– Ваяваць з рускімі?
– Так. Спачатку гэта нібыта ў снежкі было, але рускіх было шмат, а мы ад кацапаў уцякаць не хацелі і паддавацца ім таксама. Тады многім з нашых кроў з носа пусцілі.
– Вас пабілі да крыві?!
– Да крыві, проша ойца. Я Сташка паклічу, ён вам усё раскажа. Вунь ён, пад клёнам стаіць.
– Не трэба, я табе веру, – семінарыст дастаў гадзіннік, спраўдзіў час, зірнуў на чаргу і папрасіў: – Раскажы сам, хлопча.
За чвэрць гадзіны Косцік апавёў пра свой бунт супраць паходу ў царкву і тое, што было потым, калі ён, забраўшыся на кучу саломы ў стадоле, збіў раз’ятраную хеўру ботам.
– Хват ты сапраўдны! – пахваліў яго семінарыст і пацалаваў у лоб. – І будзеш служыць найважнейшую службу ў шэсці – панясеш балдахін над канонікам.
– Я? Балдахін? – не паверыў сваім вушам Косцік.
– Так, хлопча. Вось, – семінарыст уручыў яму картачку, – аб адзінаццатай падыдзеш да бакавых дзвярэй у закрыстыю і атрымаеш белыя пальчаткі і комжу з чырвонай накідкай.
– А мне, ойча вяльможны, будзе харугва? – спытаў Юзік.
– Табе? Не, ты пойдзеш арганныя мяхі надзімаць.
– Я – мяхі?! Ойчычак вяльможны, чаму, за што?! – залямантаваў Юзік.
– Маўчы, паклёпнік, не тое зняслаўлю цябе перад усімі. Пайшоў куды кажу!
Косцік двума крокамі падскочыў да Стаха:
– Сташку! Я балдахін над канонікам панясу!
– Ты?! Балдахін?!
– Балдахін, Бог мне сведка. А Юзік ведаеш што? Мех арганны будзе надзімаць, а не харугву яму!
Стах зарагатаў.
– Не смейся, а то семінарыст убачыць і падумае, што ты з яго.
– Ды як жа ты яго ўпрасіў? Пра што вы размаўлялі?
– Юзік не хацеў, каб я нёс харугву, і абылгаў мяне: маўляў, і няўдалы я страшна, і тата за ручку мяне да споведзі водзіць, і што я па-польску не хачу вучыцца, а хачу па-расійску.
– Вось жа манюка!
– Хадзем да Хмары, дарогаю падрабязна раскажу.
Яны пайшлі, там паснедалі і праз гадзіну вярнуліся. Служылі галоўную, урачыстую, імшу. У касцёле і на пляцы цісканіна была жахлівая. Два шэрагі польскіх жаўнераў з бабруйскага палка і цывільных мужчынаў, стоячы плячо да пляча, перагарадзілі праход ад брамы на пляцы аж да прэзбітэрыя ў касцёле. Гэтым праходам карысталася духавенства, чальцы Камітэта і магчымыя ўдзельнікі ўрачыстага шэсця. Таксама праз яго выносілі жанчын, калі якая самлее. Працаўнікам арганізаванай канонікам неадкладнай дапамогі продыху не было.
Косцік скіраваўся ў закрыстыю, а Стах застаўся на пляцы.
А палове на дванаццатую загучалі званы. Натоўп калыхнуўся, трыманы кардонам праход да касцёла пашырыўся, і адтуль пачала выходзіць працэсія.
Наперадзе ішоў сівенькі стары ў комжы, несучы драўляны крыж з Мукай Гасподняй. За ім на адлегласці пятнаццаці крокаў выйшла калона такіх самых старых, у комжах і з запаленымі свечкамі ў руках. Сярод іх быў і смалярскі Кантычка.
Услед за старцамі, ідучы на такой самай адлегласці, Казік Здановіч і Ясь Ладан вынеслі дзве харугвы з выявамі арханёлаў Міхала і Габрыэля.
Затым пранеслі харугву Найсвяцейшай Тройцы, у гонар якой быў асвечаны касцёл,[11] з мноствам белых і амарантавых стужак. Гэтую харугву нёс семінарыст – выхаванец каноніка, а стужкі – найпрыгажэйшыя жыхаркі Бабруйска.
Следам выплылі чародкі дзяцей, у якіх было сёння першае прычасце: спачатку дзяўчаткі ў белых сукенках з пабожна складзенымі ручкамі, потым хлопчыкі з кнігамі.
