Мне пашанцавала я вырасла ў нацыянальна-свядомым асяродку, таму стаць беларускай мне было проста. Цяжка было загаварыць па-беларуску самой. Падазраю, што нішто так не загартоўвае характар, як простая рэч гаварыць па-свойму ў іншамоўным натоўпе Таму так важна знайсці сваіх!
Аляксей Дзікавіцкі: Глядзець на свет з беларускай перспектывы
Беларусам я стаў гадоў у пяць. Зразумела, што несвядома. Мая мама паводле нацыянальнасці мардвінка (мардоўка) з Урала, а бацька беларус з Палесся. Да школы я гаварыў выключна на палескім дыялекце, бо выхоўваўся ў дзеда з бабцяй на вёсцы пад Пінскам.
У маленстве мы паехалі на радзіму маці і аказалася, што ў тых гарах мяне ніхто практычна не разумее. Старыя маміны сяброўкі тузалі мяне, кажучы маёй маме: «Ой, Фаина, настоящий беларусёнок у тебя растет». Я ім спяваў БССРаўскі гімн ды размаўляў «по-нашому», а яшчэ гаспадарскім вокам (навучыў дзед, светлай памяці) рабіў заўвагі наконт вядзення гаспадаркі ў тых краёх: «Каня дрэнна запраглі, тут прапалоць трэ было б, бульба ў вас нейкая дробненькая» і г. д Потым у юнацтве быў Караткевіч, Быкаў, рок-гурт «Мроя».
Не праміну заўважыць, што стасоўна ўсведамлення ўласнай беларускасці немалую ролю адыграла і нянавісць да савецкага ладу.
Першы пратэст на пляцы Леніна ў Пінску 7 лістапада 1990 года з транспарантам «Вялікі кастрычнік зрабіў нас рабамі» і пашытым маці з прасціны і сарванага ўначы БССРаўскага сцягу, сцягам бел-чырвона-белым.
Быць беларусам натуральна. Бо іначай мы выглядаем як малпы, калі жылы рвем, каб, прыкладам, авалодаць дасканала маскоўскім ці піцерскім «говорком», не ведаючы свайго роднага слова.
Быць беларусам гэта значыць глядзець на ўсё, што адбываецца ў свеце з беларускае перспектывы.
Першы пратэст на пляцы Леніна ў Пінску 7 лістапада 1990 года з транспарантам «Вялікі кастрычнік зрабіў нас рабамі» і пашытым маці з прасціны і сарванага ўначы БССРаўскага сцягу, сцягам бел-чырвона-белым.
Быць беларусам натуральна. Бо іначай мы выглядаем як малпы, калі жылы рвем, каб, прыкладам, авалодаць дасканала маскоўскім ці піцерскім «говорком», не ведаючы свайго роднага слова.
Быць беларусам гэта значыць глядзець на ўсё, што адбываецца ў свеце з беларускае перспектывы.
Уладзіслаў Ахроменка, буржуазны літаратар: Свае грады
Люлі-люлі-люлі, паляцелі куры. Селі на варотах у чырвоных ботах. Спі, дачушка, заплюшчы вочкі і спі. Бач, цёмна за вокнамі. І коцікі ўжо спяць, і сабачкі, і куры зараз на жардзіну пасядуць і паснуць. Што казку на ноч расказаць? Пра каралевіча на белым кані? А давай лепш пра нашага вершніка-абаронцу
Бачыш, над тваім ложкам анёльчык парцалянавы. Гэта твой асабісты абаронца. Вось так і кожнаму краю Пан Бог таксама свайго абаронцу прызначыў. Палякам Бялага Ожэла. Украінцам Трызуб, у якім слова «воля» зашыфраванае. Нам, беларусам, адважнага вершніка з крыжам на шчыце. Але ж любоў да свайго краю не з яго пачынаецца.
А вось паслухай, з чаго. Бачыла ў мяне ў кабінеце старыя фотаздымкі на сцяне? Гэта нашыя з табой Дзяды. Тамака прыгожая такая дзяўчына мая бабуля Марыя Сазонтаўна ў маладосці, твая прабабка. Сама яна з Баршчоўкі, што пад Рэчыцай. Не, дзіцё, яна нават не ведала, што ў нас такі абаронца ёсць. Час гэткі быў, за вершніка з крыжам на шчыце і ў Сібір можна было патрапіць! Сібір? Гэта далёка-далёка на ўсход, у Азіі, потым у падручніках пачытаеш.
