Адным словам, нездарма ў Трыры стаіць ня толькі Марксаў дом-музэй, але пакуль яшчэ й рымская брама гэткі маўклівы напамін пра першапачатковы сэнс слова «пралетарый». Калі ж ля самога музэю нехта мясцовы, бачачы фоцік у вашых руках, спыняе хаду і ўпершыню падыходзіць да мэмарыяльнай шыльды, каб зразумець, што гэта вы ўласна фатаграфуеце, то ведайце акурат гэта пралетарый і ёсьць, незалежна ад ягонага паходжаньня, сіцылійскага ўжо там альбо не.
24.
У далёкім шэсьцьдзесят дзявятым годзе адвакат з Гомбургу выправіўся па дамбартэраўскім абмене ў Блёванд, у прыморскі дом тамтэйшай маладой сямі аднак дамоўленыя тэрміны вандроўкі былі скарэктаваныя на паўдарозе паломкай ягонага мінібусу, якая на два дні затрымала яго ў Ліпштаце. Гэтага часу адвакату, мужчыну ў найлепшым веку, хапіла, каб пасябраваць зь невялічкай групай юнакоў і дзяўчат зь іншай сямі, так званай «Рэйнбаў фэмілі», якія вандравалі ў тое лета па Эўропе паводле прыкладу сваіх амэрыканскіх аднагодкаў і аднадумцаў. Адвакату мела шчасьце дужа прыглянуцца адна зь дзяўчат, таму ў так званы разьвітальны вечар ён, пад уплывам тэстастэрону й канабіноідаў, прапанаваў усёй кампаніі суправаджаць яго ў Блёванд, дзе ў ягоным распараджэньні, маўляў, на цэлы месяц будзе вялікая прыватная хата. Качоўная моладзь, нягледзячы на позьні час і высокую ступень інтаксыкацыі, тут жа ацаніла патэнцыйныя выгады часовай страхі над галавой і іншых здабыткаў буржуазнага ладу жыцьця а ўжо на наступны дзень вясёлкавая сямя засялілася на месца сямі звычайнай. Гэтак у Блёвандзе зьявіўся адзін зь першых у Даніі сквотаў, тыповая гіпоўская камуна, якая дзякуючы тэлефоннай і полавай сувязі разрасталася з кожным днём. На другі тыдзень яе існаваньня ў госьці да сквотэраў на патрабаваньне суседзяў завітала паліцыя, толькі каб быць сустрэтай на парозе самаўпэўненым абдаўбаным адвакатам, што прадэманстраваў людзям у форме юрыдычна завераны дамбартэраўскі кантракт і прапанаваў на выпадак нейкіх пярэчаньняў зьезьдзіць да яго ў Гомбург па сьведчаньне саміх гаспадароў (схлусіўшы, быццам тэлефону ў яго там няма). Як толькі сямя з Блёванду атрымала ад паліцыі тэлеграму аб тым, што ў іхным нядаўна набытым коштам неверагодных працоўных высілкаў і банкаўскіх пазыкаў доме завяліся гіпі клічнік, сумленны бацька й муж адразу ж сеў на каня, а там і на самалёт, і яшчэ ўвечары парушыў спакой адэптаў свабоднай любові грукатам у дзьверы. На наступны дзень знэрваваная маладая жонка ў Гомбургу дачакалася тэлефоннага званка: муж паведамляў ёй радасную навіну, што паводле дамовы з адвакатам перадае прыморскі дом у вечнае ўладаньне камуны й раіць жонцы з малым як мага хутчэй вяртацца ў Блёванд, каб уліцца ў нашмат больш шырока зразуметую й колькасную сямю, бо свой дом у Гомбургу адвакат зьбіраецца неўзабаве прадаць дзеля пакрыцьця выдаткаў блёвандзкага фалянстэра. Кінуўшы слухаўку, бедная жанчына расплакалася, бо сама ня ведала, што ёй думаць: ці небарака муж зваряцеў пад узьдзеяньнем ЛСД, ці гіпікамуністы ўзялі яго закладнікам і пад пагрозай сьмерці прымусілі адмовіцца ад маёмасьці? Будучы вернай жонкай і адказнай маці, кабета схапіла пад паху дзіця й пакуль ня позна рынулася ў Блёванд, каб паспрабаваць вырваць каханага з чэпкіх шчупальняў прыблудных распусьніц і наркаманаў. Па прыбыцьці дзьверы ёй адчыніў сам гомбурскі адвакат, які сустрэў яе асабіста ўпершыню й мусіў тут жа