За дзецьмі шляхцянкі з маёнткаў вынеслі абраз Маці Божай Майскай,[12] апавіты жывымі кветкамі і зёлкамі, а далей пайшлі атрадамі адборныя юнакі і дзяўчаты – прыгожыя, у самым соку: сто дваццаць дзяўчат – кожная ў белым, з вэлюмам на галаве, з лілеяй у руцэ, – сорак хлопцаў-гімназістаў у мундзірах з пазалочанымі гузікамі і ўрэшце сто смуглявых хлопцаў, апярэзаных тальмахамі. Сэрца стукала, грудзі разрываў гонар ад таго, што на крэсавых землях столькі красы і сілы ёсць, столькі абаронцаў веры, прыхільных задуме святой каралевы Ядвігі.
А потым уперамешку пайшлі штандары з незлічонымі стужкамі, лес харугваў, выявы і скульптуры святых дастойнікаў. Усё было ўбранае ў квецень і зелень, усё ў атачэнні моладзі ў белым.
Калі яны ўсе прайшлі, на пляц ступіла духавенства. У першых дзвюх чацвёрках – семінарысты і вікарыі з дэканатаў і большых парафіяў. Потым – пробашчы: глускі, старадарожскі, асіповіцкі, шацкі, блонскі, бярэзінскі, свіслацкі, шклоўскі, быхаўскі, жлобінскі, шацілаўскі і парыцкі. У апошняй – дэканы: слуцкі, ігуменскі, рагачоўскі і рэчыцкі.
Затым ксёндз канонік Красінскі, праваруч ад якога ішоў магілёўскі дэкан – ксёндз Святаполк-Мірскі, а леваруч – царскі саветнік Несмяртэльны, самы высокапастаўлены чыноўнік краю, нёс святочную дараносіцу. Косцік Васілеўскі і трое яго аднагодкаў, усе ў карункавых комжах з чырвонымі накідкамі, трымалі на імі балдахін. Ксёндз пробашч Буйноўскі кадзіў перад імі, а чатыры маленькія дзяўчынкі сыпалі пад ногі кветачкі, увесь час прысядаючы. За імі ішоў аркестр з вялізным хорам, якімі дырыжаваў мясцовы капелан. Яны гралі й спявалі хвалу Найсвяцейшаму Таемству.
А потым ужо, за суплётам чацвярнога кардону, што прыкрываў хор, навальнічнай лавінаю цёк незлічоны натоўп. Пакуль праходзіла працэсія, ён – як вокам кінуць – стаяў шчыльнай масаю, шырокім морам у касцёле, на пляцы ля касцёла, на вуліцы, пры платах. Нават з дахаў суседніх дамоў сачылі, як плывуць калоны моладзі, харугвы і святыні, лічылі і дзівіліся раскошы шэсця, слухалі ўрачысты гук званоў і радаваліся ўсёй душою. Пры з’яўленні балдахіна натоўп ускалыхнуўся, раптоўна забулькатаў і з усіх бакоў рынуў да яго.
Але дасягнула мэты толькі вузкая ручаіна, што змагла праціснуцца праз браму, – рэшта бурліва хвалявалася наўкола, рыхтык ніва зялёнага жыта ў ветраны дзень. Ніхто там больш не валодаў сабою. Самых дужых мужчын насілі туды-сюды раскалыханыя людскія хвалі, нібы штармавое мора – маленькую шчэпку.
Кожныя некалькі хвілінаў праз браму праходзіў тысячны натоўп – а акіян на пляцы заставаўся бурным і бяскрайнім. Часам групкі закаркоўвалі ўваход, і тады цісканіна пры браме рабілася яшчэ большай.
А званы ўжо змоўклі, абвяшчаючы, што канонік затрымаўся пры адным з алтароў, пастаўленых у горадзе. Людзі сцішыліся і схілілі галовы, шэпчучы малітвы.
Праз хвіліну званы зноў бомкнулі, і натоўп зноў забурліў, фантанамі пырснуў на вуліцы і рушыў далей за працэсіяй. Здавалася, гэтай рацэ, што мігцела фарбамі каляровых жаночых хустак і мужчынскіх лысінаў, не будзе канца: яна ўсё расла і лілася ў бясконцасць. Урэшце касцёл спаражнеў, пляц апусцеў, агаліліся платы і дахі – а парадзелыя групкі ўсё сцякалі з завулкаў, выходзілі з брамаў і веснічак, злучаліся і працягвалі шэсце.
