Разумнейшыя за мяне суайчыньнікі прыкладам, мой знаёмец Францішак Н. даўно скемілі, што спадзявацца на Эўропу марнасьць марнасьцяў, што ніякая там меркаваная эўрапейскасьць духу ня выкрэсьліць з пашпарту месца нашага нараджэньня (базіс ёсьць базіс, Усход ёсьць Усход), і што ўсё з анталягічнага гледзішча істотнае ўсё адно будзе з намі адбывацца, наяве ці не (а якая розьніца? што такое Ява? выспа? матацыкл?), выключна ў тым самым месцы, дзе знаходзіцца выхад з раю і ўваход у нашае асабістае пекла. І слушна: нават у самой Эўропе дужа ацанілі гэты, як на мяне, пэсімістычны падыход. Мне ж ён ніколі не пасаваў, я хацеў быць паўсюль і нідзе, усім і нікім, яшчэ пры жыцьці стаць чыстым духам, лунаць над водамі, абняць неабдымнае... Як бачыце, далунаўся й даабдымаўся. А вось калі б быў аддаў перавагу сапраўднай, да болю роднай беларускай турме перад мэтафарычнаю й чужой эўрапейскай, на якую сам сябе (спадзяюся, пажыцьцёва) асудзіў тады й падобных алегорыяў ад слова «гора» пазьбягаць навучыўся б. А так разбэсьціўся, панімаеш...
18.
У тым сваім злашчасным сшытку «Джэнэрэйшн Юрап» я ўжо дваццаць гадоў таму пачынаў пісаць пра Галяндыю, куды з гэтым сшыткам упершыню й патрапіў дакладна памятаю, што маё ўражаньне ад яе тады было роўнае шоку, які змусіў мяне прачнуцца... не, лепей кажучы: электрашоку, які мяне дарэшты ўсыпіў і занурыў у стан поўнай апатыі й нацыянальнай абыякавасьці да жыцьця. З часам тая мая пісаніна пераўтварылася ў невялічкае эсэ, першае з напісаных мною па-ангельску не таму, што я так рана стаў канчатковым снобам, а таму што мая ўлюбёная выкладчыца ангельскай ува ўнівэры нам яго задала. Вельмі спадзяюся, што тое эсэ незваротна страчанае, як і сам сшытак калі б яно знайшлося, выявілася б ня толькі безьліч моўных памылак, гэта паўбяды, але чаго я баюся найбольш гэта што паводле зьместу яно нічым бы па сутнасьці не адрозьнівалася ад таго, што я пішу цяпер, а гэта ўжо, пагадзіцеся, сьведчаньне змарнаванага жыцьця і духоўнага застою як мінімум. А згадваю я пра ўсё гэта дзеля таго, каб «завяршыць гештальт»: рэч у тым, што мая галяндзкая госьця, спадарыня Марыя, якая ўважліва цяпер разглядае мяне з другога боку пісьмова-кухоннага стала, паводле нейкага дзіўнага выбрыку касьмічнай волі настолькі нагадвае зьнешне маю выкладчыцу ангельскай, што я адчуваю сябе на іспыце, а таксама тое, што зараз яго завалю. Абедзьве жанчыны падобныя тварам, векам, голасам, бездакорным брытанскім вымаўленьнем і нават жэстамі калі б я быў містыкам або алькаголікам, як раней, я б ужо ўчыніў якую сьлёзную сцэну з цалаваньнем рук а так я наколькі магу спакойна сяджу й раблю выгляд, што прыслухоўваюся да карысных жыцьцёвых парадаў, якія галяндзкая пара высылае ў мой бок цэлымі эскадрыльлямі камікадзэ.
Скажыце, а якія ў вас адносіны з суседзямі? працягвае пытацца ў мяне, нібы па экзамэнацыйным сьпісе, спадарыня выкладчыца. Вы часам не пакінулі некаму зь іх запасных ключоў на выпадак, што мы іх забудземся дома? І калі раптам у хаце нешта паламаецца ці ўзьнікне якая іншая праблема да каго з суседзяў нам найлепей зьвярнуцца?
У адказ я вымушаны паціснуць плячыма, адмоўна пакруціць галавой і яшчэ раз паціснуць плячыма. На жаль, за два гады бытаваньня ў новай кватэры я ўсталяваў добрыя стасункі пакуль толькі з суседзкім цюцькам. Аддаваць яму запасныя ключы я неяк не рызыкнуў, дый іх у мяне няма яны ў самога гаспадара. Аднак спадар гаспадар, на жаль, жыве далекавата ад Прагі, каб дазволіць сабе імгненна прыехаць адмыкаць маім гасьцям хату, таму на ўсякі выпадак раю ім ключоў дома ні ў якім разе не забываць. Магу таксама падказаць ім паблізу адзін недарагі тату-салён, дзе можна зрабіць сабе наколку з адпаведным «мэмэнта».
