27.
Ну не, раз пра тое зайшло, мне таксама ёсьць што апавесьці сваім галяндзкім гасьцям, я таксама жыў нейкі час на сквоце і пару разоў езьдзіў быў па абменах, яшчэ зь Беларусі, і ня толькі ў Галяндыю, але гэта азначала б запозьнена прызнацца, што я ня чэх (шок!) і ўнесьці ў іхную ўжо сфармаваную ўяву пра мяне элемэнт няпэўнасьці чаму я ўласна затаіў перад імі сваё паходжаньне? Мяне што, шукае Інтэрпол? Ат, ня бойцеся, ніхто мяне даўно не шукае, было б за што, нават тая ж былая жонка ўжо ня згадвае на народзіны ні на мае, ні на Хрыстовыя... У прынцыпе, які ім наагул клопат да майго паходжаньня, я чалавек бяз пашпарту, дый наўрад ці ў Дамбартэры мая родная краіна кімсьці прадстаўленая, хаця зьезьдзіць туды я б ім адназначна парэкамэндаваў, яны былі б зьдзіўленыя, наколькі яна не саступае Юрапу ў адноснай дарагоўлі жыцьця, а ў чысьціні дык і далёка пераступае, да таго ж там у нас, як і ў Галяндыі, таксама манархія...

А вы часам не зьбіраецеся далучыць да абмену некага трэцяга? перарывае мае летуценьні аб бацькаўшчыне спадарыня Марыя.
Гэта як? не разумею я. Хіба нас ужо ня трое?
Уласна, гэта тое, што ў эканоміцы і называецца
«сўоп», «тлумачыць» мне Кейс. Вы дамаўляецеся пра абмен з намі, а паралельна з кімсьці трэцім, якому прапаноўваеце на той жа час ужо не сваю, а нашую хату, тым часам як сам едзеце гасьцяваць не да нас, а да яго.
На халеру? прыкідваюся я яшчэ тупейшым, а сам пачынаю шкадаваць і дакараць сябе, што ні да чаго падобнага раней не дадумаўся сапраўды, мог бы паехаць цяпер не ў Галяндыю, а ў тую ж Італію, калі б быў знайшоў там нейкага аматара якаснай легальнай шнягі, якога падсяліў бы замест сябе да сваіх гаваркіх пэнсіянэраў...
Найлепш будзе патлумачыць гэта на прыкладзе, пастанаўляе Кейс, амаль па-бацькоўску зьлітаваўшыся з маёй някемлівасьці. У дзевяноста другім годзе мастак з Форхдорфу ў пару чарговага творчага крызісу дамовіўся пра абмен з сужэнскай парай з Бэмбібрэ, таксама актыўнымі дамбартэраўцамі й пэнсіянэрамі, якія не падазравалі, што дагэтуль ён доўгі час вёў перамовы зь іншым дамбартэраўцам, інжынэрам з Кадройпо, угаварыць якога на абмен мастаку ўсё ніяк не ўдавалася, бо той меў зашмат прэтэнзій і патрабаваньняў да жытла, ваколіцаў і самой краіны пражываньня мастака. Той урэшце на інжынэра плюнуў і аддаў перавагу пэнсіянэрам, у дом якіх яму ехаць ня надта хацелася, але перамена месца была яму неабходнай як перамена клімату атрымаўшы па пошце ключы ад іхнай хаты, мастак раптоўна ўсьвядоміў, што тая, паводле папярэдніх зьвестак, збольшага адпавядае завышаным чаканьням інжынэра, якіх уласная халасьцяцкая хата мастака ніяк не магла задаволіць. Тады ён зноў пазваніў у Кадройпо і прапанаваў інжынэру пажыць ня ў Форхдорфе, куды ўжо зьбіралі валізы пэнсіянэры з Бэмбібрэ, а ў саміх пэнсіянэраў, на што інжынэр пасьля хвіліннага роздуму над назвай мясьціны (у перакладзе «Добрая жытка») урэшце пагадзіўся. Мастак быў на сёмым небе ад шчасьця і адразу