Калі я крыху падрасла, мы пераехалі ў Беларусь. Пачаліся ўрокі гісторыі і літаратуры ўжо ў беларускай школе.
Пакрысе ў мяне склалася ўражанне, што наша культура вясковая. Не ў сэнсе правінцыйнасці, а ў тым сэнсе, што яна вельмі чыстая, максімальна набліжаная да прыроды й простага быцця на зямлі. Можа, якраз з гэтага мы больш маўклівыя за іншых.
Сяржук Лапуць: Быць свабодным
Як і шматлікія дзеці, чые бацькі паходзяць з вёскі, летнія месяцы я бавіў у бабулі з дзядулем. Хаця, пераехаўшы ў горад, мае бацькі «загаварылі па-гарадскому», беларускую культуру й мову я ўсмактаў з самага маленства менавіта праз вёску. Часам маё вясковае маленства зацягвалася і на матуліна «соскучился, сынок?» я пытаўся ў бабулі: «Хто гэта?».
Натуральна, тады я яшчэ не ўяўляў сябе беларусам. Бо для такога маштабнага ўсведамлення быў яшчэ занадта малы. Хутчэй за ўсё, я быў проста «тутэйшым», «мясцовым», «нашым»
Першае здумленне, што я беларус, зявілася досыць нечакана падчас гульні ў казакі-разбойнікі На летнія вакацыі ў вёску зязджалася шмат дзяцей з розных мясцінаў (дажываючага свае апошнія гады) Савецкага Саюзу. Былі дзеці й з Літвы. А паколькі савок там ляснуўся яшчэ задоўга да афіцыйнага распаду СССР, дык і людзі пачуваліся больш нацыянальна свядомымі. А літоўскія дзеці лічылі сябе больш годнымі за нас, «мясцовых савецкіх беларусаў», якія «забылі сваю мову і гісторыю». Шчыра кажучы, мне малому дзіцёнку было дзіўна і нечакана чуць такія рэчы, але менавіта тады я пачаў задумвацца над тым, хто я й дзе я?
Другі этап гэтага працэсу пачаўся ў сярэдняй школе, калі ад сваіх знаёмых я даведаўся, што «круче, если твоя фамилия кончается на ов» і калі хто-небудзь з тваіх бацькоў расеец Не ведаю, скуль гэта бралася ў асяродку дзяцей шостых-сёмых класаў, але менавіта тады я ўпершыню зразумеў, што права быць беларусам трэба ўмець бараніць.
Ну і, нарэшце, рэферэндум 1995 года, у тым ліку і па змене дзяржаўнай сімволікі, які ўсё расставіў на свае месцы. З гэтага часу «быць беларусам» стала для мяне нечым значна большым, чым назвай маёй нацыянальнасці. Бо я ўжо ведаў, як важна заставацца беларусам і шанаваць сваё, каб вярнуць страчаную Свабоду.
Таша Міхайлоўская: Каб адчуць, што я беларуска, спатрэбілася зездзіць на экскурсію ў Літву
Бацькі у мяне размаўляюць па-расейску і брат амаль не ведае беларусай мовы А на мяне, мабыць, бабуля паўплывала. Яна мне чытала беларускія казкі. Бабуля з Усходняй Беларусі, але канчаткі ў словах кшталту «-ся» ў яе заўжды добра адчуваліся.
Яшчэ мне пашчасціла вучыцца ў беларускамоўным класе, прычым цэлыя тры гады. Памятаю такое здарэнне: на лецішчы мая сяброўка пачала размаўляць па-беларуску. Я была моцна здзіўленая, што яна размаўляе на іншай мове. Пытаюся ў маці: «Мама, чаму Каця так размаўляе?» А маці адказвае: «Ну, вы ж пойдзеце ў першы клас. Яна трэніруецца. Можа, і ты патрэніравалася б?» А я абурылася. Думаю: што тут трэніравацца?
Для таго каб адчуць, што я беларуска, спатрэбілася зездзіць на экскурсію ў Літву. Я займалася ў гуртку мяккай цацкі, і нашая настаўніца дамовілася з Беларускай школай у Вільні, каб мы зездзілі і паглядзелі горад, адпачылі.
Мне было гадоў дванаццаць. Мы аблазілі з экскурсаводам усю Вільню. Экскурсія вельмі ўразіла, бо мы прыехалі ў краіну, дзе на вуліцах не было чуваць расейскай мовы. Я ведала, што ў Францыі размаўляюць па-французску, у Англіі па-англійску. Але адна справа ведаць, а іншая пачуць мову суседзяў.