Галяндзкія госьці таксама круцяць галовамі й расчаравана ўздыхаюць: што ўжо зробіш, гэта і іхная памылка, маглі мне ўсё гэта загадзя напісаць па і-мэйле, а так дарэмна паспадзяваліся на мой здаровы сэнс...
Яны ж не ўяўлялі, што чалавек у сорак гадоў можа быць настолькі непрактычным, ды яшчэ й афэлкам.
З суседзямі варта падтрымліваць добрыя стасункі, настаўляе мяне Марыін муж. І калі вы чалец Дамбартэру асабліва. Яны павінны ведаць, хто, на як доўга й на якой падставе прыехаў да вас у госьці. Іначай можа здарыцца як у семдзесят дзявятым, калі адна пара з Бурбрыяку абмянялася зь сямёй з Сэрыньяну: сямя, на жаль, удзельнічала ў Дамбартэры ўпершыню, як і вы, і нікога не папярэдзіла пра тое, што замест іх у доме цягам трох тыдняў будуць жыць іншыя людзі. Дні праз два пасьля прыезду ў Сэрыньян пары з Бурбрыяку собіла пакінуць дома ключы, а паколькі запасных у іх не было, давялося лезьці ў хату праз досыць высокі плот. Пільныя суседзі адразу ж заўважылі, што нехта чужы спрабуе забрацца да суседзяў, і тут жа паведамілі пра гэты факт паліцыі. Гэтак бедных дамбартэраўцаў затрымалі як злодзеяў і павезьлі ў пастарунак. Даказаць, што яны ня злодзеі, а турысты, турысты ніяк не маглі, яны ж не былі нават замежнікамі ну хто б ім паверыў, што яны прыехалі ў госьці? Балазе, ім дазволілі зрабіць адзін тэлефонны званок тыя пазванілі сабе дадому, і сямя з Сэрыньяну, на шчасьце, аказалася ў іх дома. Паліцэйскі камісар з Сэрыньяну адразу ж пазнаў свайго земляка, зь якім неаднаразова хадзіў у бар гуляць у карты і дроцікі, па голасе. Пары прынесьлі ўрачыстыя прабачэньні, дапамаглі адамкнуць дом, а на наступны дзень у якасьці ганаровых гасьцей запрасілі на традыцыйнае гарадзкое сьвята.
То бок нічога страшнага ў выніку ня здарылася, удакладняю я гэткім пытальным тонам.
Не зусім, папраўляе мяне галяндзец. Як ні сьмешна, у перапынку між адездам пары з Бурбрыяку з Сэрыньяну і прыездам сямі з Сэрыньяну дамоў дом сямі з Сэрыньяну насамрэч абрабавалі. Паліцыя ў Сэрыньяне абвінаваціла, зноў-такі, пару з Бурбрыяку уяўляеце, другі раз за месяц запар! Гэтым разам ім пагражалі нашмат больш сурёзныя непрыемнасьці, аднак дзякуючы аднаму спрактыкаванаму сталічнаму сьледчаму, якому давялося цягнуцца па гэтай справе ажно ў Сэрыньян, урэшце ўдалося даказаць, што пад выглядам пары з Бурбрыяку дом сямі з Сэрыньяну абрабаваў сам сэрыньянскі паліцэйскі камісар, які быў вінаваты гаспадару дома значную суму, прайграную ў картах!
Кейс гэтак зваць галяндца замаўкае зь якімсьці трыюмфальным выразам уваччу, сэнс якога мне не зусім ясны. Мне што, на ўсякі выпадак даць ім нумар свайго адваката? На жаль, самае большае, што я магу гэта даць ім нумар свайго псыхіятра. Па-мойму, яны абое сасьпелі для ягоных паслуг.
19.
Мангайм, які лепей было назваць адразу Mayhemам жудаснае індустрыяльнае пекла зь некалькімі вайсковымі базамі ў навакольлі. Шэрыя натаўскія самалёты ляніва праплываюць у бясколерным небе. Горад аплецены столькімі аўтабанамі, што не заблукаць тут роўнае цуду. Праз гэта я шчыра дзякую Ахмэду за тое, што ён своечасова давёз мяне да месца наступнай стрэлкі дасьць Алах, яшчэ калі-небудзь сустрэнемся. Можа, ужо на зваротным шляху. Зычу яму посьпехаў у бізнэсе ў імя росквіту сацыяльнай дзяржавы й паразы так званай ісламскай.
Прыкольны чувак, гэты Ахмэд. Уласна, з мусульманамі я як сьлед не кантактаваў з самага ўцякацкага лягеру, дзе адзін зь іх (пакістанец? іранец? пуштун?) няўдала спрабаваў дзеля маладосьці маіх гадоў заляцацца да мяне ў прыбіральні але я на яго не крыўдаваў, сэксуальны голад ня цётка й ня дзядзька, я сам быў у той час гатовы паймець любую жывую істоту да жалю залётніка, абы толькі супрацьлеглага полу. Нашмат болей мяне раздражнялі тады дэвотныя багамольцы, што кожнага досьвітку ўставалі, каб асабіста пракантраляваць узыход сонца упэўнены, што Ахмэд гэта робіць таксама, але прынамсі бязь іхнага фанатызму.
