Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў 8 стр.


Каляжанкі заўважалі маё трымценне і спрабавалі даць пару-тройку экспертных меркаванняў з нагоды дыджэінгу на бацькоўскім сходзе. Не мямліць. Не вохкаць. Не пачынаць з кепскага. Гарцаваць на ўдалым рысаку паміж бацькоўскімі рэплікамі. Не даваць апамятацца. Не дапусціць стварэння непадкантрольных бацькоўскіх груповак. Запальваць сэрцы, ствараючы або рэанімуючы бацькоўскі камітэт. Пераконваць у мэтазгоднасці ахвяраванняў на карысць школы. Ім так лёгка гаварылася, што ў мяне ажно падкошваліся ногі, а сківіцы свавольна торгаліся, прымушаючы няўцям клацаць зубамі.

Бацькі збіраліся ў актавай залe на першую частку марлезонскага балету пад непаўторнай кодавай назвай «Агульнашкольны сход». Вучнёўскіх прашчураў было шмат, а крэслаў у зале – мала. Маса людзей стаяла па абодва бакі ўваходных дзвярэй. Прамова дырэктара трывала біты час. Рознаўзроставя дзядзькі і цёткі (апошнія складалі пераважную частку) рабілі выгляд, што слухаюць, млеючы ад навальнае духаты, што хутка апанавала памяшканнем. Калі дырэктарскі спіч скончыўся, рушылі па аўдыторыях, дзе мусілі адбыцца лакальныя версіі другой часткі памянёнага балета, якая кодавай назвы не мела. Я паспеў падрыхтаваць дошку, напісаўшы там нумары сваіх хатняга і мабільнага тэлефонаў.

Спрабуючы ўзяць сябе ў рукі перад пачаткам сходу, я паўтараў у думках толькі адно: «Галоўнае пачаць, а там, як па лёгкай каляінцы». Гэта быў самагіпноз. Самаўмушчэнне, як сказаў бы, напэўна, легендарны Вацлаў Ластоўскі, калі б ведаў пра маю злыбеду.

Я глядзеў на дзясятак матуль і двух татуляў, спрабуючы здагадацца – хто ёсць хто. Усе здаваліся знаёмымі, але намаганні самастойна персаніфікаваць прысутных завяршаліся поўным правалам. У выніку толькі Лізавету Адамаўну Багуслаўскую я і вызначыў, бо за месяц ад нашага знаёмства і пачатку майго класнадзейства памяць мне ўсё ж не адбіла. Матулі і татулі сваім чарадом глядзелі на мяне і, пэўна ж, узважвалі магчымыя плюсы і мінусы такога мультыфрукта, як я. Многія з іх ведалі пра маё існаванне даўно, але толькі ў той вечар маглі ўпершыню ацаніць гісторыка Эрнеста Скіргайлавіча без медыятараў і мадэратараў. Вось гэтае прыцэньванне і было для мяне самым вялікім цяжарам. Я адчуваў сябе доранай кабылай, якой спрабуюць зазірнуць і ў рот, і яшчэ ў некалькі месцаў. Невядома, куды б занесла нас агульная напружанасць, калі б у дзверы не пастукаўся мужчына, які з дзіўнаю ўсмешкай запытаўся: – Дык што ж? 11 «А»?

– Так, праходзьце, калі ласка, – я быў выключным прыкладам ветлівасці.

Ён нясмела ўвайшоў у кабінет, зірнуў сакаліным вокам на грамаду, сеў за першую парту ля дзвярэй і, не пакідаючы ўсміхацца, раптоўна выявіў сумнеў, які, верагодна, ні з тога, ні з сёга стаў яго кусаць дзікім сабакам дынга: – Прабачце, – сказаў ён, – а Фама Андрыёнак у 11 «А» вучыцца?

– Раней вучыўся, – заўсміхаўся я.

– Што значыць раней? – яго голас выдаваў здзіўленне, але рысы твару пры гэтым анічуць не змяніліся.

– Значыць, у мінулым навучальным годзе. А цяпер ён перайшоў у медыка-біялагічны 11 «В» клас, бацькоўскі сход якога праходзіць у суседнім кабінеце.

