– Ой, – суразмоўніца на хвілю прыкусіла губу і было бачна, што маё тлумачэнне яе не задаволіла, але стала перапрашацца, нібы я таго мусова патрабаваў. – Усё скеміла зараз. Я пачула тады толькі слова «пасцель» і яно мяне збіла з панталыку. Прабачце.
У настаўніцкую пастукалі. Дзверы прачыніліся, і я пачуў голас Арыны Зарыцкай: «Дзень добры. Выбачайце, калі ласка. Эрнеста Скіргайлавіча можна?». Я падняўся і пакрочыў пад новыя позіркі каляжанак і нястрымны Валін каментар: «А вы карыстаецеся папулярнасцю». Давялося прыгразіць практыкантцы кулаком. Яна ж не ведала пра маю схільнасць ніколі не ўздымаць руку на жанчын.
10
Арына разам з Мілай і надалей не здраджвалі сваёй звычцы з’яўляцца, каб выцягнуць мяне з няпростае сітуацыі ці змрочнага настрою. Аднак той візіт быў рэдкім выключэннем.
– Час не марнуеце, – маючы на ўвазе практыкантку, зазначыла Зарыцкая і папрасіла рэпрынт рарытэтнай кнігі «Крывічанскае звяздарства» Чэслава Драбышэўскага.
Міла ў запытах была больш сціплай і пацікавілася зборнікам з артыкулам «Классовый подход к формированию потребности в духовном общении» Людмілы Мухарскай. Кніжкамі я ніколі асабліва не раскідваўся. Але для гэтых дзвюх дзяўчын – маіх выратавальніц і будучых каляжанак – я не пашкадаваў бы і «Полацкага летапісу», калі б ён у мяне, вядома, быў.
– Хадземце ў кабінет. Пакуль дойдзем, і званок будзе. А то Зінаіду Львоўну неяк не вельмі хочацца ад работы адрываць.
– О, яна нам таксама патрэбная, – дуэтам прамовілі сяброўкі, што ў іх на маёй памяці атрымлівалася гады ў рады.
– Хто два зайцы гоніць… – удаючы ментаршчыну, пачаў быў я.
– … ніводнага вожыка не здагоніць, – з усмешкай завяршыла Міла.
Данцова сустрэла нядаўніх вучаніц з радасцю. І пакуль я вышукваў у шафе патрэбныя фаліянты, дзяўчаты асыпалі яе сваімі пытаннямі. Калі ж я вярнуўся ў іх таварыства і ўрачыста перадаў кнігі задаволеным госцям, Зінаіда досыць штучна кашлянула і з’едліва зірнула ў мой бок. Яўна хацела мяне трохі пацвеліць. Доўга чакаць пацверджання маёй здагадкі не прыйшлося.
– А чым ваша сяброўка Наста Цыпіна займаецца? – ласкава-ласкава, нібы мёдам мазала, спытала яна ў дзяўчат, а на іх недаўменныя позіркі адразу ж удакладніла: – Проста я яе амаль кожны дзень бачу: шыбуе пад ручку з маладым чалавекам. Яўна ж не на лекцыі.
Гэта быў удар значна вышэй калена. Я моцна ўкусіў сабе краёчак губы. Яна трэснула. Здавалася, што гэты гук пачулі ўсе прысутныя. Прыклаўшы да ранкі язык, я адчуў саланаваты смак крыві. Добра заўважалася, што ўдакладненне Данцовай заспела знянацку не аднаго мяне. Верагодна, што Арына і Міла ведалі пра Насцінага хлапца, але нічога мне не казалі, бо мелі на тое нейкія свае прычыны. Можа не хацелі прычыняць мне лішняга болю. Можа мелі ўласныя планы і разлікі наставіць Цыпіну на розум. Можа… Цяпер жа, бачачы, як руйнуюцца шматпавярховікі маёй чулай натуры, сяброўкі не маглі прыдумаць ніякага дзейснага болеспатольнага сродку.
– Гэта яе сусед, – нарэшце выціснула з сябе Арынка, як апошнюю кроплю зубной пасты з цюбіка. – Ён там яе туды-сюды праводзіць і сустракае.
– Сусед? – не вымавіў, а прасвістваў я з кульгавай пытальнай інтанацыяй. – Усё так сур’ёзна. Рэч Паспалітую таксама клапатлівыя суседзі разабралі… – Гэта яе друг дзяцінства, – знайшла прыдатную дэфініцыю Міла.
