакае Вікця. Вікця чакала. Цярпліва: нікуды дурное дзяўчо без яе дапамогі не дзенецца.
Зараз бяжы да Хітрай рэчкі, яна загавораная, каб адметных перапраўляць. Сядай у човен ды плыві. Ён ведае, куды несці. Потым напрасткі праз гушчар. Лічы крокі: пяцьсот праміне натрапіш на шырокую сцежку, яна і выведзе да паселішча.
А ты?
А мне яшчэ трэба незабраных выправіць. Сёння, не пазней.
Я ніколі не была на тым беразе. Ніхто з горада не наважыцца пераплыць раку ды пайсці ў гушчар.
Таму мы яго і выбралі.
Вікця сышла ціха і куды толькі падзеўся шоргат крокаў у траве.
На хату Бася і не зірнула. Калі не развітвацца, то абавязкова вернешся і ўсё будзе як раней. Спакойна і шчасліва.
* * *Больш за ўсё Лесі хацелася ўцячы з дому. Трынаццаты дзень народзін не абяцаў нічога добрага. Выпадковая сустрэча са старэйшай сястрой па дарозе на кухню і свята можна скамячыць і выкінуць у сметніцу.
Прыбярэш сёння мой пакой, ці то прапанавала, ці то загадала яна. Леся ведала, як трэба рэагаваць на такія выбрыкі. Таргавацца. Выбіваць для сябе найлепшыя ўмовы, найбольшую цану.
А то што? болей нахабства ў голас, быццам няма чаго баяцца.
А то скажу маме пра тваю кантрольную па матэматыцы і пра вырваны з дзённіка ліст.
Халера, адкуль толькі даведалася? Ліст з тройкай па матэматыцы Леся выкінула на вуліцы, далёка ад дома. Сшытак заўсёды хавала на самым дне заплечніка пад спартыўнай формай і пакункам з абуткам. Хоць ты ператварыся ў каменную статую ці белы ліст сястра ўсё адно знойдзе чым ушчыкнуць, як напаганіць. Леся маўчала.
Толькі добра вымый, ва ўсе куты залезь. А то атрымаеш замест падарунка маміных кухталёў, і пайшла ледзь не ўпрыскок, вольная, лёгкая без хатніх абавязкаў.
За камодай, пад ложкам, пад сталом спачывалі камякі шматгадовага пылу. Каб толькі мама пабачыла! Выдала б тады старэйшай. «Калі вы не можаце прыбрацца ва ўласным пакоі, то не павінны яго мець», так яна кажа. Вось бы яна выселіла сястру ў «залу», а яе пакой аддала б Лесі. А можа, не прыбіраць гэты пыл? Мама вернецца, пабачыць і Зрэшты, вопыт і інтуіцыя падказвалі, што найбольш атрымае менавіта Леся ад старэйшай, што «здала» яе. А потым і ад мамы заўтоеную тройку. І добра, калі выплаты па заслугах абмяжуюцца сапсаваным днём народзін. Зрэшты, ці можа быць горш?
З пылу і пяску Леся вымела ляльку Барбі. Касматая, брудная, у анучах, што некалі гадоў таму былі, напэўна, прыгожай сукенкай. Карацей, страхоцкая. Дзяўчына, гідліва ўзяўшы цацку ў два пальцы за шэрыя валасы, у кудзеры якіх ублыталіся пасмы пылу, мелася яе выкінуць. Ляльчыны ногі віселі за некалькі сантыметраў ад незваротнай прорвы сметніцы, калі Леся зірнула ёй у вочы. Пранізліва, балюча, звонка-сінія, яны глядзелі з дакорам, просьбай і разуменнем адначасова. Так мусіла б глядзець мама на дзіця, але Лесіна ніколі так не глядзела. Стала сорамна нават за саму думку, што ляльку можна выкінуць. Калісьці Леся спаць не магла марыла пра цэлы набор такіх. І не атрымаўшы, забараніла сабе нават глядзець у бок цацак у крамах. І вось гэтая няшчасная пластыкавая істота нагадала. У сметніцы, а тым больш на звалцы ёй будзе страшна, сумна і смуродна. Моцна абхапіўшы далонямі ляльчын стан, дзяўчына панесла сваю знаходку ў ванны пакой.
