Місіс Гарпер, плачучы, развіталася з усімі і накіравалася-была да дзвярэй, але спынілася, і абедзве асірацелыя жанчыны кінуліся адна да адной у абдымкі, каб яшчэ паплакаць разам перад тым, як разлучыцца.
Цёця Поллі надзвычайна пяшчотна пацалавала на нач Сіда і Мэры, прычым Сід захныкаў, а Мэры пайшла ўся ў слязах.
Тому яшчэ доўга прышлося ляжаць ціха пад ложкам нават і пасля таго, як цётка лягла спаць; яна ўвесь час трывожна паварочвалася, кашляла і цяжка ўздыхвала. Але нарэшце яна сціхла і толькі часам енчыла ў сне. Том вылез з-пад ложка, асцярожна ўстаў і, засланіўшы рукою свечку, доўга глядзеў на старую.
Ён яе шкадаваў ад усяго сэрца. Ён выцягнуў з кішэні кавалак кары і палажыў каля свечкі, але потым нешта ўспомніў, падумаў, паспешна схаваў кару назад у кішэнь, схіліўся і пацалаваў вялыя старэчыя вусны. А потым ціха вышаў, зачыніўшы за сабою дзверы на засаўку.
Ён дайшоў да прыстані, дзе звычайна стаяў катэр, і, не знайшоўшы нікога на беразе, смела ўзышоў на судна. Ён ведаў, што на ім нікога не магло быць, апрача вартаўніка, а той меў звычай спаць у каюце беспрасыпным сном.
Хлопчык адвязаў човен, ціха забраўся ў яго і пачаў плысці на вёслах уверх па рацэ. Праехаўшы каля мілі, ён накіраваў човен на процілеглы бераг і прыстаў акурат там, дзе трэба было, бо такая справа была для яго не новай. Яму вельмі хацелася прысвоіць сабе човен, бо гэта-ж было да некаторай ступені судна і, значыцца, законная здабыча пірата, але ён ведаў, што човен усюды будуць шукаць, а гэта можа навесці на след.
Таму ён проста зышоў на бераг, пасядзеў у лесе, ледзь стрымліваючы сон, і змораны павалокся да сваіх таварышоў. Ноч ужо канчалася, а калі ён дайшоў да месца пераправы, ужо зусім развіднелася. Ён пасядзеў яшчэ крыху, пакуль сонца сагрэла ваду сваімі залатымі праменнямі, а потым кінуўся ў раку і паплыў. Увесь мокры, ён зявіўся ў лагеры акурат у тую хвіліну, калі Джо казаў:
Не, Гек, Том чалавек надзейны. Ён не збяжыць, ён вернецца. Ён ведае, што дэзертырства для пірата ганебны ўчынак. Ён надумаў нейкую прыгоду вось і ўсё! Але якую прыгоду, я не ведаю.
Ну, а рэчы ўсё-ж такі нашы?
Нашы, Гек, але не зусім. У пісьме сказана, каб мы ўзялі іх, калі ён не вернецца да снедання.
А ён ужо тут! выскачыў Том.
Гэта быў сапраўды рэдкі тэатральны эфект...
Зараз-жа яны зрабілі сабе снеданне з ветчыны і рыбы і добрасумленна яго знішчылі, а тымчасам Том расказаў (усё як было) пра свае прыгоды. Калі расказ быў выслуханы да канца, нашы героі проста не ведалі, як ім фанабэрыцца ды задавацца.
Падеўшы, Том лёг у цяньку паспаць, а піраты пайшлі вудзіць рыбу і даследваць востраў.
Раздзел XV
Пасля абеду ўся банда рушыла на бераг па чарапашыны яйкі. Хлопчыкі тыркалі палкамі ў пясок і, дзе знаходзілі мяккую мясціну там апускаліся на калены і пачыналі капаць пясок рукамі. З некаторых ям здабывалі адразу па пяць-шэсць дзесяткаў яек. Яйкі былі зусім круглыя, белыя, крыху меншыя за грэцкі арэх. У гэты дзень у іх была багатая вячэра і такое самае снеданне ў наступную раніцу.
Пасля снедання яны скакалі і бегалі па беразе, ганяліся адзін за адным, раздзяваліся на хаду і дурэлі ў вадзе, змагаючыся з цячэннем, якое іх валіла з ног, а гэта яшчэ больш надавала весялосці. А то набяруць вады ў прыгаршчы і пачнуць пырскаць адзін аднаму ў твар. Канчалася гэта агульнай тузанінай, у часе якой усім тром даводзілася пакачацца па дне і паглытаць вады.
