– Так і зрабі, Казічак, калі ласка, і я да смерці тваёй дабрыні не забуду! Аддзячу табе, адплачу!
– Не трэба ніякай адплаты. Дапамагу табе як сябру, але за гэта ты будзеш мяне слухацца. Дык вось, пакуль што прыкінься, што унцеравы залёты табе цалкам абыякавыя. Гаворыць з ёй – хай гаворыць, танчыць – хай танчыць, сядзіць побач – хай сядзіць, а табе ўсё адно.
– Ды сэрца ж разарвецца…
– Не разарвецца, абяцаю. А цяпер хадзем да будана. Гарбаты пап’еш, з людзьмі пагаворыш.
– Не, цяпер не магу. Есці зусім не хачу, а размаўляць спакойна не здолею. Так балюча мне, – захлынуўся Косцік.
– Тады мы табе сюды паесці і папіць прынясем.
– Не, браточкі, пакіньце мяне тут пакуль. Паляжу на беразе, адпачну, супакоюся, а там і да вас прыйду, калі вечарынка скончыцца. Ідзіце.
– Добра, хадзем, Стаху, пакінем яго.
Косцік пачакаў, пакуль яны сыдуць, а потым спусціўся з палянкі, кінуўся на зямлю між дубамі і завыў.
– Чаму ты такая, Каруська мая? Я ж цябе абараняў, я ж табе служыў. Чаму ты такая няўдзячная? Я ж за табою як верны сабака цягаўся, глядзеў, каб цябе не зачапіў ніхто, каб паскудным словам не прынізіў, каб ніякае ліха, ніякая крыўда цябе не напаткалі. Я ж цябе, заблукалую ў пушчы, ноччу знайшоў і вывеў, на руках вынес. Я ж цябе шанаваў, я табе дагаджаў, як дзіцяці малому. Чаму ты такая? У каго ты закахалася? У гэтага расійскага унцера, у кацапа. А я што, ад іншых горшы? Дык у Смалярні ж няма хлопца, які б мяне паваліў, нават калі я дазволю сябе падпахі схапіць. Я экзамент у ванчанскай школе здаў! Ужо тры гады балдахін над канонікам на шэсці нашу! Я ж з бабруйскім вікарыем знаёмства маю. Я ж свой, польскі хлопец. Пра мяне ў Смалярні кепскага слова ніхто не скажа, апроч тых, каго я пабіў. За чым жа ты пагналася? За чорнымі вусікамі, за нашыўкамі? Дык у мяне што, вусаў не будзе? Ці ж я, калі ў войска пайду, не здабуду такіх нашывак?
Ён заліваўся слязьмі, стагнаў, выў, качаўся па зямлі, выдзіраў траву пальцамі. Шум вечарынкі, што даносіўся здалёк, толькі дадаваў горычы. Рэзкія гукі цымбалаў калолі яго шпількамі ў патыліцу, салодкія ноты скрыпак вострым шклом кроілі сэрца. Ён прыслухаўся – гралі польку. «Мабыць, круцяцца там цяпер і адно да аднаго прыціскаюцца, – падумалася яму. – Ох, калі б сваім пакаранне потым не пагражала, я б цябе, гадзіна, так скруціў, што ты б ужо не разагнуўся. Я б не паглядзеў на твае нашыўкі і тваё званне!»
Косцік адышоў да рэчышча, каб не чуць гукаў, якія яго мучылі. Напіўся вады і лёг ля ракі на пяску, разглядаючы бераг. Плынь цякла сумна, змрочна і неяк злавесна, і з яе шуму нібыта пачалі выбівацца галасы:
– Леснічонак-абадранец! Панскі парабак! Куды ты пнешся? Не для цябе яна. Для пана з фальварку, для афіцэра, для графа расце гэтая кветачка!
«Хоць бы не звар’яцець», – з трывогай падумаў Косцік.
Ён падняў вочы на бор за ракою – а той нібыта сваім ценем з яго кпіў. З гушчару даносіўся піск начнога птаха, ці зайца, а можа, рыпенне дрэва, а ўражанаму Косціку здавалася, што хтосьці крычыць на яго: «Ты нуль супраць унцера, нуль… нуль… нуль!..» Паглядзеў на неба – і месяц пагардліва скрывіў на яго круглявую пысу.
Косцік схаваў твар у траву, каб зусім не бачыць свету.
