– І я памятаю, – сказаў пан Завальня, – лепшыя часы. Колькі паноў было добрых у гэтых краях! Люба было глянуць, якая сціпласць і ціхамірнасць панавала ў святыні Божай, кожны меў у руцэ венчык і ксёнжачку, пашана была старэйшым і любоў братэрская. А цяпер у касцёле чуеш адны шэпты ды смех; здаецца, для таго толькі й прыйшлі, каб паказаць свае модныя ўборы. Мода і фармазонія іх загубіла, а праз іх і іншыя пакутуюць.
– Мне здаецца, дзядзечка, што людзі заўсёды аднолькавыя: і даўней, як і цяпер, былі злыя і добрыя, былі шчаслівыя і нешчаслівыя.
– О не, Янка! Табе не ўбачыць, што старэйшыя бачылі. Не вернуцца даўнія часы, а будзе яшчэ, можа, і горш. Ну, кажы ж нам сваё апавяданне, – сказаў ён да падарожнага.
– Калі быў я яшчэ зусім малады, памятаю, жыў у нашай вёсцы селянін Антон. Меў ён добрую гаспадарку, беднасці не ведаў, а што быў бяздзетны, дык узяў дзіця невядома ад якіх бацькоў. Яго ахрысцілі і далі імя Васіль. Гадаваў яго, як сваё роднае. Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу, але быў вялікі гультай і свавольнік. Заўсёды скардзіліся на яго: то каровы пусціць на засеянае поле, то аблае каго брыдкімі словамі, то ў каго каменем кіне. Ідуць скардзіцца Антону, але Антон любіў яго, і калі казалі яму што, ён быццам і не чуў, патураў яму ва ўсім, а той рос і рабіўся ўсё горшы і задзірлівейшы. Сабраліся аднаго разу на паншчыну. Было тое пасля св. Пятра,[55] і Васіля таксама паслалі з хаты на працу. Ён, як звычайна, з кожным задзіраўся, ні пра аднаго чалавека добрага слова не сказаў. Быў тады дзень надта спякотны. Войт загадаў пакласці косы і перакусіць чым хто мае, бо надышоў ужо час папалуднаваць і адпачыць. Усеўшыся на лужку ў кола, гаварылі мы пра тое ды пра сёе. Раптам бачым, як адзін селянін, што быў аддаліўся нечага ад нас, стоячы ля гаю, махае рукою і кліча да сябе:
– Хутчэй, хутчэй, хадзіце сюды, пакажу вам дзіва!
Бяжым усе туды. Селянін паказвае рукою на недалёкія бары:
– Паглядзіце, што дзеецца.
Бачым перад сабою дзівосы нечуваныя. Лясун ідзе па бары, галава вышэй за хвоі, а перад ім выбягаюць на поле велізарныя чароды вавёрак, зайцоў ды іншых звяроў; у небе засцяць сонца, адлятаючы прэч, цецерукі, курапаткі ды іншае птаства. Лясун выходзіць з лесу, ператвараецца ў карузліка, і адразу ж з поля і лугоў падняліся матылі і іншая жамяра, і як бы цёмная хмара закрыла нашу ваколіцу.
Зухаваты Васіль падхапіў камень на полі, падбягае туды, дзе Лясун, бачыць яго сярод травы, кідае ў яго каменем і крычыць:
– Згінь, прападзі!
Лясун закрычаў страшным голасам, што аж лістота пасыпалася з дрэваў, падняўся з травы, нібы велізарны чорны птах і, падымаючы крыламі шум, схаваўся за лесам. Нас ахапіў неспакой. Глядзім усе на Васіля, дзівячыся яго адвазе. А ён, ад гордасці за свой учынак, смяяўся да слёз. Быў між намі адзін дасведчаны чалавек, які сказаў:
– Чуў я ад старых людзей, што такая зухаватасць наводзіць няшчасце. Выгараць тут лясы і пушчы, будзе паморак на жывёлу, але і табе, Васіль, не пройдзе гэта беспакарана.
– Што мне да таго, – адказаў Васіль. – Я рады, што ў кадука добра каменем пацэліў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак і звяроў.
Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлопцы, як Васіль, хвалілі ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваім учынкам. Але дасведчаныя людзі, якія лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. І Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра тое.
Другі выпадак быў яшчэ страшнейшы; калі ўспомню – аж валасы на галаве падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалі мы сена. Дзень быў ясны і спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, і далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым: ідзе накшталт слупа, віхор, падымаючы ўгору пясок і ўсё, што яму трапляецца па дарозе. Круцячыся вірам, праходзіць па полі недалёка ад нашае сенажаці. Са здзіўленнем пазіраем мы на гэта. Але вось Васіль кідае граблі, бяжыць на поле, спатыкае слуп віхору і, працягваючы яму руку, крычыць:
– Як маешся, браце!
А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх агарнуў усіх нас. Вярнуўся Васіль, але ніхто яму слова не пасмеў сказаць. Зразумелі ўсе, што ён запанібрата з духам праклятым.
З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і нават тыя пачалі ад яго ўцякаць, з кім раней сябраваў.
Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:
– Тым дурным заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.
І пан яго не чапаў.
Антон, добры чалавек, заўсёды Васілю ўнушаў страх перад Богам, імкнуўся выправіць, змушаў хадзіць у касцёл і маліцца. Ён жа смяяўся з усяго, усім пагарджаў ды ішоў заместа імшы ў карчму.
Нарэшце вырашыў ажаніцца. Антон меркаваў, што добрая жонка і перамена ў жыцці выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькі ў сваю, але і ў чужую воласць. Ды ўсюду адмаўлялі, бо слава пра Васілёвы прыгоды і пра злосць ягоную разышлася далёка.