ж выправіўся ў Кадройпо, каб асабіста перадаць інжынэру атрыманыя ад пэнсіянэраў ключы й інструкцыі. Інжынэр быў лёгкім на падём спрактыкаваным вандроўнікам і таксама ня спаў у шапку: пакуль мастак быў дамаўляўся з пэнсіянэрамі, ён сам абмяркоўваў магчымасьць абмену з адным маладым і прагрэсіўным сьвятаром з Шавіньі, якому працоўных вандровак па лініі Ватыкану было недастаткова інжынэр прагнуў экзотыкі, а абмен са сьвятаром быў ягоным адзіным шансам пажыць ня проста ў доме, а ў біскупскім палацы. На жаль, сьвятар ні ў якім разе не хацеў ехаць у Кадройпо, дзе ўжо пабываў быў пару гадоў таму, а вось прапанова наведацца да інжынэра ў Бэмбібрэ, то бок уласна да пэнсіянэраў, здалася яму вельмі прывабнай. Нават не даехаўшы да Бэмбібрэ, інжынэр зрабіў тое самае, што перад гэтым мастак, то бок сам завёз сьвятару ў Шавіньі ключы і інструкцыі ад пэнсіянэраў, якія тым часам адпачывалі ў Форхдорфе і зусім не здагадваліся пра тое, што іхная хата, так бы мовіць, пайшла па руках усяе дамбартэраўскай Эўропы. Недзе на трэці дзень іхнага позьняга мядовага месяцу ў хаце мастака ў Форхдорфе зазваніў тэлефон, і невядомы мужчына настойлівым голасам запатрабаваў да слухаўкі гаспадара. Пэнсіянэры ў два галасы патлумачылі яму, што гаспадара няма дома і што ён цяпер у адпаведнасьці з дамовай адпачывае ў іх па абмене, а яшчэ праз тры дні на парозе іхнага дому ў Бэмбібрэ зьявіліся людзі ў цывільным, якія прадставіліся зьдзіўленаму маладому сьвятару як Інтэрпол. Учуўшы гэтае слова, сьвятар тут жа бухнуўся перад богам і людзьмі ў цывільным на калені й са сьлязьмі ўваччу пачаў каяцца ўва ўсіх сваіх пэдафільскіх грахах, патрабуючы ад спадароў з Інтэрполу жорстка пакараць яго за ягоныя нехрысьціянскія паводзіны маўляў, ён сам па вяртаньні ў Шавіньі ўрэшце зьбіраўся ўва ўсім прызнацца, бо далей ужо зь нячыстым сумленьнем жыць ня мог, таму прыняць крыж пакутніка маральна гатовы ў любы момант. Спадары з Інтэрполу былі літаральна шакаваныя гэтым прызнаньнем, бо дагэтуль не падазравалі, што даўно расшукваны імі таленавіты аўтар шэрагу падробак на шэдэўры жывапісу шаснаццатага стагодзьдзя ёсьць да ўсяго яшчэ й пэдафілам. Зьнешняе падабенства з мастаком, якога сьвятар у жыцьці ня бачыў, у сувязі зь невысокай якасьцю тагачасных факсаў і фотаробатаў пайшло не на карысьць сьвятаровай вэрсіі падзеяў хіба для такога масьцітага злачынцы праблема здабыць падробныя дакумэнты? гэтак жа як не дапамагло яму ягонае ўпартае нежаданьне намаляваць у рамках сьледчага экспэрымэнту нешта іншае апроч карыкатуры на маленькага Ісуса. То бок мара сьвятара стаць пакутнікам спраўдзілася ў камэры па поўнай праграме: празь ягоную амаль мазахісцкую стойкасьць сьледчыя пачалі ажно непакоіцца, што спрактыкаваны афэрыст канец канцоў здолее ўнікнуць правасудзьдзю з дапамогай сваёй несумненна ўдаванай шызафрэніі. Тым часам дом пэнсіянэраў у Бэмбібрэ стала знаходзіўся пад назіраньнем, і ўсю пошту замест іх атрымлівала паліцыя, што