Ён успомніў абяцанне Казіка і на хвіліну адчуў палёгку. Але потым падумаў, што унтэр можа быць з якой важнай польскай сям’і, таму Сакалоўскія ўзрадуюцца такой партыі, і яго зноў ахапіў адчай.
Ён ляжаў і мучыўся сваёй бядою, аж пакуль не пачуў з боку будана памацнелы галас. Косцік падняўся і крыху прайшоў уверх, не пакідаючы рэчышча. Моладзь ужо разыходзілася. Смалерчукі, згодна са звычаем, праводзілі гасцей. Некаторыя развітваліся перад буданом, заўзята штосьці абмяркоўваючы наастатак, іншыя даводзілі аж да сцяжыны і далей у розныя бакі. Сярод тых, хто пайшоў на поўдзень, адгадваліся і дзявочыя фігуркі. Косціка закалаціла ад думкі, што паміж імі ёсць і Каруся, якая праводзіць свайго унтэра. Ён выцягнуў шыю і прыгледзеўся, але праз месяцовае сяйво нічога не змог разабраць.
Тут ён заўважыў, што дарога бяжыць наўскасяк і збліжаецца з ракой, таму хутка пайшоў рэчышчам, каб зайсці спераду і разгледзець тую групу зблізку. Рухаўся хутка і без перашкодаў, бо дажджу не было ўжо некалькі тыдняў і паміж вадой і абрывам сталага берага была доўгая сухая паласа.
Там, дзе дарога заходзіла ў дуброву, паміж ёй і ракой было не больш за пяць сажняў. Дайшоўшы туды, Косцік стаіўся ў цені кустоўя і прыгледзеўся.
Спачатку прайшло некалькі сапёраў, насвістваючы «Сценьку», потым вялікая група цывільных хлопцаў, за імі Каська пад руку з сапёрам і Зоська з Аніхоўскім з Вончы.
«Значыць, і іншыя дзяўчаты ілжывыя, – з незразумелай радасцю падумаў Косцік пра Вальку і Юзіка. – Гэтым пішуць, што сохнуць ад тугі, а тут валэндаюцца па ночы з іншымі хлопцамі. Сукі фальшывыя!»
За два дзясяткі крокаў ад Зоські ішлі Каруся з унтэрам.
У Косціка заняло дыханне і пацямнела ў вачах.
Каська з сапёрам спыніліліся ля дубровы, а Зоська са сваім хлопцам пайшлі далей. Унтэр і Каруся, перакінуўшыся двума словамі з Каськаю, рушылі за Зоськай.
Косціку кроў ударыла ў патыліцу, на ілбе з’явіліся буйныя кроплі поту.
– Божа мой! З салдатам у лес… Ганьба, ганьба… – шаптаў ён, скрыгочучы зубамі.
І пайшоў за імі – дзе, як і раней, рэчышчам, дзе ваўчынай сцежкай пад аховай хмызоў, якія цягнуліся ад берага да дубровы неперарыўнай паласою. Сэрца грукала як малаток, цела калацілася нібы ў ліхаманцы. Часам ён стойваў дыханне і ўслухоўваўся ў размову, але словы да яго не даляталі.
Праз палову стаі парачка спынілася.
– Далей не пайду, давай вяртацца, – гучна сказала Каруся.
– Чаму гэта? Глядзі, які гай прыгожы, ночка цудоўная, месячная.
– Ночка цудоўная, але я не мужычка, каб цягацца ў цемры па лесе з чужым хлопцам.
– Ну вот цібе… не мужычка. А Соф’я вунь пайшла! І мы хадзем!
– Хай сабе пайшла, а я не хачу. З табой ці адна, а вярнуся.
– Ну давай над ракой прагуляемся, калі ў лес не хочаш. Сядзем на беразе, будзем зоркі на небе лічыць, шум вады слухаць і гаварыць аб нашым будучым шчасці. Пойдзем! Глядзі, Кася яшчэ там стаіць, на дарозе бачна ўсё.
Яны сышлі са сцежкі, кіруючыся наўскасяк да ракі, але праз пару дзясяткаў крокаў Каруся зноў спынілася.
– Не, у кусты не пайду, – рашуча сказала яна. – Зараз Зоська будзе вяртацца і, як не ўбачыць нас на дарозе, падумае брыдкае.
– А мы ёй тады з кустоў гэтак: ку-ку! Хадзем, нешта цікавае раскажу.
