Янка і Мілана павярнуліся, зірнулі на зніклае люстэрка і, нічога не разумеючы, пераглянуліся міжсобку.
А дзе?.. разгублена запыталася Мілана. Шкло Ці хоць бы аскепкі.
Янка пацепнуў плячыма. Ён паглядзеў на пустую асаду, а потым моцна-моцна заплюшчыў вочы і паматляў галавой, нібыта пабачыў нешта такое, чаму вочы не давалі веры.
Што за
Потым хлопец падняў руку і паспрабаваў дакрануцца да таго месца, дзе яшчэ колькі хвілін таму было люстэрка. Там дакладна мусіла нешта ж быць ці сцяна, ці дыхта. Хоць нешта. Але замест таго яго рука проста трапіла ў нейкую пустэчу.
Што за ізноў паўтарыў ён, не ведаючы нават, што і думаць.
Мілана стаяла з разяўленым ротам. Яна таксама адмаўлялася верыць сваім вачам. Янка тым часам выцягнуў руку з пустэчы, затым ізноў апусціў яе туды, сам сябе правяраючы.
Што там? запыталася сястра.
Пуста. Відаць, там схаваны патаемны пакой. А мо і які патаемны ход.
Хто б мог падумаць?!
Так.
І што, там зусім нічога-нічога не відаць?
Святло, падаецца, удалечыні бачу, але нічога не разгледзець. Трэба спраўдзіць.
І Янка паспрабаваў рукой абмацаць пустэчу. Але ён не здолеў утрымаць раўнавагу, стоячы на вечку куфра, і паляцеў у цемру. Мілана адразу ж ад спалоху заверашчала. Але неўзабаве ўцяміла, што трэба нешта тэрмінова рабіць, і ўскочыла на куфар. Дзяўчына перахілілася праз край люстэрка і пачала клікаць брата, беспаспяхова водзячы рукой у цемры.
Янка, Янка! Дзе ты, братачка?
Дзяўчына была не на жарт спалоханая. У яе нават прамільгнула страшэнная думка аб страце брата. Мілана роспачна паклікала яшчэ раз:
Янка, Ян! Дзе ты?
Я тут, Мілана! прыцішана пачулася недзе ў глыбіні.
Ян? не паверыла яна сваім вушам. Як ты там? З табой усё добра?
Так, ідзі сюды! Тут так прыгожа!
Куды? Я нічога не бачу.
Проста скачы долу. Дай веры, усё будзе добра!
Ну добра. Глядзі, калі што.
Дзяўчыну крыху адольвалі сумневы, але голас брата гучаў так упэўнена, так пераканаўча. Яна закінула нагу, падцягнулася і скочыла ў цемру.
Мілана апынулася на невялічкай горцы, якою плаўна зехала долу. Яна вылецела праз пройму і раптам пабачыла неверагодна прыгожы сонечны лужок. Дзяўчына нават не адразу асэнсавала, што трэба падняцца, нагэтулькі была шакаваная. Паволі ўздымаючыся, глядзела на ўсё шырока расплюшчанымі вачыма.
Дзе гэта мы?
Каб жа я ведаў.
Мілана зірнула, адкуль яны сюды трапілі. Гэта быў стары вялізны разгалісты дуб з шырокім ды глыбокім дуплом. Яно было не такім вялікім, каб у яго з лёгкасцю пралез дарослы, але дастатковае, каб прасунуўся хто іх узросту.
Пачакай! пачала разважаць яна. Калі гэта патаемны ход, дык дзе ж тады дом?
Д-дом? прамовіў Янка і сам зразумеў, што нешта тут не зусім лагічна.
Так! Насамрэч мы зехалі проста з маленькай горачкі. Пагадзіся, гэтага замала на тое, каб так далёка апынуцца ад дома і каб яго не бачыць.
А яно ж напраўду так. А дзе ж дом? Што за цуд?
І тут увагу Міланы прыцягнула іншае.
