Добра, нясу. А што можа здарыцца?
Усё што заўгодна.
Ці вы маглі б сустрэць некага па дарозе й захацець запрасіць гэтага некага ў НАШ дом, дадае Кейс.
Мог бы, рахмана пагаджаюся я, каб зрабіць ім прыемнасьць, але дасягаю адваротнага: вылупленых на мяне ў жаху вачэй.
Не рабіце гэтага ні ў якім разе! папярэджвае мяне мая выкладчыца ангельскай. Адкуль вы можаце ведаць, што ў першага-лепшага наўме!
Каб пазьбегчы такіх сытуацый у кантракце і прадугледжаны згаданы пункт: «Госьць ня мае права запрашаць гасьцей!», цярпліва тлумачыць Кейс. Прычым ужо з шэсьцьдзесят дзявятага году...
Зь сямідзясятага, дарагі, папраўляе яго жонка.
А па-мойму з шэсьцьдзесят дзявятага...
Не, у шэсьцьдзесят дзявятым адбылося тое, што адбылося, а сам пункт у фармулярах зьявіўся толькі ў сямідзясятым.
А, сапраўды, твая рацыя...
22.
Я нездарма абраў менавіта Трыр у якасьці прамежкавай мэты свайго падарожжа: сакрэт палявога шыняля ў тым, што я ўжо колькі гадоў запар дзіка мару (дрым фюрыёзьлі!) пабываць у Італіі, і гэтым разам ня толькі Паўночнай, а самай сапраўднай, рамантычнай, рымска-імпэрыяльнай, нягледзячы ні на якія кліматы й іншыя перашкоды адылі дагэтуль не знайшоў на гэта ні часу, ні лішніх грошай. А тут табе на: пасярэдзіне і Юрапу, і майго маршруту першая заснаваная рымлянамі ў Германіі калёнія, Трэвіза, апірышча лацінскай цывілізацыі ў бяскрайніх барбарскіх лясох, адзін з многіх раньніх крокаў на шляху самапераадкрыцьця чалавецтва, якое ўрэшце аказалася для пераадкрывальнікаў фатальным, як ужо бывае ў навуцы карацей, вось табе твой Рым, фактычна пад бокам, і ні ў якую Італію ехаць ня трэба. Тэрмы Канстанціна! Порта Нігра! Раманская базыліка! Басэйн Рэйну, франка-нямецкае памежжа сапраўдная артэрыя, ды што там, сам правобраз Эўропы, бо менавіта сюдой рымляне пасоўваліся да Паўночнага мора, таму пазьнейшыя нацыянальныя адрозьненьні тут нейкім дзіўным чынам сьціраюцца й сьціхаюць, у сьвятым жаху саступаючы месца велічным супольным падмуркам, закладзеным паўднёвымі волатамі, быццам нават сама так званая мяжа толькі выйшлая на паверхню жыла старажытнай пароды, месца геалягічнага насамрэч, гістарычнага разлому... Нездарма ж, воляю выпадку й прыроднага магнэтызму, акурат у гэтых краях нарадзілася столькі герояў майго асабістага пантэону! У Брусэлі Картасар, у Андэрнаху Букоўскі, у Гэерлене Бэрнгард... Вось жа і ў самім Трыры нарадзіўся адзін герой, якога я ўсё жыцьцё спрабаваў улучыць, нават па блату прапхнуць у гэты самы пантэон, збольшага на чужую рэкамэндацыю, але ён у выніку туды так і не патрапіў я пра Маркса, імем якога тут ня толькі названая вуліца, але й цэлы мадэльны дом (Модэгаўз Маркс!), ня лічачы дому малельнага, то бок ягонага роднага, цяпер музэю. Але на музэі ў мяне часу так ці йначай няма наступнае аўто чакае празь дзьве гадзіны, таму лахі пад пахі й наперад, удыхаць у сябе вакольную атмасфэру!
А вось і першы глыток! Якая ўдача! Мужчынскі хор акурат з Рыму! Толькі трэцяга! Хуярыць на ўсю яганаўскую «Кацюшу»! «Вочы чорныя»! «Падмаскоўныя вечары»! «Арэнбурскі пуховы платок»! «Севастопальскі вальс»! «Сьцёб ды сьцёб кругом»! «Сьценьку Разіна»!
«Уставай, страна агромная»! «Па далінам і па ўзгорям!»