Выбіўшыся з сіл, яны выбягалі з вады, кідаліся на гарачы пясок і закопваліся ў яго, а потым зноў кідаліся ў ваду і зноў пачыналася тое самае. Нарэшце ім прышло ў галаву, што іхняе голае цела зусім падобнае на трыко цялеснага колеру; яны начарцілі на пяску круг і наладзілі цырк, у якім уся трупа складалася з трох клоунаў, бо ніводзін з іх не захацеў узяць іншую ролю.
Потым яны ўзялі свае галачкі і гулялі з імі, пакуль не абрыдала. Паступова яны разышліся ў розныя бакі, задумаліся, і кожны з іх з нудою глядзеў у той бок, дзе ляжаў заліты сонцам родны гарадок. Том, сам таго не заўважаючы, пісаў на пяску вялікім пальцам нагі «Бэкі». Ён злавіў сябе на гэтым учынку, раззлаваўся на такую слабасць, і сцёр напісанае, але не мог стрымацца і зноў напісаў гэта імя, потым зноў сцёр і, каб перамагчы спакусу, далучыўся да таварышоў.
Але ў Джо зусім сапсаваўся настрой. Ён так знудзіўся па доме, што ледзь стрымліваў слёзы.
Нават Гек засумаваў. Толькі Том бадзёрыўся: у яго была тайна, якую ён пакуль што не хацеў адкрываць таварышам, але парашыў, калі яму не ўдасца скінуць з іх нуду, сказаць ім зараз-жа. І з абыякім выглядам ён кінуў зачэпку:
А ведаеце што: я гатоў спрачацца, што на гэтым востраве і перад намі былі піраты. Давайце абыйдзем яго яшчэ раз. Тут, напэўна, дзе-небудзь схаваны скарб. Што вы скажаце, калі мы натрапім на спарахнелы куфар, напоўнены золатам і срэбрам?
Але гэтая прапанова не выклікала асаблівага захаплення.
Том зрабіў яшчэ дзве-тры прывабныя прапановы, але ўсе яго намаганні былі дарэмныя. У яго апускаліся рукі.
Джо сумна торкаў палкай у пясок, і выгляд у яго быў самы хмурны. Нарэшце ён сказаў:
Ох, браткі, кінем гэтую выдумку! Я хачу дадому. Тут вельмі нудна.
Ды не, Джо, ты прызвычаішся, угаварваў Том. Ты падумай, як добра тутака ловіцца рыба.
Не трэба мне ніякай рыбы, я хачу дамоў.
А купанне? Другога-ж такога месца для купання не знойздем.
І купанне не памагае. Я неяк і купацца цяпер разахвоціўся, калі ніхто не забараняе. Я хачу дадому.
Фу, якое глупства! Маленькі! Да мамкі захацеў!
Ну але, да мамы! І табе захацелася-б, каб у цябе была маці. І зусім я не маленечкі, мне столькі год, колькі і табе.
І Джо ціха заплакаў.
Ну, добра, хай сабе наша плаклівае дзіцянё адпраўляецца дахаты, к мамцы, мы яго адпусцім. Так, Гек? Бедненькі, ён па мамцы знудзіўся. Ну, што-ж? Хай ідзе! Табе-ж, Гек, падабаецца тут, ці не так? Мы з табой застанемся тут?
Та-ак, сказаў Гек абыякім тонам.
Я з табой больш не знаёмы, абвясціў Джо, устаючы. Так і ведай!
Ён панура адышоў і пачаў адзявацца.
Невялікая бяда! адказаў Том. Калі ласка! Нікому ты тут і не патрэбны. Адпраўляйся дахаты, няхай з цябе ўсе смяюцца. Добры пірат, няма чаго казаць! Гек і я не такія плаксы, як ты. Мы застанемся тут, праўда, Гек? Хай ідзе, калі хоча. Абыйдземся і без яго.
Та-ак, сказаў Гек абыякім тонам.
Я з табой больш не знаёмы, абвясціў Джо, устаючы. Так і ведай!
Ён панура адышоў і пачаў адзявацца.
Невялікая бяда! адказаў Том. Калі ласка! Нікому ты тут і не патрэбны. Адпраўляйся дахаты, няхай з цябе ўсе смяюцца. Добры пірат, няма чаго казаць! Гек і я не такія плаксы, як ты. Мы застанемся тут, праўда, Гек? Хай ідзе, калі хоча. Абыйдземся і без яго.
Джо, не адказваючы, панура нацягваў на сябе адзежу. Том, не гледзячы на свой напускны спакой, у душы быў устрывожаны і нават засмучоны. Яшчэ болей трывожыў яго выгляд Гека, які сумна і маўкліва сачыў за зборамі таварыша ў дарогу. Джо адзеўся і, не сказаўшы ні слова на развітанне, пайшоў у бок ілінойскага берага. У Тома сціснулася сэрца. Ён паглядзеў на Гека. Той не мог вытрымаць гэтага погляду і апусціў вочы, а потым сказаў:
І мне таксама ахвота пайсці, Том. Неяк нудна тут стала, а цяпер будзе яшчэ нудней. Пойдзем і мы, Том!
