– Можа, дзядзечка, рабіў ён гэта з дапамогаю нейкіх зёлак, можа, дудару і Акіму падліў у гарэлку блёкату ці іншае атруты, ад якой чалавек шалее.
– Не зёлкі такое робяць, а моц шатанская. І шкада, што вучоныя людзі не надта ў гэта вераць. Сам я ведаў аднаго паніча, які пра ўсё так казаў, быццам ніколі не вучыў ні катэхізіса, ні дзесяці прыказанняў Божых. Але што ж далей?
– Пасля свайго вяселля Карпа пачаў жыць не па-нашаму: хутка пабудаваў другі дом з вялікімі вокнамі, завёў сад, дзе цвілі вішні і яблыні, і жыллё яго больш было падобнае да шляхетскае сядзібы, чым да простае хаты. Так зафанабэрыўся, што пасадзіў пад вокнамі такія ж самыя кветкі, як і ў панскім садзе, з якіх аніякае карысці няма. Агапцы забараніў насіць шнуроўку і хустку, а загадаў апранацца ў такія паркалёвыя сукенкі, якія носяць шляхцянкі. Не хацела яна мяняць свайго ўбору. Ведала, што ўсе, бачачы яе ў дворскай вопратцы, будуць называць гультайкаю. Але ўсё ж мусіла пагадзіцца з ягонаю воляю і ў такім уборы палівала кветкі: Карпа меў шмат парабкаў – было каму ісці з сярпом на жніво. Пан бываў у яго на гасцінах. Меў Карпа грошы, меў і павагу, але ці ж у гэтым шчасце?
Заўсёды ён быў неспакойны ў думках сваіх; ніводнаму парабку ніколі не сказаў ласкавага слова, і Агапка не магла яму дагадзіць. Яе рэдкая ўсмешка здавалася яму здзеклівай, яе ціхмянасць ён называў глупствам, яе сціпласць і пацеры, якім навучыла маці, былі яму быццам пакаранне. Аднойчы загадаў, каб ні з адным парабкам не размаўляла, і гневаўся, што яна неруплівая. Бог ведае чаго хацеў.
Часам лаяў сваю жонку, што яна лайдакаватая. Адразу пасля захаду сонца ідзе адпачываць, і не хацеў, каб яна займалася да позняга якой-небудзь работай або малілася. Апоўначы часам уставаў з пасцелі і ля дзвярэй ці праз вакно размаўляў невядома з кім, выбягаў за дзверы і невядома дзе прападаў, аж пакуль певень не заспявае.
Меў ён прыяцеляў, якім даваў грошы і з якімі заліваў свой неспакой гарэлкаю; бывала, што па некалькі дзён не бачылі яго дома.
Аднойчы, калі чэлядзь пасля дзённае працы ўжо адпачывала, Агапка сядзела самотная ў пакоі і чакала мужа. Тут знянацку, нібыта ад маланкі, святло асвяціла сцены. Пасля зноў зрабілася цёмна. На Агапку нападае нейкая трывога. Нібы баючыся чагосьці, паглядае яна ў цёмныя куткі. Кот, пырхаючы, скочыў ад дзвярэй і, натапырыўшыся, застыў сярод хаты, свецячы неспакойным вокам. І тут заходзіць малады мужчына, прыгожа апрануты, на руцэ шмат залатых пярсцёнкаў, падпяразаны шырокім чырвоным поясам. Агапка ўзіраецца ў незнаёмы твар, што здаваўся досыць прыемным, толькі пагляд яго быў праніклівы, і першае ўражанне ад яго было страшнае.
– Кланем маладой гаспадыні, – кажа незнаёмец. – Што ж ты сядзіш такая самотная, нібы сірата якая? Глядзіш мне ў вочы: незнаёмы табе, але я цябе часта бачыў і добра ведаю. А дзе ж Карпа, мужык твой?
– Не ведаю. Трэці дзень, як яго не бачу. Дзесьці ў знаёмых, а можа, паехаў у горад. Чула, нешта такое казаў.