– Не, не пайду, – адмовілася яна, павагаўшыся. – Баюся я цябе. Можа, маніш ты, што твая маці – полька. Можа, ты чысты рускі ашуканец.
– Я ашуканец?! Хто табе сказаў такое?
– Казік сказаў.
– Казік? Ды я яму метрыку пакажу, пашпарт, ваенны білет, там чорным па белым… Я яму давяду, хто я. Ах, Госпадзі! Я – і ашуканец! Я, старшы унцер-ахвіцэр, узнагароджаны крыжам і медалямі! Я, каму казна даверыла столькі народу, такія работы! Ах, Каруська, каб жа ты бачыла, што ў маёй душы робіцца, ты б так не сказала! І каго мне ашукваць? Цябе, сіротку амаль, бутон маладзенькі? Красавіцу ненаглядную! Каруська! Ты крашэ царэўны! Ты архангел небесны! Ты русалка! Ты цветок араматны! Канфекта салодкая! – ён умела ліслівіў і залагоджваў, а сам тым часам прыціскаў яе да сябе ўсё мацней і зводзіў у патрэбным яму кірунку.
– Не цягні мяне сілай, а то закрычу! – усклікнула дзяўчына, уражаная яго настойлівасцю і нязвыклым тонам. – Пусці, Пеця! Я цябе баюся.
– Чаму, Каруська? Ты ж мая ўладычыца, я раб твой…
– Пусці! – сурова паўтарыла яна і рванулася, спрабуючы вызваліцца.
Адным скачком Косцік апынуўся побач з імі.
– Ты па якім праве дзеўку гвалтам у кусты цягнеш! – рыкнуў ён, хапаючы унтэра загрудкі.
Узводны пацягнуўся па рэвальвер, але як толькі выцягнуў яго з кабуры, Косцік імгненна вырваў яго ў вайскоўца з рук і цюкнуў таго барабанам па галаве. Узводны ўсхліпнуў і безжыццёва зваліўся на зямлю. Каруся з усіх ног пабегла да паляны, злякана лямантуючы:
– Ааааай! Б’юцца! Ратуйце, б’юцца!
Першым дабег сапёр, што гуляў з Касяю.
– Дзе б’юцца? – крыкнуў ён Косціку, які, ашаломлены здзейсненым злачынствам, аслупянела стаяў побач са сваёй ахвярай.
– Дзе ўзводны?
Косцік паказаў на кусты.
– Што?! Забіты?! Хто яго?! Госпадзі! Пётр Нікалаевіч! – нахіліўся над целам сапёр і пачаў тармасіць. – Пётр Нікалаевіч, што з вамі? Уставайце! Хто вас?
Тут падбеглі Казік, Стах і Аніхоўскі.
– Што ты нарабіў?! – крыкнуў Казік Косціку, які ўсё яшчэ стаяў нерухомы, як статуя. – І ціха дадаў: – Уцякай, пакуль можна.
Косцік маланкай скокнуў у хмызняк.
ХХ. Высвятленне абставінаў
– Вады яму! – загадаў Казік. – Стаху! Вады ў шапку, хутчэй!
Расшпілілі форму, намачылі грудзі, улілі ў рот вады, расціснуўшы зубы шчэпкай, папырскалі ў твар – нічога.
Тым часам вакол збіраўся натоўп. Беглі з усіх бакоў сапёры, цывільныя, мужчыны, дзяўчаты, смалерчукі і рускія з суседніх буданоў. Пытанні, адказы, спачуванні, каманды і пагрозы перапляталіся паміж сабой:
– Чым ён яго стукнуў? Што за Косцік? Шворнам Яшчэ вады! Пад палявы суд пойдзе. Калом ударыў. Узялі ўжо. Падводу, падводу падайце! На кавалкі яго без суду разарваць! Не ўцёк яшчэ лях пракляты. Госпадзі… такі салдацік, такі красавец…
Ужылі ўсе спосабы ратунку: мачылі, паілі, тармасілі, крычалі, калыхалі ў плашчы – усё марна. Урэшце падагналі падводу, паклалі на яе цела і паехалі ў Лошу. Два сапёры селі на воз, астатнія з малодшым унтэрам на чале і групай цывільных хлопцаў-ахвотнікаў пусціліся даганяць злачынца. Прачэсвалі кусты ўздоўж ракі, ланцугом праходзілі дуброву, шукалі сляды, свецячы ліхтарыкамі і запалкамі на акопны пясок і ваду. Больш за гадзіну цягаліся па ваколіцы, пакуль нарэшце нейкі хлопец з Убярэззя не паведаміў, што выразна чуў, як па Бярэзіне плыве чалавек. Унтэр пераканаўся, што гэта быў Косцік, і адпусціў людзей адпачыць.
