Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) - Хаўстовіч Мікола 7 стр.


– Калі праўду кажаш, – я нашу на шыі пасвянцоны ў час Юбілею крыжык, які можа грахі адпускаць, – пацалуй мой крыжык.

– Ахвотна, – адказаў Сямён.

І ледзь пацалаваў крыжык, як тут з травы падняў галаву велізарны вуж, нібыта хацеў зірнуць на Марысю. Перапалоханая дзяўчына закрычала. Сямён схапіў камень і выцяў вужа. Той, сыкаючы, схаваўся ў траве. А пасля раптам з’явіўся чорны сабака, загаўкаў і знік. Марыся ад страху дрыжыць ледзь жывая.

Сямён правёў яе дадому і адтуль зноў ідзе на паляванне. Толькі ўжо не сустрэў яго ў лесе чорны сабака.

Убачыў цецерука; стрэліў, але заместа птушкі – пень гнілы ўпаў на зямлю. Спалохаўся Сямён, вяртаецца дахаты, аж там безліч вужоў, сыкаючы, паўзуць пад лаву і пад печ. Адчыніў скрыню, выняў Вужовую Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лісточкі. Стаіць, як слуп, і не ведае, што чыніць.

Доўга яшчэ дакучалі вужы небараку Сямёну. Не давалі спакою не толькі дома, але і на гасцінах. Калі завітваў да суседзяў, няраз, не баючыся людзей, з’яўляўся перад ім немаведама адкуль вуж.

У гэты момант нехта загрукаў у браму, і сабакі забрахалі. Выбег парабак і, вярнуўшыся, паведамляе: прыехаў пан Марагоўскі.[63] Пан Завальня саскочыў з ложка, хуценька апранаецца, каб павітаць госця.

– Ці не дазволіш мне пераначаваць, пане Завальня, – сказаў Марагоўскі. – У такую завіруху твой дом – адзіны прытулак. І гэтыя таксама (зірнуўшы на падарожных) схаваліся ад буры і, пэўна, баюць пану казкі.

Сяляне і парабкі адзін за адным падаліся ў пакой для чэлядзі.

– Я перашкодзіў, але маю чалавека, які заменіць усіх. Мой фурман Якуш любіць расказваць прыгоды хоць бы і цэлую ноч; няхай толькі коней выпража. Ах, як я замёрз!

Пан Завальня адразу загадаў сваёй сваячніцы прыгатаваць што-небудзь на вячэру.

– А што, пане асэсар,[64] можа, кроплю гарэлачкі? Яна крыху адагрэе. Пан, пэўна, едзе ў Полацак забраць сына, бо ўжо хутка Каляды; гэта добра, няхай адпачне ад вучэння і перабачыцца з роднымі.

– А пан дзетак сваіх – Стася і Юзіка – будзе забіраць дадому?

– Трэба, трэба. Паслязаўтра мушу пасылаць.

– Даручы мне, я забяру.

– Вельмі буду ўдзячны, калі пан такі ласкавы.

Пасля пан Марагоўскі, загаварыўшы да мяне, прасіў, каб на Каляды прыехаў і пабыў колькі дзён у яго: паклікаў, маўляў, ён шмат маладых гасцей, з якімі прыемна мне будзе прабавіць час.

Хутка прынеслі вячэру. Мой дзядзька, размаўляючы з госцем, усё мяне нахвальваў:

– Нябож мой, Янка, відаць, часу ў езуітаў не марнаваў: шмат цікавага з розных ксёнжак ведае.

– А ці любіць нашы беларускія казкі?

– Калі тут нядаўна колькі падарожных сялян апавядалі, што выпала ім бачыць або чуць у жыцці, дык я запрыкмеціў, што Янка толькі іх і слухаў. Ён любіць такія гісторыі, але ж, праўда, і гісторыі былі цікавыя: пра чары ды пра людзей, што пабраталіся са злым духам.

– Вось і мой фурман Якуш шмат бачыў і чуў у сваім жыцці. Пачне апавядаць – Бог ведае адкуль у яго бярэцца, а ўжо што да ваўкалакаў, дык з першага позірку іх пазнае. Вось акурат перад гэтаю бураю сустракаем мы двух ваўкоў, што спыніліся паблізу ад дарогі. Я бяру стрэльбу і хачу стрэліць. Якуш павярнуўся да мяне і закрычаў: «Не страляй, пане, бо ў іх душы чалавечыя. Калі заб’еш якога, дык душа ягоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахі. А за гэта і пан адкажа перад Богам». Не скончыў ён яшчэ гаварыць, а ваўкі ўцяклі.