– У медыка-біялагічны? – нарэшце здзіўленне здолела змяніць ягоны твар.

– Так, – павучальна хітнушы, адказаў я.

– Дык што ж, гэта ліцэй імя Юрыя Гагарына? – нібыта хапаўся за апошнюю саломінку, удакладніў ён.

Аўдыторыя не змагла стрымаць смеху, чым ладна збянтэжыла няўдачлівага госця.

– Не, гэта сярэдняя школа №XXXL імя Марціна Пачобут-Адляніцкага, – прамовіў я, а бацькі пацвердзілі мае словы, жвава ківаючы галовамі.

Дзядзька на секунду зацяўся і пасля ў паўголаса ўздыхнуў, нібыта мацюкнуўся: – Збой дае матрыца.

Гэтая лаянка здзівіла мяне ці не болей за ягоны прыход. Мяне нават паспеў адолець кароткачасовы сумнеў у выпадковасці такой памылкі. Але сумнявацца не было калі, і я ўсё-ткі распачаў мерапрыемства.

Трымаючы прамову я быў ласкавы, як фразеалагічнае ласкавае цяля, і пафасны, як амерыканскі прэзідэнт кіношнага памолу. Я рабіў беглую самапрэзентацыю і прэзентацыю настаўнікаў-прадметнікаў. Я сто разоў паўтараў словазлучэнне «нашы дзеці», спадзеючыся вытачыць у мамуляк слязу замілавання. Я цвердзіў, што зычу дзецям толькі дабра і таму галоўнай задачай лічу спакойна і годна завершыць сярэднюю школу, не забываючы дбаць аб удзеле ў пазакласных мерапрыемствах. Я абяцаў як прадметнік па мажлівасці нікога не крыўдзіць з адзнакамі. Я біў сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы, што буду стаяць за дзетак – нашых дзетак! – цар-гарою. У замен я прасіў толькі разумення і спрыяння. Не ведаю, наколькі шчыра і пераканаўча гучалі мае словы. Не знаю, упала зерне майго паслання на ўрадлівую глебу ці ўсяго толькі на каменне. Бацькоўскі камітэт уваскрашаў я з асцярогай. Прысутныя маўчалі. Кандыдатаў вылучаць не хацелі. Адно тады, калі я паведаміў, што каардынацыяй дзейнасці займуся асабіста, колькі мамаў з палёгкай і амаль нават падзякаю згодна заківалі галовамі.

– Але камітэт усё адно патрэбны. Асабліва ў пытаннях падрыхтоўкі да будучага выпускнога вечара.

– Колькі трэба чалавек? – спытала маладжавая жанчынка – мама Алёны Караблёвай.

– Тры-чатыры, – як перад стартам добрай справы адказаў я.

– Тады запісвайце Караблёву, Багуслаўскую, Селязнёву і Кляшторную.

Яна казала так, нібы ўсе ўжо згадзіліся.

– Так? – перапытаў я.

– Так, – адказалі жанчыны.

– А хто за старшыньку? – працягваў азадачваць я.

Спадарыня Караблёва змоўкла. Астатнія мамы таксама. Увесь наваствораны на прынцыпах абшчыннае дэмакратыі бацькоўскі камітэт апусціў вочы. Быць старшынькай не жадаў ніхто.

– Дык хто? – паўтарыў я.

Мама Карыны Кляшторнай стала наракаць на цяжкі працоўны графік. Мама Алісы Селязнёвай сціснула губы і без тлумачэнняў адмоўна матлянула галавой, напомніўшы гэтым жэстам сваю дачушку. Урэшце Лізавета Адамаўна сказала сама: «Давайце буду я». Пасля прамоўленага яна адарыла мяне позіркам, у якім чытаўся напамін пра нашу першавераснёўскую гутарку. Я адказаў гэтаму позірку амаль глямурнаю ўсмешкай. Не пашкадаваў бы і цалкам глямурнай, калі б не стачыў у свой час зубы, грызучы жалезны боб навукі. Заставалася абярнуцца ў ліра-эпічнага цмока для фандрайзінгу броку:

Была зямля не свячона,Былі людзі не хрышчоны,Не верылі Госпаду Богу,А верылі люту-цмоку.Люту-цмоку далі брокуКажны дзень па чалавеку,Па краснай дзяўчынцы.