І вось скончылася. Стотысячныя лавіны плылі па горадзе, абвяшчаючы і прыгнечаным, і прыгнятальнікам, што пасля двухсот гадоў русіфікацыі, забароны вучыцца на роднай мове, закрыцця касцёлаў, пасля хрышчэння дзяцей са змяшаных сем’яў у царкве, схілення да праваслаўя праз прыняцце на дзяржаўную службу, надзяленне зямлёй і іншыя спосабы – пасля ўсяго нават на дальніх крэсах былое Рэчы Паспалітае засталося яшчэ шмат польскага народа – народа, які, хоць і страціў часткова мову продкаў, яшчэ добра ўсведамляе сваю адметнасць, палае гарачаю верай. І яднаюць яго нечуваныя салідарнасць і братэрская любоў, і жыве ў ім душа.
XV. Ад’езд у Амерыку
У Смалярні вялікая сям’я Балашэвічаў пачала рассыпацца, драбіцца. На Пятра адна з паненак выйшла замуж. Пасля сяўбы азімага жыта Уладзь з Браніславам з’ехалі ў Амерыку. У пачатку зімы пайшла замуж другая сястра. Падчас Вялікага Посту памерла старая. На Вербніцу памёр дзядунька. Праз тыдзень Ян з Марцінам падзялілі гаспадарку і зямлю: Марцін пасяліўся пасярод засценка, Ян – з краю.
Стахаў лёс не перасяклі дарогі, пра якія ён марыў, вучачыся ў ванчанскай школе. Ні бацьку, ні сыну не прыйшло ў галаву загадзя даведацца пра ўмовы і правілы прыняцця ў сярэднія школы. Яны думалі, што будзе як у Вончы: прыехаў, запісаўся, атрымаў кнігі і вучыся сабе. У Бабруйскую гімназію Стах прыехаў ужо ў час уступных экзаменаў, зусім не рыхтуючыся, і, безумоўна, прыняты не быў. Каб не губляць год, паступіў у двухкласную школу ў Бірках, кіраўнік якой запэўніў, што, правучыўшыся зіму ў яго, хлопец трапіць адразу ў другі клас гімназіі, а за асобную ўзнагароду браўся нават сам улагодзіць усе звязаныя з паступленнем фармальнасці. Але вясною бацькі засумняваліся наконт далейшага навучання сына. Іх палохаў кошт утрымання гімназіста ў вялікім горадзе, які для іх гаспадаркі, падарванай пасагам дзвюх сясцёр, а перад тым яшчэ і падзеленай, здаваўся непад’ёмным цяжарам. Да таго ж хлопец быў патрэбны на зямлі – яны не маглі дазволіць сабе парабка.
Яны пагаварылі, разважылі і напісалі Уладзю з Бронікам. Прасілі нібыта парады, але адначасова дамаўляліся пра дапамогу, калі яна раптам спатрэбіцца.
Адказ прыйшоў з прапановай адаслаць Стаха ў Амерыку.
«Прысылайце смаркача да нас, – пісаў Уладзь. – Тут мы яго вывучым на каго толькі захоча, усялякія школы ёсць, гімназіі, вольнасці навучальныя, на любой мове, абы добра было. Давайце сюды малога, мы яго ў вялікія людзі выведзем, а нам весялей будзе».
І праз тыдзень даслалі сто пяцьдзясят рублёў на дарогу.
Пачуўшы пра паездку, Стах загарэўся. Бацька таксама згадзіўся. Маці спачатку працівілася, але потым здалася. Трэба было толькі знайсці хлопцу сярод знаёмых старэйшага таварыша ў падарожжа, бо Стаху яшчэ і трынаццаці не было. Акурат тады Балашэвічы дазналіся, што вясною ў Амерыку едзе Стахаў сваяк па маці з ваколіцаў мястэчка Бярэзіна, і вырашылі пачакаць яго.
У гімназію, зразумела, паступаць ніхто не пайшоў – Стах застаўся дома пры гаспадарцы. Зімой у вольны час ён дапамагаў Казіку весці школку альбо зачытваўся раманамі і марыў пра краіну сваёй будучыні. Вясной кожныя два тыдні наведваўся да дзядзькі і намаўляў хутчэй ехаць, бо той марудзіў, адкладаў увесь час на наступны месяц, вагаўся. Стах пабойваўся, што той перадумае і зусім адменіць абяцаны ад’езд.