Пасля вячэры паклікалі Якуша.

– Ну, Якуш, – сказаў Марагоўскі, – за тое, што гаспадар быў ласкавы пусціць нас на начлег у гэтую лютую буру, раскажы што-небудзь пра ваўкалакаў, толькі глядзі, кажы праўду.

Апавяданне чацвёртае. Ваўкалак

– Не ўсё нам у жыцці выпадае бачыць, але раскажу тое, што пачуў ад свайго суседа: пра гаротніка, якога чараўнік перавярнуў у ваўка і які шмат гадоў пакутаваў, блукаючы па лясах.

У адной мясцовасці, недалёка ад горада Невеля жыў селянін; ведалі яго суседзі, і іншыя яго памятаюць; зваўся ён Марка; дзіўнае было ягонае жыццё; ніколі не бачылі яго вясёлым, заўсёды маркоціўся, быў неспакойны, быццам штосьці страціў; любая грамада была яму не да душы. Калі людзі ідуць на кірмаш, пагуляць, паскакаць або збіраюцца ў вольны дзень на ігрышча ля карчмы, дык ён, самотны, заўсёды ці то ў хаце, ці то блукае дзе-небудзь у полі – задумлівы і журботны.

Сёй-той пытаўся ў яго, чаму ён такі, і заўсёды Марка адказваў:

– Шмат я пакутаваў. Нішто мяне ўжо на свеце не займае. Памёр я для свету.

Мой сусед сябраваў з ім, і Марка яму так аднаго разу апавядаў пра сваё жыццё:

– Былі часы, калі я быў вясёлы; аніводная забава, аніводзін кірмаш не абыходзіліся без мяне; гулі і скокі былі ў мяне ў галаве; але гэта не доўга трывала.

Пазнаёміўся я з Алёнаю. Гожая была дзяўчына, дачка заможных бацькоў. Упадабаў яе больш за ўсіх іншых дзяўчат, якіх ведаў; стараўся часцей яе бачыць, бываць у хаце ў яе бацькоў, паказваючы кожны раз маю прыхільнасць. Прыгарнулася і яна да мяне. Праз гэта маё няшчасце і прычынілася.

Багата хто да Алёны заляцаўся ды хацеў за жонку ўзяць, а найпершы быў Ілля. Выведваў ён пра ўсё і дакладваў пану, за што і меў ад яго ласку. Пан яму ва ўсім больш дазваляў, чым іншым; у любую пару меў права лавіць рыбу ў панскіх азёрах, танна купляў жывёлу і выгадна прадаваў; часта пасылалі яго ў горад купіць што-кольвек для двара, і кожны раз ён нешта клаў у сваю кішэню. І гэтак, ашукваючы ў гандлі і абкрадваючы пана, зрабіўся Ілля багатыром; меў шмат прыяцеляў і ласку ад пана, бо той меў яго за самага надзейнага лёкая, любіў і верыў яму больш, чым каму іншаму.

Дык вось пасылае гэты пыхлівы Ілля сватоў да Алёны, але атрымалі сваты гарбуза, бо яна прызналася бацькам, што не любы ёй гэты залётнік.

Ілля, пачуўшы пра гэта, кажа:

– Не Алёніна воля, а панская. Што не схацела рабіць па-добраму, зробіць па ўказу.

Пайшоў ён у маёнтак і дабіўся свайго: загадалі Алёне ісці за яго замуж.

Суседзі, ведаючы пра маю прыхільнасць да Алёны, смяяліся з мяне здзекліва, кпілі з мае някемнасці, з безразважнае любасці ды з адвагі, з якою хацеў я ўсіх, нават багатыроў, змагчы і Алёну павесці да шлюбу. І няраз, раззлаваны такімі з’едлівымі жартамі, адказваў я, што нядоўга Ілля мецьме панскую ласку, а грошы, сабраныя ашуканствам і крадзяжом, шчасця не дадуць, і Алёна была б шчаслівейшая, каб выйшла за чалавека хоць беднага, але пачцівага.

