Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) - Хаўстовіч Мікола 6 стр.


Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў арандара, што яму за ўсё заплацяць, сеў і паехаў.

Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. І гэтая незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з д’яблам. Але ж і гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васіль – чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і больш увішны. Ён заляцаецца да ейнае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.

– Чуў я пра Васіля, што ён, бывае, і не слухае свайго апекуна, і быццам бы страчаўся з віхорам і вітаўся з ім, нібы са сваім братам. Гэта ўсё не варта рабіць, лепей трэба жыць з Богам. Скажы Васілю, няхай не займаецца глупствам, ходзіць у касцёл і працуе. Ну, ідзі ж дадому і будзь спакойнаю, я тваёй дачцы спраўлю вяселле ў маёнтку, бо казала мне пра яе аканомка і ад іншых чуў, што дзяўчына яна добрая і працавітая.

Таго ж дня пан загадаў паклікаць Антона і каб Васіль перапрасіў свайго апекуна. Антону ж наказаў, каб не забараняў Васілю жаніцца з Алютаю, але дапамагаў ім, бо яны абое сіроты. І сам абяцаў выдзеліць яму найлепшае зямлі і даць жывёлы на развод.

– Але ж, пэўна, і пан чуў пра тое, што людзі кажуць. Быццам Арына чараўніца, і скардзяцца некаторыя, што кароў выдойвае і робіць іншыя шкоды, часам перакідаецца ў сароку і лятае паўсюль, і гэта нават бачылі.

– Не слухай плётак. Арына добрая кабета, і Алюта, дачка яе, будзе добраю жонкаю і добраю гаспадыняю. Няхай табе гэта не рупіць, я ручаюся, што будзеш задаволены.

– Панская воля, – кажа Антон. Ён згорбіўся і, чухаючы патыліцу, пайшоў дахаты.

Праз колькі дзён далі пробашчу[60] на запаведзь. А хутка і вяселле. Сабралася ў маёнтку цэлая воласць. Відаць, не таму, што былі зычлівыя да маладых, а ведалі, што будзе добрая пачостка і гарэлкі ўволю. Не было там вясковых вясельных абрадаў, як звычайна робіцца ў вёсках, але перад шлюбам, просячы блаславення, маладыя ўпалі ў ногі спярша сваім панам, потым Антону і Арыне. І пасля шлюбу гэтае самае ўчынілі. Алюта была пекна ўбраная. Пані падаравала ёй нейкія завушніцы, якія перад агнём як бы іскры кідалі; чырвоная шнуроўка з залатымі гафткамі, чырвоныя стужкі, і калі села за стол і расплялі ёй чорную касу – з чорных воч па белым твары паплылі-пакаціліся слёзы. Усе расчулена глядзелі на яе. А пасля заспявалі кабеты вясельную песню, якую спяваюць звычайна сіротам, што ідуць замуж. Усе плакалі, нават тыя, што раней пра яе злое казалі. Гэтую песню так я ўпадабаў, што і цяпер яе памятаю.

Вясельная песня сіраціне

Прызнаюся, што і я не мог стрымаць слёз, бачачы перад сабою Алюту і слухаючы гэтую песню. Яна была сапраўднаю сіратою, бо, апрача старое маткі, не мела іншых сваякоў. Гэтую сям’ю пан прывёз з-за свету. Раней жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною, і бацька Алюцін памёр адразу ж, як прыехалі ў наш край.

Госці гулялі, пілі адзін з адным, добра падвесяліліся, дуда зайграла песні, і танцы не спыняліся ўсю ноч. Але ўсё было прыстойна, бо паны і аканом часта наведвалі вясёлае ігрышча.

Пасля вяселля пан і Антон добра дапамаглі маладым. З самага пачатку гаспадарання Васіль ужо меў колькі коней, кароў ды іншае жывёлы; новыя забудовы ды колькі дзесяцін урадлівае зямлі.

– Але цікава, – сказаў пан Завальня, – ці перавыхавала яго Алюта, бо ёсць прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.

– Не, паночку, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з’ядуць.

– Дзіўныя рэчы на свеце! Кажы ж далей.

– На сваёй гаспадарцы Васіль быў надта ж нешчаслівы, хоць нейкі час, здавалася, і перамяніўся на лепшае. Дзіўна, што страчала яго адна бяда за другою. Выганяць пастухі чараду за вёску ў поле, выбежыць з лесу воўк, схопіць барана; калі разгледзяцца, дык бачаць, што той баран быў Васілёў. Здаралася гэта некалькі разоў, і заўсёды воўк нібы выбіраў толькі Васілёвае. Ходзяць гусі па полі, ускочыць ліса і падушыць іх – гусі былі Васілёвы. Карова ягоная раз заблудзілася каля возера, убілася ў балота, пакуль прыбеглі на дапамогу, ужо ўтапілася. І гэтыя несканчоныя страты давялі яго амаль да галечы.