«Утра красіт нейкім цьветам»! адкрываецца канцэрт гімнам СССР, а завяршаецца гімнам Расейскай ФІДЭрацыі. Прымаюцца й заяўкі: можа, «Мурку»? «Захадзіце к нам на аганёк»? «Владзімірскі цэнтрал»? А для дзетак «Аблака, белагрывыя лашадкі»? Як вам такі рэпэртуар, га, немчура? А газ расейскі, адкрыты яшчэ канкістадорам Ермаком, хаваць не западло? Не? Тады не бяды, і мюзак схаваеце... Што-што бля? «Лілі Марлен»? Можа, табе яшчэ «Горст Вэсэль Лід»? А ў ябала? Сваіх фашысцкіх песень не прадлагаць! Фром Раша ўіз лав, ту Раша ўіз лавэ... Дранг нах Вэстэн, нах!
Але сьпяваюць пры гэтым добра, амаль прафэсійна, не даябацца. Вось яна, вялікая праблема вялікай расейскай, калі ня ўсякай, культуры на экспарт: скалупнеш творча аформленую («пад Захад»!) калярова-фэшэнэбэльную абгортку, на якой буйнымі й залачонымі (а гэта ўжо «пад Усход») літарамі напісана «Дастаеўскі, Чайкоўскі, Стравінскі, Кандзінскі, Эйзэнштэйн, Платонаў энд Ко» (найвышэйшая Якасьць! праверана Часам! зацьверджана Мінкультам!) і адкрыеш для сябе ўсярэдзіне тоны а тоны досыць нясмачнага й па-савецку недапечанага, аднародна-гумавага цеста з карычневай начынкаю шакаляднай фабрыкі «КрымНаш». Каб усім гэтым не атруціцца, трэба быць або сапраўдным знаўцам усходніх тавараў, або пайсьці маім шляхам найменшага супраціву й прынамсі выпрацаваць на іх імунітэт у выніку папярэдне перанесенага (найлепш у дзяцінстве) лёгкага атручэньня.
Назіраючы з жахам, як мае падарожныя зацемкі, не пасьпеўшы пачацца, памалу й амаль незалежна ад мяне ператвараюцца ў паклёпніцкі антырасейскі памфлет, я ўсё болей пачынаю нагадваць сабе таго псіханутага рускага мужыка з аўтазапраўкі, які паводле звычкі «асымэтрычна» рэагуе на дробязі, што насамрэч ня вартыя асаблівай увагі. Імунітэт імунітэтам, а алергічны сындром у якасьці самаабарончага рэфлексу нікуды ня дзеўся і пазбавіцца ад яго тым цяжэй, чым меней застаецца магчымасьцяў схавацца ў родную бульбу ад паўсюднай прысутнасьці носьбітаў і сейбітаў Вялікай Расьсейшчыны, у якіх запялегаванаму цяплічнымі эўрапейскімі ўмовамі бульбашу адразу мрояцца калярады. Гэта, вядома, нацыяналістычна й непрыгожа, і ня толькі для, умоўна кажучы, інтэлектуала, але што зробіш, калі я яшчэ й патыпу пісьменьнік і калі фраза пра перасьледаванага параноіка не адстае ад мяне ні на крок ужо з 90-х а зь песьні, як кажа сам рускі народ, слова ня выкінеш... І пагатоў ужо не спрабуйце выкінуць з галавы мэлёдыю песьні, такой як, прыкладам, «Міліон алых роз», «Белые розы» ці «Сіреневый туман»... Эх, саўковае дзяцінства, усё там маё і я аттуда родам. А вось быў бы сапраўдным эўрапейцам мне было б на цябе глыбока насраць. Яшчэ й затанчыў бы пад «Кацюшу» на знак падзякі за вызваленьне.
