«Куды я еду? пытаўся ён сам у сябе. І тут жа адказваў: У горад Дзедаўск Маскоўскай вобласці». «А чаго я туды пруся? пытанне і адказ размежавала ладная паўза: Каб забраць дваццаць тысяч даляраў». Згадаўшы ў думках даляры, скасіў вока на таўстуху і заклапочана пачухаў падбароддзе.
Пазаўчора ён ізноў насмактаўся брыды. Паўгода не паліў, а тут, як зявіліся грошы, збегаў на «штуршок» мясцовы базар, ды прыхапіў у знаёмага айзера пяток «беламорын». Замест тытуню ў папяросіны была напханая каляная трава. Брыда была моцнай: з кожнай зацяжкай галава рабілася ўсё больш лёгкай, а пасля дзясятай зацяжкі ўзнялася ў паветра і з гідлівай усмешкай на вуснах завісла над таршэрам. Два дні мінула, а народжаная з шызага дыму відма і дагэтуль даймала свядомасць, і ён раз-пораз пацепваўся ды паглядаў на столь: а раптам і тут, пасярод вакзальнай пачакальні, залунае ягоны ўскудлачаны кумпал?
Марымоніха, сучка гэтая, спрабавала Толіку ў штаны залезці, прамовіла таўстуха, няўлоўным рухам прыгладзіўшы фальбоны: Мінулай суботы ў горад ездзіла, дык, казалі, завіўку зрабіла і ласіны купіла. Цяпер ужо будзе тоўстым задам трэсці.
Аго-ой На такую бамбізу ласіны, праспявала сяброўка, і, змораны задушным паветрам і жаночымі размовамі, ён ускінуў на плячо пацёхканую кайстру і падняўся на ногі.
Знадворку церусіла імжа. На платформе брынілі ў плыткіх лужах адбіткі ліхтароў, крыху зводдаль, на тле высозных дрэваў, ільсніліся ў нежывым святле перапэцканыя нафтай цыстэрны, а з нутра прыстанцыйнага павільёна, дзе неспакойна варушыліся людскія постаці, вырывалася на прасцяг скалечаная гаманой і бразгатам кухляў песня.
Льёт ли тёплый дождь,
Падает ли снег
Песня-інвалід то знікала, то зноў узнікала. У такт ёй, з настальгічнай яснотай, уваччу мільгацелі вакзальныя агні, ды раптам патухлі, калі дачуўся, што песню спяваў не Валеры Абадзінскі, а нейкі безгалосы маладзён.
Калісьці ён і сам, брынкаючы на гітары, спяваў пра той самы цёплы дождж, і ў дзяўчын, што сядзелі ў зале вось як цяпер у яго, блішчэлі вочы. Дзяўчыны праглі кахання: адна дурніца нават рэзала сабе вены, калі ён адмовіўся з ёю сустракацца. Мясцовыя «каралі» тыя самыя, што насілі ў кішэнях нажы і кастэты, плішчыліся да яго ў сябры, а карэспандэнт рэспубліканскай газеты, які адмыслова прыехаў са сталіцы, глыбакадумна пытаўся: «Вы памятаеце, калі ўпершыню выйшлі на сцэну?»