Але ж Марыя Сазонтаўна навучыла мяне, што азначае любіць наш край. Жылі мы ў сваім дамку на ўскрайку Гомеля, і быў у нас уласны гародчык. «Грады», «гурок», «кроп», «цыбуля» першыя беларускія словы, якія ад яе пачуў. Але ж грады гэта найперш не словы, а праца. Як снег сыдзе і глеба прагрэецца, зямлю трэба дбайна перакапаць. Камякі граблямі паразбіваць. Гною прывезці і раскідаць. Гуркі-памідоры-кроп-пятрушку пасадзіць. Дый яшчэ час трэба ведаць, калі і што садзіць. На маладзік лепш за ўсё Потым цярэбіць, паліваць, песціць. Памідоры да дрыноў падвязаць, калі падымуцца і заквітнеюць. І шмат чаго яшчэ.
Вось твая прабабка і працавала ад рана да рана. Ведаеш, якая самая страшная лаянка ў яе была? «Абібок» і «лайдак». І страшэнна абуралася, калі чула ад некага, што ў яго, маўляў, працы няма. «Стань да дзвярэй і зачыняй-адчыняй, зачыняй-адчыняй, раіла. Праз дзесяць хвілінаў абавязкова знойдзеш сабе занятак».
Затое ўвосень нашыя грады цуд і казка. Сакаўныя стрэлы цыбулі. Зялёныя шыхты часныку. Панская раскоша памідораў. Пупырчатыя гуркі з-пад шырокіх лістоў.
А як ты думаеш каб нейкі прыхадзень узяўся нашыя грады душыць, што б твая прабабка зрабіла? Правільна, адразу за вілы. І наш вершнік бы ёй абавязкова дапамог.
Мае грады? Кампутар, за якім працую. У маці свае грады, офіс. У бабулі фартэпіяна, якое яна ўсё жыццё выкладала
Ну, абібокі, знайшла пра каго згадваць! Сама падумай, нашто такім грады? А як градаў няма, значыцца, няма і чаго бараніць. Вось таму наш вершнік такім і не патрэбны. А яны вершніку тым больш, і ніколі ён ім не дапаможа. Яшчэ і выспяткаў надае, як пабачыць
Так што, дзіцё, любіць свой край і быць беларусам гэта не проста словы. Край гэта тое, што табе ў спадчыну перайшло. Тое, што ты заўсёды станеш бараніць. Гародчык з кропам, цыбуляй і гуркамі, на якім твая прабабка корпалася. Яе магіла, куды мы з табой на Дзяды ездзілі. Плюшавы мішка, з якім ты зараз засынаеш. Яшчэ я малым з ім засынаў, мне ж яго Марыя Сазонтаўна акурат і падарыла
А як падрасцеш, дачушка, дык зазірнеш за плот, што нашыя грады ад нашае вулкі адгароджвае. Вуліца тая не канчаецца тупіком, а выходзіць у шырокі свет. І калі ты любіш свой край, дык абавязкова сустрэнеш там нашага вершніка-абаронцу, і ён заўсёды табе дасць рады.
Казачны каралевіч? І яго, пэўна, у сваім жыцці напаткаеш. Толькі не забудзься, нават каралевіч без уласных градаў і працы на іх ніякі не каралевіч, а звычайны абібок і лайдак.
Таццяна Беланогая: Быць чалавекам гэта і значыць быць беларусам
Яшчэ з маленства я ведала, што ёсць шмат краінаў. У нас дома вісела вялікая мапа, і нам падабалася гуляць у такую гульню: адзін загадвае краіну, астатнія пасля шукаюць яе. Тады я і зразумела, што ёсць нейкая штука, якая адрознівае людзей, і яна звязаная з мапай. Калі крышку падрасла, то мы з сябрамі рабілі пашпарты. У мяне быў сшытак з пагоняй і сцягам, якія я выразала і наклеіла на свой пашпарт.
Пытанне пра тое, хто ты і навошта, не прыходзіць з пустога месца, роўна як і пытанне пра этнічную прыналежнасць. Я яго сабе задала пасля беларускамоўных кніжак з казкамі, вершамі У паэзіі Анатоля Сыса я адчула любоў да сваёй зямлі, да ўсяго існага.
Мая бабуля з-пад Жыткавічаў, і ў яе паляшуцкае вымаўленне. У вёсцы бабулі дзеці размаўлялі па-беларуску. Яны не маглі сказаць «сапоги», яны казалі «боты», і для іх гэта было натуральна. А мы цяпер жывем пад Маладзечнам, і там больш класічная беларуская мова. Я ўжо пакаленне гораду, але сказаць, што я дрэва без кораню, не магу. Я ведаю не толькі, што такое літаратурная мова, але ўжываю і словы, якія чула ў дзяцінстве.
Любоў да прыроды, да сваёй зямлі не можа не спарадзіць пытання: «Чаму ты не размаўляеш па-беларуску?». Тое, што нашыя людзі не карыстаюцца роднай мовай, гэта прыкры феномен нашай гісторыі.