– Што яму рабіць у горадзе? Гуляе сабе, а карыстацца шчасцем не ўмее. Золата і срэбра мае шмат, а якая з яго карысць? Мог бы цуды тварыць. Мог бы збудаваць дом лепшы, чым гэты; такі, пра які старыя апавядаюць у казках, што ўвесь свяціўся золатам і срэбрам ды чыстым золатам быў накрыты. Мог бы сад развесці, як той, дзе спелі залатыя і срэбныя яблыкі, дзе спявалі б райскія птушкі; пад вакном раслі б у яго кветкі, ярчэйшыя, чым зоркі на небе. Вось гэты кот, варкочучы, баяў бы яму старыя дзіўныя гісторыі. З’ехалася б шмат паноў паглядзець на тыя цуды. І ён бы жыў лепш за караля. Ты маладая, прыстойная і разумнейшая за яго, пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду табе памагаць, і мы здзівім свет.
Гаворачы гэтак, ён сеў на лаву поруч з ёю.
Агапка, гледзячы яму ў вочы, спыталася:
– Ці даўно ты знаёмы з маім мужам?
– Ведаю яго з дзяцінства. Я вандрую па свеце і служу шчаслівым людзям. Ты шчаслівейшая за іншых, табе хачу шчыра служыць.
– Хто ж ты такі і як тваё імя?
– Навошта табе ведаць маё імя? Я твой прыяцель. Згадзіся толькі на мае жаданні і мае паслугі, а пасля даведаешся пра ўсё. – І, сыплючы золата на зямлю ды гледзячы на Агапку, дадаў: – Бачыш, што я магу.
– Я не хцівая, хачу толькі спакою душы. І няхай мяне апякае Прачыстая Маці Сірацінская.
Ледзь вымавіла імя Маці Божае, – успыхнуў ён полымем і знік у імгненне вока. Агапка з пранізлівым крыкам выбягае за дзверы і падае непрытомная. Ад гэтага крыку прачынаюцца парабкі, бягуць на дапамогу і знаходзяць яе ў сенцах: яна ляжыць як нежывая. Ледзь змаглі вярнуць ёй дыханне. Бяссонная была тая ноч. Не спала Агапка, сядзелі ля яе слугі, хвалюючыся за здароўе пані.
Раніцою вярнуўся дахаты Карпа. Калі яму расказалі пра гэтае здарэнне, змяніўся з твару і з неспакойнымі думкамі доўга паходжваў сюды-туды. Нарэшце падышоў да жонкі, кажа:
– Што ж ты нарабіла? Калі пасеяна, дык трэба і жаць, а інакш – людскі смех і няшчасце.
– Не сеяла я тых злых зярнят, – адказвае яна, плачучы. – Лепей памерці, чым карыстаць з таго жніва.
Ён кінуўся да жонкі з кулакамі, але яна выскачыла за дзверы і схавалася, пакуль не прайшла ягоная злосць.
Карпа зусім занядбаў гаспадарку і рэдка калі пасылаў на паншчыну сваіх парабкаў. Аканом абыякава глядзеў на гэта і ўсё яму дараваў, бо Карпа заявіў пану, што хоча быць вольны, і вялікія грошы абяцаў, каб выкупіць сябе і зямлю, на якой жыў.
Аднойчы ўвечары ў хаце паводле свайго звычаю Карпа ўсхопліваецца, падыходзіць да вакна і сядзіць ля яго задумлівы. Чуваць было, што ён размаўляў сам з сабою. Жонка просіць яго, каб супакоіўся. Карпа толькі адказаў:
– Вярнуся заўтра, – стукнуў дзвярыма і пайшоў невядома куды.
Агапка паклікала да сябе кабету, бо баялася адна начаваць. Ледзь толькі задрамала, чуе, што нехта дакрануўся да яе рукі гарачай далоняю. Глянула і бачыць: той мужчына, што яе нядаўна напалохаў, стаіць, дзіўна апрануты, пазірае на яе, і вочы ягоныя гараць, як дзве свечкі, на галаве шапка і пояс, якім ён падперазаўся, чырвоныя, як вуголле ці распаленае жалеза. Агапка здранцвела ад страху, ледзь руку змагла падняць, каб перажагнацца. І ён умомант знік. Разбудзіла Агапка сваю таварышку і расказала ёй пра гэты прывід. Размаўлялі нейкі час, а калі супакоіліся, – зноў тая здань з’явілася перад імі і зноў знікла, як успомнілі імя Езуса і Марыі. Дык усталі з ложка і, запаліўшы святло, маліліся, аж пакуль певень не заспяваў.