Дачуўся Ілля, што так пра яго кажуць, і паабяцаў помсціць, як толькі выпадзе нагода.

Надыходзіў дзень вяселля; Алёніны бацькі, ведаючы пра маё каханне да іх дачкі, сказалі мне, што волю панскую не пераменіш, хоць яна і несправядлівая і без усякае літасці; прасілі, каб пагадзіўся з лёсам, быў іх прыяцелем і прыйшоў на вяселле. Хоць і неахвота, але згадзіўся я на тое.

Вяселле было шумнае, гасцей болей, чым на кірмашы: маладыя – абое багатыры. Сабраўся люд з усяе ваколіцы, у некалькіх месцах на вольным паветры спявалі і пад музыку скакалі. Алёна была ў шыкоўным строі, усе яе віншавалі, зычачы шчасця і радасці. Сам пан прыехаў на вясельную бяседу. Ілля яго частаваў; пан размаўляў з ім, пахаджваючы між вясельнікамі. Малады прыкмеціў мяне сярод гасцей (я стаяў сумны, бо мяне не толькі нішто тут не займала, а наадварот, уся гэтая весялосць наводзіла нудоту); ён глянуў на мяне са здзеклівай усмешкаю і пайшоў з панам далей.

Праз нейкі час падыходзіць да мяне дудар Арцём, пажылы чалавек, і кажа:

– Чаго сумуеш? Выпі са мною гарэлкі і будзеш весяліцца, як і іншыя, – бярэ мяне за руку і цягне да стала з поўнымі бутэлькамі і закускаю. Не адмовіўся я ад запрашэння. Мы выпілі па два кілішкі гарэлкі. Тут нехта незнаёмы, гледзячы на мяне збоку, сказаў з усмешкаю:

– Ну цяпер ён паскача!

Арцём раптоўна мяне пакінуў, узяў сваю дуду і пачаў іграць, а на мяне напаў яшчэ большы смутак.

Не шмат прайшло часу, як падыходзіць да мяне мой сусед і, гледзячы мне ў вочы, кажа:

– Што з табою? Чаму твой позірк такі страшны, нібы ў звера якога?

Нехта яшчэ абазваўся:

– Ага, сапраўды, у яго вочы, як у ваўка, свецяцца.

І іншыя, што побач стаялі, таксама паўтарылі гэта і палахліва глядзелі на мяне.

Не ведаю, што рабілася са мною, але я ўвесь дрыжэў. Здавалася, што гэтыя людзі зычылі мне чагосьці найгоршага.

Алёна, стоячы непадалёк, размаўляла з маці; зірнула на мяне і ад спалоху закрычала:

– Ах, што дзеецца з ім! Глянь, мама, якія страшныя ягоныя вочы, няхай бы ішоў сабе адсюль.

Пачуў я гэтыя Алёніны словы, і мяне бы пярун ляснуў: памутнела ў вачах, прытомнасць страціў; пакідаю бяседу і, не ведаючы куды ісці, бягу па дарозе, сустракаю кабету, што вяла за руку маленькае дзіця.

– Ах, не глядзі на маё дзіця, – крычыць яна мне. – Ты заб’еш яго сваім страшным позіркам.

Уцякаю ад перапалоханае кабеты і бягу дадому. Падбег да свае хаты – сабака мой не пазнаў мяне. Дарэмна голасам хачу яго супакоіць: ужо слова сказаць не магу: толькі енк, падобны да выцця, выходзіў з маіх грудзей. Лютая трывога апанавала мяне. Парабак майго суседа паглядзеў на мяне і ўразіўся.

– Чаму гэта, – кажа, – твой твар і рукі абраслі поўсцю?

Глянуў на сябе – і як непрытомны пакідаю свой дом і бягу ў поле. Жывёла, што пасвілася там, уцякае ад мяне, сабакі кідаюцца, і я хуценька хаваюся ў лесе.

Бягу праз пушчы і дзікія пустэльні, падаю ў засені густых ялін; тут, зірнуўшы на сябе, убачыў, што рукі і ногі мае ўжо перамяніліся ў воўчыя лапы; хацеў заплакаць над сваім няшчасцем – і жахлівае выццё вырвалася з маіх грудзей.