прызнаць, што ніколі дагэтуль ня бачыў такога прыўкраснага анёльскага твару, дадаткова ўпрыгожанага рашучасьцю змагацца за сваё патрыярхальна зразуметае жаночае шчасьце да канца. Адвакат на месцы прапанаваў маладзіцы зь дзіцём паспрабаваць дасягнуць гэтага шчасьця разам, калі трэба разам з рукой і сэрцам, умомант перадумаўшы прадаваць свой дом у Гомбургу: за які месяц аднастайных групавых трыпаў і трахаў жыцьцё ў камуне добра яго задрала. Жанчыне і самой за гэты час досыць спадабалася ў Гомбургу, як спадабаўся й шырокі жэст гэтага мужнага чалавека яшчэ шырэйшай душы, таму яна пагадзілася на ягоную прапанову, вярнулася разам зь ім у Гомбург, падала на развод і ўрэшце дачакалася таго шчаснага моманту, калі ўсю «Рэйнбаў фэмілі» разам зь ейным здраднікам-мужам паступова перасаджалі за дробныя крадзяжы, бо выдаткі камуны вымагалі ад іх усё большай эканамічнай актыўнасьці ў навакольлі мястэчка. З таго часу новаствораная маладая сямя з Гомбургу выкарыстоўвае ўспадкаваны паводле пастановы суду дом у Блёвандзе ў якасьці лецішча і ня мае найменшых намераў прапаноўваць яго яшчэ некаму, назаўжды пакінуўшы ня толькі шэрагі чальцоў Дамбартэру, але й незабыўны сьлед у яго гісторыі ў выглядзе згаданага кантрапункту, то бок пункту кантракту.
25.
У агульнай суме я правёў у Трыры ня больш часу, чым у кінатэатры, трапіўшы на кіно не ў маім, мякка кажучы, гусьце і гэта мяне яшчэ чакаў гэпі-энд з субтытрамі! Перад крамай, куды я ішоў набываць у дарогу чарговую бутэльку вады, мяне ўжо, як на злосьць, каравулілі мясцовыя гопнікі. (Я чуў вашае пытаньне! Адказваю: так, сіцылійцы! Радуйцеся!) Гопнікаў было трое. Пазнаўшы ўва мне па вачах арыйца й антысіцылійца, яны тут жа спынілі мяне зразумелым кожнаму беларусу нямецкім словам «Гальт!». Перад маймі вачыма ў той момант праімчала некалькі стужак айчыннага «Партызанфільму» й нядаўняя сцэна ў парку. Без усякага супраціву я ўзяўся здымаць з шыі камэру з фоткамі Марксавага дому, якія наіўна быў зьбіраўся адправіць бацьку, як тут гопнікі мяне перапынілі й загадалі: сьпярша здымі нас, маўляў, на памяць! пасьля чаго абняліся за плечы і вышчэрылі белыя зубы проста ў мой абектыў. Такога вытанчанага садызму не прыдумалі б нават «партызанфільмаўскія» сцэнарысты. Я ўжо вагаўся, ці не паўтарыць мне подзьвіг юнака з «Камсамольскага білету» Куляшова, настолькі мне зрабілася горача, але ўсё-ткі было цікава, што будзе далей, таму я шчоўкнуў іхныя задаволеныя пысы так добра, як умеў. «І што зараз?», пытаюся. Зараз усе трое падскочылі да мяне й пачалі разглядаць здымак на дысплэі фоціку, ляпаць мяне па плячах, маўляў, добра атрымалася, малаток, шчыры дзякуй а сам адкуль, што толькі па-ангельску? О, Прага! кул! Ну, як табе ў нас у Трыры, падабаецца? Я ўжо і сам ня ведаў, што ім адказаць, бо настолькі простага й сяброўскага абыходжаньня ад гопнікаў не чакаў ні біць, ні рабаваць яны мяне не зьбіраліся, нават не прасілі, каб я даслаў ім імэйлам фотку яны ж, маўляў, яе ўжо бачылі, навошта ім яе яшчэ мець... Не, такіх духоўных і падкаваных па Фроме гопнікаў я яшчэ нідзе не сустракаў ні ў Юрапе, ні ў нас на Ўсходзе. Адным словам, гэпі-энд крануў мяне ледзь не да сьлёз, як ужо бывае ў якасных галівудзкіх фільмах. Мне нават стала шкада, што я так заўчасна вымушаны зьехаць з Трыру, дзе мне ўсё-ткі ўдалося сфатаграфаваць сваіх сіцылійцаў, да таго ж нашмат больш фатагенічных, чымся ў парку.