Але, пры ўсёй павазе, я прыехаў у Трыр, як ні круці, ня танчыць пад расейскія песьні ў нямецкіх нацыянальных строях, а судакрануцца зь недасяжнай Італіяй без пасярэдніцтва піццэрыі. І зноў удача! акурат з Італіяй я ў парку каля Тэрмаў Канстанціна і сутыкаюся то бок з мужчынам у футболцы «скўадры аддзуры», яўна за мяне маладзейшым, і ягонай сямёй: двое дзяцей нешта сабе лямантуюць і бегаюць, жонка спрабуе ганяць іх то туды, то сюды, тым часам як муж трымаецца на адлегласьці і з тыпова сіцылійскай жэстыкуляцыяй спрабуе нешта некаму патлумачыць па тэлефоне. Калі б ён так не крычаў, я яшчэ хвілін дваццаць бы думаў, што гэта італьянцы але ж майго паскуднага веданьня італьянскай мовы, на жаль, хапіла на тое, каб пазнаць, што гэта зусім не яна. Ну дык і што, што не яна, а хутчэй альбанская або турэцкая гэта наадварот плюс, што сіцылійца ад ліванца на першы погляд немагчыма адрозьніць гэтак жа, як тунісійца ад вэнэсўэльца. Якраз у часы Пакс Рамана, то бок у пару пабудовы гэтых самых Тэрмаў, этнічныя адрозьненьні ў Эўропе ня гралі ніякай ролі, як і цяпер так што вось табе маеш свой поўны гештальт, па каторы й прыехаў. Любая абвостраная рэакцыя на нечаканы культурны элемэнт, хай падсьвядомая ці нават інстынктыўная, ёсьць зноў-такі дзяцінным перажыткам саўковасьці або наносам грунтоўнага нацыяналістычна-антысавецкага прамываньня мазгоў у пераходны пэрыяд. Ну скажы шчыра, хіба гэтыя мірныя людзі табе замінаюць? Га?
Шчыра? Ну добра, шчыра... Рэальна мне замінае толькі крыкасты мужык з тэлефонам, прычым замінаў бы нават тады, калі б быў сіцылійцам, беларусам або марсіянінам, а я японцам ці афрыканцам, нацыянальнасьць тут і сапраўды ролі ня грае. Усе дваццаць хвілін, цягам якіх я сьціпла спрабую разжаваць і праглынуць свае нарыхтаваныя на абед бутэрброды, ён ходзіць па парку крокам паўліна, перад самым маім носам, раз-пораз паглядаючы на мяне спадылба й цалкам ігнаруючы дзяцей з жонкай, і не перастае гаварыць па тэлефоне, перарываючыся самае большае на сэкунду-дзьве, каб «выслухаць» суразмоўцу то бок відавочна й заўзята некага прапясочвае й вучыць жыць, прычым на поўным сурёзе й бязь ценю ўсьмешкі: напэўна, раіць з вышыні свайго эўрапейскага досьведу, як трэба зарабляць бабкі, як знайсьці такую ж добрую, як у яго, жонку, дзе таньней набыць сабе новы айфон (ці што ў яго там за тэлефон галоўнае, каб не пераграваўся), як зрабіць так, каб нацыянальная зборная па футболе перамагла ў фінале тую ж «скўадру аддзуру», а мо й як трэба варыць рыс, я без паняцьця. Ясна толькі, што ён, мяркуючы паводле настаўленчага тону, у кожным разе звоніць да сябе на радзіму, а не ў суседні квартал ці горад, і размаўляе зь яшчэ маладзейшым за сябе мужчынам магчыма, братам, ці проста сябрам, бо з жанчынамі на вышэйпералічаныя тэмы не пагаворыш, усё гэта, апроч хіба рысу, ня іхнага носу проса. Хаця таксама магчыма, што ён проста дае парады маці, як трэба хаваць бацьку, або тлумачыць сястры, наколькі пазарэз яму раптам патрэбныя некалі пазычаныя ейнаму недарэку-мужу грошы.
Мяне заўжды дзівіла, як доўга здольныя некаторыя людзі вытрымліваць тэлефонную размову, як яны іх ня нудзяць і не стамляюць! Гэтак, гаспадыню-прадавачку адной праскай крамы я ніколі яшчэ ня бачыў без мабілу, у які яна не перастае пакрыкваць нават тады, калі бярэ ў вас грошы й выдае рэшту (заўжды дакладна). Ну добра, я яшчэ магу (прынамсі, паспрабую) паверыць, што ў людзей можа быць настолькі ўсеабдымнае паразуменьне й такое мноства супольных тэмаў але ж дзе бяруцца на такія доўгія, і асабліва міжнародныя гутаркі грошы? Гэта ўсё, відаць, дзякуючы нейкім падробным СІМкам у мяне самога калісьці, яшчэ да мабілаў, была ўва ўцякацкім лягеры так званая «вечная» тэлефонная картка, але я ёю не злоўжываў, бо ў нас жа, усходнеэўрапейскіх сэксістаў, бясконцыя тэлефонныя размовы лічацца прэрагатывай самотных жанчын і ўсё-ткі ніводная зь іх, паспрачаюся, не зраўнялася б у гаваркосьці з маім сіцылійцам, на якога я сам, прашу ўжо прабачэньня, зусім «не па-мужчынску» выдаткаваў столькі непатрэбных словаў. Лепей бы набыў сабе такі самы айфон, як у яго, і гады ў рады пазваніў бы, сапраўды, маці... Гэта ж толькі СІМкі бываюць «вечныя»...