Блукаў я па гарах і лясах у абліччы страшнага звера. Думкі і пачуцці ў мяне засталіся чалавечыя, памятаў мінулае і, задумваючыся пра сваё цяперашняе жыццё, мучыў сябе лютай роспаччу, не ведаючы, ці будзе калі канец гэтаму няшчасцю. У хмызняку шукаў птушыныя гнёзды, лавіў зайцоў і іншую дробную зверыну. Гэта была мая ежа. Не падыходзіў да чалавечага жытла, бо ведаў, што ўсе людзі – мае ворагі, што яны заўсёды будуць рады забіць мяне. Аднак чыніць ім шкоду не хацеў.

Няраз у нядзелю я чуў голас касцельных званоў і выццём прасіў Бога, каб злітаваўся над маім лёсам. Шмат разоў хацеў падысці цёмнай ноччу да касцёла, але сабакі, выбягаючы з вёскі, адганялі мяне, а часам чуў людскія крыкі і стрэлы. Тады бег колькі змогі да лесу, каб толькі схавацца ад напасці. Кожную раніцу выў я, вітаючы сонца, ды прасіў у неба спажытку на новы дзень.

Увосень, зімовымі начамі, у залевы хаваўся я, дрыжучы, дзе-небудзь пад густой ялінаю; шум вятроў акунаў мяне ў сумныя ўспаміны мінулага. Узімку почасту па некалькі дзён я быў галодны, знясілены, блукаў у страшнейшыя марозы па полі, каб толькі ўпаляваць што-кольвек. Мой спачын заўсёды быў кароткі, і нязменна снілася мінулае: бацькоўскі дом, сябры мае маладосці, прыязныя суседзі; тыя хвіліны, калі прыйшло каханне да Алёны, забавы, нашыя размовы, яе вясёлыя вочы, яе зграбная постаць у шыкоўным строі, з вянком на галаве, – усё гэта прыходзіла да мяне ў сне, але здавалася яваю. Часам я бачыў яе неспакойнаю; уцякала ад мяне або, перапалоханая, гнала мяне прэч ад сябе, як колісь на вяселлі, калі мяне падгавораны Арцём напаіў зачараванаю гарэлкаю. І пасля такога жахлівага сну, я, дрыжучы ўвесь, усхопліваўся. Некалькі гадоў прабыў я ў такім жахлівым стане.

Расла мая нянавісць да людзей, калі я думаў пра іхнія блуд, несправядлівасць, незычлівасць да роўных сабе. Вырашыў я шкодзіць ім ва ўсім, як яны шкодзяць адзін аднаму пры зручным выпадку, абы толькі мець сабе карысць. Дык нападаў, калі толькі можна было, на іх жывёлу і свойскіх птушак; нішчыў дашчэнту.

Аднаго разу (памятаю як сёння: была вясна, зелянеў лес, дні стаялі ясныя і цёплыя) я краўся ўзлескам да вёскі, дзе жыў Арцём. Бачу: на пагорку ходзяць пастухі ля жывёлы, Арцём арэ поле, а непадалёку ад хмызоў маленькая дзяўчынка пасе гусі. Ён кліча яе да сябе, называючы Ганкаю, і пасылае дахаты. Ды дзяўчынка хутка вярнулася і зноў падышла да гусей.

Я зразумеў, што гэта яго дачка. Калі з гушчару пазіраў на яе і бацьку, запалаў ува мне гнеў помсты. Арцём – нягодны чалавек – давёў мяне да такога стану, што жыву, гнаны адсюль, у абліччы страшнага ваўка. Няхай жа і ён паенчыць над стратаю свайго дзіцяці! Выскокваю з лесу і хапаю дзяўчынку. На доччын голас бяжыць бацька і ў роспачы кліча на дапамогу. Чую крыкі пастухоў, сабакі на мяне напалі, скусалі да крыві. Але нішто не магло мяне стрымаць. Хутка хаваюся ў пушчы, нясу сваю здабычу ўсё далей і далей у глыб лясоў; там, адкуль малая ўжо не вернецца сама дахаты, кідаю яе. Яна доўга ляжала непрытомная, а калі ачулася, крычала, блукаючы па лесе, роспачным голасам. Яе лямант і плач гінулі марна сярод густых хвояў і ялін, і я, цешачыся помстаю, пакінуў яе ў лясной пустэльні. Аддаліўся ад таго месца, дзе блукала гэтая няшчасная ахвяра мае злосці. Толькі не доўга цешыла мяне тая помста. Калі мінуўся запал гневу, прыйшла думка, што Ганка, беднае дзіцё, пакутуе без віны. Вярнуўся я назад, але нідзе яе знайсці не мог; глуха было ў лесе, і голас яе ўжо не чуўся.

