Да знаёмства з Дамбартэрам.ком я не ўяўляў сабе, колькі сілы, фантазіі й волі да самаарганізацыі драмае ў тым, што называецца сярэдняй клясай. У сваёй наіўнасьці я прывык быў лічыць усё сярэдняе пасрэдным, шараговым і шэрым, кажучы па-чэску шэрэдным (нягеглым, брыдкім) але ж ужо для таго, каб ня ўпасьці ў пралёт сацыяльнай лесьвіцы або папросту дажыць да сярэдняга веку, трэба выявіць немалыя практычныя здольнасьці, нават па-свойму таленты. Уласна, сярэднюю клясу і ўтвараюць збольшага людзі сярэдняга веку, якія ў маладосьці мудра паставілі ўвесь свой час і невялічкі стартавы капітал не на перамогу ці паразу, а на мірную нічыю ў таварыскім матчы між сабою й сьветам, бо зразумелі, што галоўнае тут не перамагчы, а прынамсі не прайграць. Навучыцца такой абачлівасьці й жывучасьці ніколі ня позна пасьля пэнсіі як знойдзеце.
На першы погляд Дамбартэр.ком звычайная сацыяльная сетка, дзе людзі табунамі фрэндзяцца й адфрэнджваюцца між сабой праз адсутнасьць іншай забавы, але ўжо на другі разумееш, што ўсіх іх яднае адзін вельмі практычны інтарэс, які ў дадзеным выпадку часткова супадаў з маім: абезьдзіць палову сьвету й яшчэ на гэтым зэканоміць, паказаўшы дупу ўсім турыстычным агенцтвам, гатэлям і платным віртуальным пасярэднікам падобных паслуг. Сама прыдумка прывяла мяне ў захапленьне сваёй антыкапіталістычнай скіраванасьцю й немудрагельнасьцю: вы проста выстаўляеце на гэткі дармовы аўкцыён уласную хату і чакаеце, ці не захоча нейкі замежнік пажыць у ёй на той час (тыдзень, два, месяц, паводле працягласьці адпачынку), пакуль вы ў сваю чаргу пажывяце ў ягонай. Вось яна, выгада ўласнага жытла, наяўнасьцю якога так ганарыцца сярэдняя кляса! Гэта ў эканоміцы называецца, здаецца, гранічнай карысьцю: у выпадку хаты яна палягае ў магчымасьці зь яе ўрэшце куды-небудзь зваліць! (Ну і яшчэ спаліць яе з мэтай страхавога падману.) Не, не падумайце, уласнай хаты ў мяне няма, я ўсяго толькі здымаю кватэру але каму які да гэтага клопат? Толькі майму гаспадару ну, зь ім мы ўжо неяк дамовімся, ён мужык нармалёвы, раз ужо наагул мяне да сябе пусьціў. Вось калі б я жыў на дармовай службовай кватэры ад канторы, як некаторыя былыя калегі, або ў сацыяльнай маласямейцы, як яшчэ два гады таму, то мне дакладна паказалі б аўкцыён. Адным словам, я адразу ж па-хуткаму прыбраўся, схапіў нядаўна набытую камэру і зладзіў сваёй прасторнай аднапакаёўцы без пакаёўкі фатасэсію, заліў вынікі на Дамбартэр і расьпісаў там усе выгады месца свайго пражываньня й яго ваколіцаў, пасьля чаго стаў чакаць фантану прапановаў па абмене на самы бліжэйшы час да наступнай працы я цалкам вольны! Пры гэтым, бляха, воляю лёсу жыву ў самой залатой Празе, маці гарадоў, ледзь не ў культурным цэнтры Эўропы! Сардэчна, маўляў, запрашаю!
Мая наіўнасьць ды завышаная самаацэнка і тут мяне не падвялі, падрыхтаваўшы мне чарговы непрыемны сюрпрыз: дні міналі, а ніякага фантану, з россыпу скарбаў якога я мог бы выбраць найбольш адпаведны сабе варыянт, на маім дамбартэраўскім профілі так і ня выбухнула. Заклапочаны, ці ня ўлез я зноў у якую падёбку, наўмысна створаную для такіх як я лахоў, я пачаў сам вывучаць прапановы астатніх і неўзабаве зразумеў прычыну адсутнасьці іхнага імпэту. Прычына была ня ў тым, што мая кватэра паводле ўсясьветных мерак замалая (як я баяўся спачатку), а проста ў тым, што гэта кватэра. Як я мог забыцца, што маю справу не з абы-якой сярэдняй клясай, то бок зь людзьмі па-любому збольшага сямейнымі, а зь сярэдняй клясай эўрапейскай, заходняй і разбэшчанай камфортам, у якой да такой раскошы як сямя абавязкова прыкладаецца ўласны дом, калі ня два, пажадана з басэйнам і двухпавярховы! Мяняць такую фазэнду ў маляўнічым прыгарадзе на халасьцяцкі бэльэтаж у забруджаным, хай сабе самым гістарычным таўне даўнаў ніхто, вядома, ня будзе.