Смалерчукоў ахапіла трывога. Яны баяліся наступстваў таго, што ўчыніў іх зямляк і крэўны. Некаторыя прадказвалі масавыя арышты, штрафы, размеркаванне арцелі часткамі па мужыках і ўсялякія іншыя рэпрэсіі. Пачалі шукаць вінаватых, абражалі адно аднаго, усчалася гарачая сварка. Адны вінавацілі дзяўчат, што пацягнуліся за салдатамі ў гай, другія дзяўчат баранілі і нападалі на ініцыятараў вечарынкі і музычнага суправаджэння, трэція лаялі Яся і Казіка, што не папярэдзілі унтэра пра з’яўленне Косціка. Абурэнне ж самім Косцікам было бязмежнае.
– Баламут! Задзірака! Шаленец! – крычалі пра яго. – Што ён нарабіў? Такога зуха і дабрадзея на той свет без прычыны адправіў, сябе загубіў і на нас няшчасце наклікаў.
Віцька з Ромкам былі гатовыя аказваць паліцыі ўсялякае судзеянне па лоўлі Косціка.
– Ён нас зганьбаваў, – казалі яны. – За дабро заплаціў злом чалавеку.
Карусі таксама дасталася. Ёй было жахліва шкада і жахліва сорамна.
– Чаго яна згубіла з гэтым салдатам? Што там рабіла? – пыталі людзі, падазрона гледзячы на яе. – Ну і свет настаў.
Ранкам прыехалі ўраднік са стражнікам, станавы прыстаў і ваенны следчы. Яны ўсебакова дапыталі Карусю, потым шэраг тых, хто першым прыбег на ратунак унтэру, і тых, хто з вечара мог размаўляць з Косцікам. Падчас агляду месца злачынства ў лазовым кусце знайшлі наган унтэра, цалкам зараджаны.
Нягледзячы на неабвержныя доказы таго, што забойства без чыйгосьці падбухторвання і ўдзелу ўчыніў з рэўнасці Косцік Васілеўскі, станавы сабраўся арыштаваць Карусю. Яму здавалася падазроным, што яна, стоячы побач з унтэрам, не бачыла, чым яго ўдарыў нападнік. Але смалерчукі пачалі благаць і закладаць галовы, што ён зможа дапытаць дзеўку ў любую хвіліну і ў любым месцы, і станавы перадумаў.
Следчыя з’ехалі, а сапёры апоўдні вывелі арцель на працу, не ўспамінаючы пра тое, што здарылася, і нікому не сказаўшы ліхога слова. Смалерчукі паволі пачалі супакойвацца. Падумалі было, што вышэйшае начальства будзе чапляцца, але афіцэраў з інспекцыі цікавіла толькі дзяўчына, за якую ўзводны заплаціў галавой, і з усіх бакоў цікаўна аглядалі Карусю. А ўзводны, прысланы з Лошы замест Пятра Нікалаевіча на пасаду абходнага інструктара, свайго папярэдніка нават жорстка асудзіў. Размаўляючы з Алесем Пятроўскім пра здарэнне, ён сказаў:
– Дурак яшчэ той. Дома свая жонка-красавіца, а ён у кожным месцы новую нявесту сабе шукае.
– Дык у яго жонка ёсць?! – падскочыў Алесь.
– А якая красавіца, якая вумная! На пяці мовах гаворыць. Важная памешчыца.
– Вы землякі?
– Так, з Гомеля, ён мой сусед.
– Мабыць, і ён не з простых?
– Сын манапольшчыка і дзякавай дачкі. Жонка за яго рылам гожанькім пагналася, замуж выйшла насуперак волі бацькоў.
Пасля такіх звестак меркаванне смалерчукоў раптоўна схілілася на карысць Косціка.
– Еслі праўда, што ўзводны такі ашуканец, – казаў кухар, найстарэйшы чалавек у грамадзе, калі Алесь падчас вячэры пераказаў яму словы новага унтэра, – то Косцік добра зрабіў, што яго, шэльму, цюкнуў.
– Добра, добра зрабіў, – падхапіў хор галасоў.