Згода, згода: сіцыліец-сардзінец-карсіканец нашмат лепшы за мяне сын, унук, пляменьнік, муж, зяць, каханак, брат, сват, бацька, дзядзька, стрый, вуй, швагер, сябар, а галоўнае бізнэсмэн. Таму я, падеўшы, падымаю сваю пасаромленую сраку й прастую да выхаду з парку. Перад ім мяне на дэсэрт чакае наступная сцэна: гурт сіцылійцавых суайчыньнікаў заўзята пізьдзіць, пры нямым зьдзіўленьні й неўмяшальніцтве ладнай колькасьці прысутных абодвух палоў, яшчэ аднаго сіцылійцавага суайчыньніка, што, напэўна, павінна нагадаць мне на фоне Тэрмаў глядыятарскія баі. Тым часам як я на поўны лантух разважаю, дастаць мне ці не дастаць фоцік, каб назаўжды зафіксаваць гэтае кранальнае відовішча, нейкі малады паўголы нямецкі ёг рэзка выходзіць з мэдытацыі і з крыкам «Ом Мані Падмэ Хум» кідаецца сіцылійца ад сіцылійцаў бараніць, праз што тут жа атрымлівае ад іх па дрэдастае галаве й адыходзіць убок, у абдымкі сваёй дзяўчыны, таксама ягіні. Я прыходжу да высновы, што фоцік лепей не даставаць, і згадваю, што да наступнага Балбатрансу ўжо ўсяго гадзіна, а мяне яшчэ чакае ў гэтым засраным нямецка-фашысцкім Трыры адзін дужа важны інтэрас. Хвілін празь пяць, калі зьбіты нагамі з ног сіцыліец ужо супраціўляцца ня здольны, аднекуль з-за кустоў выскокваюць двое нямецкіх паліцыянтаў і ненавязьліва цікавяцца ў сіцылійцаў-пераможцаў, што тут уласна адбываецца. Ёг і ягіня спрабуюць давесьці мянтам, што пасіянарныя сіцылійцы акурат адмяцелілі сіцылійца, аднак сіцылійцы-нападнікі падымаюць адзінагалосны хай і паказваюць усімі пальцамі ўніз, на сіцылійца-лузера, які падступна іх заатакаваў і палову пакалечыў (некаторыя з гэтай нагоды нават падаюць на газон і ўдаюць перадсьмяротныя пакуты чым імгненна нагадваюць мне паводзіны ўсё тых жа футбалістаў перад судзьдзём забараніць гэты іхны тэлефутбол нахрэн, я даўно казаў). Крыху падумаўшы й ацаніўшы сытуацыю, мянты ўрэшце... нахіляюцца да адпіжжанага сіцылійца й надзяюць яму на рукі кайданкі! пасьля чаго выводзяць яго з парку: будзеш ведаць, як перашкаджаць суайчыньнікам бавіцца! Чырвоная картка! Таксама выведзеная, толькі ўжо з усясьветнай раўнавагі, пара ёгаў абачліва пакідае парк сама, пакуль іх не абвінавацілі ў расізьме. Мне ў гэтым сэнсе дык ужо няма чаго траціць, бо кожнаму, нават мне самому, цяпер відавочна, што я супраць сіцылійцаў нешта маю й за штосьці заўсёды іх недалюбліваў, таму і выставіў іх тут у гэткім досыць нефатагенічным выглядзе, як кагадзе расейцаў. У такім разе шчыра шкадую, што я, баязьлівец і дурань, іх для вас усё-ткі не сфатаграфаваў (хаця фатограф зь мяне ня лепшы, чым чалавек і мужчына: я здолеў сфоткаць толькі сцэну абшукваньня паліцыянтамі затрыманага) можа, тады б вы паверылі, што я не чалец «Пэгіды», а проста выпадковы сьведка ўсяго вышэйапісанага. Хаця наўрад ці. Таму хутчэй пяройдзем да наступнага разьдзелу.