Але ўрэшце дзядзька рашыўся – заплаціў габрэю-пасярэдніку кошт падарожжа і разам з ім вызначыў тэрмін выезду. З прычыны вялізнай адлегласці паміж іхнымі дамамі сваякі дамовіліся, што дзядзька не будзе зазіраць да Смалярні, а паедзе адразу ў Бабруйск, куды Балашэвіч прывязе сына.
Было лета, самае жніво, надвор’е яснае – аж вочы сляпіла.
Ян са Стахам выехалі а другой па абедзе, каб наступнае раніцы быць у Бабруйску. Час быў нязручны, таму развітацца прыйшлі толькі родныя і найбліжэйшыя Стахавы сябры: Косцік Васілеўскі, Казік Здановіч, Адась Лапаносы і Карапузя – сірата, якога ўсынавіў дзядзька Марцін. Маці і браты плакалі, таварышы кляліся ў вернасці, смуткавалі і прасілі іх памятаць. Косцік прысеў на воз, каб праводзіць Стаха яшчэ крыху, і праехаў некалькі вёрст за вёску.
– Сташку, – сказаў ён, калі яны выехалі на вуліцу, – я табе ліха якое хоць калі рабіў?
– Ніколі. Ты мне даражэйшы за родных быў і будзеш.
– А тады, калі выб’ешся, можа, і мяне забярэш у Амерыку?
– А ты б да мяне паехаў?
– Без Каруські не паеду, але калі б і яна захацела, то чаму ж не.
– Не забуду цябе, пакуль жывы, апошнім кавалкам хлеба, апошняй кашуляй з табою падзялюся.
– Дык я ж аддзячу! – абняў Косцік Стаха за плечы.
Бацька вёз сына і вучыў, як належыць сябе паводзіць, наказваў іцы і штовечар гаварыць пацеры, у дарозе ва ўсім слухацца гэтага дзядзьку, а ў Амерыцы – Уладзя з Бронікам, і не забываць родных.
– Памятай, сынку, – казаў Ян, – хоць бы ты там узляцеў высока – свіннёй не зрабіся. Мы цябе кармілі, гадавалі, вучылі, то і ты нас забываць не мусіш.
Надвячоркам далі каню крыху папасвіцца і начным халадком паехалі далей.
Едучы на світанку гасцінцам, яны сустрэлі чацвёрку конных жандараў, што імчалі як вецер.
– Недзе коней пакралі ці жыда зарэзалі, – заўважыў Балашэвіч.
Не праехалі яны пасля таго і паўвярсты, як міма іх гэтаксама пранеслася яшчэ двое жандараў, а праз хвіліну – два станавыя прыставы і казацкі ўзвод.
– Што ж гэта зрабілася, пажар які ці, можа, бунт? – здзіўляліся бацька з сынам.
Неўзабаве яны напаткалі шэраг гарадскіх фурманак, а тыя нібыта ад кагосьці ўцякалі: несліся – аж колы падскоквалі. Балашэвіч паспрабаваў таго-сяго затрымаць і запытацца наконт прычыны такой спешкі, але на ягонае маханне рукой у найлепшым выпадку не звярталі ўвагі.
З горада тады акурат вяртаўся ямчанін Паклацкі, які пазнаў іх, сам спыніўся і загаварыў першы.
– Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус, – сказаў Паклацкі.
– На вякі вякоў, амэн, – адгукнуўся Балашэвіч.
– А што, да места якраз выбраліся?
– Так, вось хлопец да Амерыкі едзе.
– Хлопец? Да Амерыкі? Ат, дадому паварочвайце тады.
– Дадому? Што зрабілася?
– Вайна пачалася. Гаварылі пра яе людзі, гаварылі і ўгаварылі.
– Вайна… Няўжо праўда? А пан не брэша?
– Ей-богу, вайна. З немцамі і аўстрыякамі. З запасу прызываюць аж да сарака гадоў. Калі мне не верыце, дык едзьце, самі паглядзіце, якая ў горадзе калатнеча.
– Вось табе і маеш… вось і выбраліся, вось і даехалі. Гэта ўсё праз дзядзьку, так, сынку, праз яго. Няхай цяпер скача, калі такі разумны, – бедавалі абодва Балашэвічы, наракаючы на сваяка за марудлівасць.
І паехалі далей, каб удосталь яго аблаяць.