Пасля гэтага здарэння пасылае Агапка перад узыходам сонца да сваіх бацькоў кабету, каб паведаміла пра тыя здані, і прасіла наведаць яе ды параіць, што ёй рабіць у такіх выпадках.
Па ўсёй воласці разышлася пагалоска пра тое, што цмок колькі разоў палохаў Агапку, прыходзячы да яе ў розных абліччах. Карпа ж даводзіў усім, што гэтыя весткі фальшывыя, што ягоная жонка быццам звар’яцела, а можа, д’ябал і прыходзіць да яе за нейкія грахі.
Гарасім са сваёю жонкаю, калі сонца ўжо хілілася да захаду і ў полі скончылі працу, пайшлі пераведаць сваю дачку. Агапка, як убачыла іх праз вакно, з вялікай радасцю выбегла насустрач, прывяла іх у хату і са слязьмі апавядала пра свае пакуты, аб пераменах у мужавым жыцці, аб з‘яўленні ў чалавечым абліччы таго цмока, які яму служыць.
– Ну вось, – адказаў Гарасім, – калі я яшчэ перад вяселлем казаў аканому і іншым дваровым людзям, што Карпа выгадаваў сабе цмока, які дае яму багацце, дык смяяліся і кпілі з мяне, гаварылі: «Грубы, дурны мужык, пляцеш немаведама што». А калі гэта дайшло да пана, дык ён, угневаны, сказаў: «Слухай, хаме, калі ты будзеш малоць гэтую лухту, атрымаеш соцень пяць розгаў і палову галавы агалю, як вар‘яту». Што ж яны цяпер на гэта скажуць?
Маці, плачучы, кажа ёй:
– Хутка збяром з поля, тады пойдзем разам да Прачыстае Маці Сірацінскае. Падгаворвай і яго, каб ішоў з намі і там паспавядаўся. Бог злітуецца. А вось гэта ў мяне свянцоныя зёлкі і касцельнае кадзідла, якімі кожны вечар будзеш акурваць хату, і, можа, дасць Бог, што ўсё наладзіцца.
Так, седзячы, размаўлялі яны пра сёе-тое, а Карпы ў той час у хаце не было. Ужо і змрок. У пакоі пацямнела. Ноч была цёплая, неба чыстае. Паветра такое ціхае, што, здаецца, волас не паварушыцца на галаве. Пасля вячэры, бо надвор’е было цудоўнае, парабкі пайшлі начаваць у поле, пры конях; іншыя ж – у адрыну на свежае сена. У хаце толькі Агапка не магла закончыць прыемнае размовы са сваімі бацькамі. Ціха было ўсюды, толькі раз-пораз патрэскваў кнот свечкі, якая дагарала. Агапка раздзьмухала агонь і кінула на яркія жарынкі-вугольчыкі свянцоных зёлак. Адразу ж з-за сцяны данёсся як бы шум раптоўнага ветру, і бляск прабег па хаце. Задрыжалі ўсе.
– Вось ён, – паведаміла ўстрывожаная Агапка. Змоўклі і, мовячы пацеры, чакалі, што будзе далей. Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут.
Гарасімава жонка зняла з сябе медны крыжык (колісь высвенчаны пры адпушчэнні грахоў у Юхавічах у час Юбілею[53]).
– Няхай ён будзе тваім абаронцам, – сказала і надзела на шыю дачцэ.
Калі набожная кабета вымавіла гэтыя словы, дробныя, як град, каменьчыкі, вылятаючы з цёмных куткоў, адскоквалі ад сцен; і камяні па некалькі фунтаў выляталі з-за печы, аднак бацькі і дачка, заклікаючы на дапамогу Прачыстую Маці, цэлымі выбеглі за дзверы.
