Надбярэзінцы - Коллектив переводчиков 12 стр.


– Вось цяпер ужо зажывем як трэба. Пабудуем касцёл у Вончы нарэшце. І з польскім лемантаром больш не будзем хавацца. Досыць кланяцца ўрадніку альбо нейкаму там соцкаму. Эх, кацапы… Ты яго і напаі, і абліжы, і пагладзь, а ён з цябе яшчэ і смяецца. Цяпер яны нам мусяць казённую польскую школу ў Вончы пабудаваць. А як жа ж: рускія маюць, габрэі маюць, а мы што, не людзі?

Стары Пятроўскі паўтараў, што маніфест выдалі дзякуючы намаганням Несмяртэльнага.

– Галаву закладаю, – казаў ён, – што калі б не пан Несмяртэльны, маніфесту б людзям не далі. Гэта ягоныя клопаты. Згадваў ён пры мне таго Мікалаевіча, калі мы з Аніхоўскім апошні раз у яго былі наконт пабудовы касцёла ў Вончы. Адвёў я яго ўбок і пытаюся: «Як там, пане, з тым бунтам?». А ён і кажа: «Бунт яшчэ рыхтуецца, але, здаецца, можна па-добраму залагодзіць. Ведаеш, – кажа, – я тут добрае знаёмства завязаў з царскім дзядзькам. Гуляў аднойчы з ім і двума германскімі князямі ў дурня і дапамог яму іх чыста абшчыпаць. То карты так ператасую, каб яму адны тузы дасталіся, то, як трэба, козыра пад сталом падам, то калоду ўсю германцам скіну, а Мікалаевіча з цяжкай сітуацыі выбаўлю. Да другой гадзіны ночы гулялі, а ён хоць бы раз прайграў. Калі мы ўрэшце ад стала ўсталі, ён са смехам гаворыць: «У нас кажуць, што германцы – хітры народ, але, відаць, глуздоў у іх у галаве няшмат, калі нават у звычайнага дурня гуляць не могуць». А германцам і адказаць няма чаго». Назаўтра Мікалаевіч Несмяртэльнага кліча: «Ты мне дапамог швабаў абыграць, і я табе аддзячу – зраблю ўсё, чаго толькі пажадаеш для сябе ці свайго народа». А Несмяртэльны яму: «Толькі б вялікі князь стрымаў слова».

Хвала Богу, стрымаў.

Адправіўшы сыноў на вайну, палякі стаіўшы дыханне сачылі за яе ходам, прагнучы для Расіі перамогі. Мала дзе чыталі столькі газет, колькі іх пачалі чытаць у Смалярні. Іх увагі не маглі ўнікнуць нават найдрабнейшыя ваенныя звесткі. Яны радаваліся поспехам Антанты, бедавалі праз паразы і толькі дзівіліся, што газеты перасталі пісаць пра абяцанае ў маніфесце ўваскрашэнне Польшчы. Ніводнае згадкі пра гэта больш не адшуквалася ні ў расійскай, ні ў польскай газеце. Няўжо гэтая справа ўжо была вырашаная так дакладна і цвёрда, што перастала цікавіць людзей? Яшчэ ж нават не было вядома, будзе Польшча пад расійскім царом ці займее ўласнага караля і дакуль сягнуць яе межы. Хто-ніхто прапаноўваў пасля збору ўраджаю адправіць да пробашча спецыяльную дэлегацыю і даведацца, што там з гэтым пытаннем адбываецца на справе.

Тым часам Казік і Стах, дамовіўшыся з самымі паважанымі гаспадарамі, рыхтаваліся да адкрыцця смалярскай польскай школы з большым размахам. Сапраўдную школу вырашылі заснаваць – са сталай навучальнай праграмай і падзелам вучняў на класы. Яны паслалі ў Мінск купіць лемантары, чытанкі, паставілі дошкі і пафарбаваныя лавы, вывучалі падручнікі, граматыкі і пропісі, пазычаныя Казікам яшчэ ўвесну ў магільнецкага арганіста, і зацвердзілі папярэднюю праграму. Сцяпура аддаў пад школу сваю новую прасторную святліцу.

У апошнюю нядзелю верасня яны з цэлай ваколіцы склікалі бацькоў і склалі спіс дзяцей, што меліся хадзіць у школу. Кантычка асвяціў клас, лаўкі, адправіў набажэнства падзякі за спасланне палякам волі, і назаўтра пачалося навучанне.