Закусіўшы вусы, мне давялося, такім чынам, заняцца ўласнымі пошукамі магчымых кандыдатаў на абмен, якія я ад пачатку мусіў абмежаваць на ідэальны вобраз «Самотнага Пэнсіянэра-Рэйнджэра», выжытага дзецьмі з бацькоўскага дому ў паўтарапакаёўку ці нават проста пакой дзе-небудзь на выселках. Такіх на Дамбартэры было небагата, і тым ня менш мне ўдалося адшукаць парачку-другую няўрымсных дзядкоў і бабулек! толькі для таго, каб пераканацца, што да нас на Ўсход яны неяк ня надта імкнуцца: ці то таму, што за пасьлярэвалюцыйныя гады бальшыня пэнсіянэраў у Празе прынамсі аднойчы ўжо была (і некаторыя зь іх, пабачыўшы яе, на месцы заручыліся з брукам), ці то таму, што Чэхія ня толькі, трасца, ня мае мора, але й замала яшчэ заходняя, каб пэнсіянэры пачувалі сябе тут як дома, і ўжо замала ўсходняя, каб пра яе наведваньне можна было расказаць на тым сьвеце як пра прыгоду. Дый асноўны сэнс Дамбартэра гэта якраз адсутнасьць усякіх прыгодаў, нечаканасьцяў, кідалаваў, абломаў (ну зусім тое, што мне трэба), пры максымальным захаваньні ўласьцівага сярэдняй клясе хатняга камфорту то бок магчымасьць зьмяніць усё, не зьмяняючы па сутнасьці нічога. Ужо таму, што гэта гучала як ідэальны рэцэпт на працяг майго (дый, па шчырасьці, любога) жыцьця, я быў гатовы змагацца ў сваіх пошуках да канца.
5.
Нягледзячы на рэзкую перамену свайго жыцьцёвага стылю й на сам ляйтматыў гэтага аповеду, я па-ранейшаму лічу, што другая паводле занудзтва катэгорыя людзей гэта тыя, хто любіць размаўляць на другую паводле занудзтва тэму, «Падарожжы». (Першае месца ў маім прыватным рэйтынгу занудных тэмаў належыць гутаркам пра мовы, трэцяе абмеркаваньню галівудзкіх фільмаў.) Іхныя маналёгі складаюцца зь віртуознага жангляваньня замежнай тапанімікай, бухгальтарскага ўліку коштаў, выдаткаў і прыбыткаў, усё гэта разбаўленае ў лепшым выпадку досыць нясьмешнымі анэкдотамі з турыстычнага жыцьця, над якімі яны самі спрабуюць рагатаць да зьнямогі, не раўнаючы благія комікі, што імкнуцца заразіць аўдыторыю ня столькі сваім гумарам, колькі гуморам. Найгоршы варыянт гэта калі такіх заўзятых занудаў два боты пара, і яны да ўсяго яшчэ й вандруюць дуэтам, страхуючы адзін аднаго як альпіністы; у такім разе іхныя аповеды разьвіваюцца паводле формулы «А памятаеш, як у... мы (набухаліся, заблукалі, сустрэлі, натрапілі, аблажаліся й г. д.)?» «Так, во было сьмеху!» (Гігігі.) Тады (як, напрыклад, цяпер) задняе сядзеньне машыны ператвараецца ў маіх вачах у сямейную канапу пасярод гасьцёўні, не хапае яшчэ толькі альбому з фатаздымкамі. Як жа, памойму, бракуе сёньня людзей кшталту Рэмона Русэля, які ў свой час абехаў цэлы сьвет і не пабачыў у ім папросту ні халеры! бо не выходзіў з свайго гермэтычнага фургону. Сумняюся, аднак, што мае спадарожнікі ведаюць, хто гэта такі.
Пачуўшы «Галяндыя», хлопец-гіпстэр па-змоўніцку падміргвае мне ў люстэрку задняга бачаньня: малаток, маўляў, усё ясна, яны зь дзяўчынай самі вялікія аматары травы. Ды не аматар я ніякай травы, я нават бухаць год таму кінуў (чакайце! а ці ня ў гэтым сапраўдная прычына таго, што мяне звольнілі? з фармулёўкай «пачаў цурацца вечаровых тым-білдынгаў»?), гэтая іхная трава мяне ўжо аднойчы, фактычна, да эміграцыі давяла але ж гэтага я ім казаць ня буду, таму толькі крыва ўсьміхаюся ў адказ, робячы выгляд знаўцы з шматгадовым стажам настолькі шматгадовым, што каб апавесьці пра яго ня хопіць і кругасьветнага плаваньня, то нашто марна словы траціць. Сьціпласьць прафэсіянала. У прынцыпе, яно і праўда: калі я падкурваў сваю першую штакету, іхныя бацькі яшчэ трахаліся з прэзэрватывам, а калі гасіў апошнюю з прэзэрватывам трахаліся ўжо яны самі. Таму ня ім мяне папракаць, што перапынак між гэтымі штакетамі быў такі доўгі для мяне ён быў роўны аднаму пералёту шалёнай сьвіньні. Я ж не вінаваты, што першая штакета ўвесь гэты час мяне не адпускала.