Васіль пагарджаў усімі і кпіў з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта нікому казаць, але цяпер аб’яўляе ўсім, што закаханы ў Арыніну дачку Алюту,[56] што прызнаўся ёй ужо і атрымаў ад яе прызнанне.
Пачуўшы гэта, Антон вельмі засмуціўся і раіў яму адмовіцца ад гэтага намеру, бо пра Арыну ходзяць чуткі, што яна кабета злая і чараўніца, а яблык ад яблыні недалёка падае, дык, можа, і дачка будзе такою. Аднак усе парады былі дарэмныя, і Васіль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арыніну хату.
Гледзячы на гэтую яго прыхільнасць да Алюты, адны суседзі са смехам казалі:
– Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.
Іншыя хвалілі: Алюта будзе добраю жонкаю і не пойдзе па матчыных слядах. Былі і такія, што казалі, быццам ягонае каханне не сапраўднае, быццам яму паднеслі нешта ў пітве і хоць ён і запанібрата з д’яблам, – трапіў на лепшую і сам быў зачараваны.
Шчыра стараўся Антон змусіць яго адмовіцца ад свайго намеру. Нарэшце прыгразіў, што вырачацца яго, такую нявестку не прыме ў хату і маладым на гаспадарку нічога не дасць.
– Я і не прашу ні ў кога нічога, – адказаў Васіль. – Знайду ўсё сам, здабуду і грошы. І апякун такі, як ты, можа, сам прыйдзе калі да мяне ў пазыкі.
Антон пайшоў да кума Марціна. Быў гэта чалавек пачцівы і гаваркі, рады кожнаму параіць і дапамагчы, таму і любіла яго ўся воласць. Марцін ахвотна паабяцаў прыгледзецца да гэтае справы і адлучыць маладзёна ад тае прывязанасці. Даў нават слова, што будзе сябраваць з ім і кожны раз адгаворваць ад тае жаніцьбы.
Калі Васіль пачуў ад апекуна, што не будзе мець ніякае дапамогі, вырашыў шукаць скарбы, нават калі б і былі яны заклятыя ці моц шатанскую мелі. За дзве вярсты ад нашае вёскі быў ля дарогі пагорак, акружаны з двух бакоў яловым лесам. А на пагорку ляжаў велізарны камень, які людзі называлі «Цмокаў Камень». Старыя людзі так пра яго апавядалі.
Аднаго разу ўлетку ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які прадаў д’яблу душу. Бачылі гэта падарожныя і людзі, што вярталіся з паншчыны. Раптам раскалоўся блакіт неба, разлілося вялікае святло, людзі, молячыся, кленчаць, а цмок, выцяты промнем нябеснага святла, дранцвее ўвесь, валіцца на пагорку і ператвараецца ў камень. Скарбы ж, золата і срэбра, якія ён нёс з сабою, на тым самым месцы самі закапаліся ў зямлю, і з таго часу з’яўляліся ўначы ў розных канцах пагорка ў розных постацях. Адны бачылі на камені Плачку, якая выцірала сабе слёзы агнёваю насоўкаю; другія, ідучы позняй парою па дарозе, сустракалі карузлікаў, чорных і тоўстых, як дзежачкі, што скакалі на пагорку; іншым мроіліся чорныя казлы, што скакалі з зямлі на камень, а з каменя на дол, і шмат іншых дзівосаў.
Казалі яшчэ, што калі хто асмеліцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.
Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.
– Што ты тут робіш? – запытаўся ён з усмешкаю. – Пэўна, скарбы шукаеш?
– Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроіў.
– Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. – І, сеўшы ля яго на камені, кажа: – Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца – гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.
Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.
З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя – што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае.[57] Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.
Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінае хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.
Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое ды пра сёе і весела час прабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.
Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык прыедзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветліва і аддзячаць розным збожжам.
Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з д’яблам; было колькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі людзьмі.
Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:
– Паслухайце, вы несправядліва гаворыце пра Васіля. Васіль – чалавек добры і акуратны; калі прыйдзе з таварышамі да мяне, дык заўсёды плаціць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, ай да Алюта, добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды і ў Арыны я нічога дрэннага не бачу. Ну і што, калі яна чаруе? Яна чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбныя кожнаму; яна і дапамагае: лечыць зёлкамі людзей.
Калі ішла гэтая размова, імкліва і са стукам адчыняюцца дзверы, заходзіць Васіль з узнятай галавою, шапка ссунута набакір, і з ім некалькі сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марціна і насупіў бровы.
– Як маешся, Васіль? – кажа Ёсель. – Даўно цябе не бачыў, ужо дні тры. Я і мая Сора думалі, што з ім такое, а цяпер вось толькі што гаманіў з людзьмі пра цябе.
– Я ведаю, што людзі пра мяне кажуць: сабакі брэшуць, а вецер носіць. Мне ўсё адно. – Ён сеў на лаве, узлокціўся на стол, закрычаў: – Дай нам гарэлкі, але добрае.
– А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і каштуе дорага.
– Дай дарагое. – І кідае колькі грывеннікаў[58] на стол.
Жыд у міг вока падае кілішак і бутэльку гарэлкі.
Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся і закрычаў:
– Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо п’еш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра поўныя кішэні. Ну й зух!
Васіль паглядзеў са злосцю.
– З табою, – кажа, – ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.
– Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?
– Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.
– Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім – паслухайце! – раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.
Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.
«Будзе дрэнна, – падумаў сабе. – Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў – пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.
На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.
Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма – трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.
На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.
– Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’яніцы шкоды мне нарабілі!
Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за п’янства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманіліся.
Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.
Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.
– Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.
– Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і імосці,[59] бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай – там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкі, – падай яе пану аканому і прынясі марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.