Праз тыдзень да іх заявіўся ўраднік. Спыніў брычку ля хаты Сцяпуры і гайсануў проста ў клас.

– Охо-хо! – усклікнуў ён, пераступіўшы парог. – І скамейкі… і дошка! Настаяшчае учылішча. Ну і кто вам, рабяты, пазволіў?

– Што значыць хто пазволіў, – адказаў Казік. – Мы ж нядаўна свабоду здабылі.

– Свабоду? Якую свабоду?

– У нас ёсць маніфест нашага правадыра.

– Дзе? Які маніфест?

Казік дастаў з шуфляды прыхаваны нумар «Биржевых ведомостей» і даў яго ўрадніку, паказаўшы тлустыя літары змешчанага там маніфесту.

– Ага… ну да… маніфест… глаўнакамандуюшчы… – мармытаў той, бегаючы вачыма па тэксце, нібыта сапраўды ніколі яго не бачыў. – Харашо. Ну, а дзе пішуць, што вы маеце права па-польску вучыць?

– Калі гавораць пра волю, значыць, у нас такія ж правы, што і ў рускіх. Неўзабаве будзем пісаць, каб нам казённую польскую школу тут, у Смалярні, або ў Вончы пабудавалі.

Тым часам падышлі стары Здановіч, Кантычка, Пятроўскі і Сцяпура.

– Гэтая роўнасць пэўна датычыць Прывісленскага краю, але не Беларусі.

– Няпраўда, гаспадзін ураднік, – умяшаўся Пятроўскі, у маніфесце пішуць не пра Прывісленскі край, а пра палякаў. А мы што, не палякі?

– Да, палякі. Але вы мусіце ведаць, гаспада, што, каб вучыць, трэба здабыць дазвол ад губернатара.

– То бок губернатар гэты маніфест скасаваў?

– Ды не. Дзе ж там губернатар скасуе. Слухайце, гаспада, я прыехаў тут з вамі не паліціку развадзіць. Станавы прыстаў мяне прыслаў школу закрыць, дык я закрываю, і ўсё на тым.

– Станавы прыслаў?! – закрычаў Пятроўскі. – Дык твой станавы думае, што калі царскі дзядзька піша, а сабака брэша, дык гэта адно і тое ж?!

– Малчаць! – тупнуў нагой ураднік.

– Ты маўчы, а я не буду! Думаеш, мы табе дазволім школу распусціць? Мы да Несмяртэльнага паедзем, а як не – да самога цара дойдзем. Вывучым і цябе, і станавога твайго, і губернатара заадно!

– Вон адсюль! Вон, дзеці! Немедленна! – сказаў дзецям ураднік.

– Гэта ты вон пайшоў! – грозна выпрастаўся Пятроўскі.

Ураднік схапіўся за дзяржальна шаблі, але паміж імі ўсталі Здановіч, Сцяпура і Кантычка.

– Вар’ят! – крыкнуў Здановіч Пятроўскаму. – Хочаш няшчасце на засценак наклікаць? Прэч!

А Сцяпура звярнуўся да ўрадніка:

– Успакойцеся, барын. Гэта дурань, ён сам не ведае, што вярзе. Вы права лепей за нас ведаеце, і мы зусім не збіраліся з вамі, з уладай, задзірацца. Дык давайце зробім так, каб і воўк быў сыты, і авечкі цэлыя. Вы нам школу пакіньце, а мы вам насыплем чатыры мяхі аўса – первый сорт!

– Не магу, гаспада, станавы прыказаў закрыць.

– Можам яшчэ мех антонавак насыпаць, – дадаў Кантычка.

– І бачурку мёду наліць, – уставіў Здановіч. – Астаўце, барын, нам школу. Трэба ж недзе дзяцей вучыць.

– Хоць гару золата насыпце – а ўсё адно мушу закрыць вашу школу. Магу толька учыцялей пакуль на свабодзе аставіць. Вон, дзеці!

