Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства - Алег Грушэцкі 7 стр.


 Так, вельмі цяжка цяпер стала.

 Ды няўжо няма ў вас рыцараў, якія б маглі адужаць гэтага злоснага караля?..

 Рыцары? Ха! Вядома ж, ёсць!

 Дык дзе ж яны?

 Дзе-дзе?! Вунь там яны і ёсць,  кіўнуў Вуж у бок вязніцы.  У турме, у самых жорсткіх варунках. Волх усё робіць, каб зламаць іх дух. Каго з іх вынішчыў, а каго не, дык робіць усё, каб яны зайздросцілі тым, хто загінуў.

 Ну і парадкі тут у вас.

 Яшчэ тыя,  ізноў цяжка выдыхнуў Вуж.

 А няўжо яны не могуць учыніць бунт ды вызваліцца з-за кратаў?

 Ды не ўсё так проста. Іх адмыслова пасадзілі ў розныя камеры, каб не мець магчымасці размаўляць міжсобку. Апрача ваўкалакаў і іншых пачвар, іх пільнуе і Цмок. Таму ўцячы адтуль да смерці падобна.

 Ну не ведаю, што лепей: памерці вольным ці жыць пад прыгнётам?

 На жаль, дух жыхароў нашага некалі славутага каралеўства амаль зламаны. Усе супраць новага караля, але ў іх не стае духу, каб сабрацца разам, даць адпор яму ды ягоным пачварам і ўрэшце зрынуць яго. Магчыма, няма таго, хто абяднаў бы ўсіх ды павёў на змаганне пад сваім камандаваннем. А пакуль усе запалоханыя, моўчкі сядзяць па закутках.

 А хто асноўныя яго паслугачы?

 Не ведаю. Але Вунь бачыце ў полі зняволеных? Прыглядзьцеся. Наўзбоч іх такія адметныя буйныя чорныя фігуры.

 Так, бачу,  прамовіў Янка.

 Гэта яго верныя ваўкалакі. Адзін такі можа раскідаць адразу з дзясятак звычайных людзей.

 Сапраўды, з такім сам-насам не дасі рады.

 Ха! Не тое слова.

 Яны не толькі моцныя. Яшчэ і хуткія, і спрытныя. Таму гэтыя зняволеныя, што працуюць на палетках, нават і не спрабуюць уцячы. Гэта проста бессэнсоўна.

 Гэх, каб ведаць, чым,  махнуў рукой раззлаваны такой несправядлівасцю Янка,  з радасцю дапамог бы.

 Мы дапамаглі б,  выправіла яго сястра,  мы!

 Дзякуй і на добрым слове, ужо прыемна,  лагодна ўсміхнуўся Вуж.

Яны яшчэ крыху пастаялі, са шкадаваннем і абуранасцю назіраючы за працай зняволеных жыхароў каралеўства, пакуль Вуж не нагадаў:

 Ну што, хадзем да Пугача?

 Так!  рашуча выказаўся Янка, якога пачалі захлістваць эмоцыі.  Цяпер я дакладна адчуваю, што трэба да яго ісці.

 Не паспрачаешся. Тады рушым у дарогу! А шлях некароткі, Пугач далёка забраўся ад усіх.

 А што так?

 Ды хто ж яго ведае. Можа, каб не назалялі. Я ж казаў, не дужа ён ахвочы да размоў.

 Зразумела.

 Толькі крочым пакуль узлескам. Хавайцеся крыху за дрэвамі, каб вас гэтыя вартаўнікі не пабачылі. Бо ад іх уцячы амаль немагчыма.

 Дзякуй за параду. Не хацелася б адразу трапіць да іх, так і не пабачыўшы вашага каралеўства.

Яны крочылі сцярожка, хаваючыся за стаўбурамі дрэў, імкнучыся ісці ціха, неўпрыцям, каб ніводная галінка не трэснула пад нагамі. І ўсцяж яны паглядалі на поле, пільнуючыся, каб ваўкалакі іх не заўважылі.