І як мне ні рабілася прыкра, я ўсё ж згадаў у голас чароўныя словы а літары «школьны фонд». Бальшыня прысутных, хаця і без вялікага імпэту, але ўсё ж расставалася з кроўнымі талерамі, абавязкова распісваючыся ў ведамасці прыняцця ахвяраванняў. «Цікава, а цмок-брокер, забіраючы дзяўчынак, таксама подпісы патрабаваў? – думалася мне. – А калі збіраў, дык у каго менавіта: у ахвярадаўцаў ці ў саміх ахвяр? І як выглядала ведамасць? І куды потым дзяўчынкі дзяваліся – цмоку ці таксама ў нейкі фонд?». Добра, што мой мозг не падпрацоўваў мультымедыйным праектарам, а то была б рызыка, што мае думкі ў рэжыме слайд-шоў, пабачыць уся бацькоўская грамада.

На тым уласна сход і скончыўся. Я адчуваў сябе спустошаным, быццам адрабіў дзве змены на ўранавых рудніках. У мяне не было пачуцця задаволенасці. Было штось накшталт палёгкі. Палёгкі выключна з тае прычыны, што сход апынуўся за плячыма. Каб развіць гэтую кволую радасць, я паімчаў маршруткай дадому, дзе мяне чакала пара бутэлек ахалоджанага шампанскага і пакунак з морапрадуктамі. Магчыма, такім вось спосабам мне хацелася наставіць акуляры ўласнаму лёсу, прымушаючы яго ўпэўніцца, што я святкую перамогу.

Паглынанне пераможнага напою перарваў тэлефонны званок. З неахвотай жыхара Лайдаччыны я падняў слухаўку. Незнаёмы мужчынскі голас з ледзь прыкметнай картавінкай удакладніў: – Эраст Пятровіч?

– Не, – раззлавана адказаў я, нібы мяне адарвалі не ад келіха, а ад грудастай бландзінкі.

– Гэта нумар 29071988? – перапытаўся незнаёмец.

– Так, – маё раздражненне нарастала.

– Паклічце, калі ласка, Эраста Пятровіча.

– Гэта герой іншага рамана. Мо’ вам патрэбны Эрнест Скіргайлавіч?

– Ой, прабачце, сапраўды Эрнест Скіргайлавіч, – збянтэжанасць на тым канцы дроту падалася фальшывай.

– У такім разе вы размаўляеце менавіта з ім, – ганарліва сказаў я, цудоўна разумеючы, што насамрэч незнаёмец гаворыць не столькі са мной, колькі з часовым сімбіёзам майго арганізма і шампанскага.

– Яшчэ раз выбачаюся. Я Сяргей Аляксандравіч Відаў-Вошчанка. Марына Нарымунтаўна вас папярэджвала?

– Так, папярэджвала, – я імгненна ўспомніў словы Любартавай. – Але наўрад ці ў мяне атрымаецца вам дапамагчы.

– Вы не перажывайце. Тут няма ніякае крамолы. Мне сапраўды трэба пагаварыць з вамі пра сёе-тое. Калі вам зручна? Я магу да вас на працу прыйсці, калі жадаеце.

– На працу? – зніякавела перапытаў я.

– Да вас асабіста, без удзелу адміністрацыі.

– Калі так, дык давайце ў суботу. У пятніцу ў нас дзень здароўя. А ў суботу я прыйду адмыслова, каб папрацаваць з дакументацыяй.

– Так. Ёсць. Субота. Аб якой гадзіне?

– Не раней за адзінаццатую.

– Ёсць. Зразумела. Дзякуй. Я вам патэлефаную.

– Нясцерпна чакацьму.

– Усяго добрага, Эрнест Скіргайлавіч.

– Бывайце здаровы.

Колькі секундаў я трымаў слухаўку ў руцэ, спрабуючы ўтаймаваць узрушанне: божачкі, мне ж пазваніў сапраўдны супрацоўнік КНАКС! Але ўзрушанне не было доўгатрывалам і хутка сышло на нулі. Кінуўшы слухаўку, я пайшоў дапіваць шампанскае.