– Вы зірніце на яго, полькі яму захацелася! Але атрымаў сваё, сабака. Цяпер будзе папярэджанне для іншых кацапаў.
– Хочаце – верце, хочаце – не, але прызнаюся: калі б не Косцік, я б яго сам правучыў, – сказаў Паклацкі з Ямаў.
– Цяпер усё можна сказаць, але хто ведае, ці набраўся б ты ягонай адвагі. Ну і зух гэты Косцік! Адпусці яму, Божа, грахі і спашлі лёгкі прысуд. А ты, дзеўка, калі яшчэ таго леснічонка ўбачыш, расцалаваць яго мусіш, што ён цябе ад згубы выбавіў, – гукнуў кухар Карусі, якая ад сораму не пайшла вячэраць і ляжала, з галавою зашыўшыся ў пасцель.
– А я яго таксама, як сустрэну, пацалую за гэта, хаця і не ведаю, чаму ён на мяне крыва глядзеў увесь час, – паведаміў Ромка, радуючыся, што ў яго цяпер на аднаго саперніка менш.
– Юда таксама, як Езуса прадаваў, спачатку пацалаваў яго, ага, – заўважыў Стах.
– Стаху, ты чаго вярзеш? – абурыўся Ромка.
– А таго, што ўчора ты гатовы быў яго выдаць, а сёння цалуеш.
– Выдаць? Я? Дай Божа маім братам і сёстрам тое, чаго я для Косціка цяпер хачу! Жартаваў я ўчора.
– Досыць, хлопцы, – умяшаўся Казік. – Косціку цяпер мала карысці ад вашых пацалункаў і зычлівых думак. Трэба яму справаю дапамагчы, не будзе ж ён вечна ў лесе сядзець. На прыход немцаў разлічваць не варта. Мы мусім дапамагчы яму апраўдацца перад законам, і гэта цалкам магчыма, бо ён не замардаваў чалавека дзеля рабунку, не застрэліў, не зарэзаў, а забіў ненаўмысна тым, што пад руку трапіла, падчас бойкі за дзяўчыну, што і сведкі паказалі. Трэба сабраць некалькі сотняў рублёў, падмазаць станавога і наняць адваката, каб навучыў Косціка, што гаварыць, і заапекаваўся б справай.
– Даю двухтыднёвы заробак, – сказаў Алесь.
– А я – трохтыднёвы, – ускочыў Картавы.
– І я… І я дам! – наперабой загаманілі ахвярадаўцы.
– Чакайце, хлопцы, чакайце, – перарваў Стах. – Яшчэ невядома, дзе ён цяпер, яго спачатку знайсці трэба.
– Знайсці няцяжка: калі ён сапраўды пераправіўся праз Бярэзіну, то пайшоў да сваякоў у Гарадчанскую воласць, а калі не – то ў пушчу ля дому свайго, – прыкінуў Казік.
– Зрабіце мне адпускны, я заўтра пайду і знайду яго!
– Пусціце мяне, браточкі! – запрасіўся Ромка. – Хачу давесці, што я яму не Юда. Пайду, адшукаю, скажу што трэба і ад сябе прабачэння папрашу. Мяне пусціце, браточкі! – маліў ён.
– Добра, пойдзеш ты, калі так моцна хочаш, – пагадзіліся Ясь і Казік.
Вырашыўшы так, назаўтра яны зрабілі Ромку адпускны ліст і паслалі ў Патоку, параіўшы сказаць старому Васілеўскаму, што калі ён ведае пра сына, то няхай прыйдзе да іх у акопы, а калі не ведае, хай шукае ў пушчы і па ўсіх сваяках і прыходзіць, калі адшукае.
XXI. Уцёкі
Косцік рэчышчам ішоў на поўдзень, пакуль не натрапіў на старыцу. Берагі зараслі рагозам, трыснягом і чаратамі, а ў сярэдзіне на шырыню дзвюх хатаў разлілася вада. Хлопец усадзіў туды кій – бяздонная багна. Што ж рабіць?
Калі б хоць ноч цямнейшая была, ён затапіў бы тут боты і світку і пусціўся б уплынь, але месяц свеціць так, што і качка незаўважна не праплыве. Сядзець у чаратах, пакуль месяц сыдзе за бор, улічваючы набліжэнне крыкаў за спінай, таксама было рызыкоўна. Ён паслухаў, падумаў і рушыў наўдачу плаўнямі ўздоўж старыцы.