Мова сілкуецца яркімі, незвычайнымі постацямі, людзьмі мастацтва, высокамаральнымі асобамі. Менавіта яны ёсць той сілай, якая здольная ўсё перайначыць да лепшага.
Трэба адрозніваць мову як ідэю і мову як нешта неаддзельнае ад асобы. Мова можа і проста падабацца. Але часам людзі рэзка рэагуюць на тое, што чуюць беларускае слова. Не ведаеш ты мовы, дык хаця б паводзь сябе па-людску: паважай яе. Быць чалавекам гэта і значыць быць беларусам.
Кацярына Сарокіна: Стала сорамна перад сябрамі
Беларускай я сябе ўсвядоміла пасля наведвання Прагі, дзе пабачыла сваіх знаёмых. Яны колькі гадоў жывуць за мяжой, але мова іх зносінаў беларуская. Сорамна было б, прыехаўшы з Менску, звяртацца да іх па-расейску. «Як вы размаўляеце, Каця?» запыталіся ў мяне. «Паспрабую па-беларуску», адказала я. І ў мяне атрымалася. Напэўна, прынеслі карысць школьныя заняткі, дзе мы прымусова вывучалі родную мову, але не зусім разумелі навошта.
Неяк так склалася, што ўсё тое лета прайшло пад сцягам беларушчыны. Гэтаму спрыялі і новыя знаёмствы, і розныя мерапрыемствы ды забавы, напрыклад, славуты менскі асяродак «Карчы», дзе людзі танчаць пад дуду.
Але найболей мяне ўразіла, што падчас беларуска-шведскай літаратурнай вечарыны шведскі амбасадар звяртаўся да прысутных па-беларуску!
Сурёзнае выпрабаванне размаўляць на роднай мове ўвесь час. Пакрысе да гэтага прызвычайваю бацькоў і ўжо чую ад іх: «Добрай раніцы, дачушка!». Сябры ставяцца даволі лаяльна, часам нават намагаюцца адказваць па-беларуску, часам просяць прабачэння, што ўжываюць расейскую.
Ва ўніверсітэце размаўляю на расейскай, бо мая будучая прафесія юрыст іншага не прадугледжвае. Адзіны закон, які я сустрэла ў беларускамоўным варыянце, Канстытуцыя. Што датычыць мінакоў на вуліцы ды прадаўцоў у крамах, то рэагуюць яны часам неадэкватна; добра, калі проста здзіўлена агледзяць, а здараецца, што часам могуць і абразіць. Ну і цьфу ім пад ногі, як кажуць у Адэсе.
Ёсць такі жарт: «Вы так прыгожа размаўляеце па-беларуску, а навошта?»
Дзеля сябе. Бо тады адчуваю, што маю Бацькаўшчыну.
Уладзімір Крумін: Быць самім сабой
Беларускасць была, ёсць і будзе заўсёды побач, проста ты часам не заўважаеш яе. Ты яе не чуеш, як не чуе дрэнны музыка фальшу; ты яе не бачыш, як не бачыць абмежаваны чалавек нечага выключнага на малюнку генія; ты яе не адчуваеш, як не адчувае загрубелая скура лёгкага дотыку
А можа проста яшчэ не твой час.
Сярэдзіна 90-х, Горадня, ноч, кватэра на апошнім паверсе, нешта не спіцца, ды яшчэ хлопцы пад півас і гітару песні равуць знізу на лаўцы. Спачатку так, звычайнае: «Беспечный ангел», «Это всё» ведаем, самі можам, нецікава І тут, дзесьці ўжо пад золак, «Твой рок-н-рол даўно памёр» ого, гэта як так?
Галасы злучаюцца, раскладаюцца, перакрыжоўваюцца рыхтаваліся, пэўна. Спачатку нясмела, потым гучней, адна песня, другая, шостая. І ў кожнай крыўда, боль і сум, а яшчэ злосць.
На мяне рэдка штосьці ўздзейнічае больш, чым добрая музыка і гэта быў той самы выпадак. Пэўна, я быў адзіны ўдзячны слухач, які слухаў музыкаў да раніцы, калі яны, ужо ўшчэнт сарваўшы галасы, разышліся па хатах. Вось так усё і пачалося.
Быць беларусам для мяне гэта быць самім сабой. Праўда, да гэтага яшчэ вельмі далёка.
Павел Дармель: Чужая культура абудзіла цікавасць да сваёй
Я беларус не толькі праз тое, што тут жыву. Мае бацькі, бабулі і дзядулі беларусы. Нават аповед пра свае карані для мяне ёсць культурай, таму што гэта частка нашай агульнай гісторыі.