Які ж гэта быў год? Здаецца, шэсцьдзясят сёмы А можа, шэсцьдзясят восьмы? Ужо і не згадаеш Усё змяшалася ў баламутнай галаве Але той, іхны першы выхад, запомніўся. Запомнілася круглая, скрозь парэпаная печ-галанка наўзбоч сцэны, паркалёвы заднік з нехлямяжым надпісам: «Агітбрыгада Праметэй», запыленыя, цёмныя спадыспаду ад дохлых мух, плафоны на столі местачковага клуба. Агітбрыгада «Праметэй» змагалася з заганамі заходняй культуры, і іхны гурт мусіў тыя заганы ўвасабляць. Яны павінны былі выйсці на сцэну, глынуць з аграмаднай бутэлькі «Кока-колы» налепку для бутэлькі намалявалі чырвонай гуашшу і загарлаць Cant buy me love. Пасля другога куплета, паводле сцэнару, іх павінны былі выкінуць са сцэны хлопцы ў рабочых спяцоўках, а бубнача Мішку Яцыну яшчэ й агрэць дзеля жарту развадным ключом. Мішку, аднак, ключом не агрэлі. Пасля другога куплета, калі адключылі мікрафоны і зявіліся хлопцы ў спяцоўках, у зале ўсчаўся вэрхал. Местачкоўцы нічога не зразумелі: падумалі, што гэта загадчык клуба вырубіў гук Пару мясцовых зухаў падаліся на сцэну, далі выспятка «рабацягу», які трымаў Мішку за каршэнь, а ад задніх радоў стаў прабівацца да сцэны ўчастковы міліцыянт. Калі жарсці суняліся, яны чатыры разы запар выдалі Cant buy me love, потым столькі ж разоў іхны бас-гітарыст Юрка Мамантаў праспяваў Yesterday, а ўвечары, сёрбнуўшы тутэйшай самагонкі, яны перапісалі расейскімі літарамі словы песні «Кент бай мі лав» і паказалі мясцовым зухам колькі гітарных акордаў
Будзьце асцярожныя! Па першай каляіне пройдзе грузавы цягнік!
Ён страсянуў плечукамі рашуча, рэзка, нібыта спрабуючы стрэсці з сябе мінулае жыццё, і агледзеўся. Са згуслай, пазначанай сінімі вогнікамі стрэлак цемры на яго глядзелі два цеплавозныя пражэктары. Спорная імжака рабіла іх святло размыта-рухавым, і здавалася, што адтуль, з цемры, паўзе, мерна ляскаючы жалезнымі кіпцюрамі, жаўтавокі цмок. Цеплавоз скалануў паветра сіплым гудком, дыхнуў у твар гарачай алівай, платформа дробна зыбанулася і машыніст, што вытыркаўся з бакавога акенца, махнуў яму рукой.
Травень далічваў апошнія дні, але пагоды не было: штовечар ішоў дождж, альбо, як цяпер, сыпала густая імжа. І ён, праводзіўшы вачыма жалезнага цмока, згадаў, што акурат такім часам у горадзе адчынялася летняя танцпляцоўка, і ў паветры таксама вісела імгла. Такімі вечарамі яму добра спявалася; гітарныя струны звінелі ад самага лёгкага дотыку, дзявочыя тварыкі вільготна блішчэлі, а паветра пахла прэлай ігліцай. Травень паціху мінаў, праз год зноўку прыходзіў; звінеў камарамі, халадніў лоб імжакай, трывожыў душу цьмянымі надзеямі, і кожны раз, апанаваныя тымі надзеямі, яны з Юркам Мамантавым вешалі на франтоне дашчанай веранды чорныя скрыні акустычных калонак. Аднойчы, увагнаўшы ў дошку ржавы цвік, Юрка скочыў з драбін, падхапіў калонку і, як бы між іншым, прамовіў: «Усё, граю апошні раз». Праз пару дзён сябар зехаў у Піцер, а яшчэ праз тыдзень прыслаў ліста, у якім паведаміў, што ў музвучэльню яго не прынялі, а таму давялося завербавацца на гандлёвы флот.
Юрка Мамантаў стаў баразніць Атлантыку паміж Ленінградам і канадскім Галіфаксам, Мішка Яцына паступіў у верталётную вучэльню, а ён, колішні ўлюбёнец навакольных дзяўчын, па-ранейшаму шкрабаў медыятарам струны, спяваў «Люстэрка» і «Зорачку». І з кожным акордам сэрца ягонае поўніла туга мінулых гадоў, і зыркія лямпачкі, што апяразвалі дашчаную веранду, цьмяна адбіваліся на ягоным круглявым, прыкрытым рэдкімі валасамі плеху. Танцпляцоўка, як заўсёды, гула, вішчала, шаргацела і тупала. Ён узненавідзеў гэтыя зыкі, узненавідзеў потных дзевак і прышчавых дзецюкоў, якія таўкліся перад вачыма, узненавідзеў уласную жонку, родны горад і Юрку Мамантава, які да таго часу ўжо атабарыўся ў далёкай Амерыцы. Неўзабаве ён стаў смаліць дурнапян. Рабіў зацяжку, раскрываў рот і глядзеў, як лютая, перамяшаная з салодкім дымам нянавісць паволі падымалася ўгору. Дым пасмамі імкнуўся да форткі, і яму здавалася: вось зараз прыйдзе нехта і забярэ яго, таленавітага музыку, аўтара дзесяці папулярных песень, у вялікі горад, і ймя ягонае вогненнымі літарамі загарыцца на сцэнах амфітэатраў. Дагараў чарговы касяк, брудным попелам асыпаўся на швэдар, але ніхто не йшоў, і дзесяць перапісаных на ноты песень ляжалі ў тэчцы з белымі аборкамі ды чакалі свайго часу.
Хуткі цягнік семдзесят восьмы Горадня-Масква прыбывае на другую каляіну другой платформы гугнявы голас перарваўся, і наструненую цішыню скаланулі рып вакзальных дзвярэй, прыдушаныя цяжкімі валізамі галасы, жаласлівае крахтанне і незласлівыя мацюгі. Ён памацаў швэдар той зусім змакрэў ад імжакі і ўплішчыўся ў людскую плынь.
ІІ
Пазаўчора, аж да самага абеду, давялося цягаць з машыны ў падсобку скрыні з алеем, і якраз у той момант, калі ён падхапіў апошнюю скрыню, да крамы падехаў гаспадар Лёха Кайданоўскі. Колісь гэты самы Лёха шамацеў у ягоным ансамблі маракасамі, цяпер жа займеў тры крамы, бензакалонку і займаўся нейкімі цёмнымі справамі. Падехаў гаспадар не адзін: поруч сядзеў чарнявы тыпус, які, адчыніўшы дзверцы легкавіка, махнуў яму рукой.
Ён сеў у машыну, і чуйны нос засвярбеў ад знаёмага паху марыхуаны.
Ну што, камандзір, праца не абрыдла? запытаўся, не павярнуўшы галавы, чарнявы тыпус і паханіста адкінуўся на спінку сядзення.
Хацелася мацюкнуцца, але прыкусіў язык. Кайдан уладкаваў яго ў краму па знаёмстве, і выпендрывацца не выпадала.
Можаце прапанаваць штосьці лепшае?
Трэба ў Маскву злётаць Атрымаеш пяцьдзясят «зялёных» плюс праязныя, і, не чакаючы адказу, чарнявы працягнуў яму праз плячо шурпатую далонь.
Калі даваць веры Лёху Кайданоўскаму, дык паездка ў Маскву выглядала забаваю. З Беларускага вакзала трэба было перабрацца на Рыжскі, сесці ў электрычку і вылезці ў Дзедаўску («Кіламетраў сорак ад Масквы, не болей»). У Дзедаўску, на вуліцы Маршала Епішава («Гэта непадалёку ад керамічнага завода»), ён мусіў знайсці нейкага Руслана, узяць у яго пачак з дваццаццю тысячамі даляраў і гнаць дахаты.
«Бакі трымай пры сабе», паведаміў Лёха на развітанне, а яшчэ параіў не піць у дарозе гарэлкі і ні з кім не знаёміцца.
Ён слухаў Лёху з усмешкай на вуснах, маўляў, каго вучыш, ды ў словах Лёхавых гучала трывога, якая панурым ценем падступіла да сэрца. Дый дзіва што! Дагэтуль і тысячы бакаў не трымаў у руках, а тут адразу такія грошы А як перахопяць па дарозе, ці мянты абшукаюць? Тлумач тады дзе ўзяў ды куды вязеш
Ён цэлы дзень блукаў, ачмурэлы, мадэлюючы ў свядомасці розныя жахі, якія могуць напаткаць у дарозе, але напярэдадні адезду дзіўным чынам супакоіўся і памяць ягоная ўлягла ў шчымлівыя ўспаміны. Ён нават забыўся куды едзе і навошта, ды вось убіўся ў прыцемны вагон, убачыў нечыя жоўтыя пяткі, што вытыркаліся з-пад коўдры, і халодны кокан трывогі ізноў спавіў трапяткое сэрца. А можа і ён будзе вось так ляжаць, свецячы ў паўзмроку голымі пяткамі, і ліпучая, нябачная для суседзяў кроў будзе сцякаць з перарэзанага горла?!