Не, ну бедны Рабэрто Болянё! Яшчэ пару гадоў таму я сам зь яго кпіў, нават парадыяваў а цяпер і мне, як яму, застаецца адзінае ўратаваньне: пісаць, пісаць навыперадкі з самім сабою, два, тры творы заразом... Зважаць на мастацкую якасьць ужо не застаецца часу. Дый гэта абсурдна пры такіх калегах-канкурэнтах, як Мігэль. А чым яшчэ заняцца, калі дактары ў адзін голас забараняюць вам піць? Гуляць у дроцікі? Цяпер ясна, што ўсе, бадай, так званыя пладавітыя аўтары, за выняткам камэрцыйных, пішуць не ад нейкага там празьмернага багацьця жыцьцёвых уражаньняў, а якраз ад іх недахопу. Таксама я раней памылкова лічыў, што алькагалізм стымулюе графаманію якая лухта! Наадварот, ён яе стрымлівае ў разумных межах, чыста фізычна не дазваляючы дапаўзьці штодня да кампутара. Хаця якія тут ужо разумныя межы, калі ў выніку мальтузіянскага крызісу колькасьць жывых пісьменьнікаў сёньня перасягае колькасьць мёртвых! Ну, прынамсі, паводле маіх падлікаў ці, згода ўжо, хутчэй адчуваньняў. Выглядае, што пераацанены ня толькі сам Борхэс, але й разьсягласьць ягонай Бабілёнскай бібліятэкі, якая як ніколі хутка набліжаецца да поўнага вычарпаньня. Скажам, да самага вынаходніцтва фсб улюбёная фраза постмадэрністаў «усё ўжо напісана» заставалася ўсяго толькі крыху эпатажным бон-мо. Затое цяпер! можна гугліць цэлыя фразы, абзацы, асобныя думкі! і ў некаторай з моваў сеціва вы іх абавязкова знойдзеце! Усё ўжо ня толькі напісана, але адразу й апублікавана! То бок заканчваюцца ня толькі прыродныя рэсурсы заканчваюцца рэсурсы моўныя! Адсюль капіталістычна-графаманская лёгіка: трэба як мага хутчэй пасьпець выцягнуць з радовішчаў мовы ўсе магчымыя камбінацыі узяць дзялянку, свае дзесяць сотак, і пачынаць капаць ужо ўчора! Шукаць, як той казаў, «золата часу»: ліхаманка, у параўнаньні зь якой Клондайк дзіцячы лепет! Якое тут нах мастацтва! Якая літаратура!
Як і прадказваў у свой час ангельскі футуроляг Люіс Кэрал, з інтэрнэтам мы прайшлі скрозь люстэрка і апынуліся на тым баку, дзе дзейнічаюць «адваротныя» нашым наіўным чаканьням законы, што такім адсталым ад жыцьця стыхійным анархістам як я здаюцца нічым ня лепшымі за законы фізычныя. З другога боку ну не было б гэтага сеціва, то пра што б я пісаў? Куды б і як паехаў? З кім бы абмяняўся хатамі? Ня плюй, як людзі кажуць, у калодзеж! Добра, ня буду сраць я хацеў у ваш калодзеж. Ну і сяру пэрыядычна, гэта факт. Дзякуй богу, што ён бяздонны й беспардонны. А вось узяў бы ды, сапраўды, прапанаваў юзарам: давайце ня толькі прафінансуем выданьне падарожнага дзёньніку разам, але й прыдумаем назву разам! Напішам пару разьдзелаў разам! І напісалі б, а што ты думаеш, і нават лепей атрымалася б, чым саматужна, сто пудоў. Якое наагул права маюць сёньня пісьменьнікі пісаць! самі! пагатоў пра сябе саміх! (Ну, напэўна, такое ж, як і заўжды ніякага.) Ды яшчэ й без уліку Ўсясьветнага Кантэксту, якім і ёсьць інтэрнэт! Дзе любы можа апавесьці пра сябе сам, і зусім ня горай! Няўжо мала іншых, па-сапраўднаму цікавых і грамадзка важных тэмаў, на якія людзям паспалітым ёсьць што сказаць у камэнтарах? Такіх як жыцьцё і сьмерць, каханьне й здрада, вайна і мір, пажадана ўсё гэта разам? (Глядзіце «Каханьне й сьмерць» Ўудзі Элэна.) Адгаворачкі ўсё гэта наконт клондайкаўскай бібліятэкі! Ці ж не павінны пісьменьнікі, напрыклад, як мухі на гаўно зьлятацца ў тыя ж гарачыя кропкі плянэты, якімі ад раніцы да вечара жыве сеціва, каб падаць журналісцкі аччот