– І што ж? Значыць ніякіх шанцаў у мяне няма? – не зважаючы на прысутнасць Зінаіды, пацікавіўся я і паспрабаваў развесці рукамі хмары ўласнае роспачы.
– Ну-у-у… – толькі і ўдалося пачуць ад Зарыцкай.
Я адчуў, як крывіцца зямная вось пад цяжарам маіх думак. Дзяўчаты, развітаўшыся, збеглі. Данцова паглядзела на мяне і зусім па-сяброўску сказала: – Без хірургічнага ўмяшання не абысціся.
– Да чаго тут гэта? – спытаў я, рыхтуючыся выкруціцца.
– Тваё пачуццё да Цыпінай трэба змяняць.
– Пачуццё? – падкінуў я лішак здзіўлення ў інтанацыю.
– Дык ты ж толькі што ў дзяўчынак пра шанцы быць з ёй выпытваў.
– Ты нешта блытаеш, Зіна. Я проста шкадаваў, што яна не можа завітаць у школу так, як гэта робяць Арына і Міла. У нас жа з ёй былі добрыя адносіны… – Ха… «Добрыя адносіны». Гэта цяпер так называецца? – каляжанка яўна не збіралася даваць веры маім словам. – Баластоўскі, ты ж віўся вакол яе, быццам уюн ці нават электрычны вугор. Яна, можа і менш, але таксама вілася. Хадзілі тут па школе. Салавейкамі заліваліся. Любавалісь сабой, как маглі.
– Ну, у цябе і фантазія, – не кідаў супраціву я. – Табе б, Данцова, раманы пісаць.
Зінаіда Львоўна збіралася адмераць мне яшчэ нейкую слоўную тыраду, але званок на ўрок і вучнёўская гамарня пад дзвярыма не дазволілі ёй гэтага зрабіць. Я ўсміхнуўся і пайшоў прэч, ведаючы, што без якой-небудзь прынагоднай зачэпкі яна не зможа пасля вярнуцца да ўзнятай тэмы.
За парогам кабінету ўсмешка мая светам загавела, ажно дзевяцікласнікі, якія ішлі на ўрок, аціхлі, думаючы, што завуч мяне добра прапясочыла. У пэўным сэнсе яно акурат так і было, бо згадка пра Насцінага кавалера (суседа чортавага!) каштавала майму сэрцу болей за любыя выгаворванні. Я збіраўся быў заскуголіць на нябачны Месяц ці нават Марс, але мяне пераняла Марына Нарымунтаўна: – Аднаму майму знаёмаму патрэбна твая кансультацыя.
– Каму?
– Сяргею Аляксандравічу, майму сябру дзяцінства. Ён зараз працуе ў КНАКС.
Пачуўшы знаёмую абрэвіятуру, маё сэрца сціснулася, нібы няшчасны селянін пад прыгнётам панскім. Уздзець на твар бравурнасці ніяк не атрымлівалася. І калі б у тую секунду я змог зазірнуць у люстэрка, то найхутчэй бы ўбачыў не іранічную ўсмешку рэпінскага «Беларуса», а панурае аблічча гарапашнага мужыка з літаграфіі «Беларускі раб» Юзафа Азямблоўскага. Але ўсе люстэркі я мінуў, і даводзілася прыкідвацца перад самім сабой, што выглядаю, як стомлены балтаславянскі macho пасля візіту да Мінатаўра.
– Баюся, што нічым вашаму сябру я дапамагчы не змагу, – з напятай штучнай усмешкай прамовіў я, заўважаючы, што і для Любартавай гэтая размова не была ўзорам прыемнага баўлення часу.
– Ты дарма так усхваляваўся, – стала супакойваць яна. – Гаворка мусіць пайсці пра чорных археолагаў і іх сувязь з таталітарнымі сектамі.
– Ды я і белай археалогіяй асабліва не цікаўлюся, – шчыра абурыўся я.
– Але цябе яму параіў твой колішні выкладчык прафесар Драўлянскі.
Спасылка на Драўлянскага выглядала дужа непераканаўчай. Яна б яшчэ на Нарбута спаслалася!
– Я з ім амаль пяць гадоў не камунікую, – паціснуў плячыма я.
– Ну, не ведаю… – Марына Нарымунтаўна спяшалася як мага хутчэй, абы з рук, завершыць гутарку. – У любым выпадку ты павінен гэта мець на ўвазе і не бянтэжыцца, калі Сяргей выйдзе на сувязь з табой.