Ну ці ж мог я пасьля такога яшчэ й спадзявацца, што мой чарговы кіроўца таксама будзе досыць фатагенічным! больш таго, нават фатагенічнай! немачкай гадоў дваццаці! Не разумею, як можна такім маладым людзям выдаваць правы! І як яны пасьпяваюць іх так хутка атрымаць! Я нават пабаяўся сьпярша залазіць у ейнае «ЭсЮВі», бо не хацеў, як мачыст і эйджыст, даць веры, што гэтая крохкая дзяўчына здолее ўтрымаць у сваіх пяшчотных ручках кіраваньне такой здаравеннай тачкай! Але ж дамова ёсьць дамова: асьцярожна, дзьверы зачыняюцца, толькі замком вось ня трэба бразгаць, наступны прыпынак Льеж. Такса за праезд восем эўра.
Як я ўжо зразумеў цягам дня, у Балбатрансе, у адрозьненьне ад таксі, а пагатоў аўтобусу, прынята з кіроўцам ня толькі балбатаць, але й знаёміцца да чаго мяне ў гэтым выпадку асабліва й ня трэба было прымушаць. Пагадзіцеся, што яшчэ перад узьлётам варта ўсё-ткі як мага болей даведацца пра пілёта прыватнага лятака, які абяцае паказаць вам неба прыкладам, ці здолее ён, калі што, прызямліцца. Дык кажаш, цябе зваць Імке? Фон Трыр? (Ха-ха, а ты дасьціпны! Дзякуй. Умею ж, калі прыпрэ!) Не, маўляў, з-пад Франкфурту, але бацькі цяпер жывуць у Саарбрукене, яна ж кагадзе паступіла ўва ўнівэрсытэт і жыве ў Гайдэльбэргу. Ваў! У Гайдэльбэрскі ўнівэрсытэт? Ну так, які ж іншы. Не скажы, ёсьць і іншыя... А вучысься на каго? Мэнэджэрку якую, напэўна? Эканамістку? Чаму менавіта эканамістку? Ды так, машына твая навеяла... Машыну бацькі набылі, як бы мне ў падарунак на дзень заканчэньня школы, толькі я ёю рэдка карыстаюся, збольшага ўлетку, у Гайдэльбэргу яна мне без патрэбы, у мяне там ровар ёсьць, ну хіба калі дамоў ежджу, то зручна, але гэта ня часта. Во як, бацькі, значыць, заможныя... Ды не асабліва, але ўласную фірму маюць, могуць сабе дазволіць падбаць пра доччыную бясьпеку на аўтабане, у такім «джыпе» яна як у танку то бок і я таксама, доўнт ўоры. А вось акурат ёй самой, маўляў, лішнія грошы не зашкодзяць, ня ўсё ж у бацькоў прасіць, таму й закінула сваю інфу на Балбатранс, да таго ж ёй карысна знаёміцца з рознымі новымі людзьмі, ужо дзеля абранага кірунку веды... Дык што ж ты там вывучаеш? Ну ўгадай! Добра... творчае пісаньне? Не! Сьвятое? Ані блізка! Жаночую эмансіпацыю? Цяплей. Стадыі джэндэру? Гарачэе. Я яшчэ не ўгадаў? То гісторыю? Пфф! Здаюся! Сацыялёгію! Божа, ну я й тупы. І кім будзеш? Напэўна, сацыёлягам? Неабавязкова. Мо, проста сацыяльнаю працаўніцай. Ці ў палітыку пойдзеш. Анягож! Ты што, анархістка? Не, я яшчэ ня вызначылася. Пакуль без канфэсіі. Бачыш, і я таксама. Толькі не пакуль, а ўжо. (Пачынаю адкрыта какетнічаць.) А раней кім быў? Раней? Належаў да аўтафэкальных ўудыстаў. Ух ты! ня чула... Нядзіва. А цяпер улетку што робіш, Імке? Падарожнічаеш? Ну так, калі дакладна, еду да аднакурсьніцы зь Льежу, падбяру яе й паедзем адпачываць. Не ў Галяндыю, часам? Ага, дык ты ў Галяндыю? У Амсьцік? Так, у тым ліку. От, шайзэ! Што здарылася? Здаецца, не туды павярнула. Цяпер едзем на Люксэмбург. Гэта я цябе забалбатаў, выбачай... Ды не, гэта ты выбачай. Такі абезд... Не бяды, я ў Люксэмбургу яшчэ ніколі ня быў. Хаця пару знаёмцаў там маю, працуюць між іншым у эўраструктурах, перакладчыкамі. А ты сам хто па прафэсіі? Я? Цяпер, лічы, ніхто. Беспрацоўны? Лепш будзе сказаць уцякач. (Пачынаю какетнічаць па максымуме.) Уцякач?! Ня бойся, Імке, я ўжо даўно легалізаваны, прышчэплены й нават асыміляваны прынамсі, у Чэхіі. Ды я не баюся, наадварот уяві, я яшчэ ніколі ўцекача жывога