Нарэшце нехта, перад кім мне ня трэба хаваць ні свайго статусу, ні паходжаньня! ён дык дакладна ведае, што такое Белёррусья! а то! ані поглядаў на палітыку Расеі, якую ён ненавідзіць пасьля Вэнэсўэлы больш за ўсё ў сьвеце на гэтую тэму няма нават сэнсу заводзіць гаворкі. Дык як доўга ты ўжо тусіш у Эўропе, Мігэль? Цэлых пяць гадоў, ты сабе ўявіць ня можаш! Чаму не, магу. А чым уласна займаесься? Гішпанскую, мабыць, выкладаеш? Мігэль пазірае на мяне ледзь не абурана: якое там, дружа! Я пісьменьнік па мне што, ня бачна? Не, ну во дзе рэдкая ўдача сьвет малы, а сьвет Балбатрансу яшчэ меншы! Два, можна сказаць, пісьменьнікі ў адной машыне, ня лічачы сабакаеда! А я, не паверыш, вывучаў акурат васкую цудоўную (хаця ў асноўным аргентынскую) літаратуру! Дык не саромся, скажы ўжо і прозьвішча, можа і ты мне выпадкова трапляўся недзе ў запыленым бібліятэчным каталёгу, які ўсё ніяк не дыгіталізуюць, у нас на экзылянтаў на праскім факультэце асаблівая мода ...ах, Мігэль, лепш бы ты мне яго не казаў! (Зрэшты, і я нікому яго не скажу, абяцаю.) Чытаў я, чытаў адзін твой, так бы мовіць, «экспэрымэнтальны» постмадэрновы раманчык, да сёньня забыць не магу толькі вось што цяпер рабіць з такой надзейна настартаванай гутаркай? Ну, хіба скарыстаць яе ў навуковых мэтах можа, я яшчэ па вяртаньні паступлю ў асьпірантуру (а што? ідэя!) і напішу пра тваю творчасьць цэлую дысэртацыю, таму давай, апавядзі мне падрабязьней, для пачатку, зь якой ласкі ты падаўся ў Балбатранс матэрыял для новага раману зьбіраеш, га? Мігэль, натуральна, адмахваецца: кінь, мяне пазаўчорашні рэалізм не цікавіць, я з псыхадэлічнай школы проста грошы на бэнзін адбіваю, раз ужо ўсё адно матляцца па чытаньнях трэба, бо аўстрыйская творчая стыпэндыя невялікая, нават тачкі нармальнай ня купіш, немцы нашмат болей плацілі, у наступным годзе падаю на Швайцарыю, падцягну францускую, а там і на Францыю, даўно хацеў пажыць як чалавек у Парыжы, мяне туды Аррабаль з Хадароўскім, ды ці не з самім Ўэльбэкам ужо сто разоў клікалі, а каб яшчэ на францускую пераклалі наагул было б цудоўна, але ж гішпанамоўных аўтараў сёньня столькі, што іх ужо і ў Гішпаніі выдаваць не пасьпяваюць, пагатоў чытаць, дый там сваіх хапае, лацінаамэрыканскі бум даўно скончыўся, дзякуй яшчэ богу, што хоць літаратуразнаўцы з разумова адсталай Усходняй Эўропы па-ранейшаму цікавяцца... Як там у вас, між іншым, у Вышэградзе, зь пісьменьніцкімі стыпэндыямі? Дамамі творчасьці? Фэстывалямі? Не перакладзеш, дарэчы, мой апошні раман на чэскую? А мо славацкую? Ну ладна, прынамсі на беларускую? У вас жа там таксама ёсьць Саюз пісьменьнікаў? Пэн? Ёсьць, кажу, як ня быць, у нас нават два Пэны, адзін зь іх Юдаль. Прыяжджай, Мігэлю, у Менск, табе спадабаецца, там сярод табе падобных пісьменьнікаў такая псыхадэлія, што калі толькі назад у Вэнэсўэлу выпадкова ня выдадуць, то зробяць зь цябе там усясьветнага аўтара за дзьве пянкі, ганаровым чальцом у Пэн прымуць ды яшчэ й на Нобэля намінуюць, пабачыш, варта