Неяк загарэўся бор, збеглася ўся воласць; не далі рады, полымя, як хваля на возеры, разышлося па ўсім бары. Шугаючы ўгары, яно ахоплівала густыя лапы ялін і хвояў, а дым, як страшны туман, закрыў усё неба і зямлю так, што ледзь можна было дыхаць. Бегаючы па лесе і збіваючы веццем полымя, папалілі мы на сабе вопратку. Але ўжо не было ратунку. Блізка быў Васілёў дом, іскрынка заляцела ў гумно, і згарэла збожжа.

У тыя дні вяскоўцы паўсюль казалі, што гэта адпомсціў Васілю Лясун, якога ён некалі выцяў каменем, калі той звяроў і птушак пераганяў з аднаго лесу ў другі; а стары чалавек прадказваў яму пажары і паморак на жывёлу.

Васіль ад гора яшчэ часцей пачаў завітваць у карчму. Яго жонка і цешча працавалі дзень і ноч і стараліся адвярнуць яго ад благога.

Ён зноў вярнуўся да зухаватых і бязбожных сваіх учынкаў. Аднаго разу Антон, Марцін ды іншыя, хто яму шчыра спрыяў, прыйшлі да яго ўвечары і нагадалі, каб цярпліва прымаў свае бядоты: мо калі-небудзь Бог усё пераменіць на лепшае? У гэты час насунулася хмара і пачалася навальніца. Ён, задумлівы, сядзеў ля вакна; вецер завыў за сцяною, а ён, як непрытомны, паведаміў:

– Мой брат выючы праімчаў паўз маю хату і паляцеў гуляць па шырокіх палях і густых лясах. Хутка і я за ім туды падамся.

Чуючы гэтыя ягоныя словы, перапалохаліся ўсе, і жонка пачала плакаць. А калі Антон сказаў Васілю, што ён зноў вяртаецца да бязбожных учынкаў, – той грукнуў са злосцю дзвярыма і выйшаў з хаты.

Аднаго дня пад вечар ідзе ён у карчму і там сустракае старых сваіх сябрукоў, з якімі колісь гуляў, і зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васіль, калі ўжо добра падпіў, кажа ім:

– Згалеў я зусім, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Цмокавага Каменя, пакланюся д’яблам, мо не пашкадуюць яны мне грошай?

Калі ж пачалі з яго смяяцца, што ён ніколі не адважыцца там пераначаваць (а быў ужо, дарэчы, позні час), ён схапіў шапку:

– Вось дакажу, што не баюся прывідаў! – Кінуў у карчме таварышаў і пайшоў на пагорак да Цмокавага Каменя. І адтуль ужо не вярнуўся дадому.

Мінаюць дні, тыдні, месяцы… Васіля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць жонка з цешчаю. Няма вестак, ці жыве ён, ці памёр.

Розныя былі думкі і чуткі між людзьмі; адны казалі, што недалёка ад Вялікіх Лукаў і Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю ліхадзеяў; другія сцвярджалі, што Лясун завабіў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васілёў голас і Лесуноў смех. Рознае гаварылі. Васіль жа згінуў назаўсёды.

Старая Арына, дзень пры дні гледзячы на слёзы сваёй Алюты, страціла здароўе і заручылася з зямлёю. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім маёнтку – ні ўдава, ні замужніца.

– Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасць, – сказаў пан Завальня. – Меў добрага апекуна і паноў добрых, што яму дапамагалі, – жыў бы спакойна сабе.

Трэба было заводзіць звады з Лесуном, шукаць заклятых скарбаў, вітацца на полі з віхорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, які асцярожны мусіць быць маладзён. Заўсёды, перш чым што рабіць, трэба падумаць.

– Не ведаю, дзядзечка, у чым ён тут правініўся, калі назваў братам віхор? І цяпер у завейную ноч вецер вые, сячэ снегам па вокнах, калі б я сказаў яму: «Ляці, браце, на поўнач, можа, і я за табою хутка падамся», – які ў гэтым грэх?

– Называй братам толькі такога, як сам. А пра віхор просты люд кажа, што гэта д’ябал ездзіць па полі і часам шкоду робіць.

Калі так гаварыў пан Завальня, падарожны глядзеў на Янку і ківаў галавою: не верыш, бо сам не паспытаў такога.

– Ну, цяпер нам трэці раскажа, што бывала калісьці на свеце. Слухайма.

Апавяданне трэцяе. Вужовая карона

– У маіх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў – вартаваць лес, хадзіць на паляванне з панам ды прыносіць дзічыну, калі, чакаючы гасцей або перад якім вялікім святам, накажуць з маёнтка.