Сабралася ўся чэлядзь ды са страхам і здзіўленнем паглядалі на хату. З вокан і ад сцен ляцелі камяні рознай велічыні; ніхто туды і наблізіцца не адважваўся. Усе, стоячы, пазіралі на гэтую праяву і не ведалі, што рабіць.
Мінулася поўнач, заспяваў певень. Тая страляніна крыху супакоілася. Аднак ніхто не адважваўся ўвайсці ў хату. Чэлядзь чакала ўзыходу сонца на падворку, а Агапка пайшла з бацькамі да іхняга жытла.
Калі сонца было ўжо высока (выгналі ў поле жывёлу, і парабкі, адны з косамі, іншыя з сохамі, выйшлі на работу), прыязджае Карпа. Дом пусты. Сустрэў адну толькі кабету, якая прыйшла з поля, убачыўшы, што вяртаецца гаспадар. Пытаецца ў яе:
– Што тут чыніцца і дзе жонка?
Кабета апавядае яму, як усё было. Карпа перапалохаўся, змяніўся з твару.
– Яна мяне загубіла, – закрычаў ён і адразу пайшоў да чараўніка Парамона.
Вестка пра здарэнне ў той самы дзень разышлася па ўсёй ваколіцы. У панскім маёнтку адны паверылі, што ўсё гэта ад сілы шатанскае, іншыя ж смяяліся, кажучы, што тут проста нейкае свавольства. Гарасім паведаміў пра ўсё пробашчу, просячы, каб ён гэтага ж дня прыехаў да Карпавае сядзібы і пасвянціў небяспечны дом, у якім завёўся шатан.
Адвячоркам цікаўны люд папрыходзіў з усяе воласці, каб пабачыць тыя дзівы. Прыйшоў аканом і з ім шмат маладых ды смелых хлопцаў з маёнтка, якія, не верачы ў моц шатанскую, спадзяваліся, што зловяць якога-небудзь свавольніка. Колькі з іх, не зважаючы ні на што, нават адчынілі дзверы і хацелі ўвайсці ў хату, але не паспелі стаць на парозе, як усе з крыкам кінуліся назад, бо камень выцяў аднаго з іх так, што хлопец ледзьве апрытомнеў. Люд, паглядаючы на гэтыя дзівы, стаяў здалёк ад дома, а камяні штораз гусцей сыпалі адтуль.
Карпа ад роспачы змяніўся ўвесь і, быццам непрытомны, праклінаючы жонку, суседзяў і лёкаяў, хацеў уварвацца ў хату, але яму не дазволілі. Парамон, што стаяў побач, шаптаў нешта, але сваімі чарамі ўжо не мог дапамагчы. Пан К. Г., апанаваны цікаўнасцю, таксама прыехаў і, не адважваючыся наблізіцца да хаты, загадаў акружыць сядзібу і чакаў, які канец будзе гэтым жахам.
А вось і ксёндз у капеланскім уборы прыехаў. Учыніў ён святы абрад і, калі са свянцонай вадою хацеў наблізіцца да сцен, – імгненна ўвесь дом ахапіла полымя, і хутка будынак рухнуў.
Здзіўлены люд, гледзячы на гэткую помсту злога духа, паціскаў плячыма. І кожны з тых, хто быў тут пры поўнай свядомасці, з трывогаю пакідаў на месцы, дзе стаяў дом, ужо толькі вуголле і дымныя галавешкі. Ксёндз вяртаўся дадому ўзрушаны, шкадуючы аб неразумнасці свае паствы. Калі адыходзіў Парамон, дык лаяў, трасучы галавою, нешчаслівага Карпу: «Добра дурню: як паслаў, так і выспаўся». Па ўсёй ваколіцы, у простай хаце і ў панскім палацы, доўгі час гаварылі пра гэтае здарэнне.
Карпа невядома дзе падзеўся пасля таго страшнага пажару. Знік і ўжо больш не наведваў ні сваіх прыяцеляў, ні цесця, ні жонкі. Рознае пра яго думалі. Адны меркавалі, што ён злыгаўся з ліхадзеямі, якія пераганялі крадзеных коней з Беларусі пад Пскоў ці да Вялікіх Лук. Дык пан паслаў арандара Хаіма на зведы. Іншыя сяляне казалі, што сустракалі Карпу ў роспачы, і ад іхняга голасу ён, як дзікі, уцякаў у лес.