аднаго дня знайшла ў канвэрце з Шавіньі загадкавыя ключы з мноствам адбіткаў пальцаў. Ліст быў ад інжынэра, якому за той час абрыдла жыцьцё з мужыкамі ў біскупскім палацы, зьвязанае з мноствам строгіх дысцыплінарных забаронаў, дый неўзабаве трэба было вяртацца на працу ў Кадройпо аднак сьвятар на ягоныя лісты чамусьці не адказваў, таму інжынэр быў урэшце вымушаны асабіста завітаць у Бэмбібрэ па пэнсіянэрскія ключы, што ўнесла ў гэтую блытаную справу сіятыя тлумачэньні. У кожным разе, аднак, знайсьці мастака з Форхдорфу Інтэрпол ужо ня здолеў, бо той, працуючы ў Кадройпо над чарговым Тыцыянам, даведаўся пра затрыманьне сьвятара-сябе з газэтаў і тут жа зрабіў усё магчымае, каб замесьці сьляды і зьнікнуць за мяжой тады ўжо незалежнай, але яшчэ не да канца эўрапейскай Славеніі. Ня выключана, што пад іншым імем ён да сёньня блукае недзе ў нетрах дамбартэраўскіх структур, пасьпеўшы за гэты час ператварыцца ў легенду.
Прызнаюся, мне страшна карціць даведацца, у чым палягае практычная карысьць, а таксама мараль гэтай дэтэктыўнай гісторыі, якую дзеля большага напружаньня Кейсу варта было апавесьці з канца, але я ўжо зусім баюся адкрыць рот у прысутнасьці галяндцаў, каб у чарговы раз ня выявіць сябе поўным ёлупам, таму толькі то ківаю галавой на знак згоды, то вярчу ёю на знак абурэньня несумленнасьцю й пачварствам усіх пэрсанажаў апроч, вядома, белых і пушыстых пэнсіянэраў, зь якімі мая пара яўна атаясамляецца... Калі ўжо цяпер мне ад маіх ветлых усьмешак баляць сківіцы, а ад удаванага зьдзіўленьня бровы, то страшна ўявіць сабе, што будзе далей...
28.
Шчасна абехаўшы Люксэмбург-Сіці, мы паварочваем на поўнач, і нас адразу ж, літаральна «за рогам», вітае даўжэзная калёна машын у адваротным кірунку: гэткі «крыжовы паход» аўтамабілістаў, што рвуцца зь месца ў адпачынак да цёплага мора, дзе вайсковыя парты ня мерзнуць і порткі ня носяць, народнае апалчэньне, нібы высланае ратаваць хрысьціянскую Эўропу ад ня меней колькаснай уцякацкае плыні з Поўдня, буйнамаштабныя манэўры ў рамках апэрацыі «Мора хвалюецца раз», што па-чэску завецца «Варушыцеся, куфэркі»! але сустрэчныя куфэркі ня рухаюцца, захрасьлі ў транспартным тромбе, тады як наш жалезны паток працягвае наступаць уроссып. Цікава, у колькіх фургонах з тых, якія ўжо абагнаў наш «джып», хаваюцца ахвяры або ўдзельнікі сірыйскай або іракскай вайны, жывыя або мёртвыя, маладыя або старыя, асуджаныя на гэты жудасны сталінска-гітлераўскі этап, за месца ў якім яшчэ й заплацілі апошнія грошы... На фоне іхнай нябачнай, але тым больш адчувальнай прысутнасьці мне сорамна апавядаць Імке пра свой ужо даўні ўцякацкі досьвед, як і пра яго непасрэдныя прычыны: калі я ўцёк, фактычна, дзеля ўласнага капрызу, прыхамаці, ратуючыся ўсяго толькі ад заўчаснага самагубства, то гэтыя людзі ўцякаюць ад генацыду, то бок ратуюць ня проста асабістыя й асобныя жыцьці, а цэлыя семі, плямёны, культуры... адначасова пакідаючы цэлыя семі, плямёны й культуры