Натхненне прыйшло каля Вострай Брамы. Экскурсавод пачала чытаць верш Багдановіча «Пагоня». Сказала, што верш напісаны пра «Пагоню», якая перад намі на Вострай Браме а мы нават не згадалі, хто такі Багдановіч. І стала вельмі сорамна, што перад намі стаіць, як нам падалося, літоўка, якая ведае нашую гісторыю і адкрывае нам нашых паэтаў. Гэта было адчуванне ўласнай няздатнасці. Мабыць, з яго і нарадзіліся першыя думкі пра тое, што ў маім жыцці нешта не так і што мне, мусіць, трэба неяк мяняцца..
Быць беларускай значыць найперш ведаць гісторыю сваёй сямі. Можна паходзіць з іншай краіны, але ўсё роўна трэба ведаць, як твой род дайшоў да Беларусі, як злучыўся з яе культурай.
Ігар (Molatau) Жалткоў: Я абраў больш роднае
У маёй сямі, як у большасці беларускіх семяў, увесь час адлюстроўвалася гісторыя краіны. Перад вайной жаночая палова заявіла адназначна: сямя польская. Мужчыны сталі супраць мурам мы беларусы і пайшлі ў савецкае войска. Бабулі сімпатызавалі «акоўцам», пасля вайны зехалі ў Польшчу на мазурскія і прускія землі, дзяды вярнуліся з вайны з медалямі і даслужыліся да палкоўнікаў.
А мае бацькі рэпрэзентавалі ўжо іншыя плыні і тэндэнцыі паваеннай айчыннай гісторыі. Тата прыехаў з Расеі несці святло «вялікай культуры» (тады расейцаў размяркоўвалі выключна на «нярускую» перыферыю), маці таксама прыехала па размеркаванні будаваць мост праз Нямігу, але ўжо з беларускай глыбінкі. Калі мне было два гады, памёр дзед, і зусім нямоглая бабуля засталася адна. Маці настаяла на яе пераездзе да нас. Тут і пачалося маё выхаванне.
У нашай сямі барацьба за душу малалетняга менчука ў першым пакаленні трывала з моманту, як я навучыўся чытаць. Народжаная ў Капыльскім раёне, бабуля гаварыла з намі выключна па-беларуску, наракала ўвесь час на маці, што «з маскалём пабралася» і не стамлялася распавядаць мне пра вясковае жыццё. Калі я збіраўся да школы і начапляў на спіну бліскучы чэшскі «ранец», бабуля падыходзіла і ці то з недаверам, ці то нават з жахам у голасе пыталася: «Табе не муляе, унучак? Купяць малому абы-што, а ён потым мучыцца». Гэта «муляе» назаўсёды засталося ў памяці.
Відаць, прысутнасць бабці і яе кпіны прымусілі маці набыць кніжачку Васіля Віткі і пачаць штовечар чытанкі перад сном казак і вершыкаў па-беларуску. А бацька захапляўся класічнай расейскай літаратурай, цытаваў Пушкіна ды Ясеніна, круціў на прайгравальніку кружэлкі з операмі «Яўгеній Анегін» і «Хаваншчына». У сем гадоў я ведаў тую «Хаваншчыну» амаль на памяць.
На пачатку 80-х пайшла мода «вызваляць» школьнікаў ад вывучэння беларускай мовы. Вучняў «вызвалялі» перадусім ад умення пісаць па-беларуску, то бок выказваць свае думкі, хаця пакідалі абавязак ведаць тое-сёе пра беларускую літаратуру. Бацька настаяў-такі на «вызваленні» асноўнай прычынай быў слабы зрок. Не ведаю, што потым адбывалася ў яго душы і якія галасы што нашэптвалі, аднак вось дзіва праз год пасля «вызваленчага» паходу да завуча ён справадзіў мяне на прыватныя рэпетыцыі па беларускай літаратуры да суседкі-настаўніцы. Бабулі тады ўжо не было на свеце.
На пачатку 80-х пайшла мода «вызваляць» школьнікаў ад вывучэння беларускай мовы. Вучняў «вызвалялі» перадусім ад умення пісаць па-беларуску, то бок выказваць свае думкі, хаця пакідалі абавязак ведаць тое-сёе пра беларускую літаратуру. Бацька настаяў-такі на «вызваленні» асноўнай прычынай быў слабы зрок. Не ведаю, што потым адбывалася ў яго душы і якія галасы што нашэптвалі, аднак вось дзіва праз год пасля «вызваленчага» паходу да завуча ён справадзіў мяне на прыватныя рэпетыцыі па беларускай літаратуры да суседкі-настаўніцы. Бабулі тады ўжо не было на свеце.