Ідзі, калі хочаш, а я не пайду. Я застануся.
Том, я лепш пайду.
Ну ідзіхто табе не дае?
Гек пачаў збіраць свае параскіданыя рэчы, кажучы:
Хадзем са мной, Том! Сапраўды, падумай добра. Мы пачакаем цябе на беразе.
Доўга вам прыдзецца чакаць.
Гек з сумам пайшоў. Том стаяў і глядзеў яму ўслед, адчуваючы вялікае жаданне схаваць у кішэнь свой гонар і пайсці за імі. Ён чакаў, што хлопчыкі спыняцца, але яны паволі адыходзілі ўсё далей і далей. Том раптам заўважыў, што навакол зрабілася неяк незвычайна пуста і ціха. Тады ён зусім перамог сваю ганарыстасць і пусціўся бегчы ўслед за таварышамі з крыкам:
Стойце! Стойце! Мне трэба вам нешта сказаць!
Тыя спыніліся і павярнулі назад. Дагнаўшы іх, Том пачаў адкрываць ім сваю тайну. Яны спачатку слухалі яго з кіслымі мінамі, а калі ўцямілі, у чым справа, то пачалі скакаць і крычаць ад захаплення, кажучы, што гэта-ж «дзівосна» і, каб ён сказаў ім раней, яны і не падумалі-б ісці.
Хлопчыкі весела вярнуліся назад і ўзяліся зноў за гульні, увесь час балбочучы пра незвычайную выдумку Тома і дзівячыся з яго вялікага розуму. Пасля смачнага абеду з яек і рыбы, Том сказаў, што цяпер ён хоча навучыцца курыць. Джо ўхапіўся за гэтую думку і абвясціў, што ён таксама паспрабуе. Гек зрабіў люлькі і напхаў іх тытуном. Да гэтага часу абодва навічкі курылі цыгары з вінаграднага лісця, але гэтыя цыгары «кусалі» язык і наогул лічыліся нявартымі мужчын.
Яны разлягліся на зямлі, абаперліся на локці і пачалі асцярожна ўцягваць ў сябе дым без асаблівага даверя да яго. Дым быў непрыемны на смак і душыў іх, але Том сказаў:
Ды гэта зусім лёгка! Каб я ведаў раней, я даўно пачаў-бы курыць.
І я таксама, падтрымаў Джо. Зусім плёвая справа!
Колькі разоў глядзеў я, як іншыя кураць і думаў: «вось каб і мне навучыцца!» але быў упэўнены, што мне не ўдасца. Вось я заўсёды такі. Праўда, Гек? Ты-ж чуў гэта ад мяне? Вось няхай Гек скажа.
Так, казаў многа разоў, пацвердзіў Гек.
Ну але, казаў сотні разоў. Адзін раз, памятаеш, гэта было каля бойні. Там былі яшчэ Боб Тэнэр, Джоні Мілер і Джэф Тэчэр. Ты памятаеш, Гек, што я сказаў?
Так, памятаю. Гэта было ў той дзень, калі я згубіў свой мячык... Не, напярэдадні.
Ну вось, Гек памятае.
Я думаю, што я мог-бы курыць такую люльку ўвесь дзень, сказаў Джо. Мяне ані не нудзіць.
І мяне таксама! сказаў Том. Я мог-бы курыць увесь дзень, але буду спрачацца, што Джэф Тэчэр не мог-бы.
Джэф Тэчэр? Куды яму! Ды ён і двух зацяжак не зробіць! Хай толькі паспрабуе!
Вядома, не зробіць, і Джоні Мілер таксама. Хацеў-бы я паглядзець, як Джоні Мілер пачаў-бы курыць!
Ды куды ён варты, Джоні Мілер! Ён нічога не ўмее. Ён ад першай зацяжкі скапыціцца.
Праўду кажаш, Джо. Слухай: вось каб таварышы маглі нас бачыць цяпер!
Ах, як-бы я хацеў гэтага! Слухайце-ж, браточкі, цыц, нікому ні слова! А калі-небудзь, як усе будуць у зборы, я падыйду да цябе і скажу: «Джо, ёсць у цябе люлька? Пакурыць ахвота». А ты адкажаш важна так, нібы гутарка ідзе аб глупстве: «Так, ёсць мая старая люлька і другая ёсць, толькі тытун у мяне не вельмі добры». А я скажу: «Ну, ды ўсёроўна, абы толькі быў моцны». I тады ты выцягнеш люлькі, і мы абодва закурым, як мае быць, няхай паглядзяць!