Напаў на мяне нязносны смутак: я зразумеў, што помстаю не супакоіш пакуты. Дзе б ні быў – усюды не даюць мне спакою бацькава роспач, лямант пакінутае ў лесе дачкі і сабакі, што, гонячыся за мною, раняць зубамі да крыві. Здавалася, што яны ўсюды нападаюць на мяне. Перабягаў я з аднаго лесу ў другі, ды нідзе не мог знайсці спакою; прапаў сон, бо і ў час адпачынку заўсёды гучаў у маіх вушах роспачны голас бацькі, лямант дачкі, і сабакі рвалі маё цела.

Аднаго дня ўбачыў я знаёмых сялян. Схаваўшыся ад паўдзённае спёкі, сядзелі яны ў засені дрэваў, а непадалёку хадзілі выпражаныя з вазоў коні. Падкраўся да іх, і затаіўшыся за хмызамі, слухаў, пра што яны размаўлялі між сабою. Пачуў, як адзін з іх гаварыў пра мяне:

– Дзе ж блукае цяпер у воўчай шкуры Марка? Шкада гэтага чалавека. Вось ужо колькі год пакутуе, гаротнік. Эх, каб ён трапіў як да чараўніцы Аксіні! Кажуць, яна лёгка ператварае людзей у звяроў і зноў вяртае ім чалавечае аблічча. Не ведаю, дзе яна жыве, аднак чуў, што недалёка ад гэтых гор і лясоў.

Усцешыла мяне такая навіна: вырашыў абысці ўсе горы і лясы гэтага краю, абы толькі знайсці Аксініна жыллё. Некалькі дзён і начэй блукаў я без адпачынку па дзікіх пушчах. З вяршынь высокіх гор аглядаў бязлюдныя мясціны, спадзеючыся, што дзесьці там хаваецца яе самотная хаціна.

Выбягаю з лесу ў лог. Ранак быў ясны і ціхі. Бачу: котка на траве: шыя і лапкі – белыя, спінка – у паскі, светлыя і цёмна-папяловыя, шустрыя вочкі; скача котка, імкліва ловіць лапкамі матылёў на кветках. Доўга глядзеў з хмызняку на яе вясёлыя падскокі і гульні. Урэшце захацелася схапіць яе, кідаюся… але лёгка, як вецер, адскочыла яна і бяжыць на пагорак. Даганяю, і вось-вось хацеў ужо схапіць – аж яна ператвараецца ў сароку і ляціць над зямлёй. Гонячыся далей, убачыў самотную хаціну. Сарока села на страху і зноў перакінулася ў котку. Бачу: усюды поўна катоў размаітае масці: каты на даху, каты на вокнах, каты на панадворку. Усюды каты.

Я зразумеў, што тут жыве чараўніца Аксіня. Доўга стаяў і думаў: ці ісці да яе? Яна мяне не прыме ў воўчым абліччы, трэба з ёю дзе-небудзь на праходцы спаткацца, пакорліва ўпасці да яе ног і прасіць злітвацца над маім лёсам. Схаваўся я ў лаўжы і чакаў тае шчаслівае хвіліны.

Сонца схавалася за лясы і горы; узлескі ўжо пакрыў вечаровы змрок, а недалёкае возера, акружанае густою лазою, яшчэ свяцілася. Бачу: усе каты – з хаты, з даху, з падворка бягуць на луг, зрываюць зубамі нейкую траву і ў міг вока ператвараюцца ў дзяўчат, рассыпаюцца між кустоў, спяваюць песні, скачуць; іншыя зрываюць кветкі і ўюць вянкі. Бягу і я на лугавіну. Убачыў тую траву з дробненькімі блакітнымі кветачкамі; як толькі яе сарваў і праглынуў, адразу ж прымаю чалавечае аблічча. З невыказнай радасцю бягу ў гурт легкадумных русалак, скачу з імі, бегаю, весялюся, зусім забываю пра сваё няшчасце.

Назад Дальше