ня бачыла! Толькі на фотках. А я дык на фотках бачыў толькі мёртвых... (Гэта я дарэмна.) Нічога сьмешнага ня бачу. (Дакакетнічаўся.) Прабач, гэта называецца чорны гумар... Перастань, а то высаджу! Усё, больш колераў згадваць ня буду, абяцаю... Што зробіш, я ж з усходу... А дакладней? Ну, як табе сказаць... Можа, чула пра такую краіну, Вайсруслянд? Гэй, ты абяцаў, што больш колераў згадваць ня будзеш! Вон з маёй машыны! Ха-ха, зірні на сябе ў люстэрка! Ну так, сапраўды, крыху зьбялеў... Удала ты мяне падкалола, не чакаў. Вось бачыш, як ты мяне недаацэньваеш! Маўляў, «ці чула пра такую краіну»! Ага, дык ты там была? Ну, не бяды, я сам там даўно ня быў. Быць не была, але са мною вучыцца пару чалавек беларусаў. О, нават пару! Так, і шмат пра Беларусь расказвалі! Патрыёты! З Патрыятычнага зьвязу! Так я і думаў... Патрыя ад слова патэр. І што казалі што «ўсходняя Швайцарыя»? Тады і праўда, на халеру туды ехаць, калі заходняя пад бокам можна і там сабе ўяву стварыць. Дык а ты чаго туды ня езьдзіш? Куды, у Швайцарыю? Бо там дорага. Ну не прыкідвайся дурнем... На бацькаўшчыну? Не, ну я ж кажу, што я ўцякач... Чакай, дык гэта быў ня жарт? Ну а чаму жарт? Таму што я ўяўляла сабе ўцекача крыху іначай. Хаця ў прынцыпе, калі падумаць, ты падобны. Дзякуй на добрым слове. То давай, хопіць прыбядняцца, расказвай, чаго ты ўцёк. Дарога яшчэ доўгая. Так, асабліва празь Люксэмбург...
26.
Быць легальна й паводле магчымасьці назаўжды пазбаўленым ад абавязку ўдзельнічаць у штодзённым айчынным маразьме адзіны плюс, які выплывае для мяне зь юрыдычнага тэрміну «ўцякач». Аднак, каб насіць яго ў Юрапе з сапраўдным гонарам, трэба ўцячы як мінімум з-пад куляў, ад голаду ці эболы таму я ніколі, як ні парадаксальна, да гэтай сацыяльнай групы не прымазваўся, аддаючы перавагу самаазначэньню «эмігрант». Розьніца, памойму, нават ня ў кулях, а ў тым, што эмігрант зьяжджае з уласнай волі й пераважна адзін, і матывы ягонага адезду, як матывы дзеяньня любога канкрэтнага чалавека досыць няўцямныя зь першага погляду, у адрозьненьне ад матываў перамяшчэньня вялікіх народных масаў, у якія яго дзеля зручнасьці імкнуцца запісаць па прыбыцьці, хаця сам ён прагне якраз ня столькі «статусу», колькі магчымасьці адбіцца ад статку. Праз гэта мяне, калі шчыра, ніколі асабліва не цікавіла як зьява, прыкладам, беларуская сялянская эміграцыя, даваенная ўжо там ці ваенная, апалітычная ці палітычная назаві яе як хочаш, а сутнасьць яе застанецца тая ж: мусова-заканамерная. У пэрыяд глябалізацыі, трэба сказаць, сялянская эміграцыя набыла нечуваныя дагэтуль маштабы бо сам сьвет сапраўды стаў глябальнай вёскай, а не глябальным горадам, як уяўлялася некаторым. Калі нехта параўноўвае сёньняшнюю сытуацыю зь пярэдаднем падзеньня Рымскай імпэрыі, то іхная рацыя ў адным: Рым, што нарадзіў Эўропу й Захад як такі, ператварыўся сваімі собскімі сіламі, то бок яшчэ да ўсякіх барбараў, зь Вечнага гораду ў Субуру, гэткі вечны прыгарад уласнаручна створанай імпэрыяльнай Вёскі. А ўжо ў наш час не пралетарыі, а сяляне ўсіх краін здабылі гэты касмапалітычны прыгарад, і ня штурмам, а спрадвечнай вясковай хітрасьцю й практычнасьцю, пасьля чаго, апынуўшыся ў дастатковай крытычнай масе, дзеля зручнасьці падзялілі яго... на вёскі! Ці на «раёны» акурат як у часы майго дзяцінства. (Дзякуй, вядома, што не зрабілі зь яго пашу для коней, як іхныя пралетара-мангольскія папярэднікі бо гэта ўжо з гаспадарчага гледзішча далёка ня так прыбыткова, як гандаль.)