Я хітнуў галавой, нібы пагаджаўся. Да маіх «радасцяў» дадалася яшчэ адна. Стаў разважаць пра рэальныя прычыны цікавасці да мяне з боку славутай Камісіі па надзвычайнай ахове культурнай спадчыны. Круціў і так, круціў і гэтак, але нічога асаблівага не знаходзіў. Я сапраўды не мог быць прафесійным кансультанам па нейкіх археалагічных пытаннях. Таму адзіным, што магло так нечакана прывабіць КНАКС да мяне, падалася мая літаратурная творчасць. Але яе наўрад ці можна было прылічыць да аб’ектаў культурнай спадчыны, на ахове якой спецыялізавалася гэтая арганізацыя. Прынамсі, ні мае публікацыі ў перыёдыцы, ні кніга, якая вось-вось павінна была выйсці, на гэты асаблівы статус не прэтэндавалі. Заставалася чакаць анансаванай завучам сустрэчы.
11
Жыццё крынічыла. Але чысціня гэтае крыніцы была вельмі сумнеўнай. Я ўзіраўся ва ўласную мінуўшчыну і з жахам выяўляў, што ва ўспамінах не зусім я. Раптоўнае дыстанцыяванне ад ранейшых ego прыўносіла ў душу дадатковы калэмут. Думаючы то пра Цыпіну, то пра КНАКС, я прымудраўся жартаваць і смяяцца. Знаходзіліся сілы, каб працягваць здзіўляць дзесяцікласнікаў даходлівымі тлумачэннямі. «Калі ты, Волечка, майструеш табурэтку, то гэта вытворчая дзейнасць. А калі, на гэтую табурэтку ўскочыць Саша і пачне чытаць верш, то гэта ўжо будзе дзейнасць духоўная». Адшукваўся спрыт занадта не гырчаць на дзевяцікласнікаў. Аднекуль бралася натхненне ў працы з васьміклашкамі. І толькі з адзінаццатымі ўсё было дагары дрыкам. Я ніяк не мог зразумець, з якой такой прычыны. Калі Кася Вядзёркіна, затыкаючы пальцамі нос, піла ў сталоўцы маркоўны сок, яна магла сабе і іншым патлумачыцца: «На дух не пераношу, але для скуры карысна». А я, любячы выпускную паралель, не быў здольным з’ясніць, чаму мне цяжка ў іх выкладаць. Зрэшты, тады, хаця і праз «не магу» ды зубоўны скрогат, я намагаўся быць супераб’ектыўным у ацэнцы іх ведаў. Уся гэтая дыялектычная байда мусіла б стаць мне папярэджаннем: не ўсё так дрэнна сёння, як можа зрабіцца заўтра.
Аднак штовечар я ведаў адно: наступны пасля вэбсёрфінгу і трывожных сноў пачатак працоўнага дня будзе асветлены чароўнай усмешкай і непаўторным бляскам вачэй Селязнёвай Алісы. Так ужо супала. Атрымалася так. Кожную раніцу яе падвозіў бацька, які сам тым часам ехаў на працу. І Аліса апыналася ў школе за сорак хвілін да пачатку першага ўрока. Я ж за некалькі гадоў выпрацаваў звычку перціся з цёмнага рана на прыпынак, каб ускараскацца ў збольшага вольны аўтобус, які адпраўляўся ад Сухакаменскага рынка да надыходу сямі гадзін раніцы – часу, калі грамадскі транспарт без удзелу добрых ці злых феяў ператвараўся ў селядцовыя бочкі. І вось так то я, то Аліса прыходзілі ў школу першымі.
Звычайна я хуценька рыхтаваў кабінет да ўрока і, нібыта міжволі, крочыў на той паверх, дзе стаяла або сядзела яна. Я – яе класны кіраўнік. Яна – адна з маіх любімых вучаніц. Мы гаварылі. Гаварылі нязмушана, не могучы спыніцца. Аліса распавяла, як файна прабавіла лета. Успомніла дом адпачынку «Каліначка» і нават прызналася, як разам з аднакласніцамі ўспамінала пра мяне і кідала на мой мабільнік «глушцоў». Я не пытаў, адкуль яны ўзялі мой нумар, а толькі роблена злаваўся, згадваючы летніх мабільных птахаў, што абуджалі мяне пасярод ночы. Яна шчыра не верыла маёй злабе. І ўсміхалася. І глядзела. І мне рабілася ад гэтага лёгка-лёгка, быццам не існавала ні Цыпінай, ні КНАКС, ні нават класнага кіраўніцтва. Я перайначваўся. Я скідаў з плячэй цяжар сатлелых календароў. Я не баяўся анічога пад Сонцам, Месяцам і Марсам тады, калі Аліса была побач са мною, і мы размаўлялі пра ўсё. Пра сяброўства і здраду. Пра тэлефоны і кампутары. Пра фільмы і гульні. Пра кнігі і чытачоў. Яна не ведала, што да ўсіх маіх яўных і надуманых грахоў я яшчэ і пісьменнік. Не хацелася казаць ёй пра гэта. Лічыў, што так патрэбна для захавання той цудоўнай раўнавагі, якая ўсталёўвалася ў сусвеце разам з усмешкаю гэтай дзяўчыны.