Пачуўшы «Галяндыя», хлопец-гіпстэр па-змоўніцку падміргвае мне ў люстэрку задняга бачаньня: малаток, маўляў, усё ясна, яны зь дзяўчынай самі вялікія аматары травы. Ды не аматар я ніякай травы, я нават бухаць год таму кінуў (чакайце! а ці ня ў гэтым сапраўдная прычына таго, што мяне звольнілі? з фармулёўкай «пачаў цурацца вечаровых тым-білдынгаў»?), гэтая іхная трава мяне ўжо аднойчы, фактычна, да эміграцыі давяла але ж гэтага я ім казаць ня буду, таму толькі крыва ўсьміхаюся ў адказ, робячы выгляд знаўцы з шматгадовым стажам настолькі шматгадовым, што каб апавесьці пра яго ня хопіць і кругасьветнага плаваньня, то нашто марна словы траціць. Сьціпласьць прафэсіянала. У прынцыпе, яно і праўда: калі я падкурваў сваю першую штакету, іхныя бацькі яшчэ трахаліся з прэзэрватывам, а калі гасіў апошнюю з прэзэрватывам трахаліся ўжо яны самі. Таму ня ім мяне папракаць, што перапынак між гэтымі штакетамі быў такі доўгі для мяне ён быў роўны аднаму пералёту шалёнай сьвіньні. Я ж не вінаваты, што першая штакета ўвесь гэты час мяне не адпускала.
Ну, раз я маўчу, то хлопец ужо ніяк ня можа прагапіць моманту самому пачаць гутарку на такую ўдзячную й блізкую яму тэму ён бы ўсё адно закрануў яе рана ці позна: ах, маўляў, якая цудоўная шмаль у Гішпаніі! Дачакацца ня можам! Дарэчы, нічым ня горшая, чым у Амстэрдаме дзе яны таксама, натуральна, былі затое нашмат таньнейшая! Ледзь не задарма! Наагул, у Гішпаніі апроч беспрацоўя ўсё клёва і вінчык, і хаўчык, і цёпла, і нерухомасьць недарагая, цэлыя вёскі цяпер прадаюцца... А як там з імігрантамі?, нечакана перабівае яго кіроўца, які быў толькі на Маёрцы і ня бачыў ня тое што ніводнага імігранта, але й ніводнага гішпанца. Ды нармальна, уступае ў гутарку дзяўчына, іх там ня столькі, як у той жа Нямеччыне, пра Францыю лепш маўчу. Не, ну там шмат лацінасаў, удакладняе хлапец, але яны нармальныя, іх ад гішпанцаў практычна не адрозьніш. Я пра чорных там, арабаў, настойвае кіроўца, каб не было непаразуменьняў, то бок не пра лацінасаў, гішпанцы для яго самі лацінасы. З гэтымі там поўны парадак, супакойвае яго хлопец, асабліва ня сунуцца. Гішпанцы, маўляў, наагул малайцы: пабудавалі ў сваіх афрыканскіх правінцыях высачэзны мур, такі цяпер у Вугоршчыне таксама будуюць, і дазволу ніякага Брусэлю не пыталіся, ня тое што ў нас...
Ага, вось мы ўрэшце і закранулі самую гарачую чэскую тэму апошніх месяцаў: уцекачы з Поўдня. Як ні парадаксальна, у гэтым пытаньні прасунутыя гіпстэры заадно з рэтраградам-стырнавым (а мо яны, як дасьведчаныя вандроўнікі, толькі прыстасоўваюцца пад кіроўцу, каб той крый бог ня высадзіў іх з машыны? наўрад ці): гнаць іх, маўляў, з нашае Эўропы, і асабліва з Чэхіі, сраным венікам. У найгоршым выпадку хай іх прымаюць тыя, хто бамбардаваў Лівію ці Сірыю, дый па ўсім. Выслухваць гэтыя знаўскія меркаваньні ў мяне няма падстаў, іх і без таго поўныя інтэрнэт-форумы. Таму я карыстаюся выпадкам, каб зноў паспрабаваць прымгнуць але ж сон мне, прабачце за таўталёгію, удаецца самае большае ўдаваць.