Расея, як вядома, умее даць здачы й нікому вінаватай не застаецца: яшчэ пры жывым Айцу яна, дзякуючы свайму палітэканамічнаму (але далёка не марксісцкімі сродкамі дасягнутаму) уплыву, канчаткова разьлічылася з пазыкай і вярнула сьвету (у тым ліку «трэцяму»)... Маркса! Той, нібы бумэранг, вярнуўся ў Эўропу са сьвістам, пераможна і, трэба сказаць, своечасова, як процісродак (ці хутчэй прышчэпка) ад карычнева-цемрашальскага мору, і пасьля кароткага флірту Молатава з Рыбэнтропам насамрэч дапамог, на пару з рэанімаванай праваслаўнай верай, вывесьці стары кантынэнт з комы праўда, палова цела ў хворага так і засталася паралізаванай, але і гэта быў яўны прагрэс. Удзячныя эўрапейскія інтэлектуалы тут жа зноў ухапіліся за Марксаву бараду як за забытую ўлюбёную цацку і заўзята валындаліся зь ёю да самага жніўня 68-га году бо 18-ы, 21-ы, 30-ы, 33-ы, 35-ы, 37-ы, 39-ы, 40-ы, 44-ы, 54-ы, 56-ы й 57-ы за сурёзныя контраргумэнты не прызнавалі пасьля чаго асобныя зь іх нарэшце ня вытрымалі, плюнулі ды абвясьцілі сябе сьпярша «новымі левымі», а пасьля й «новымі філёзафамі», канчаткова прамяняўшы Маркса за Салжаніцына й постмадэрн. Урэшце дайшло да таго, што пад канец ХХ стагодзьдзя на кампутарызаваным Захадзе новым увасабленьнем найвялікшага генія ўсіх часоў стаў тыповы «монагістор» Айнштайн (аўтар іншай унівэрсальнай тэорыі, не без дапамогі якога вынайшлі чарговую, цяпер ужо атамную гільятыну), тады як колішнія народныя ўлюбёнцы й валадары дум Маркс з Энгельсам ператварыліся ў гэткі правобраз Бювара й Пэкюшэ ад палітэканоміі прызнаюся, апошнія двое ніколі не здаваліся мне задужа сьмешнымі, і ў іх ёсьць штосьці фаўстаўскае, але ж для спачуваньня гэтага ўсё-ткі малавата... Лічы, да самага новага тысячагодзьдзя ўканец састарэлы сівавалосы Маркс бадзяўся па дабрачынных прытулках акадэмічных устаноў (дзе з усіх катэдраў, апроч філязофіі, дый тое гегельянскай, яго нязьменна выкідалі, як і ягонага калегу-візыянэра Фройда з псыхалёгіі), прыкідваючыся ўсяго толькі прадстаўніком субкультуры гіпі і тут настаў... у каторы раз! уратавальны эканамічны крызіс! Эўрыка! Ану, дзе там наш языкаты трыбун, кудлаты Самсон, мітычны асілак Маркс? Тэрмінова выпісвайце ягоны мозг з моргу й кладзіце ў крыянічную ўстаноўку, крыніцу ўсіх нашых надзей на будучыню! Адкуль яго можна будзе пэрыядычна даставаць да канца веку, як дулю з кішэні! А вунь ужо і пралетарыі ў камуфляжных майках з надпісамі «ЮЭсЭй» і «Кока-Кола» (па якой пустэльні яны так доўга хадзілі?) цягнуцца роўнай чарадой з Поўдня, каб адпомсьціць за пераможаны Ўсход! Зараз яны гэтаму Паўночна-Заходняму капіталізму ўваляць па самы край! Ідзе ўжо ня проста вайна народная, а барацьба клясавая! Эўрафашыкі, гэты ўвасоблены Попыт на камфортны лебэнсраўм, традыцыйна лепей узброеныя, у тым ліку фальшывым пачуцьцём інтэлектуальнай і расавай перавагі але ж іх мала, і ім ужо няма куды ўцякаць а вось пралетарыям ёсьць! толькі наперад! да таго ж іх, як і ў айчынную, да халеры, і ім у прынцыпе ўсё адно, дзе й за што памерці! Няма чаго траціць, апроч ланцугоў на шыях! Перамога другіх прадвызначаная! а раз прадвызначаная, то вялікі Маркс, натуральна, ня мог яе не прадбачыць!