толькі адшукаць у цябе дзе-небудзь у васямнаццатым стагодзьдзі беларускія карані... Не, я ўсё-ткі лепей у Парыж, настойвае Мігэль, а дагэтуль у Жэнэву, буду хадзіць набірацца натхненьня на магілу Борхэса, які, між намі, вельмі пераацэнены аўтар, у нас у Вэнэсўэле сярод маіх карашоў ёсьць лепшыя, і наагул аргентынцы, не крыўдуй ужо, пісаць ня ўмеюць, ну проста як тыя рускія... Оўкей, Мігэль, а што ты думаеш пра неаргентынца Болянё? Ён жа ж таксама, памойму, пераацэнены, га? Мігэль выбухае сьмехам: Болянё? Ты пра што? Гэта ж поўны лузер! З гледзішча майго і вечнасьці! Не пасьпеў нават як сьлед нацешыцца з позьняй славы! Наагул, фактычна, прабіўся ўжо пасьля сьмерці ну не анэкдот? Дзе ён быў раней? На рабочы стол папісваў? Гэтак і я магу! Вось ты паспрабуй пры жыцьці яшчэ раскруціцца, асабліва сёньня, тады я на цябе пагляджу! О, стопэр прачнуўся!
Гэта ён пра азіята на заднім сядзеньні той, наколькі мог, сапраўды расплюшчыў вочы й цяпер імі лыпае, не разумеючы, відаць, дзе знаходзіцца. На маё вітаньне ён толькі ківае галавой, але па-ангельску яўна не разумее. Што за чувак?, пытаюся ў аднаго з вэнэсўэльскіх Борхэсаў а хрэн яго, маўляў, ведае, уебан нейкі, на халеру я яго наагул падбіраў, пераблытаў, думаў, які «кулі» кубінскі скульля, але раз спыніўся, то ўжо было ад яго не адбіцца... Дык ён не праз Балбатранс? Ды не, я ж кажу стопэр, спачатку ўсё казаў «Мун-Хен, Мун-Хен», а як даехалі да Мюнхену плаўна перайшоў на Гаагу. Ну як, добра выспаўся, аміго? Ні халеры ня цяміць. Кажу яму, грошыкі на бэнзін маеш? а ён толькі плячыма паціскае. Але я зь ім ні да якой Гаагі не паеду чуеш, уебан? у мяне сёньня ўвечары ў брусэльскім Інстытуце Сэрвантэса выступленьне з элемэнтамі пэрформансу, так што хай нават ня думае! Зрэшты, там да Гаагі недалёка калі што, пешкі дойдзе, раз ужо прыцягнуўся сюды з самых Філіпінаў ці адкуль...
20.
Адзін зь відавочных для мяне цяпер мінусаў Балбатрансу гэта адсутнасьць магчымасьці зьмяніць папярэдне абраны расклад, бо ўсё загадзя дамоўлена, пэўныя аўтамаркі пэўнага колеру чакаюць у пэўных месцах у пэўны час, кіроўцы на ўсякі выпадак збольшага нават не пакідаюць на сайце сваіх тэлефонаў, усё трымаецца «на чэсным слове», таму зрабі ласку, выяві пунктуальнасьць ужо ў наступнай машыне, калі яна нават паедзе прыблізна тым самым маршрутам, не абавязкова будзе для цябе месца, дык не затрымлівай, ну хіба на хвіліну-другую, іначай сам рызыкуеш затрымацца на дзень-другі ў якой-небудзь дупе, у людзей жа таксама пляны, яны ж бяруць такіх як ты цалкам дабраахвотна й за такі сьмешны кошт нічым табе не абавязаныя... Аднак для мяне гэты мінус нечакана ператварыўся ў тлусьценны плюс: тэарэтычна, я мог бы плюнуць на экскурсію ды ехаць з Мігэлем да самага Брусэлю ці прынамсі Льежу, калі б угаварыў яго крыху збочыць (а я б угаварыў) але ён настолькі дастаў мяне цягам дзьвюх гадзін ад Мангайму да Трыру, што я быў надзвычай удзячны заснавальнікам абодвух гарадоў за тое, што між імі ўсяго дзьвесьце кілямэтраў.