XVII. Жахі вайны

Вайна шалела. Мабілізоўвалі ўсё маладзейшых рэзервістаў і рэкрутаў, рэквізавалі коней, быдла, збожжа, корм. Незлічоныя палкі маладзёнаў ішлі на жудасную разню, чалавечы здабытак чакала марнае знішчэнне. Неба палала нязгасным зарывам, зямля грымела нямоўкным грукатам, стагнала благаннем, плачам, праклёнамі. Кроў цякла ракой, людзі гінулі як мухі. Вынаходлівы і спрытны ў баі вораг адным махам разбіваў цэлыя палкі і дывізіі, якія падстаўляла пад удар бяздарнае і прадажнае расійскае кіраўніцтва, ператвараў іх у кучы трупаў і цэлыя палкі і дывізіі браў у палон і мардаваў іх потым голадам. Вынішчаў шматмільённае войска і ўпэўнена пасоўваўся наперад. Ад самай татарскай навалы Польшча не зазнавала такога татальнага вынішчэння. Вёскі рабіліся папялішчамі, гарады – руінамі, а людзі, гнаныя казацкімі нагайкамі, ішлі бадзяцца па свеце. І нібыта гэта ад бітвы з германцам ратавалі падданых «клапатлівыя апекуны», але сваім ратункам толькі рыхтавалі ім няшчасці. Паспешлівасць, з якой звычайна высялялі, бязладдзе ў адміністрацыі, недахоп дарог – усё гэта прыносіла больш смерцяў, чым пяціразовы пераход лініі фронту. Людзі душыліся ў натоўпах, падалі ад знясілення, голаду і хваробаў.

Восенню 1915 года Бабруйск стаў сведкам жахлівых трагедый. Гасцінец, вуліцы, абедзве чыгуначныя станцыі, валы крэпасці, палігон – усё ператварылася ў кірмаш ляманту і роспачы. Усюды вазы, куфры, натоўпы змарнелых і галодных людзей, паўдохлыя коні і быдла, з усіх бакоў – благанне ежы і міласэрнасці.

– Чалавеча! – чаплялі няшчасныя мясцовых мінакоў. – Дайце хлеба, есці хачу. Чалавеча, купіце каня, воз купіце, машыну швейную, падушкі, кажух! За дваццаць рублёў пародзістую кабылу прадам! Машыну за пяць рублёў! Падушкі за рубель! Злітуйся, чалавеча, купі! Дзеці ад голаду паміраюць.

Усё, што маглі, прадавалі, канькалі, як удавалася – кралі, рабавалі: у голаду няма ні страху, ні сораму. Жывёлы абгрызалі дрэвы, хапалі пясок. Плач дзяцей і жанчын, крыкі мужчын і жаўнераў зліваліся з іржаннем коней і рыканнем кароў у такое выццё, ад якога валасы ўставалі дыбарам.

Хоць бы хто спытаў ва ўладаў: навошта ўсіх сабралі ў адным месцы, калі не падрыхтавалі ні харчавання, ні прытулку? Чаму людзей хаця б не скіравалі малымі вясковымі дарогамі, дзе лягчэй было б знайсці пасілак для сябе і худобы?

Каму ўдавалася за мізэрныя грошы прадаць воз і каня, той сядаў на цягнік і ехаў чыгункай у глыб Расіі. Астатнія пасля некалькіх дзён бязмэтнага чакання выпраўляліся на вазах у бок Рагачова і Магілёва, а на іх месца прыбывалі новыя абозы з-пад Слуцка.

Гасцінец праз усю даўжыню пабялеў ад крыжоў і засмярдзеў падлінай. Хавалі проста там, дзе заспела смерць: без трунаў, без абраду. Крыж груба вычэсвалі сякерай альбо прымітыўна змацоўвалі вялікія бярозавыя сукі і ставілі, каб пазначыць, што гэта не падла жывёлы, а хрысціянін закапаны.

Меншымі дарогамі цягнуліся тысячныя гурты быдла. Дзень і ноч разляталася ўверх звярынае рыканне і воклічы ваенных пастухоў. Аж здзіўленне брала, адкуль яны столькі худобы ўзялі і хто яе выгадаваў. Па дарозе жывёла падала, нібы атруціў хто, бо ўжо колькі сотняў вёрст прайшла ў такім статку, бадаючыся, дзеручы пашу нагамі, увесь час галодная і сасмаглая.

У лясах з’явілася нечуваная колькасць ваўкоў: яны хадзілі зграямі і сярод белага дня пры дарозе жэрлі падлу, а на чалавека ў найлепшым выпадку не звярталі ўвагі.