Бліжэй да магічнай даты «шаснаццаць» у мяне пачаўся прыступ падлеткавага максімалізму. Пасля падарожжаў з таткам па СССР ад Масквы праз Урал да Уладзівастока, ад Кіева да Тбілісі, ад Алматы да Краснаводска (цяпер Туркменбашы) я вырашыў, што быць расейцам гэта крута і пачэсна. Таму, калі пайшоў да пашпартысткі, запісаўся «рускім». Бацька ганарыўся, а маці ўздыхала і нагадвала пра бабулю. Не дапамагло. Два гады я хадзіў пэўны, што зрабіў найлепшы выбар.
Мае расейскія сваякі, канечне, былі не горшыя за беларускіх, але ж У 1989 годзе я паехаў на пахаванне дзядзькі ў вёску ў Тульскую вобласць. Вёска тая, дарэчы, не надта далёка ад беларускай мяжы, і да яе прасцей даехаць са Смаленска. Я трапіў у расейскую правінцыю, у іхную вёску. І, мабыць, тут я адчуў выразную розніцу паміж нашай вёскай, нашымі людзьмі ды расейцамі.
Не было пачуцця, што гэта роднае. Нібыта тое самае, але не тое самае. Я не кажу тут пра моўны аспект. Інтанацыі, выраз твару, атмасфера. Тым больш тады буяла «перабудова», і расейская вёска пачала ператварацца ў нешта жахлівае, бо яе пакінулі ўсе: і дзяржава, і нармальныя людзі Бадай, тады і адбыўся пералом. Я вярнуўся дамоў з пачуццём прыналежнасці да іншай нацыі, а не да той, да якой належаў мой дзядзька-нябожчык, і бацька, і тыя дзядзькі, якія засталіся шчэ жывыя.
Тады я і ўсвядоміў Беларусь як штосьці роднае. І сувязь з зямлёю, людзьмі, больш зразумелай, больш натуральнай для мяне. Нават прырода і тая падалася больш свойскай у параўнанні з расейскімі краявідамі, дзе, дарэчы, было мала хвоі.
На той час сітуацыя ў грамадстве рабілася ўсё больш неадназначнай. Міхаіл Гарбачоў з экранаў тэлевізараў казаў: «Таварышы, трэба вызначацца». Людзі пачалі звяртаць больш увагі на сваю гісторыю, на карані Карацей, і я адчуў, што мне трэба канчаткова вызначыцца, тым больш што я толькі напалову этнічны беларус, то бок па крыві.
Упэўненасць у гэтым падмацавалася паступленнем у БДУ. Хтосьці з новых знаёмцаў на іспыце распавёў пра Ігнатоўскага, хтосьці пра «Сузоре» з «Песняй пра зубра» і «Мрою», і «Бонду». Пачаліся гаворкі пра перабудову, пра стварэнне грамадскіх рухаў накшталт балтыйскіх, у хаце зявіліся самвыдатаўскія кніжачкі. Захапленне дысідэнцкім рухам стала займаць значнае месца ў фармаванні светапогляду. Жаданне змяніць навакольны свет нарэшце прывяло мяне да пытання: які ж ён мае быць, гэты новы свет?
І тут я ўсё часцей стаў прыгадваць бабцю з гэтым яе «муляе», бо штосьці сапраўды пачынала мне муляць, там, у душы. Душэўны неспакой і дыскамфорт ставалі ўсё больш моцнымі. Адной ночы далібог, шчырая праўда прыйшла да мяне ў сне бабуля Ніна і пытаецца: «Ці не муляе табе, унучак?». Вось тады я і зразумеў, што мне муляе беларускасць. Тоіцца сабе недзе ў сярэдзіне, «скрабець і трэць» тваё сумленне, чапляецца за твае думкі Вырашыў я тады даць ёй дарогу і выпусціць на волю. Так я прыйшоў да сябе, дакладней, вярнуўся.
З таго часу і хаджу беларусам. Шчыра кажу цяжка быць беларусам; беларус, які вярнуўся да сваёй мовы, гісторыі, культуры, выклікае раздражненне шмат у каго. Таму што нагадвае тым, хто вырашыў палегчыць сваё жыццё праз расейскамоўнасць, кім яны ёсць насамрэч. І як бы яны ні пазбаўляліся беларускага акцэнту, ні ўладкоўваліся на працу ў Маскву, ні запрашалі на свае дні нараджэння расейскіх зорак (я бачыў гэта на ўласныя вочы), калі яны чуюць такога беларуса, дык разумеюць, што ўсе іх вымогі марныя і яны насамрэч ніколі не стануць сапраўднымі расейцамі, ці там немцамі, ці яшчэ кімсьці. Усе іхнія развагі, што «мне ўсё роўна, кім быць, я чалавек сусвету» гэта лухта.