Не, ну бедны Рабэрто Болянё! Яшчэ пару гадоў таму я сам зь яго кпіў, нават парадыяваў а цяпер і мне, як яму, застаецца адзінае ўратаваньне: пісаць, пісаць навыперадкі з самім сабою, два, тры творы заразом... Зважаць на мастацкую якасьць ужо не застаецца часу. Дый гэта абсурдна пры такіх калегах-канкурэнтах, як Мігэль. А чым яшчэ заняцца, калі дактары ў адзін голас забараняюць вам піць? Гуляць у дроцікі? Цяпер ясна, што ўсе, бадай, так званыя пладавітыя аўтары, за выняткам камэрцыйных, пішуць не ад нейкага там празьмернага багацьця жыцьцёвых уражаньняў, а якраз ад іх недахопу. Таксама я раней памылкова лічыў, што алькагалізм стымулюе графаманію якая лухта! Наадварот, ён яе стрымлівае ў разумных межах, чыста фізычна не дазваляючы дапаўзьці штодня да кампутара. Хаця якія тут ужо разумныя межы, калі ў выніку мальтузіянскага крызісу колькасьць жывых пісьменьнікаў сёньня перасягае колькасьць мёртвых! Ну, прынамсі, паводле маіх падлікаў ці, згода ўжо, хутчэй адчуваньняў. Выглядае, што пераацанены ня толькі сам Борхэс, але й разьсягласьць ягонай Бабілёнскай бібліятэкі, якая як ніколі хутка набліжаецца да поўнага вычарпаньня. Скажам, да самага вынаходніцтва фсб улюбёная фраза постмадэрністаў «усё ўжо напісана» заставалася ўсяго толькі крыху эпатажным бон-мо. Затое цяпер! можна гугліць цэлыя фразы, абзацы, асобныя думкі! і ў некаторай з моваў сеціва вы іх абавязкова знойдзеце! Усё ўжо ня толькі напісана, але адразу й апублікавана! То бок заканчваюцца ня толькі прыродныя рэсурсы заканчваюцца рэсурсы моўныя! Адсюль капіталістычна-графаманская лёгіка: трэба як мага хутчэй пасьпець выцягнуць з радовішчаў мовы ўсе магчымыя камбінацыі узяць дзялянку, свае дзесяць сотак, і пачынаць капаць ужо ўчора! Шукаць, як той казаў, «золата часу»: ліхаманка, у параўнаньні зь якой Клондайк дзіцячы лепет! Якое тут нах мастацтва! Якая літаратура!