19.
Мангайм, які лепей было назваць адразу Mayhemам жудаснае індустрыяльнае пекла зь некалькімі вайсковымі базамі ў навакольлі. Шэрыя натаўскія самалёты ляніва праплываюць у бясколерным небе. Горад аплецены столькімі аўтабанамі, што не заблукаць тут роўнае цуду. Праз гэта я шчыра дзякую Ахмэду за тое, што ён своечасова давёз мяне да месца наступнай стрэлкі дасьць Алах, яшчэ калі-небудзь сустрэнемся. Можа, ужо на зваротным шляху. Зычу яму посьпехаў у бізнэсе ў імя росквіту сацыяльнай дзяржавы й паразы так званай ісламскай.
Прыкольны чувак, гэты Ахмэд. Уласна, з мусульманамі я як сьлед не кантактаваў з самага ўцякацкага лягеру, дзе адзін зь іх (пакістанец? іранец? пуштун?) няўдала спрабаваў дзеля маладосьці маіх гадоў заляцацца да мяне ў прыбіральні але я на яго не крыўдаваў, сэксуальны голад ня цётка й ня дзядзька, я сам быў у той час гатовы паймець любую жывую істоту да жалю залётніка, абы толькі супрацьлеглага полу. Нашмат болей мяне раздражнялі тады дэвотныя багамольцы, што кожнага досьвітку ўставалі, каб асабіста пракантраляваць узыход сонца упэўнены, што Ахмэд гэта робіць таксама, але прынамсі бязь іхнага фанатызму.
Да загадзя вызначанага Макдоналдзу на ўзбочыне шашы, у якім я ўжо пасьпеў (каюся) выпіць кавы, падяжджае ня самая дарагая й новая «мазда» нашмат больш сьціплых за «супэрб» памераў, у якой ззаду сьпіць нейкі ці то кітаец, ці то карэец, а з-за руля ўздымаецца разьмяць ногі яшчэ адзін калі не тунісіец, то прынамсі араб альбо турак бачачы, як ён няўпэўнена азіраецца навокал, кіруюся адразу да яго: Балбатранс, да Трыру? О, так! радуецца мне кіроўца, як роднаму брату заходзь, будзь як дома, зараз паедзем! Толькі яшчэ ў Макдоналдз скокну, а то едзем з самай раніцы з самай Аўстрыі, ня піў ня еў ні халеры, выбачай ужо... Відавочна, у Макдоналдзе яму падабалася болей, чым за рулём (каб там ужо прадавалі галал?), праз што заплянаваная мною мімалётная экскурсія па старажытным Трыры пачала рабіцца ўсё мімалётнейшай, яшчэ нават не распачаўшыся: я вельмі сумняваўся, што на ягонай тачцы мы здолеем навярстаць затрымку, дый я б такія драндулеты наагул не пускаў на нямецкія аўтабаны, бо пры падвышанай хуткасьці яны пачынаюць трымцець, бы карцінка відэакамэры пры максымальным зуме, як кажа адна мая знаёмая, што мае такога ж «ганчака». Не разумею, як гэта гаспадарлівы мусульманін ня здолеў зарабіць сабе ў Нямеччыне (ну, хай у Аўстрыі) прынамсі на «мэрсэдэс»?
Усё ўрэшце тлумачыцца хай ня хутка, затое проста: кіроўцу зваць Мігэлем, ён ніякі не араб, а самы звычайны вэнэсўэлец, праз што мы лёгка знаходзім супольную мову, бо я тут жа пераходжу на сваю альма-матчыную, у выніку чаго Мігэлева сардэчнасьць, і без таго ўжо гранічная, падвышаецца яшчэ ў два разы: цэлы тыдзень, маўляў, не гаварыў па-гішпанску, калі не лічыць пары званкоў па «скайпе» сваёй нявесьце (па-нашаму проста дзяўчыне), бацькам, брату, цётухне, сябрам у Каракасе, Барсэлёне, Мадрыдзе, Маямі, Лондане... Ні ражна сабе, думаю, у яго знаёмых ён што, чалец нейкага міжнароднага наркакартэлю? Маўляў, на жаль не; ён проста палітычны ўцякач ад рэжыму нябожчыка Чавэса (цяпер Мадуро зайздрошчу Мігэлю, які, так бы мовіць, «дажыў да сьвітаньня»), такіх як ён па ўсім сьвеце багата, з аднаго іхнага прыгараду іх уцякло пад сотню, некаторыя праўда засталіся ў ЗША й Мэксіцы, а яго вось дакінула да самай Эўропы.