А вось я, у адрозьненьне ад марксістаў, не сьпяшаўся б называць сваіх калегаў-уцекачоў з Поўдня пралетарыямі у мяне падазрэньне (ці мо спадзяваньне), што яны ад сваіх айчынных пралетарыяў наадварот уцякаюць, прычым акурат у шырокія абдымкі спажывецкага грамадзтва. Усё залежыць ад таго, як разумець «пралетарыя». Паводле немарксісцкай старажытнарымскай тэрміналёгіі, пралетарый гэта той, хто мае адзіны капітал: біялягічны, то бок уласных дзяцей (гэтых самых «пролаў» такі сабе «дзетароб»), над якімі і ўладарыць, як іншыя над рабамі. Дзеці рымскага пралетарыя, натуральна, жывуць у голадзе й нястачы, горш за тых жа рабоў або скаціну але бацьку гэта ў прынцыпе глыбока да вагіны іхнай маткі-пралетаркі. Яму ўсё да вагіны. Сэкс забава беднаты! Дзяцей ён можа і прадаць, і проста на вуліцу выгнаць, а памруць ён новых сабе наробіць. Кожны сам за сябе! Выбарчага права ён ня мае, а калі й мае, то не карыстаецца бо што гэта яму дасьць? У рэспубліканскае войска рымляне яго не бяруць, бо яшчэ да Маркса добра ведаюць, што ў пралетарыя няма айчыны, таму й абаронца зь яго ніякі яму папросту няма чаго бараніць, не дзяцей жа, дый мець зброю ён сабе дазволіць ня можа, хіба што чужую ўкрасьці. Маўляў, толькі дайце яму арудзьдзе працы, і ён зямлю пераверне! ну, прынамсі, пакалупае, ён жа ж вам не вясковы ідыёт які-небудзь...
Насамрэч, рукі ў пралетарыя адвеку сьвярбяць не па арудзьдзі, якое ён ня ведае куды прыкласьці, і пагатоў не па працы аратая, а па аружжы, тады як срака сьвярбіць па прыгодах і далейшым дзетаробстве на ражна працаваць, калі можна экспрапрыяваць іншых? Як вясковых ідыётаў, так чужых (ну, да часу) багацеяў? Праз гэта першай пралетарскай рэвалюцыяй у гісторыі ёсьць так званыя вайсковыя рэформы Гая Марыя (107 г. да н. э.; другой быў, напэўна, «Народны крыжовы паход», які дзеля маркскіроўкі абзываюць «сялянскім»! яўна недаацэньваючы сялянства й яго сапраўдныя каштоўнасьці). Рэформы фактычна ствараюць першую эўрапейскую рэгулярную армію: рымскія пралетарыі валам валяць у новыя легіёны, упершыню сфармаваныя і ўзброеныя да зубоў не за прыватныя, а за дзяржаўныя грошы, а ўжо неўзабаве гэтыя легіёны (шкадуючы, што Карфаген разбурылі ўжо да іх) заваёўваюць Галію! Юдэю! Брытанію! Германію! Распаўсюджваюць культуру! І нішчаць іншыя! Перамагаюць рабоў! пралетарыі ў Рыме заўжды былі вольнымі якія мелі нахабства паўстаць на чале з Марксавым улюбёнцам Спартаком! А пад гэтую музыку яшчэ й абвяшчаюць Цэзара Цэзарам! Бывай, гробаная рэспубліканская дэмакратыя! Жыве дыктатура! Вось ён, правобраз «ударнай трудавой арміі» Троцкага! так і нястворанай, бо акурат «трудавой». Пралетарый і праца рэчы несумяшчальныя, а вось пралетарый і гвалт блізьнюкі-брація! менавіта таму адзіны магчымы камунізм ваенны. І так штораз: як толькі на арэну гісторыі выходзіць рэгулярнае войска ці то Карла Пятага, ці то Напалеона Першага разам зь ім туды ж вылазіць пралетарыят, што нязьменна абагаўляе свайго генэрал-правадыра! які досыць часта бывае здраднікам папярэдняй рэвалюцыі, пераважна сялянска-буржуазнай. Пралетарыю побаку, яму сапраўды няма чаго траціць, толькі не апроч кайданоў (гэта так, пафасная мэтафара), а апроч уласнай скуры вось яе ўжо ён з задавальненьнем прадасьць кожнаму! Хоць бы за пяць лыжак заціркі! Зірніце бліжэй на ўсіх гэтых канкістадораў, ляндскнэхтаў, апрычнікаў, янычараў, прыватыраў, штурмавікоў, эсэсаўцаў, энкавэдыстаў, парамілітарыяў! Адвечная мара ў пралетарыя адна зрабіцца шляхціцам! Пэнсіянэрам саюзнага значэньня! Таму ён і прэцца ў вайсковае саслоўе, мянтуру, гэбуху! Стварае цьвет любой дыктатуры! Гвалт павітуха гісторыі? То бок гэта і ёсьць прагрэс? Ну і што будзе, калі абяднаецца свалата ўсіх краін? Можна падумаць, яна дагэтуль не абядноўвалася! Пад рознымі лёзунгамі і з аднолькавымі мэтамі! Маўляў, давайце створым прафсаюз забойцаў з мэтай скасаваньня ўсіх забойстваў! Сапраўды, адкрыцьцё: калі арганізаваць навалач, з навалачы атрымаецца добра арганізаваная навалач! З дэклясаваных кляса! Дай толькі бог, каб ніхто ня даў ім вызваленьня!