Аднаго дня прыходзіць да яго аканом і крычыць, стукаючы ў акно:

– Сямён, пан казаў, каб ты што там ні было прынёс да нядзелі пару глушцоў, дзве пары цецерукоў і колькі курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго выжла ды ідзі на ловы.

Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак і з выжлам ідзе блукаць па лесе. У нешчаслівы час выйшаў на паляванне; хадзіў дзень навылёт, а бачыў толькі дзятлаў, што дзяўблі сабе на сухіх хваінах. Начаваў у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другі дзень да ўзыходу сонца туляўся па пушчы. Але дарма: нават здалёку не бачыў тых птушак, якіх шукаў, толькі вецер шумеў у дрэвах. Згаладалы сабака ўцёк да свайго гаспадара, і Сямён, змардаваны, хмурны, вяртаўся дадому, не ведаючы, што рабіць.

Сеў ён на калоду і думае сабе: «Кепска будзе; пан не дасць веры, што я шчыраваў на ўсю поўніцу; пэўна, западозрыць мяне ў гультайстве; пакланіўся б і нячысціку, абы толькі паспрыяў мне сёння».

Ледзь гэтак падумаў – выбег аднекуль велізарны чорны сабака, сеў перад лоўчым і страшнымі вачыма ўтаропіўся на чалавека. Сямён кліча яго да сябе, але сабака не рушыць з месца, а толькі глядзіць як шалёны; ахінуў лоўчага неспакой, і дрыжыкі пабеглі па целе. І тут бачыць: выходзіць з гушчару пажылы чалавек, валасы зблытаныя ў каўтун, бровы густыя, змарнелы, як быццам ад сонца і ветру, твар, вопратка да пят. Сядае на пень ля паляўнічага і гаворыць такія словы:

– Бачу, што торба твая пустая і твар хмурны; пэўна, паляванне няўдалае.

– Хадзіў два дні па лесе, змарыўся сам, і сабака, згаладаўшыся, уцёк ад мяне; не ўдалося аніводнага разу стрэліць. Дзе ж падзелася тое птаства? Загадалі мне да нядзелі прынесці дзічыны, ды адкуль яе ўзяць? Бяда будзе!

– Не журыся, – кажа незнаёмы, – паслухай мае рады. Я дапамагу табе. Заўтра 14 верасня,[62] дык увечары ідзі на Ласіную гару, на цэлую ноч будзе табе дарогі, бо сам ведаеш, што гэтая гара адсюль няблізка; стаіць яна сярод цёмных лясоў; падыдзеш да яе акурат на світанні і ўбачыш, што схілы яе пакрытыя вужамі; не палохайся, яны чапаць цябе не будуць; між іх сустрэнеш Вужовага караля. Пасцялі перад ім белую хустку, укленч і пакланіся; ён кіне табе на хустку сваю Залатую Карону і з грамадою сваіх вужоў пойдзе ў зімовыя сховы. Слухай яшчэ, дам табе перасцярогу: ідучы ўначы на Ласіную гару, не палохайся нічога і нічому не дзівіся, іначай дарэмны будзе твой клопат.

Калі будзеш мець у сябе Вужовую Карону, дык гэты чорны сабака, які цяпер перад табою, заўсёды, як толькі пойдзеш на ловы, стрэне цябе і павядзе па лясных сцежках, і кожны раз настраляеш столькі, колькі захочаш. Але ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічому, бо калі пахіснешся сэрцам або духам – будзеш нешчаслівы; не пускай у душу такія пачуцці.

Сказаўшы гэта, ён схаваўся ў гушчары, і сабака пайшоў за ім. Сямён правёў поглядам незнаёмага, доўга стаяў задумаўшыся, пайшоў дахаты, узяў белую хустку і са стрэльбаю за плячыма скіраваў да Ласінае гары. Калі зайшоў у дзікую пушчу, дык ужо сутоньвалася, цямней і цямней рабілася сярод густых хвояў і ялін. А ён далей і далей ідзе ў глыб лесу. Усё вечарэла. Вось ужо і ноч. Глянуў угору – ледзь некалькі зорак на небе ўбачыў праз галіны. Адзін ён з людзей быў у той час у лясной пустэльні, вакол чуў толькі крыкі соваў і пугачоў ды ў гушчары тупат перапалоханага звера. Не першы раз выпала яму блукаць уначы па лесе, і дарога гэтая не страшыла яго.

Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага. Бачыць, як набліжаецца велізарны мядзведзь на задніх лапах, рыкае і ўжо хоча напасці; зграя ваўкоў, натапырыўшыся і свецячы вачыма, пагражае крывавымі пашчамі. Сямён адважна ідзе сярод хіжацкае зграі. Заступіў яму дарогу вышэйшы за лес Волат, які вырваў вялікую хваіну і гразіўся, нібы пярун. Аднак лоўчы смела мінае ўсё гэта.