13

Наступны дзень, дэклараваны як дзень здароўя, не абяцаў амаль нічога новага. Новым быў толькі мой статус удзелу ў ім. О, так! Гэтае салодкае слова класны кіраўнік! Вызваліўшы практыкантку Валю ад лішніх для яе клопатаў, я паспяшаў у сталоўку, каб атрымаць для сваёй паствы сухі паёк: бутэрброды з вэнджанай каўбасою, апельсіны, пакуначкі з малаком і маннай нябеснай. Паціху сталі падыходзіць мае адзінаццацікласнікі, якіх я змушаў узяць належны ім харч. Яны какетліва аднекваліся, прыкрываючыся словазлучэннем ранішняя наетасць. Я настойліва цыкаў. Мне зусім не хацелася валачы ўвесь гэты гастранамічны цяжар на той бераг ракі Сівой, куды школа звычайна скіроўвалася ў гэткія аздараўленчыя дні. Урэшце, за кошт некалькіх ці то галодных, ці то прагных да халяўкі хлапцоў мне ўдалося збольшага разгрузіцца. Настаўнікі фізкультуры заклікалі выводзіць дзяцей на двор і рушыць традыцыйным маршрутам.

Я крочыў у атачэнні сваіх вучаніц. Хлапцы, традыцыйна, пабеглі наперад, прымкнуўшы да кампаніі сябрукоў з 11 «Б». Дзяўчаты пачыналі заводзіць старую катрынку і пыталіся: «Ну, навошта нам гэты дзёўбаны дзень здароўя?». Я намякаў, што катрынка сёння не ў модзе.

– А што тады сёння ў модзе? – хмурачы броўкі, удакладніла Лера Булатнікава.

– Зараз модна не хмурыцца, а ўсміхацца, – нечакана мяне падтрымала Алёна Караблёва.

– Твая усмешка, позірк твой мяне штурхнулі ў бездань мрояў, – працытаваў я эмігранцкага паэта.

– Гэта вы, Эрнест Скіргайлавіч, напісалі? – пераадольваючы сваю адвечную маўклівасць, пацікавілася Карына Кляшторная.

Калі б я быў страшэнным нахабам, дык пэўна ж, не міргнуўшы вокам, падмануў бы і Карыну і астатніх дзяўчат.

– Не, – сцісла вымавіў я.

– Вы нас разводзіце, – з усмешкай умяшалася Кася Вядзёркіна. – Мы ж ведаем, што вы пішаце вершы.

– Ці мала хто піша, – ухіліста адказаў я. – Трэба быць чыстым фанабэркам, каб налева і направа цытаваць самога сябе.

– Фана кім? – не зразумела Кася.

– Фанабэркам, – выразна прамовіў я.

Выпярэджваючы мае тлумачэнні, Алёна стала разважаць над сэнсам гэтага – таксама незнаёмага ёй – слова: – Ну «бэрка», мабыць, памяншальна-ласкальнае ад «бэр», што значыць «мядзведзь». А «фана», напэўна, ад «фанаграмы», пад якую толькі рот раскрываюць, робячы выгляд, што пяюць. Такі сабе мядзведзь-фанаграмшчык.

– Ага! Мядзведзь-фанаграмшчык, які сам сабе ў дзяцінстве на вуха наступіў, – падхапіла развагі Вядзёркіна.

– А мядзведжае вушка, калі верыць пэўным анекдотам, гэта нешта непрыстойнае, – злаўмільна заўсміхалася Булатнікава.

– Цікава што? – з пэўным выклікам спытала Кляшторная.

– Пізда, – адказала Лера.

– Сама ты пізда, – вомільгам агрызнулася Карына.

– Ды не ты пізда, а мядзведжае вушка пізда, – раззлавалася знаўца пэўных непрыстойных анекдотаў.

– Дзевачкі! – нібыта супакойваючы, выгукнула Кася.