Мы не хаваліся. Для гэтага не было ніякіх прычын. Нас бачылі ўсе раннія (і не зусім) пташкі. Пра што яны думалі, звяртаючы ўвагу на нас, я не спрабаваў нават уявіць. Лія Навумаўна Келдышава, пазіраючы ў наш бок, старалася ўсміхацца, але з яе вачэй сыпаліся не зусім усцешаныя яскаркі. Гэта не была стоадсоткавая рэўнасць ці, як казалі ў старабеларускія часы, гарлівасць. Гэта было нешта да яе набліжанае. Я параўноўваў яе недарэўнасць з гіпатэтычнай копіяй карціны Марка Шагала, якую б выканаў Казімір Малевіч.
У прыватных гутарках Лія нічога не пытала ні пра Алісу, ні пра Насту, ні пра хазарскую жаночую зборную па баскетболу. Але ёй было вельмі цікава дазнацца, ці мелася ў мяне на той час каханка, альбо, кажучы прасцей, сэксуальная партнёрка. Нешта казаць пра такія інтымныя рэчы каму б там ні было ў мяне ніколі жадання не ўзнікала. Нават, калі б я мог пахваліцца вялікім паслужным спісам сваіх палюбоўніц, то ўсё адно маўчаў бы, як свежамарожаная скумбрыя. А як што хваліцца асабліва не было чым, маё маўчанне ператваралася ў важкую камлыгу, на якую натыркаўся кожны дарэчны і недарэчны цікаўнік. Зрэшты, маё маўчанне не ратавала многіх каляжанак ад безразважных высноў, быццам я палюбляю ўсё, што рухаецца. Пры ўмове, што гэтае ўсё жаночага полу. Мажліва іх зводзіла да аблуды мая памаўзлівая ўсмешка. А можа вечны бляск маіх вачэй, які б я сам назваў не проста юрлівым, а чыста курвельскім. А мо’ мая адметная паходка з распуснай развальцай а-ля Самсон Самасуй. Жанчыны заўважалі ўсё. А што не заўважалі, то прыдумлялі. І калі заўважанае ды прыдуманае змешвалася і выносілася потым на староннія вушы, чакаць чагось аб’ектыўнага было гарой наіўнасці. Таму я ўчасна ігнараваў на працы бальшыню жаноцкіх плётак, усё адно застаючыся ўвесь час адным з лідэраў іхных хіт-парадаў. Мне гэтае сэкс-сімвальства лакальнага разліву было ні ў печ, ні ў сеч. Але, чым менш я зважаў на гэта, тым большым вакол мяне рабіўся арэол вышэйназванага гатунку. Добра, што пра гэта я даведваўся па крысе, а не адразу цалкам. А то б у момант даў дрыгі ад раптоўнага экстазу марнаслаўя.
Калегі-мужчыны глядзелі на гэта з розных вежаў. Яраслаў Леанідавіч Майсюк ставіўся да ўсяго збольшага нейтральна, пакепліваючы пры нагодзе з шырыні спектру маіх нявестушак. Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў пастаянна ўпікаў мяне за злачыннае бяздзеянне, абычас наракаючы на ўласныя гады, якія не дазвалялі яму выконваць пачэсную ролю джыгуна-залётніка. Няўлоўны Вальдэмар Мікітавіч Міроненка абсалютна не выяўляў сваёй цікавасці да праблемы. Мне нават думалася, што ён абазваў бы яе надуманай ці, таго горш, з пальца выссанай. Але ён напісаў мне на паперцы ірландскую прыказку, сэнс якой я адразу і не зразумеў: «Калі ў цябе чэрап, як яечная шкарлупіна, не ездзі ў Дублін на кірмаш». Зрэшты, усё гэта ў сукупнасці мяне хвалявала мала. Ярыка я па-сяброўску прасіў не дурыць мне сракі. Заўвагі Давыдавіча адпраўляў у жорсткі ігнор. А Вальдэмара яшчэ трэба было знайсці, каб што-кольвек адказаць на яго туманную прыказку.