Спатнелая рука расціснулася над тазам. Ударыўся пластык аб пластык, і Леся ачомалася: яшчэ надумала, шкадаваць хлам. Толькі перапэцкалася дарма. Раздражнёна пусціла самы вялікі напор вады. Лёгкую цацачную дзяўчыну панесла па тазе буйным струменем, што пераходзіў у непаслухмяную драпежную плынь. Яе кідала ў сценкі, біла аб дно, пераварочвала на новых і новых хвалях. Леся дадала ў ваду шампунь. Аблокамі ўзбілася белая пералівістая пена.
* * *Хітрая рака спакою не абяцала. Сталіца на правым яе беразе расла і на поўнач, і на ўсход, і на поўдзень, і толькі з захаду мяжа была непарушнай па рацэ. Нерухомая ў самоце, вада падманлівай цішынёй і лагоднасцю вабіла новых жыхароў сталіцы, што не ведалі пра яе выбрыкі, і непаслухмяных дзяцей, што адмаўляліся ў іх верыць. Варта было спусціць на раку човен ці памачыць у ёй хоць палец, і вада шалела. Выбухала хвалямі, паглынала ўсё, што траплялася ў яе пеністую пашчу, і зрыгвала пырскамі. Не раз раку намагаліся ўціхамірыць ладзілі масты, збіралі ў абцугі труб, але яна была мацнейшая за самыя трывалыя пабудовы.
У гэтую неўтаймаваную моц пад цёмным люстэркам Бася збіралася зрабіць крок. Не ўмеючы ні веславаць, ні плаваць.
Човен не хіснуўся, калі Бася (даволі няўклюдна) села ў яго. Не паплыў, не панёс туды, куды ёй трэба, як абяцала Вікця. Не адбылося нічога. Унутры пуста веславаць няма чым. Праседзеўшы так колькі хвіляў, адчуўшы сябе дурной і бездапаможнай, Бася вырашыла грэбці рукамі, каб адстаць ад берага і хоць натрапіць на плынь. Вада выглядала лагоднай і мяккай. Можа, маняць пра яе бурны нораў?
Цяжкім халодным покрывам легла на спіну першая хваля. Другая, збоку, накрыла з галавой, заліла вуха і нос. Мокрыя валасы закрылі вочы. Велізарныя далоні ракі адна за адной білі з усіх бакоў, ногі занямелі ў вадзе, што напаўняла човен. Невядома, дзе рака, а дзе неба, у чоўне яна ляжыць ці на дне. «Лёс, хутчэй бы патануць і скончыць усё». Плыні круцілі, пераварочвалі з ног на галаву і назад. Човен, разбіты на мноства шчэпак, віраваў навокал. Калі вада перастала апякаць холадам, Бася зразумела, што тоне.
Халодны вецер ператварыў кожную кроплю на целе ў крышталік лёду. Хацелася ўстаць, але крышталікі сабраліся ў ільдзяную кальчугу. Некалькі разоў Басі здавалася, што яна паднімаецца, збівае з сябе рэшткі звёнаў, рушыць ў лес і знаходзіць сцежку. Пробліскі свядомасці падказвалі, што яна ляжыць на халодным. Зрэшты, Бася не змагла б дакладна сказаць, дзе было прасвятленне, а дзе забыццё. Толькі аднойчы яна выразна пачула голас: «Гэта яна. Забірайце» і чыесьці рукі нязручна, балюча падхапілі яе пад пахі і пад калені. «Нясуць бы мех з сенам», падумала Бася, але змаўчала і зноў страціла прытомнасць.