То бок з гістарычнага гледзішча «пралетарый» не «прыгнечаны», а прыганяты, і пагатоў не «змагар», а найміт! салдат ад слова «сольдзі»! кшатрый! гопнік!
Так, эксплюатаваны! толькі не як раб ці прыгонны селянін, а мусова-дабраахвотна! праз адсутнасьць усякіх ідэй і фантазіі! У лепшым выпадку, то бок у «мірны» час на збольшага няпыльнай працы, дзе ён выяўляе сябе гэткім статыстам, шкоднікам, злодзеем і гультаём стаханаўскіх маштабаў, у горшым на гэтай самай «гераічнай» вайне, дзе ператвараецца ў рабаўніка, гвалтаўніка, садыста й галаварэза, а пасьля вайны, амаль аўтаматычна у Героя, новага шляхціца, пажыцьцёвага карыстальніка прывілеямі й карернага бюракрата, аднаго з шасьцісот тысяч памагатых тырана, якія насамрэч кіруюць тыранам, кажучы словамі Ля Боэсі. Лёгка ж зрабіцца зь Бювара прафэсарам Марыярці! (А падобныя замашкі ў Маркса былі, калі верыць Бакуніну. Вось толькі створаную ім на паперы непераможную Ўсясьветную Армію ўспадкавалі ўжо іншыя.) Каб крышку абяліць гэтых сваіх «перадавых» і «да канца рэвалюцыйных» (да канца скарбонкі хіба, ну няхай да канца прыватнай маёмасьці калі рабаваць ужо ня будзе чаго), Марксу давялося нават выдумаць «люмпэн-пралетарыят», то бок пакрыўдзіць ні за што цэлы слой асацыялаў, гэтых пост-арыстакратаў (сапраўдных парыяў), галоўнае адрозьненьне якіх ад пралетарыяў тое, што яны не баяцца ісьці на індывідуальны гвалт, тым часам як пралетарый, сцыкло ад прыроды, здольны да гвалту толькі ў вялікім натоўпе й толькі з дазволу «вышэйшай улады». (Таму, каб не расейская салдатня й матрасьня, чакаць пралетарскай рэвалюцыі давялося б яшчэ доўга.) І яшчэ асацыяла, у адрозьненьне ад пралетарыя, нашмат складаней купіць, бо ён звыклы жыць «сваёй галавой», а не чужой, хоць бы й Марксавай. Што да «клясавай сьвядомасьці», то яе здольная абудзіць і ўмацаваць у пралетарыях не эксплюатацыя й не змаганьне зь ёю, а толькі вайна й супольны ўдзел у «рэвалюцыі», то бок у тэроры супраць астатніх «клясаў», у тым ліку рабочага й сялянскага, якія ня толькі працуюць больш за іх, а апроч сьвядомасьці маюць яшчэ й сумленьне. Зрэшты, клясык і сам, аддамо яму на разьвітаньне належнае, на ўсякі выпадак заклікаў гэтых таварышаў падалей ад граху скасаваць усякія клясы ну, тыя і касавалі, як умелі, то бок касілі.
То бок з гістарычнага гледзішча «пралетарый» не «прыгнечаны», а прыганяты, і пагатоў не «змагар», а найміт! салдат ад слова «сольдзі»! кшатрый! гопнік!