Як і прадказваў у свой час ангельскі футуроляг Люіс Кэрал, з інтэрнэтам мы прайшлі скрозь люстэрка і апынуліся на тым баку, дзе дзейнічаюць «адваротныя» нашым наіўным чаканьням законы, што такім адсталым ад жыцьця стыхійным анархістам як я здаюцца нічым ня лепшымі за законы фізычныя. З другога боку ну не было б гэтага сеціва, то пра што б я пісаў? Куды б і як паехаў? З кім бы абмяняўся хатамі? Ня плюй, як людзі кажуць, у калодзеж! Добра, ня буду сраць я хацеў у ваш калодзеж. Ну і сяру пэрыядычна, гэта факт. Дзякуй богу, што ён бяздонны й беспардонны. А вось узяў бы ды, сапраўды, прапанаваў юзарам: давайце ня толькі прафінансуем выданьне падарожнага дзёньніку разам, але й прыдумаем назву разам! Напішам пару разьдзелаў разам! І напісалі б, а што ты думаеш, і нават лепей атрымалася б, чым саматужна, сто пудоў. Якое наагул права маюць сёньня пісьменьнікі пісаць! самі! пагатоў пра сябе саміх! (Ну, напэўна, такое ж, як і заўжды ніякага.) Ды яшчэ й без уліку Ўсясьветнага Кантэксту, якім і ёсьць інтэрнэт! Дзе любы можа апавесьці пра сябе сам, і зусім ня горай! Няўжо мала іншых, па-сапраўднаму цікавых і грамадзка важных тэмаў, на якія людзям паспалітым ёсьць што сказаць у камэнтарах? Такіх як жыцьцё і сьмерць, каханьне й здрада, вайна і мір, пажадана ўсё гэта разам? (Глядзіце «Каханьне й сьмерць» Ўудзі Элэна.) Адгаворачкі ўсё гэта наконт клондайкаўскай бібліятэкі! Ці ж не павінны пісьменьнікі, напрыклад, як мухі на гаўно зьлятацца ў тыя ж гарачыя кропкі плянэты, якімі ад раніцы да вечара жыве сеціва, каб падаць журналісцкі аччот калі ўжо не пра сапраўдныя прычыны канфлікту, то прынамсі пра вытанчаныя (ад слова «танк») нутраныя перажываньні яго ўдзельнікаў? Дзе яны, сучасныя Талстыя, Гэмінгўэі, Рэмаркі, Сэліны, Барбюсы, Гарэцкія, Быкавы? Колькі з так званых сучасных пісьменьнікаў увогуле валодае зброяй, хай нелегальна? Колькі зь іх прайшло курс маладога байца? Не каб паставіць сваё жыцьцё на карту «ваенна-палявы бэстсэлер альбо сьмерць», калі ўжо ня здольныя своечасова зрабіць сабе рэкляму самагубствам замест гэтага яны, як тыя бухгальтары, цішком сядзяць ля сваіх «працоўных» сталоў, пад якімі несумненна пэрыядычна дрочаць, і пачытваюць ува ўсясьветным люстэрку аналягічна бяззубыя творы сваіх канкурэнтаў, шукаючы адказу на пытаньне «Whos the fairest of us all?» а заадно і сюжэтаў для сваіх сьпіжжаных мовавыдзяленьняў. І гэта мужыкі? Пацыфісты гробаныя! Злапідары! Нават сам патрыярх усіх гэтых інтраспэктыўных дэгенэратаў і дэзэртыраў Андруська Брэтончык і той падбягаўся на вайне, лечачы параненых у галаву псыхапатаў! Забыліся, што пачынальнікам эўрапейскага раману быў аднарукі вэтэран бітвы з туркамі, які паўжыцьця прасядзеў у палоне, а паў на зоне! (Гэта каторы сядзеў? Рабле? Ці можа Мантэнь? Нават і ня ведаў...) Усіх у Данбас! А то пазашываліся па творчых дамах! Ну ладна рускамоўныя каб перамагчы Гейропу, Расеі й непісьменьнікаў хопіць, хаця акурат расейскія валадары дум ніколі пізьдзілкай ня грэбавалі але як наконт усіх гэтых гамафілаў-русафобаў кшталту Мігэля, крыпта-някрыптамаць? Гоняць на Расею-матухну з замежжа, а самі супраць яе пальцам не варухнуць? Ану, выходзь, сцуко, на разы з Прылепіным! Ён табе пакажа псыхадэлічны рэалізм! Разьмяркуйцеся па камандах і на супрацьлеглыя бакі барыкад! А там ужо й пабачым: хто лепей напіша, той і перамог!