* * *Штосьці навязліва цёплае ахутвала цела. Другім слоем лягла паніка. Бася ўскінулася, спрабуючы вызваліцца, стукнулася ілбом у нешта цвёрдае.
Ай! пачула яна па-птушынаму звонкае і адплюшчыла вочы. На краі яе ложка сядзела дзяўчына. Сонечнае святло праз акно з-за спіны незнаёмкі не дазваляла разглядзець твар, толькі падпраменьвала дзіўным ззяннем густыя светлыя валасы, заплеценыя ў касу. На макаўцы тырчалі некалькі непаслухмяных валасінак. Блакітнага колеру кашуля з шырокімі рукавамі здавалася ўбранствам незямной істоты. Напэўна, так выглядала б у ясны дзень Нябёсная Птушка, што прыносіць на зямлю намаляваныя Лёсам жыцці, калі б уздумалася ёй ператварыцца ў чалавека. Яна зліваецца з небам, каб людзі не заўважылі і не пажадалі раней часу даведацца, што ім наканавана. У пахмурныя дні ўбор яе паўсядзённы, хмарна-шэры. Ясным часам яна апранае святочныя блакітныя крылы, пранізаныя промнямі сонечнага святла. Кажуць яшчэ, што пёрамі сваімі яна адзначае, добрае жыццёчакае чалавека ці змрочнае і цяжкае, як набрынялыя дажджом хмары. Самыя кемлівыя здагадаліся, што ў пагодныя дні нараджаюцца людзі шчаслівыя, лёгкія, а ў дажджлівыя няшчасныя, з цяжкай доляй наперадзе. Шкада толькі, што чалавек не памятае дзень, калі нарадзіўся.
Ясная, прашапаталі непаслухмяныя Басіны вусны. Мая Птушка ясная.
Я хацела паправіць коўдру, ціха сказала птушка і пяшчотна ўсміхнулася. Бася міргнула. Такія простыя словы знялі нечаканае трызненне, пакінуўшы адно няўцямны паслясмак. Карцела разабрацца з месівам думак, але чым больш яна выхоплівала іх па адной, тым больш яны блыталіся. Светлавалосая працягвала.
Ты ў паселішчы. Дзякуй Лёсу, жывая. Вікторыя, не дачакаўшыся, выправіла людзей на пошук. Яны знайшлі цябе на беразе Хітрулі. Човен чамусьці схібіў гэтым разам, не давёз толькі трэскі вынесла, ды цябе. Лёс яго ведае, што там здарылася. А я Анэля, твая суседка. Вікторыя прасіла паклікаць яе, калі ты апрытомнееш. Гатовая?
Галава Басі хітнулася.
Часткі, складзеныя ў адвольным парадку
Вікця сапраўды выглядала Вікторыяй прыгожай, уладнай, разумнай. Сукенка са шчыльнай тканіны, сшытая дакладна па фігуры, надавала ёй цвёрдасці, нязломнасці, але не давала палёгкі. Тоўстая цяжкая кніга ў драўлянай вокладцы, абцягнутай скурай, мусіла б адцягваць рукі, але тонкія пальцы абхоплівалі яе лёгка, як бязважкую. Вікторыя села ў драўлянае крэсла і сама зрабілася драўлянай з абсалютна роўнай спінай, высока паднятай галавой і халодным вострым, як крыгі, позіркам. Пад яе пільнымі светлымі вачыма так і карцела гаварыць: задаваць пытанні, выдаваць сакрэты. «Толькі не адварочвайся, не хавай вачэй», паўтарала сабе Бася. І хавала вочы.
Што ты ведаеш пра сябе?
Што мяне завуць Бася. Я пражыла 15 гадоў, шчаслівая ці не, але ў спакоі. А зараз не разумею, хто я і што адбываецца. Я з дзяцінства ўсведамляла, што няправільная, але ніколі не думала пра гэта шмат. Мне казалі, што я адметная. Гэта кшталту рэдкай немачы, на якую хварэюць некаторыя людзі. Я не вінаватая, так вырашыў Лёс.