Фронт няспынна пасоўваўся на ўсход. Газеты, зрэшты, пісалі, што нямецкая афензіва ўжо спыненая і неўзабаве пачнецца контрнаступленне, але праз габрэяў даходзілі зусім іншыя чуткі. Казалі, што калі націск немцаў і ўдасца затрымаць, то хіба што на Бярэзіне або ажно на Дняпры. Працаваць людзі не маглі – рукі не падымаліся. «Навошта рабіць, – казалі ў вёсках, – калі невядома, ці жыць давядзецца».

Не паспелі азірнуцца – а людзей пачалі выганяць на акопы над Бярэзінай, і пешкі, і фурманкамі. Па вёсках ездзілі валасныя пісары з паліцыяй, запісвалі здольных працаваць мужчын ды дзяўчат і загадвалі цягам двух дзён з’явіцца ў вызначанае месца. З меншых сем’яў бралі аднаго чалавека, з большых – двух ці нават трох.

Ад гэтага ўсчаўся большы перапалох, чым у пачатку вайны. Па засценках хадзілі чуткі пра нечалавечыя патрабаванні да працаўнікоў у акопах і жорсткасць: нібыта трэба будзе капаць па шаснаццаць гадзінаў у дзень без перадыху, а хто не выканае патрэбнага аб’ёму, таго казакі нагайкамі пасякуць.

Са смалерчукоў запісалі Казіка Здановіча і Яся Ладана, якія з пачаткам вайны засталіся дома як адзіныя сыны ў сям’і, старога Трызну, Вінярскага, Стаха Балашэвіча, Карапузю, Алеся Пятроўскага, Лапаносага, Віцьку Гушчу, Боліка Вінярскага, Касю Сцяпуру, дзвюх старэйшых дзяўчат Пятроўскіх, Польку Вінярскую, Карусю Сакалоўскую, Зоську Ладан і многіх іншых таго і другога полу – трыццаць два чалавекі з адной толькі Смалярні.

Адыходзячы, «акопнікі» развіталіся з роднымі. Маткі плакалі як па рэзервістах, якіх выпраўлялі на вайну, а бацькі бласлаўлялі. Хлопцы і дзяўчаты абавязкова хацелі ісці ўсе разам і, чакаючы то аднаго, то другую, спазніліся амаль на цэлы дзень.

У Лошы, вызначанай зборным пунктам аж для дзвюх валасцей, людзей было як маку. На шырыню вярсты луг па абодва бакі дарогі і прылеглая да яго з усходу дуброва стракацелі каляровымі хусткамі, фуражкамі, вышыванымі кашулямі, світкамі і паясамі, нібыта бялыніцкі адпуст. Але працы ніхто яшчэ ў вочы не бачыў – уздоўж ракі толькі праводзілі замеры. Чуткі пра катаванні, што чакаюць на беразе, не пацвердзіліся. Казакоў не было зусім, а сапёры, якія мусілі кіраваць работамі, ставіліся да людзей вельмі лагодна, а на пытанні, ці будуць біць нагайкамі, смяяліся з мужыцкай наіўнасці:

– Ды ці ж мы германцы, каб сваіх мучыць? Калі фронт затрымаюць на цяперашняй лініі, у вас будзе тут з намі адпачынак і добры заробак. Вы што, расійскіх казённых работ не бачылі?

Цэлых пяць дзён рабілі замеры, пазначалі лінію, абсталёўвалі разніцу, пякарню, звозілі рыдлёўкі і кіркі. Стаяла пагода, і людзі насалоджваліся адпачынкам. Старыя адлежваліся ў цені дубоў, руская моладзь табунамі цягалася па лузе і спявала куплет новай песні, што прыляцела з фронту:

З найбліжэйшых вёсак нацягалі гармонікаў, скрыпак, цымбалаў, барабанаў і ладзілі танцавальныя забавы.

Смалерчукі, як і іншыя польскія грамадкі, размясціліся ў дуброве і трымаліся асобна, не беручы ўдзелу ў рускіх шумных спевах і забаўках.

На шосты дзень увесь гэты натоўп пачалі разбіваць на арцелі, прыстаўляючы да іх двух сапёраў і размяшчаючы ўздоўж Бярэзіны.

Казік пайшоў да сяржанта, які размяркоўваў людзей, і ад імя смалярскай грамады папрасіў, каб іх усіх пакінулі ў адной польскай арцелі.