Праточвацца праз лес было нялёгка. На ўскрайку ён быў вельмі зарослы, багаты на разгалістыя дрэвы з густымі хмызнякамі. Хмызнякі штораз даводзілася абыходзіць, і гэта забірала не толькі моц, але і час. Не хацелася б трапіць да Пугача ў цемры. Тут і так было досыць страшна, а прабірацца скрозь начны цёмны лес ніхто не марыў. Ды і затрымлівацца ў гэтым каралеўстве непажадана. Што падумаюць іх бацькі? Да цемры варта б вярнуцца дадому.

Урэшце небяспечныя палеткі засталіся далёка за спінай, лес скончыўся, і непадалёк паўстала невялікая вёска.

 Ну ўсё,  наказаў Вуж,  далей ісці пакуль не раю. Трэба тут пачакаць.

 Чаму?  не зразумелі яго падарожнікі.

 А вы зірніце на сябе.

Брат з сястрой перазірнуліся.

 За вярсту відаць, што вы нетутэйшыя і да таго ж не звычайныя вандроўнікі.

 А-а-а,  зразумелі яны, што мае на ўвазе Вуж.  І што вы прапануеце?

 У гэтай вёсцы жыве мой стары сябра. Я завітаю да яго, можа, атрымаецца нешта ўзяць вам з адзежы, каб вы не так прыцягвалі да сябе ўвагу. Лепей, калі прыпадобніцеся да тутэйшых. Вельмі ж вылучаецеся ўва ўсіх гэтых даспехах і каралеўскіх строях.

 Так, маеце рацыю. Няварта прыцягваць да сябе ўвагу.

 Я паспрабую як мага хутчэй, а вы схавайцеся, каб вас ніхто не пабачыў.

 Добра, мы стоімся і паспрабуем быць не заўважнымі.

І Вуж, спрытна выгінаючыся, хутка папоўз да хаты свайго знаёмага. А Янка з Міланай схаваліся за разгалістым хмызняком і, прысеўшы, пачалі разглядаць вёску.

Яна выглядала як сапраўднае сяло: драўляныя хаты, падворкі з курамі ды каровамі. Але ўсё ж яна нечым рознілася ад іх роднай вёскі, нагадвала сярэднявечную

Яна выглядала як сапраўднае сяло: драўляныя хаты, падворкі з курамі ды каровамі. Але ўсё ж яна нечым рознілася ад іх роднай вёскі, нагадвала сярэднявечную

Толькі некаторыя хаты былі з каменнымі падмуркамі. Пэўна, яны належалі заможным жыхарам, бо выглядалі досыць багата, мелі вялікія падворкі. Асноўная ж частка складалася са звычайных зрубаў, многія былі з саламяным дахам. Складалася ўражанне, што ў гэтай мясцовасці лютых і марозных зім не бывае, бо ў такіх халупах людзі папросту не вытрымалі б маразоў.

Неўзабаве недзе ззаду пачулася храбусценне галіны. Было чуваць, як нешта хутка набліжаецца. Дзеці адсунуліся амаль у глыб хмызняку і азірнуліся. Нейкі сабака, магчыма, бадзяжны, высалапіўшы язык, бег у іх бок. Але, на шчасце, ён пабег далей да вёскі, не звярнуўшы на іх аніякай увагі.

 Фу-ух,  уздыхнула, спалоханая Мілана.  Так і завалу сэрца можна атрымаць.

 Ага,  пагадзіўся з ёй братка,  я сам спужаўся.

І яны, усміхнуўшыся адно аднаму, павярнулі ў бок вёскі і працягнулі чакаць Вужа.

Мінула яшчэ колькі часу. Дзеці пабачылі, як нейкі мужчына з ладным скруткам набліжаецца да іх, а побач паўзе Вуж.

Дайшоўшы да ўскрайку вёскі, незнаёмец прыпыніўся і агледзеўся. Напэўна, правяраў, бачыць яго хто-небудзь ці не. Пераканаўшыся, што яго не заўважылі, ён рушыў далей ужо значна хутчэй.

Незнаёмы з Вужом наблізіліся да хмызняку, спыніліся каля Янкі і Міланы.

 О, рады вітаць у нашых землях, юная каралеўна і высакародны рыцар,  прамовіў незнаёмец.

 Дзякуй, шаноўны, але мы не  нешта захацеў адказаць ці патлумачыць Янка, ды Мілана неўпрыцям пхнула яго ў бок.