Глядзі! паказала дзяўчына на брата. А што гэта з тваімі даспехамі сталася?
А што з імі не так? не разумеючы, прамовіў Янка і адчуў, што даспехі ў некалькі разоў пацяжэлі. Ён узняў руку, і ад здзіўлення хлопцу ледзьве мову не заняло: цацка сталася сапраўдным жалезным мячом. Хлопец папляскаў далонямі па сабе і адчуў грукат лат.
У подзіве ён зірнуў на сястру.
А з табой што?
У сэнсе? крыху перапалохалася сястра і схапілася за галаву.
Твая дыядэма Як яна цяпер зіхціць! Ды і адзенне змянілася
Мілана зняла дыядэму і агледзела яе. Гэта было каштоўнае ўпрыгожванне з дыяментамі, што зырка зіхацелі. Ды і сукенка стала па-каралеўску шыкоўнай.
Нічога не разумею, круціла галавою Мілана. Дома няма, мы незразумела як пераўвасобіліся. Што з намі здарылася? Што ўсё гэта значыць?
Ды і дзе мы? Падаецца, у нашай ваколіцы ніякіх нават і блізка падобных мясцін няма. Прынамсі я такіх дакладна не бачыў.
Чакай, паспрабавала разважаць Мілана. Мы трапілі сюды праз тое люстэрка.
Ну так. Ускочылі ў яго і цяпер тут, у гэтым дзіўным месцы.
Ну, братка, не хачу цябе палохаць, але, баюся, мы трапілі з табой у
Залюстрэчча нечакана разам прамовілі яны.
Знаёмства з чароўным каралеўствам і яго дзіўныя жыхары
Дзеці чулі пра Залюстрэчча ў казках, але трапіць у яго самім Ці маглі яны пра такое нават марыць?
Дзеці чулі пра Залюстрэчча ў казках, але трапіць у яго самім Ці маглі яны пра такое нават марыць?
Як такое магчыма? ледзь дыхаючы, спытала Мілана. Гэта ж проста неверагодна.
Тым часам на дуб, праз які яны тут зявіліся, прыляцела сарока. Яна ўселася на сук і пачала з цікаўнасцю іх разглядаць. Дзеці зірнулі на птушку і адвярнуліся. Сарока як сарока, хоць і не так часта яны трапляюцца на вочы.
Я ўжо і сам не ведаю, ува што цяпер верыць, разгублена адказаў Янка. Не, я чытаў казку «Аліса ў краіне цудаў», глядзеў з захапленнем фільм «Дзясятае каралеўства». Але патрапіць у тую краіну самому Такое ў галаве не ўкладаецца. Ушчыкніце мяне! Можа, я сплю?
Ушчыкніце тады і мяне.
Цікава, што гэта за месца?
Ну, дзіўныя людзі! пачулася ўгары.
Яны ўзнялі галовы, але там, апрача сарокі, нікога не было. Янка і Мілана здзіўлена пераглянуліся і зноў паднялі галовы.
Вандруюць у нашым каралеўстве і нават не ведаюць, дзе яны, данеслася ізноў.
Сарока размаўляе? уразілася Мілана.
Вядома ж, размаўляе, прамовіла сарока, нібыта была здзіўленая такім пытаннем. А якія ж сарокі, на вашую думку, яшчэ бываюць? Хіба што нямыя, працягвала размаўляць з імі балаболка, крыху пакрыўджаная іх заўвагай. Во народ, во людзі! З якога, цікава, каралеўства, вы да нас завіталі, што гаманкіх сарок не бачылі? Фы, чмыхнула незадаволена яна і, саскочыўшы з галіны, некуды паляцела.
Во цуд, толькі і прамовіла дзяўчынка.
Мажліва, цыркавая, выказаў здагадку ейны брат. Хутчэй за ўсё з нейкага цырка. Муштраваная, упэўнена выказаўся ён.
Так, пагадзілася сястра. Не, мне трэба прысесці. Нешта ў мяне ад усяго гэтага галава закруцілася.