– А шмат вас? – спытаў сяржант.

– З нашай вёскі трыццаць дзве душы, а з усімі астатнімі палякамі, што тут побач з намі, больш за шэсцьдзесят будзе.

– Добра, збярыцеся ўсе разам, я да вас зараз падыду. Як называецца ваша вёска?

– Смалярня.

Казік вярнуўся з добрай навіной: польская арцель са смалерчукоў, ямчанаў, палянцаў і хутаран будзе, і перапісаў усіх па прозвішчах.

Праз паўтары гадзіны сяржанта змяніў узводны, і Казік уручыў яму падрыхтаваны спіс.

– Што, рабяты, хочаце разам работаць? – спытаў узводны.

– Хочам! Хочам, гаспадзін узводны! – хорам адказалі палякі.

– Добра. Тады выбірайце старасту. Хто тут самы граматны? Наверна, вы? – звярнуўся ён да Казіка.

– Я самы граматны па-руску! – выскачыў Ясь Ладан.

– Не, лепш Казіка! Казіка хочам старастам! – загулі галасы.

– Выбірайце каго хочаце, але па-руску я самы граматны!

– Праўда-праўда, Ясь лепей за мяне па-руску можа, хай ён у нас будзе старастам, – падтрымаў Казік, каб палякі не пачалі сварыцца.

– Будзеце старастам тады і адказным за парадак у арцелі, – паказаў узводны на Яся. – Як вас зваць?

– Іван Іванавіч Ладан.

– А вы, – сказаў узводны Казіку, запісаўшы прозвішча Ладана, – можаце быць яго намеснікам. Згода?

– Чаму ж не. Згода.

– Потым выберыце ў сябе яшчэ кухара… – і ўзводны пачаў расказваць Ясю, што належыць рабіць, калі ў арцелі знойдзецца які неслух, калі хто-небудзь захварэе, як размяркоўваць хлеб, мяса, цукар, а сам тым часам прагна еў вачыма прыгожых смалярчанак. Дзяўчаты таксама пазіралі на яго не без захаплення, бо салдат быў надзвычай зграбны: высокі, стройны, з правільнымі рысамі худога твару, густымі чорнымі валасамі, агністымі вачыма і цёмнымі, гожа падкручанымі вусікамі. Навюткая форма колеру хакі ладна аблягала яго фігуру, надаючы яшчэ большае зграбнасці.

Даўшы кароткія інструкцыі, узводны праверыў прысутных па спісе і адышоў.

Размяшчаючы новаствораныя арцелі, смалерчукоў пасунулі на тры вярсты на поўдзень ад Лошы. Там на выгіне ракі была мурожная лугавіна, што падковай уціскалася ў цудоўную дуброву з высачэзнымі дрэвамі. Гэты абшар займаў каля трох моргаў. На закругленні падковы, то бок па ўсходнім баку, стаяў стог сена.

Усёй грамадой палякі адразу ўзяліся ставіць будан. Старэйшыя мужчыны секлі разгалістыя сукі, закалочвалі іх у зямлю, гарызантальна клалі зверху жардзіны, мацавалі кроквы, вязалі, маладзейшыя хлопцы і дзяўчаты з бору за некалькі стаяў прыносілі яловыя галіны і накрывалі будан.

Увечары паўмесяцам стаў аднасхільны дах – доўгі, на адзінаццаць сажняў. Унутры зямлю разраўнялі і мякка накрылі лісцем. Частку занялі дзяўчаты, частку – мужчыны. Пасярэдзіне, на лініі, дзе збліжаліся рогі паўмесяца, з некалькіх камянёў склалі вогнішча.

– Не такі страшны чорт, як яго малююць, – гаварыў стары Трызна, якога абралі кухарам, робячы гарбату. – Калі працаю не вельмі нагрузяць, можна і жыць у тых акопах, бо чаго яшчэ трэба? Усе свае тут, разам, во хату збудавалі – любата, у Лошы габрэі для нас быкоў рэжуць, пекары хлеб пякуць, чаго ўжо болей. А найважней усё ж – што мы тут усе свае, і калі малітву якую прачытаць або пагаварыць па-свойму, дык ужо ніякі мужык-канакрад не перадражніць. Дай Божа здароўя таму ўзводнаму!

Назад Дальше