Месячык паказаўся з-за воблака. Здаецца Сямёну, што выходзіць ён з лесу і бачыць удалечыні палац, які свеціцца золатам і срэбрам; падыходзіць да тае пекнае пабудовы праз чароўны сад, дзе як быццам вясна і лета сышліся разам: найпрыгажэйшыя кветкі і даспявае найвыдатнейшая садавіна. Зязюля сумным голасам абзывалася на дрэве; зацёхкаў салавей у хмызняку; чуваць дзіўныя галасы драздоў і шпакоў, і разумее Сямён іх вясёлыя спевы. Спаткалі яго дзяўчаты з вянкамі на галовах, танцуючы, вабілі да сябе. Ён мінуў усе гэтыя цуды не здзіўляючыся і не зважаючы на іх.

Зніклі чароўныя здані; падзьмуў восеньскі вецер; і Сямён убачыў на ўсходзе чырвонае неба. Хутка ўзыдзе сонца – спяшае ён да Ласінае гары.

Калі прыйшоў на прызначанае месца, убачыў чараду вужакаў. Яны, сыкаючы, саступалі з ягонае дарогі. А ўжо і сонца падымаецца. Страчае Сямён такога велізарнага вужа, якога ніколі не бачыў. Той смела паўзе, а на ягонай галаве зіхаціць золата. Сямён раскінуў белую хустку перад ім і ўкленчыў. Вуж скінуў з галавы Карону на хустку і папоўз далей, а за ім і іншыя вужы хутка схаваліся за гарою. З радасцю разглядаў Сямён залаты скарб, падобны на два бліскучыя лісцікі, што зрасліся канцамі.

Ледзь пакінуў гару, як яго спатыкае велізарны чорны сабака, які ўчора пабег за незнаёмым; пазірае ў вочы і, здаецца, кажа, каб ішоў за ім. Ідзе лоўчы за сабакам. Той спыняецца і позіркам паказвае на дрэве глушцоў. Разоў колькі стрэліў ён у тым месцы і некалькі штук забіў. Ужо нёс дадому глушцоў, цецерукоў і курапатак, а як падышоў бліжэй да хаты, сабака застаўся стаяць на полі: глядзеў услед паляўнічаму, а пасля знік з вачэй.

Паны хвалілі лоўчага, яго спрыт на паляванні, а чэлядзь і аканом дзівіліся з яго шчасця, з таго, як ён, не маючы сабакі, столькі змог упаляваць дзічыны.

З таго часу Сямён стаў найслаўнейшым паляўнічым. Той чорны сабака кожны раз сустракаў яго ў лесе, і Сямён столькі біў рознае дзічыны, што не толькі хапала панам у маёнтку, але і сялянам на продаж.

Па ўсёй ваколіцы разнеслася пагалоска, што Сямён – чараўнік, быццам некаторыя секлі дровы ў лесе ды бачылі, што ходзіць з ім нейкі чорны сабака, які ў лесе і застаецца. Акім, што некалі сябраваў з лоўчым, раз ціха падышоў пад вакно ягонае хаты, каб даведацца, што той робіць; пачуў, нібыта з кімсьці размаўляе; зірнуў у вакно: Сямён лашчыць чорнага сабаку, таго самага, што заўсёды сустракаў яго ў лесе. Сабака глянуў у вакно крывавым вокам і знік, а Акім уцёк ад страху.

Ужо колькі гадоў уся воласць гаворыць, што Сямёну дапамагае на ловах сам нячысцік, якога трымае ён за пахолка, але паны адно смяяліся з гэтага і не давалі веры. Хоць пан, будучы неяк з лоўчым на паляванні, не бачыў чорнага сабаку, аднак змеціў, што дзікае птаства само ляціць да Сямёна і той ніколі не схібіў.

Жыла ў вёсцы непадалёку Марыся, прыгожая і маладая дзяўчына, дачка набожных бацькоў. Шмат каму яна падабалася, і Сямён меў на яе вока; спадзеючыся на сваё багацце ды на панскую ласку, меў надзею, што Марыся будзе ягонай.

Аднаго дня, калі ішоў на паляванне, убачыў ён Марысю. Тая мела вянок на галаве, і кветкі так ёй пасавалі, што выглядала яна надзвычай прыгожаю. Ходзячы непадалёку ад свае нівы, збірала суніцы. Падыходзіць Сямён, просіць ягад; не адмаўляе яму дзяўчына; пытае лоўчы, ці падабаецца ён Марысі.

– Людзі кажуць, што ты чаруеш, – адказала тая, – а я баюся чараўнікоў.

– О, не, Марысю, нікога я не чараваў і не ведаю гэтага ганебства.

Назад Дальше