калі ўжо не пра сапраўдныя прычыны канфлікту, то прынамсі пра вытанчаныя (ад слова «танк») нутраныя перажываньні яго ўдзельнікаў? Дзе яны, сучасныя Талстыя, Гэмінгўэі, Рэмаркі, Сэліны, Барбюсы, Гарэцкія, Быкавы? Колькі з так званых сучасных пісьменьнікаў увогуле валодае зброяй, хай нелегальна? Колькі зь іх прайшло курс маладога байца? Не каб паставіць сваё жыцьцё на карту «ваенна-палявы бэстсэлер альбо сьмерць», калі ўжо ня здольныя своечасова зрабіць сабе рэкляму самагубствам замест гэтага яны, як тыя бухгальтары, цішком сядзяць ля сваіх «працоўных» сталоў, пад якімі несумненна пэрыядычна дрочаць, і пачытваюць ува ўсясьветным люстэрку аналягічна бяззубыя творы сваіх канкурэнтаў, шукаючы адказу на пытаньне «Whos the fairest of us all?» а заадно і сюжэтаў для сваіх сьпіжжаных мовавыдзяленьняў. І гэта мужыкі? Пацыфісты гробаныя! Злапідары! Нават сам патрыярх усіх гэтых інтраспэктыўных дэгенэратаў і дэзэртыраў Андруська Брэтончык і той падбягаўся на вайне, лечачы параненых у галаву псыхапатаў! Забыліся, што пачынальнікам эўрапейскага раману быў аднарукі вэтэран бітвы з туркамі, які паўжыцьця прасядзеў у палоне, а паў на зоне! (Гэта каторы сядзеў? Рабле? Ці можа Мантэнь? Нават і ня ведаў...) Усіх у Данбас! А то пазашываліся па творчых дамах! Ну ладна рускамоўныя каб перамагчы Гейропу, Расеі й непісьменьнікаў хопіць, хаця акурат расейскія валадары дум ніколі пізьдзілкай ня грэбавалі але як наконт усіх гэтых гамафілаў-русафобаў кшталту Мігэля, крыпта-някрыптамаць? Гоняць на Расею-матухну з замежжа, а самі супраць яе пальцам не варухнуць? Ану, выходзь, сцуко, на разы з Прылепіным! Ён табе пакажа псыхадэлічны рэалізм! Разьмяркуйцеся па камандах і на супрацьлеглыя бакі барыкад! А там ужо й пабачым: хто лепей напіша, той і перамог!
Усё гэта ў прынцыпе, відаць, праўда вось таму я, мабыць, о крый мяне хто можа, не пісьменьнік зь вялікай пэ з школьнага падручніка па нацыянальнай літыдэалёгіі. Які там ужо Данбас: у мяне нават не хапіла адвагі застацца ў Мігэлевай машыне і паспрабаваць хоць нешта высьветліць у таямнічага азіяцкага пасажыра: адкуль ён, навошта яму ў Гаагу, як сюды трапіў мо, ён таксама нейкі ўцякач ці нават дысідэнт, большы за нас зь Мігэлем разам узятых, ды хай сабе проста кітайскі турыст, які адбіўся ад групы ўдалечы ад сваёй амбасады а за такое ў іх па вяртаньні й пасадзіць могуць то ён зь пераляку й надумаўся канчаткова зьбегчы, папрасіць прытулку ў адной з шматлікіх азіяцкіх рэстарацый... Вось чалавек, які праз маю тыпова гейрапейскую нерашучасьць назаўжды застанецца эпізадычнай пастацьцю, і ніхто пра яго ніколі ўжо не напіша Мігэль, прынамсі, дакладна не. Што да вайны рацыя, я не пішу й не зьбіраюся пісаць пра вайну ў яе найболей вульгарнай форме, якая некаму можа здавацца «гераічнай», з адарванымі рукамі, нагамі й іншымі часткамі цела, сярод іншага таму, што прысьвячаць сябе гэтаму (у адрозьненьне ад самой вайны) настолькі ж бяспройгрышна, як займацца парнаграфіяй ці страляць рыбу ў бочцы, кажучы па-ангельску, і ўсё адно пішу, як мне нясьціпла здаецца, пра свайго кшталту вайну хай іншую, невідовішчную й невідочную, але штодзённую і, калі заўгодна, татальную тую, якая ёсьць працягам палітыкі невайсковымі сродкамі і зь якой, як ні круці, нашмат цяжэй дэзэртаваць прычым пішу акурат у спадзяваньні, што «гераічная» вайна ніколі ня стане адзінай тэмай літаратуры, тады як пра іншыя можна будзе прачытаць ужо толькі ў кніжках.