Так, эксплюатаваны! толькі не як раб ці прыгонны селянін, а мусова-дабраахвотна! праз адсутнасьць усякіх ідэй і фантазіі! У лепшым выпадку, то бок у «мірны» час на збольшага няпыльнай працы, дзе ён выяўляе сябе гэткім статыстам, шкоднікам, злодзеем і гультаём стаханаўскіх маштабаў, у горшым на гэтай самай «гераічнай» вайне, дзе ператвараецца ў рабаўніка, гвалтаўніка, садыста й галаварэза, а пасьля вайны, амаль аўтаматычна у Героя, новага шляхціца, пажыцьцёвага карыстальніка прывілеямі й карернага бюракрата, аднаго з шасьцісот тысяч памагатых тырана, якія насамрэч кіруюць тыранам, кажучы словамі Ля Боэсі. Лёгка ж зрабіцца зь Бювара прафэсарам Марыярці! (А падобныя замашкі ў Маркса былі, калі верыць Бакуніну. Вось толькі створаную ім на паперы непераможную Ўсясьветную Армію ўспадкавалі ўжо іншыя.) Каб крышку абяліць гэтых сваіх «перадавых» і «да канца рэвалюцыйных» (да канца скарбонкі хіба, ну няхай да канца прыватнай маёмасьці калі рабаваць ужо ня будзе чаго), Марксу давялося нават выдумаць «люмпэн-пралетарыят», то бок пакрыўдзіць ні за што цэлы слой асацыялаў, гэтых пост-арыстакратаў (сапраўдных парыяў), галоўнае адрозьненьне якіх ад пралетарыяў тое, што яны не баяцца ісьці на індывідуальны гвалт, тым часам як пралетарый, сцыкло ад прыроды, здольны да гвалту толькі ў вялікім натоўпе й толькі з дазволу «вышэйшай улады». (Таму, каб не расейская салдатня й матрасьня, чакаць пралетарскай рэвалюцыі давялося б яшчэ доўга.) І яшчэ асацыяла, у адрозьненьне ад пралетарыя, нашмат складаней купіць, бо ён звыклы жыць «сваёй галавой», а не чужой, хоць бы й Марксавай. Што да «клясавай сьвядомасьці», то яе здольная абудзіць і ўмацаваць у пралетарыях не эксплюатацыя й не змаганьне зь ёю, а толькі вайна й супольны ўдзел у «рэвалюцыі», то бок у тэроры супраць астатніх «клясаў», у тым ліку рабочага й сялянскага, якія ня толькі працуюць больш за іх, а апроч сьвядомасьці маюць яшчэ й сумленьне. Зрэшты, клясык і сам, аддамо яму на разьвітаньне належнае, на ўсякі выпадак заклікаў гэтых таварышаў падалей ад граху скасаваць усякія клясы ну, тыя і касавалі, як умелі, то бок касілі.
Адным словам, нездарма ў Трыры стаіць ня толькі Марксаў дом-музэй, але пакуль яшчэ й рымская брама гэткі маўклівы напамін пра першапачатковы сэнс слова «пралетарый». Калі ж ля самога музэю нехта мясцовы, бачачы фоцік у вашых руках, спыняе хаду і ўпершыню падыходзіць да мэмарыяльнай шыльды, каб зразумець, што гэта вы ўласна фатаграфуеце, то ведайце акурат гэта пралетарый і ёсьць, незалежна ад ягонага паходжаньня, сіцылійскага ўжо там альбо не.
24.