Усё адбылося так раптоўна і маланкава хутка, што я не паспеў своечасова зрэагаваць. Іншыя мае спадарожніцы не тое, каб збянтэжана, а хутчэй зацікаўлена сачылі за аднакласніцамі і чакалі маёй рэакцыі. Мне здавалася, што маё запозненае маралізатарства не дасць ніякага плёну. Таму я адно з ушчуваннем пахітаў галавою, але, звяртаючыся да Леры, сказаў тое, чаго напэўна не чакаў ніхто з прысутных: – А як жа тады персанаж беларускіх народных казак асілак Івашка Мядзведжае Вушка?

Лера на міг задумалася, а потым выдала, выкарыстоўваючы разнастайны тэрміналагічны апарат вядомы ёй, верагодна, з грамадазнаўчага курсу: – Я канечне гэтую казку не чытала, але магу выказаць сваё меркаванне, сыходзячы з уласнага сацыякультурнага вопыту. Вось глядзіце: асілак – гэта ж нешта пазітыўнае, станоўчае, як ты яго ні круці. А як гэты пазітыў мог выразіць наш бедны і гаротны просты народ? Толькі экспрэсіўным прыметнікам, на які пазней царква і, верагодна, іншыя грамадскія інстытуты, імкнуліся накласці забарону, табу. І народ выкручваўся, як мог, прыдумваючы нешта нейтральнае. Вось жа быў Іван Піздаты, а стаў Івашка Мядзведжае Вушка.

Дзяўчаты пачыналі патроху хіхікаць. Мінакі, праводзілі нас поўнымі сподзіву позіркамі, бо не маглі дабраць розуму, што за таварыства перад імі, аб чым гамонка і куды гэты дзядзька з усмешкай ласкавага цмока вядзе цэлую плойму юных красунь.

– Лера, можа ты перастанеш мацюкацца? – урэшце зрабіў заўвагу я.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы ж разумны мужчына, – стала віхляць яна. – «Пізда» у гэтым кантэксце не мацюк, а навуковая катэгорыя.

Мы акурат падыходзілі да вечнага агню з не менш вечнымі вясельнымі картэжамі. Яшчэ адна школьная група, каб не замінаць жаніху і нявесце, паскорыла крок і дагнала нас. На яе чале быў Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў. Ён, учуўшы з дзявочых вуснаў ненарматыўную лексічную адзінку, разбірацца не стаў, а адразу безапеляцыйна заявіў: – Дзяўчыначка, у цябе малако на вуснах не абсохла, каб такія словы без капкі сарамлівасці пры людзях казаць. А тым больш пры маладым настаўніку. Што ты сабе дазваляеш? Га? Як тваё прозвішча? Заўтра будзеш перад дырэктарам тлумачыцца.

Мае вучаніцы, а пагатоў Лера Булатнікава, на якую хлынула ягоная тырада, здранцвелі. Даваць дзяўчыне магчымасць апраўдвацца перад Іскаліевым было небяспечна. Па-першае, яна пачала б аскірзацца, толькі ўскладняючы становішча. Па-другое, мая маўклівасць не магла сыграць на карысць майму і без таго хісткаму аўтарытэту. Апошняе мяне і падштурхнула кінуцца на абарону нахабніцы.

– Вы, Давыдавіч, асабліва не гарачкуйце. Дзяўчо без злога намеру, а ў рэчышчы філасофскіх разважанняў. Сучасная філасофская парадыгма, знаеце…

«Знаеце», – перадражніў стары. Ён пільна паглядзеў на Леру і яе малінавую саколку, якая добра падкрэслівала абрысы грудзей, задуменна кашлянуў, павярнуўся да мяне і ўшчыпліва папярэдзіў: – Глядзі, каб гэтая парадыгма з тваёй традыцыйнай філасофіі ўсе цалінныя сокі не ўвабрала.

Калюча ўсміхнуўшыся, Іскаліеў прыспешыў сваю групу і шпарка пакрочыў наперад. Я не ведаў, што казаць. Вучаніцы таксама маўчалі. Нарэшце моўкнасці не вытрывала Кася Вядзёркіна.

– Эрнест Скіргайлавіч, – зусім ціха звярнулася яна да мяне і не працягвала далей, чакаючы майго голасу. – Што? – як мага спакойней спытаў яе.

Назад Дальше