Якой славай мяне ўзнагароджвалі вучні, я зноў жа мог толькі здагадвацца. Але сыходзячы з таго, што пераважная большасць старшакласніц не ўпускала магчымасці самым нахабным чынам састроіць мне вочкі, была мая слава дужа спецыфічнай. І хаця за тры вярсты літоўскія праглядалася, што за састроенымі вачыма тояцца выключна дзявоцкія дурыкі, сія-тыя мамзэлі верылі ў сваё магічнае ўздзеянне на мяне. Гэты стэрэатып, узрослы з невядомай мне плёткі і ўскормлены эфектам сапсаванага тэлефона, шпарка перакінуўся на медыка-біялагічны 10 «В» клас, які складаўся амаль цалкам з новапрыбылых дзяўчат. Стэрэатып не абмінуў і дзявятыя, і нават восьмыя класы. Было надзвычай дзіўна адчуваць на сабе незразумелыя праменні вачэй малалетніх шмакадзявак і шторазу скаланацца ад іх шматсэнсоўных усмешак. І чым дальш у лес, тым больш труску чулася вакол завядзёнкі «спакушаць Баластоўскага». Часам гэта нагадвала элемент нейкай навамоднай кампутарнай гульні, калі на галоўнага персанажа кідаюцца ўсе, хто хоча, бо паводле сцэнарных умоваў у таго наўмысна пагоршаная рэпутацыя, якую трэба тэрмінова папраўляць, робячы добрыя справы. У маім выпадку было абсалютна незразумелым, ці можна рэпутацыю палепшыць увогуле. Здавалася: што ні рабі, як ні круці, а ўсё адно ўчынак будзе трактаваны ў адпаведнасці з наяўным стэрэатыпам. Вось гэта акурат і хвалявала, падкідвала сур’ёзную шостку ў навучальна-выхаваўчы працэс.
Але ў тыя вераснёўскія дзянькі ўсё было толькі на стартавай стадыі і ўспрымалася такой сабе хохмачкай, якая пабудзе-пабудзе дый забудзецца за стратай актуальнасці. Ды нічога не забывалася, нікуды не знікала, а толькі назапашвалася, нібыта хлуд у скрынцы з надпісам «Несвядомае», якую я маляваў на дошцы для васьмікласнікаў.
12
Набліжэнне першага бацькоўскага сходу выклікала ўва мне трымценне ў стылі апошняга жоўтага ліста. Я не баяўся таго, што бацькі пачнуць выстаўляць нейкія прэтэнзіі да мяне – нагоды не было. Але я нагвалт страшыўся дыялогу са стракатай незнаёмай мне аўдыторыяй. Каляжанкі спрабавалі мяне ўсяляк падбадзёрыць. Плёну гэта не давала. Сэрца круцілася, як стрэлка звар’яцелага сонечнага гадзінніка, прымушаючы рыхтаваць не проста план выступу, а цэлую нобелеўскую лекцыю, каб потым хадзіць туд-сюд між ложкам і кампутарам, рэпетуючы, як усё будзе. А хацелася – каб нічога не было. Чым бліжэй была дата сходу, тым большым рабіўся хмарачос маіх хваляванняў.
У належны дзень я напяў на сябе ўрачысты гарнітур і, ціпа красаўчэг, пашлэпаў па звыклым маршруце. Можна было не сумнявацца, што з аўтобусам, якім я збіраўся даехаць да школы, нешта здарыцца. Не, аварыі не адбылося. Адбыўся банальны, але надзвычай непрыемны затор каля кандытарскай фабрыкі. Давялося стаяць, пацець, лавіць носам карамельна-шакаладны пах і думаць пра вечныя глюкі вялікай кампутарнай сімуляцыі. За гэтыя думкі мяне яшчэ больш кідала ў пот, а «Ікарус» прасоўваўся наперад з хуткасцю чарапахі Тарцілы, якая кагадзе прыняла лішак снатворнага. Усё яно злавала мяне. Даставала мяне. Катавала мяне. Зрэшты, да школы насуперак затору я дабраўся ўчасна.