Прайшло колькі тыдняў. Шукаючы качак, нейкі паляўнічы з выжлам ішоў ля берага возера. Дзень быў нейкі хмарны, хвалі біліся аб бераг. На пяску ля самае вады здалёк убачыў ён чараду груганоў. Стрэліў. Груганы паляцелі і схаваліся ў пушчы. Падышоў бліжэй – і бачыць выкінуты вадою труп, які хваля яшчэ пакрывала пенаю. Адразу ж ён паведаміў у маёнтак. Далі знаць у суд. Цяжка было пазнаць, чыё гэта цела, але вопратка і пярсцёнак на руцэ далі магчымасць апазнаць Карпу.
Так няшчасны скончыў сваё жыццё. Без малітваў і без ксяндза там жа на беразе труп закапалі.
Тут падарожны змоўк.
– Скажы ж, – просіць пан Завальня, – а што сталася з Агапкаю?
– Агапка колькі гадоў жыла пры бацьках, ад смутку і спалоху ўвесь час хварэла. Пасля смерці бацькоў і яна згасла, як свечка. Няхай пануе на небе. У сваім дабрачынным і цнатлівым жыцці была яна прыкладам усім кабетам нашае ваколіцы. Хоць было гэта даўно, аднак і цяпер там, дзе яна са слязьмі палівала кветкі, зелянеюць вішні і яблыні, і краскі тыя кожную вясну найпрыгажэй цвітуць, дзяўчаты ў святочныя дні плятуць з іх вянкі і аздабляюць абраз Прачыстае Маці.
– Чаму ж ты не ажаніўся з ёю, калі яна была ўжо ўдавою? – спытаўся пан Завальня. – Ты ж яшчэ раней кахаў яе. Меў бы найлепшую жонку. А добрая жонка – скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і блаславенне Божае. Вось і я жыву сяк-так, дзякуючы Богу, а ўвесь гэты лад у гаспадарцы зрабілі разам з маёю нябожчыцай.
– Пасля таго смутнага вяселля я прасіў пана, каб дазволіў мне пайсці ў чужую старонку, дзе лягчэй набыць грошы дзеля гаспадаркі ды на падаткі. А яшчэ меркаваў, што, як буду далёка, хутчэй забуду на ўсё тое, што доўга стаяла ў мяне перад вачыма і наводзіла смутак. Я блукаў колькі гадоў па Расіі, ля Ноўгарада і Старое Русы, і быў нават пад самым Пецярбургам, увесь час робячы самую цяжкую работу там, дзе вялі дарогі праз багны і дзікія лясы; капаў глыбокія канавы, часам увесь дзень стоячы ў вадзе. Усё гэта, дзякуй Богу, вытрываў, не падарваў здароўя і вярнуўся дадому з грашыма, і тут мне расказалі пра тое страшнае здарэнне з Карпай і пра смерць нешчаслівае Агапкі.
– А ці жыве Парамон?
– Памёр без споведзі, і магіла яго ў полі без крыжа.
– А што, Янка, ці падабаюцца табе нашы простыя апавяданні? Яны праўдзівыя, і іх лягчэй зразумець, чым гісторыі пра даўніх паганскіх багінь і бажкоў, пра якіх ты мне апавядаў. Такую байку ніхто не запомніць, хіба толькі чалавек вучоны.
– Я люблю падобныя апавяданні. Шмат у гэтай народнай фантазіі Божае праўды.
Калі пан Завальня размаўляў са мною, дык між чэлядзі чуваць былі такія словы: «Вот добры так добры, усю ноч бы ня спаў да слухаў».
– Ну, будзем жа зараз слухаць, – сказаў Завальня, – што нам раскажа твой таварыш. Але здарэнні з твайго жыцця. страшныя і цікавыя.[54]
Апавяданне другое. Зухаватыя ўчынкі
– Ведаў і я ў сваім жыцці такога чалавека, што быў падобны да Карпы, і за тое ж мусіў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей зухаватых ды лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто ім што добрае кажа – і слухаць не хочуць.