Горад кіпеў. Ваенныя пасланцы-паліцыянты бегалі ў розныя бакі як апантаныя. Штохвіліны вуліцу пераходзілі ўзмоцненыя патрулі. Цывільныя з сур’ёзнымі тварамі пхаліся, спяшаліся, азываліся каротка і нібыта ў ліхаманцы. Каля свежанаклееных абвестак на імгненне спыняліся і беглі далей. Газетчыкі дралі горла:
– Вайна! «Кур’ер»! «Тэлеграма»! «Биржевые ведомости»! Вайна! Мабілізацыя! Рэквізіцыя!
Чыгуначныя станцыі бесперастанку пішчалі гудкамі.
Манаполькі і рэстарацыі зачыніліся. Пры першых нават стражнікі стаялі. Асцерагаючыся хваляванняў, многія гаспадары замкнулі крамы і фабрыкі. У адкрытых цэны падскочылі ўдвая.
Дзядзька проста не прыехаў – мабыць, навіна пра вайну сустрэла яго ў дарозе.
Пасярэднік пацвердзіў, што пра выезд гаворкі быць не можа, але грошы паабяцаў вярнуць толькі праз суткі, калі атрымае іх у касе свайго таварыства.
У такі час у горадзе можна было лёгка трапіць у непрыемнасці, Балашэвічы хуценька купілі што хацелі і як мага хутчэй выехалі ў Зялёнку – на знаёмы двор, што стаяў убаку ад дарогі.
Мінула амаль двое сутак, а грошай ад габрэя яны так і не дачакаліся і рушылі ў Смалярню.
Насуперак прадказанням мясцовых палітыкаў пра непаслушэнства ў выпадку мабілізацыі, рэзервісты ішлі ахвотна і вялікімі натоўпамі. Гасцінцам плыў бясконцы абоз. Частка ехала на паліцэйскіх і грамадскіх фурманках, частка – на ўласных, разам з братамі, сынамі і жонкамі. Па наваколлі разляталіся бадзёрыя полькі на гармоніках, падколкі, прыпеўкі і кляцьба на адрас немцаў. «Шапкамі германцаў закідаем! – крычаў натоўп. – Усыплем ім, машэннікам, за цара за нашага! З семем іх зніштожым, на край свету, на Сахалін загонім!» Але ўвогуле, у параўнанні са звычайнымі рэкруцкімі зборамі, што праходзілі ўвосень, рэзервісты трымаліся даволі прыстойна, і прычынай гэтага было своечасовае закрыццё манаполек: дома не ў кожнага была кварта ў запасе. Толькі часам хтосьці, спаткаўшы нерэзервісцкага каня, джгаў яго пугаю, альбо яшчэ быдла, што пры дарозе пасвілася, ці нават якога падлетка ці бабу – і ўсё.
Адзін абоз заканчваўся, пачынаўся другі, за ім трэці і так далей. Раз-пораз праходзілі казацкія патрулі.
Жаць-касіць жыта перасталі амаль цалкам, толькі дзе-нідзе адзінокія жнейкі блукалі па полі без спеву і размоваў. А ў вёсках на вуліцах было поўна люду. Жагналі тых, хто з’язджаў. Лямант стаяў – не дай Божа. Кабеты заводзілі спеў быццам па нябожчыках. Плакалі і слабыя на сэрца ды вочы мужчыны, бо сцэны адбываліся ўзрушальныя. «Татка, родны, не ідзі на вайну, не кідай нас!» – енчылі дробныя дзеці, чапляючыся за бацькавы порткі. «Сынку мілы, саколе мой, не пабачу я больш цябе, не пабачу!» – у роспачы гаварылі старыя маткі, сутаргава абдымаючы самае дарагое на свеце.
А вайна толькі пачыналася.
XVI. Маніфест
У Смалярні Балашэвічы знайшлі болей навінаў, чым прывезлі з сабой.
Выйшаў маніфест вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, галоўнакамандуючага расійскай арміі, які ўсхваляў польскую зброю, абяцаў палякам волю і заклікаў да змагання з вечным ворагам славянаў. «Яшчэ не заржавеў меч ваш з часоў бітвы пад Грунвальдам», – пісалася там. Яны спачатку не зразумелі, што за меч, што за Грунвальд, але Казік з Ясем у кнігах адкапалі, што пад Грунвальдам Ягайла з Вітаўтам пабілі немцаў. Нейкай салодкай шчаснасцю і натхнёнасцю веяла ад гэтых тлустых літар маніфесту. Яны глядзелі, перачытвалі сотні разоў, нават вучылі на памяць. І цешыліся: