Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris - Андрэй С. Адамовіч 6 стр.


Але я вас ведаю, як звараны бурак: пачнеш з вамі пра сурёзныя рэчы, а з вас скура злупіцца  і ўсё сваёй чырвонай цікаўнасцю павымазваеце. Што там такога ў тым фільме было, дый чаго рэжысёр так праз той партрэт разюшыўся? Чаго разюшыўся  то ясна, як напрамілы хлеб і на халодную рэйку шчакою прылегчы ў гарачы поўдзень,  проста не любіў, калі парушаецца аўтарская задума (а вы ж ведаеце, якое ў рэжысёраў жыццё: прыйдзе прадзюсар, улезе ў мантаж  і «давай-давай, хэпі энд мусіць быць, а драмы дадаць, а пакажы крытыка ўсяго ў белым, а тут трэба маю дачку ў галоўнай ролі»). Вось і разюшыўся рэжысёр, што брудным партрэтам лезуць да яго ў глыбіню рэзкасці.

А фільм вырашылі заўтра яшчэ раз пераглядзець. Але я на заўтра адкладваць не буду, зараз вам караценька перакажу, што ў тым фільме, як было і чым скончылася.

ЧОРНЫ РЫЦАР

Адразу ў кадры зявіўся мужык. І давай плакаць: «Што мне рабіць, што рабіць? Так я ўжо змарнаваўся і замучыўся, як у гэтага класіка французскага». Глядзіць кудысьці ўверх, у столь, ці што? Камера столь паказвае  там нібыта нічога цікавага. Мужык зноў: «Як гэтага француза, га?» А сам плача. Раптам з-за кадра хтосьці кажа:

 Войтэк, ды не ўбівайся так праз гэтага француза, ну забыў, як зваць, з кім не бывае.

Мы як бы даведаліся, што ў кадры плача Войтэк. А ён толькі мацней румзае і галосіць, а сам сядзіць у гарнітуры-тройцы, не раўнуючы прэзас правай партыі, ці, можа, натарыус, ці, на благі канец, прадсядацель райспажыўчага саюза. У гледачоў не-не дый узнікне думка: «Вось бы гэтага Войтэка ды на хаўтуры да Нюркі Парасінай сына, калі таго газавым балонам забіла, во гэта быў бы нумар! Нюрцы ўсе бабкі зайздросцілі б  то праўда, такі ўжо дзе плакальшчык, не ўзгадаю нават, каб такія ў каго на пахаваннях былі. Галоўнае, апрануты так густоўна». Гледачы ўжо прыцэньваюцца: «Вось Адэлька хутка коні дзвіне, ужо яе выпісалі з больніцы  паміраць, напэўна. Дык як бы гэтага Войтэка ды і выпісаць бы нам на вёсачку пагаласіць, колькі ён возьме? Усё ж мужчына такі відны».

 Рабле!  падказвае хтосьці з-за кадра Войтэку.

Войтэк толькі галавой пакруціў: не, не Рабле. Гледачы ўжо думаюць: «Нічога сабе, які таленавіты, вось бы ён гэтак матнуў галавой  маўляў, на каго ж ты нас, Адэля, пакінула, што мы без цябе і як? Цьху з носу і падэшвай зацерці мы без цябе. І гэта адной мімікай!»

 Луі дэ Фюнэс!  ужо жаночым голасам падказваюць, і такім яшчэ паскудным, нібы на пахаванне суседчына ўнучка прыйшла гарадская і смешна ёй, як бабы надрываюцца-плачуць, а ім, можа, і самім не сумна, але грошы ўплочаны. Ты ж чакаеш, што iPhone працавацьме як мае быць, а не так сабе, бо грошы ўплочаны. Каб зняць дупу ў люстры і адразу шэсць мужыкоў у дырэкт напісалі, во і мы так  мы, можна сказаць, iPhone ад свету плакальшчыкаў, Instagram пахавання  гарантыя два гады па ўсім тагасвецці.

Пачуў Войтэк пра Луі дэ Фюнэса, і на секунду ў яго на твары як цень прайшоў,  але стрымаўся, пахітаў галавою і далей плача. Адразу бачна, прафесіянал: дзе на яго залезеш  там з яго і злезеш.

А за кадрам у некага ажно нервы здаюць, быццам у алкаголікаў на хаўтурах: маўляў, калі ўжо выпіваць будзем, затрахалі вы галасіць.

 Дык пра што пісаў твой француз?  крычыць нехта.  Пра каханне ці пра што?

Войтэк замаўчаў і проста ў камеру паглядзеў.

І адразу тытры, то-бок пачаўся фільм. Рэжысёр  Андрэй Куціла, мантаж  Андрэй Куціла, і далей яшчэ дваццаць тры разы ўсё «Андрэй Куціла» і «Андрэй Куціла», і толькі пазней  назва фільма вялікімі літарамі: «ЧОРНЫ РЫЦАР».

Скончыліся тытры  і паляцелі буслы, але не сапраўдныя, а маляваныя такія, нават крышачку, але захацелася прылегчы і паспаць, як калыханку паглядзеўшы. Ляцелі-ляцелі гэтыя буслы, разляцеліся  а мы ў хаце вясковай. Бабка сядзіць. Гледачы аж падскочылі на месцах. «Ого,  думаюць,  то во гэтая бабка зараз да Абрама на піва, а сваякі  да Войтэка: А за сто еўра паплачаш? А Войтэк такі: Вы што, хочаце сказаць, што так нізка цанілі нябожчыцу? У мяне адзін гарнітур тры тысячы еўра і дзесяць гадоў практыкі, з такімі прапазыцыямі папрошу да дупы». І толькі нам усім прымроілася гэтая драма паміж попытам і прапановай, як пачала бабка казаць:

 О, Марэк! Марэк заўсёды быў такі сурёзны дзіцёнак. З самага малалецтва.

А гледачы такія: «Ого, новыя часы  новыя героі. Марэк нейкі Што за Марэк?» А бабка фотаздымкі паказвае на тэлефоне, але яны як бы не ў рэзкасці. Кшталту, вось ён Марэк. Мы задуму рэжысёра хутка раскусілі  сутыкнуў ён традыцыі і сучаснасць: бусла з ультрагукам, мікрахвалёўку з калодзежам,  такое штосьці.

 Як было яму сем гадоў, прыйшоў на паседжанне райсавета і ўсіх кайлом разагнаў! Бо не хацелі нам грэйдарам дарогу параўняць! Яго тады паставілі на ўлік у дзіцячы пакой міліцыі. Мне Адка з Гэлькай: «Хуліган-хуліган!» А я: «Не, кажу, ніякі не хуліган  пацярпеў за перакананні. Самі вы,  кажу,  не пагналі б іх кайлом, калі б сілы былі?» Што яны адкажуць  канешне, яны пагналі б кожнага гэнага дэпутата кайлом, на халеру яны патрэбныя, гэныя дэпутаты, як не могуць каня нам даць і нават грэйдарам дарогу параўняць? Гарадскія ездзяць  скрывілі дарогу, а Марэка праз гэта ў пакой міліцыі на ўлік? Дзе справядлівасць, га?

І гледачы (мы то-бок): «Ага, намячаецца класічны канфлікт героя з грамадствам, рост і буянне змагара. Бач ты, малы-малы, а ўжо райсавет кайлом разагнаў. І такі ўжо як бы гонар бярэ за гэтага Марэка: пакуль мы пясок жэрлі і ў дупе калупаліся, чалавек быў заняты рэальнай справай  да яго гэты райсавет толькі дывізія СС разагнала, як на Менск ішла, а ён ад гаршка метр, а даў рады. Нават думаеш, можа, гэта Зянона ўнук які?»

Тут давай нейкіх дзевак паказваць: ідуць баб шэсць па вуліцы, вазочкі вязуць. І мы ўжо: такі во кабяліна, шэсць дзевак  і ўсе вазочкі вязуць. Проста Рока Сіфрэдзі з-пад Глыбокага. Ну і дзеўкі не расчаравалі. Сапраўды, не даваў нам праходу, не даваў, як быў малады, то толькі хаваліся ад яго пасля дыскатэкі, ледзьве паспявалі ўрассыпную разбягацца.

Зноў хата з бабкай, яна далей распісвае, які ўжо гэты Марэк яе добры. І райсавет разагнаў, і вучыўся на адны пяцёркі, і па фізкультуры заўсёды бегаў на лыжах, нават выйграў гонку пераследу. Але кадр змянілі. Шэры двухпавярховы будынак (як турма, толькі аўтаматчыкаў не хапае), адразу бачна  школа. Раз  баба з тытрам «Ядвіга Браніславаўна, першая настаўніца». І яна бабку падтрымлівае: «Не тое, што вучыўся, яшчэ і мяне павучаў. А што я зраблю? Ён жа спартсмен, баксёр-разраднік. А на камянях як рабіў, як рабіў! Толькі прыйдзе разнарадка клас на камяні адправіць  ён першы ў разоры, яго і прасіць не трэба і ўпрошваць, возьме толькі каша  і парачкаваў-парачкаваў  трактары за ім не паспяваюць.

А як звязуць тое каменне да кароўніка, ён туды ўночы яшчэ прыйдзе і з тых камянёў вежу збудуе. Так да адзінаццатага класа цэлы замак зрабіў  гэта жарт вам, ці што? Можа, той замак і цяпер стаяў бы, але прадсядацель загадаў разабраць і яшчэ адзін кароўнік змураваць».

Гледачы ажно зажмурыліся і вочы рукамі прыкрылі, а хто быў жаночага полу, крыху і войкнуў, бо псіхатып Марэка нам усім быў ясны: дурань кручаны. Мы ўжо думалі, усё, прадсядацелю таму кішкі выпусціўшы быў і цяпер матае першы тэрмін разам з хлопцам, які ў Менску людзей бензапілой парэзаў.

Не, аказалася, прадсядацель таго Марэка ацаніў (абы-каго ўсё ж прадсядацелем калгаса не паставяць, крыху ў псіхалогіі разбіраецца той прадсядацель). Во і яго самога паказваюць. Такі дзядзька самавіты. Худы, праўда. Вылез з «Рэндж Ровера» і пайшоў у кароўнік. Аператар за ім бяжыць. А дзядзька спыніўся, паглядзеў на захад сонца, на боты свае лакавыя і кажа грозна:

 Вы ж самі ўсё разумееце.

І мы, гледачы то-бок, як бы ў разгубе: «А як жа абвёў той прадсядацель Марэка вакол пальца?» Тут і разгадка  шыльда казённая буйным планам. Мы спачатку падумалі: «Ясна, пасадзілі змагара прэвентыўна»,  але чытаем шыльду, а там напісана: «Гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Мы ад задавальнення аж кракнулі, як тая качка, бо гэта было псіхалагічна даставерна і гіперрэалістычна: такому псіхапату адна дарога  на гістфак.

І ўжо інтэрвю з выкладчыкамі. Кажуць, так, на археалагічнай практыцы не было роўных і ў бібліятэчнай справе. Выдатнік, чырвоны дыплом  гонар факультэта, за БДУ ў шахматы і шашкі гуляў  першае месца ва ўсім. Дык ясна, што такі дужы  ты паспрабуй усюды пахадзі ў латах, у шаломе і з мячом на поясе. Тут мы нічога не зразумелі спачатку, але пасля пачалі фотаздымкі паказваць і раз-пораз відэаролікі.

Во практыка археалагічная, мужыкі ў майтках, бабы  у купальніках, толькі Марэк у латах і з рыдлёўкай, у зямлю сышоў па плечы, хутка да скарбаў ВКЛ дакапаецца. А во бібліятэка: усе ў акулярах, Марэк з вядром на галаве, ну не з вядром, а ў шаломе, але лепш бы з вядром, клянуся. І тут мы як бы ўжо да канца зразумелі, што адна яму была дарога на гэтым свеце  у аспірантуру, а пасля  у выкладчыкі, бо ў школу да дзяцей такога не пусціш. Можа, трыста нам фотаздымкаў паказалі, можа, чатырыста, яны яшчэ выязджалі ў кадр так прыгожа  то злева, то справа. І ўсё герой у цэнтры, а калі не ў цэнтры  чырвоным фламастарам абведзены. І ўсюды ў латах сваіх і з вядром на галаве, нават піў у вядро гэтае і еў туды ж. Не сагнуць такога чалавека  крывіцкая Пагоня, а не чалавек.

Назад Дальше