21.
У адпаведнасьці з сваім вупарскім пакліканьнем мая галяндзкая пара, што атрымала калісьці баявы хрост ад саміх неўміручых заснавальнікаў дамбартэраўскай дынастыі, высмоктвае зь мяне кроў ужо больш за гадзіну. Яны, мабыць, адчуваюць, што я ці то тупы, ці то ўпарты, у кожным разе ня надта паддаюся ўліваньням, мае закасьцянелыя за сорак гадоў мазгі не ўспрымаюць перасаджванага мне энтузіязму больш за ўсё іх турбуе тое, што такому непрактычнаму чалавеку яны вымушаныя, паводле заключанага ў інтэрнэце кантракту, даверыць свой дом, з чым, што праўда, асабліва не сьпяшаюцца. Акурат на тлумачэньне ўсякіх правілаў перасьцярогі й стырнаваньня іхнага аазісу бясьпекі ў незнаёмым мне фарватэры галяндзкіх джунгляў і сышла папярэдняя гадзіна, але ніводнага зь іх я пасьля Залатога ўжо ня здолеў запамятаць, бо ўвесь час, бы той Чэмбэрлен у Мюнхене, думаю пра тое, як бы мне папрасіць у новых гаспадароў маёй хаты дазволу запаліць ля вакна цыгарэту. На жаль, адказ мне загадзя ясны: адчыніць вакно яны мне не дадуць, бо здагадваюцца, што я мог бы зь яго выскачыць.
А вы сапраўды едзеце ў Галяндыю адзін? пытаецца, здаецца, спадарыня іхныя высокія старэчыя галасы я памалу перастаю адрозьніваць між сабою.
Што значыць «сапраўды»? не разумею я.
«Сапраўды» значыць, што так напісана ў кантракце, дапамагае мне зарыентавацца Кейс, але ці маеце вы намер трымацца яго ў гэтым пункце?
Урачыста клянуся, што я зьбіраюся трымацца кантракту ўва ўсіх пунктах, колькі б іх там ні было, і асабліва ў гэтым ён здаецца мне наагул самым лёгкім для выкананьня.
Дазвольце з вамі не пагадзіцца, ласкава пярэчыць Кейс. Вось вы кажаце, што ідзяце начаваць да сябра а што калі вы маеце ў пляне ўзяць з сабою ў вандроўку і яго? Адкуль нам ведаць, што гэта ня так?
Не, ну «да сябра» гэта я так няўдала выказаўся...
Можа, вы дасьцё нам ягоны кантакт? настойвае спадарыня Марыя.
У яго няма кантакту, адбіваюся я, як магу. Ён тут зусім ні пры чым.
Што ж, памятайце, што ў такім разе вы й толькі вы адзін несяцё адказнасьць за ўсё, што здарыцца.
Добра, нясу. А што можа здарыцца?
Усё што заўгодна.
Ці вы маглі б сустрэць некага па дарозе й захацець запрасіць гэтага некага ў НАШ дом, дадае Кейс.
Мог бы, рахмана пагаджаюся я, каб зрабіць ім прыемнасьць, але дасягаю адваротнага: вылупленых на мяне ў жаху вачэй.
Не рабіце гэтага ні ў якім разе! папярэджвае мяне мая выкладчыца ангельскай. Адкуль вы можаце ведаць, што ў першага-лепшага наўме!
Каб пазьбегчы такіх сытуацый у кантракце і прадугледжаны згаданы пункт: «Госьць ня мае права запрашаць гасьцей!», цярпліва тлумачыць Кейс. Прычым ужо з шэсьцьдзесят дзявятага году...
«Сапраўды» значыць, што так напісана ў кантракце, дапамагае мне зарыентавацца Кейс, але ці маеце вы намер трымацца яго ў гэтым пункце?
Урачыста клянуся, што я зьбіраюся трымацца кантракту ўва ўсіх пунктах, колькі б іх там ні было, і асабліва ў гэтым ён здаецца мне наагул самым лёгкім для выкананьня.
Дазвольце з вамі не пагадзіцца, ласкава пярэчыць Кейс. Вось вы кажаце, што ідзяце начаваць да сябра а што калі вы маеце ў пляне ўзяць з сабою ў вандроўку і яго? Адкуль нам ведаць, што гэта ня так?
Не, ну «да сябра» гэта я так няўдала выказаўся...
Можа, вы дасьцё нам ягоны кантакт? настойвае спадарыня Марыя.
У яго няма кантакту, адбіваюся я, як магу. Ён тут зусім ні пры чым.
Што ж, памятайце, што ў такім разе вы й толькі вы адзін несяцё адказнасьць за ўсё, што здарыцца.