У далёкім шэсьцьдзесят дзявятым годзе адвакат з Гомбургу выправіўся па дамбартэраўскім абмене ў Блёванд, у прыморскі дом тамтэйшай маладой сямі аднак дамоўленыя тэрміны вандроўкі былі скарэктаваныя на паўдарозе паломкай ягонага мінібусу, якая на два дні затрымала яго ў Ліпштаце. Гэтага часу адвакату, мужчыну ў найлепшым веку, хапіла, каб пасябраваць зь невялічкай групай юнакоў і дзяўчат зь іншай сямі, так званай «Рэйнбаў фэмілі», якія вандравалі ў тое лета па Эўропе паводле прыкладу сваіх амэрыканскіх аднагодкаў і аднадумцаў. Адвакату мела шчасьце дужа прыглянуцца адна зь дзяўчат, таму ў так званы разьвітальны вечар ён, пад уплывам тэстастэрону й канабіноідаў, прапанаваў усёй кампаніі суправаджаць яго ў Блёванд, дзе ў ягоным распараджэньні, маўляў, на цэлы месяц будзе вялікая прыватная хата. Качоўная моладзь, нягледзячы на позьні час і высокую ступень інтаксыкацыі, тут жа ацаніла патэнцыйныя выгады часовай страхі над галавой і іншых здабыткаў буржуазнага ладу жыцьця а ўжо на наступны дзень вясёлкавая сямя засялілася на месца сямі звычайнай. Гэтак у Блёвандзе зьявіўся адзін зь першых у Даніі сквотаў, тыповая гіпоўская камуна, якая дзякуючы тэлефоннай і полавай сувязі разрасталася з кожным днём. На другі тыдзень яе існаваньня ў госьці да сквотэраў на патрабаваньне суседзяў завітала паліцыя, толькі каб быць сустрэтай на парозе самаўпэўненым абдаўбаным адвакатам, што прадэманстраваў людзям у форме юрыдычна завераны дамбартэраўскі кантракт і прапанаваў на выпадак нейкіх пярэчаньняў зьезьдзіць да яго ў Гомбург па сьведчаньне саміх гаспадароў (схлусіўшы, быццам тэлефону ў яго там няма). Як толькі сямя з Блёванду атрымала ад паліцыі тэлеграму аб тым, што ў іхным нядаўна набытым коштам неверагодных працоўных высілкаў і банкаўскіх пазыкаў доме завяліся гіпі клічнік, сумленны бацька й муж адразу ж сеў на каня, а там і на самалёт, і яшчэ ўвечары парушыў спакой адэптаў свабоднай любові грукатам у дзьверы. На наступны дзень знэрваваная маладая жонка ў Гомбургу дачакалася тэлефоннага званка: муж паведамляў ёй радасную навіну, што паводле дамовы з адвакатам перадае прыморскі дом у вечнае ўладаньне камуны й раіць жонцы з малым як мага хутчэй вяртацца ў Блёванд, каб уліцца ў нашмат больш шырока зразуметую й колькасную сямю, бо свой дом у Гомбургу адвакат зьбіраецца неўзабаве прадаць дзеля пакрыцьця выдаткаў блёвандзкага фалянстэра. Кінуўшы слухаўку, бедная жанчына расплакалася, бо сама ня ведала, што ёй думаць: ці небарака муж зваряцеў пад узьдзеяньнем ЛСД, ці гіпікамуністы ўзялі яго закладнікам і пад пагрозай сьмерці прымусілі адмовіцца ад маёмасьці? Будучы вернай жонкай і адказнай маці, кабета схапіла пад паху дзіця й пакуль ня позна рынулася ў Блёванд, каб паспрабаваць вырваць каханага з чэпкіх шчупальняў прыблудных распусьніц і наркаманаў. Па прыбыцьці дзьверы ёй адчыніў сам гомбурскі адвакат, які сустрэў яе асабіста ўпершыню й мусіў тут жа прызнаць, што ніколі дагэтуль ня бачыў такога прыўкраснага анёльскага твару, дадаткова ўпрыгожанага рашучасьцю змагацца за сваё патрыярхальна зразуметае жаночае шчасьце да канца. Адвакат на месцы прапанаваў маладзіцы зь дзіцём паспрабаваць дасягнуць гэтага шчасьця разам, калі трэба разам з рукой і сэрцам, умомант перадумаўшы прадаваць свой дом у Гомбургу: за які месяц аднастайных групавых трыпаў і трахаў жыцьцё ў камуне добра яго задрала. Жанчыне і самой за гэты час досыць спадабалася ў Гомбургу, як спадабаўся й шырокі жэст гэтага мужнага чалавека яшчэ шырэйшай душы, таму яна пагадзілася на ягоную прапанову, вярнулася разам зь ім у Гомбург, падала на развод і ўрэшце дачакалася таго шчаснага моманту, калі ўсю «Рэйнбаў фэмілі» разам зь ейным здраднікам-мужам паступова перасаджалі за дробныя крадзяжы, бо выдаткі камуны вымагалі ад іх усё большай эканамічнай актыўнасьці ў навакольлі мястэчка. З таго часу новаствораная маладая сямя з Гомбургу выкарыстоўвае ўспадкаваны паводле пастановы суду дом у Блёвандзе ў якасьці лецішча і ня мае найменшых намераў прапаноўваць яго яшчэ некаму, назаўжды пакінуўшы ня толькі шэрагі чальцоў Дамбартэру, але й незабыўны сьлед у яго гісторыі ў выглядзе згаданага кантрапункту, то бок пункту кантракту.