 Мы так удзячныя за вашы прывітанні і пашану,  дагаварыла замест брата дзяўчына.

 Мне Вуж апавёў, што вы жадаеце застацца незаўважанымі. Я тут сабраў некаторыя рэчы. Спадзяюся, яны вам нададуцца. А яшчэ прыхапіў крыху ежы і пітва. Як я разумею, вы доўгі час былі ў дарозе і, напэўна, згаладаліся.

 О, як тое дарэчы. Гэта так з вашага боку  хацеў падзякаваць Янка за адзежу і за пачастунак, але незнаёмец яго перапыніў.

 Ды што вы, што вы, не варта падзяк. Для мяне вялікі гонар дапамагчы вам.

 Але ўсё адно шчыры вам дзякуй. Ваша дапамога нам цяпер дарэчы.

Незнаёмец схіліў галаву.

Юныя падарожнікі развязалі вузельчык і разгарнулі скрутак. Адразу смачна запахла едзівам. Дзеці ўдыхнулі, але пакуль адклалі харчы ў бок. Іх болей цікавіла прынесеная адзежа, ад якой залежала іх небяспека. Хто ведае, каго яны яшчэ тут сустрэнуць? І быць падобнымі да мясцовых жыхароў было вельмі істотна, бо адрознівацца  значыць, звяртаць на сябе ўвагу.

У скрутку дзеці знайшлі ёмістую торбу, некалькі простых кашуляў з бавоўны і  найгалоўнейшае  плашчы-накідкі. Тое, што трэба.

Мілана з Янкам хуценька пераапрануліся, а свае строі паклалі ў торбу. Дыядэму дзяўчына ахайна загарнула ды схавала на дно, каб яе ніхто не пабачыў.

Вуж агледзеў іх з ног да галавы і задаволена прамовіў:

 Во! Іншы выгляд. Цяпер вас ужо ніхто не пазнае і не зверне ўвагі. Цяпер варта падмацавацца, а тады можна і рушыць у дарогу.

 Вы чытаеце нашы думкі,  усміхнуўся Янка.  Я ад усіх гэтых прыгодаў і свежага паветра ўжо галодны, як воўк.

 Ну, гэта яшчэ не так страшна,  падбадзёрыў мужчына.  Абы не як ваўкалак. Вось гэтыя пачвары сапраўды ненажэрныя.

 Што вы, ратуй, Божа!  адмахнуўся Янка.  Бачылі мы ўжо гэтых драпежнікаў. Не найлепшыя ўражанні.

 Так, няма нам ратунку ад паслугачоў новага караля. Ай, ды і які ён кароль,  з непавагай да ўладара адмахнуўся мужчына.  Лічы, сам сябе і абвясціў ды пасадзіў на сталец. Мінулі часы добрых і высакародных каралёў. І, на жаль, канца-краю гэтаму не відаць,  падагульніў ён засмучана.

 Не адчайвайцеся,  паспрабавала падняць яго дух Мілана.  Трэба верыць у лепшае. Дабро заўжды ўрэшце перамагае ды святкуе.

 Вашы б словы, юная каралеўна  уздыхнуў ён.  У глыбіні душы я таксама ў гэта веру. Не можа ж так быць, каб увесь час ліха кіравала. Павінен жа і яму некалі прыйсці канец?! Павінен жа нехта яго спыніць і пакараць?! Так, высакародны рыцар?  звярнуўся мужчына да Янкі.

 Бясспрэчна. Справядлівасць заўсёды перамагае, бо сіла ў праўдзе!  цвёрда і рашуча выгукнуў Янка.

У ім ужо віравала нянавісць да гэтага злоснага караля-самазванца, расло жаданне расправіцца з гэтым прыгнятальнікам.

 Чую голас і словы сапраўднага рыцара,  захапіўся такім адказам мужчына.  Вам бы яшчэ гэтай рашучасці перадаць нашым жыхарам і вярнуць яе нашым зняволеным рыцарам  ніякі злы вядзьмак нам бы не быў страшны. Наадварот, усе яго падлізнікі і паслугачы ў страху разбегліся б.

Назад Дальше