на літасьць ці хутчэй бязьлітаснасьць сваіх ворагаў. Нягледзячы на сваю масавасьць, калі гэты зьнешне як быццам арганізаваны экзодус чымсьці й кіруецца, то гэткай, прашу прабачэньня, дэзэртырскай лёгікай «кожны сам за сябе», якой кіраваўся і я, і любы цывільны ўцякач можна яшчэ дадаць, «адна Эўропа за ўсіх і для ўсіх». Адылі нешта падказвае мне, што калі б я апынуўся ў падобных варунках і быў вымушаны пакінуць дом у шчыльных да ўдушлівасьці шэрагах суайчыньнікаў, то хутчэй за ўсё махнуў бы рукой і ні ў які фургон, вагон, багажнік, капот ці трум не палез бы. Дый патрэбных дзесяці тысяч долараў на такое падарожжа не знайшоў бы, а знайшоў бы то выдаткаваў бы іх, напэўна, на нешта іншае... не хачу казаць на аўтамат з каскай і бронекамізэлькай, у гэта я й сам ня веру, але гэта ўсё-ткі больш праўдападобна, раз я ўжо нібыта належу да нашага «народа-партызана». Апошняя куля, натуральна, сабе. А яна мо й не спатрэбілася б, бо акурат такія самотныя «роніны» улюбёная мішэнь для прыстрэлкі сучасных дронаў, ня кажучы ўжо пра бяскрайнія мінныя палі. Гэта вам не каўбоем скакаць па Дзікім Захадзе, пэрыядычна пастрэльваючы індэйцаў, як у кіно, і ня Донам Кіхотам езьдзіць па гішпанскіх раўнінах, баронячы слабых і выпраўляючы крыўды... Час падобных самотных і маркотных рыцараў з тазам на галаве даўно мінуў, як і час Робінаў Гудаў ды бацькаў Махно. Застаецца толькі шкадаваць, што ты ў яго не нарадзіўся.
Дарэчы, наконт партызанаў: упэўнены, што калі б у Брусэлі сядзеў цяпер найлепшы друг чалавецтва таварыш Сталін (ці хай нават сам прэзыдэнт Кенэдзі), ён тут жа раздаў бы мужчынскай частцы ўцекачоў зброю і адправіў бы іх вызваляць бацькаўшчыну пад выглядам дабравольніцкіх аддзелаў, а калі б некаму гэтай добрай волі бракавала расстраляў бы на месцы як дэзэртыра, паводле так званых «законаў ваеннага часу». (Дзіўна, што на гэта яшчэ не зьвярнуў увагі такі знаўца Сталіна як Славой Жыжэк.) Тут вам, бляха муха, ідзёт вайна народная, а не абы-што. Давер Радзімы трэба яшчэ заслужыць, найлепей сваёй крывіначкай. Не пытайся, што твая краіна зрабіла для цябе гэта мы зь цябе спытаем, што ты зрабіў для яе. Як вядома, таварыш Сталін ня меў ніякай літасьці нават да тых, хто трапіў у нямецкі палон проста воляю лёсу а да тых, хто сам у яго здаўся, дык пагатоў. Тым часам уцекачы з Поўдня здаюцца ў яго цяпер цэлымі вёскамі: што ж вы, гады нямецкія, разьвязалі ў нас вайну, пасварылі сунітаў з шыітамі, сэмітаў з хамітамі, радыкалаў з фундамэнталістамі а адказнасьць за нас браць на сябе ня хочаце? Ды хочам, хочам, што нам яшчэ застаецца, раз ужо мы выгадавалі на сваю галаву гэтага Гітлера ды зьнішчылі ўласнымі й чужымі рукамі мільёны гэбраяў. Каму ж, як ня нам, гэтага хацець, калі мы ўсе як адзін расісты, калянізатары, рабаўладальнікі, грэшнікі, гомікі, эксплюататары, паразіты, эгаісты адным словам, гуманісты, і з кожным годам нас робіцца ўсё меней, акурат як тых вэтэранаў, выбачайце, ваенных злачынцаў...