Яна запрыкмеціла непадалёк ад дуба вялікі камень, падышла да яго і памкнулася была прысесці. Але нечакана пачула перасцерагальнае сыканне.
Асцярожна, змяя! гукнуў Янка, пабачыўшы, як з-за каменя паднялася галава паўзуна, і кінуўся да сястры.
Так, асцярожна, пані! Глядзіце, на што сядаеце, даляцела з-за каменя.
Мілана стаяла, вылупіўшы вочы і не верачы ім. Ужо і змяя размаўляе з ёй! Янка таксама заўважыў гэта і замарудзіў свой рух, гледзячы на змяюку, нібы зачараваны.
О, каралеўна! змяніла змяя тон, выказваючы пашану да Міланы. Прабачце, не адразу пабачыў, што вы каралеўская асоба. Шчыра перапрашаю.
Змяя размаўляла. Гэта быў пан Вуж, звычайны вуж, на галаве якога жаўцелі плямкі, нібы намаляваныя вушкі.
Вочы Міланы зрабіліся вялікія-вялікія, і раптам усё некуды паплыло. Янка ледзьве паспеў падхапіць яе. Колькі дзяўчына была ў непрытомнасці, цяжка сказаць. Калі яна ачомалася, пабачыла твар брата.
Урэшце! Дзякуй Богу, ты ачуняла! А то мы перахваляваліся.
Мілана сціпла ўсміхнулася і стомлена павярнула галаву, пасля падхапілася і прыціснулася да брата. Побач з ёй, крыху прыўзняўшыся ад зямлі, гайдаўся Вуж. Яго пыска і напалохала дзяўчыну. Ён незвычайна ўсміхаўся, амаль па-чалавечы.
Не пужайся, супакоіў яе Янка, ён добры.
І Вуж пры гэтым, нібы пацвярджаючы, хітнуў галавой, не перастаючы дзіўна ўсміхацца. Здавалася, што ён разумее ўсё, што кажа Янка. Ці не цуд?
Мне тут наш новы знаёмы апавёў пачаў гутарку хлопец.
Які знаёмы? перапыніла яго сястра, не зусім разумеючы, пра што гаворка.
Вось ён, Вуж.
І змейка ізноў весела і спагадна кіўнула галавой.
Ты жартуеш? А, разумею, ты спрабуеш мяне павесяліць. Слухай, Янка, я страціла толькі прытомнасць, а не розум. Так, ён вельмі пацешны, нават дзіўны, але я ведаю, змеі не размаўляюць.
Як гэта не размаўляюць? Што за навіна?! знікла ўсмешка з пыскі Вужа.
А-а-а! спалохана залямантавала Мілана. Змяя размаўляе!
І яна хутка схавалася за Яна. Дзяўчына ўся трэслася ад перапуду. Такога яна яшчэ ніколі ў жыцці не бачыла ды нават не чула, што такое бывае. Мілана адчувала, што яшчэ не зехала з глузду і што гэта не сон: «Усё адбываецца насамрэч, а не падаецца», ад гэткіх думак ёй станавілася яшчэ горай.
Не лякайся, сястрычка, паспрабаваў ізноў супакоіць яе Янка. Я сам напачатку быў крыху здзіўлены і спалоханы. А потым пагаманіў з ім. Высветлілася, што тут усе жывыя істоты размаўляюць.
Як гэта? Ты жартуеш? Ці такое бывае?
Здаецца, тут бывае.
Прабачце, цудоўная каралеўна і высакародны рыцар, але вы сапраўды нейкія падбіраў ён словы, не жадаючы іх пакрыўдзіць ці выказаць непавагу. Словам, як не з нашага каралеўства, не з нашых зямель. Вы так дзіўна ўсё кажаце. Прабачце, але ж адкуль вы? Я сустракаў усіх высакародных асоб падчас святочных імпрэз, але вас бачу ўпершыню. Упэўнены, вы дакладна не згэтуль.