Надбярэзінцы - Коллектив переводчиков 15 стр.


Калі яны скончыліся, ён быў ужо ў лесе, за тэрыторыяй акопаў. Заглыбіўшыся ў гушчар, Косцік лёг на зямлю і задумаўся.

– Куды цяпер ісці і што рабіць? – спытаў ён у самога сябе. – Ісці ў пушчу і сядзець там? Але колькі? Можа, немцы хутка прыйдуць ці вайна скончыцца, і тады агенты ў Амерыку вывезуць. А яна? Ці захоча са мной паехаць? Ці зможа думаць пра мяне без страху і асуджэння? Я ж забойца. Катаржнік… Вечны ізгой. На мяне цяпер да самай смерці людзі пальцамі будуць паказваць і ўцякаць як ад чумы, куды б я ні пайшоў. Я ж забойца.

І такая яго роспач ахапіла, такое прыгнечанне, што ён ужо быў гатовы вярнуцца і аддацца ў рукі правасуддзя.

Але раптам мільганула ратавальная думка.

– Не можа быць, каб ён ад аднаго ўдару скапыціўся. Напэўна ж толькі прытомнасць страціў. А калі і выпусціў ён дух, няўжо ж мяне можна прыраўняць да звычайнага бандыта і забойцы? Богам клянуся, не хацеў я яго забіваць. Вунь Гарчык мальца аднаго дрэвам прыгаварыў, – успомніў ён ненаўмыснае забойства ў ваколіцы, – але на яго ніхто пальцам не паказвае, ксёндз грахі адпускае і дзеўкі ідуць танчыць гэтак жа, як з іншымі.

Ён успомніў, як узводны хітрасцю да Быліны падлашчваўся, як цягнуў яе сілай, і зусім перастаў шкадаваць пра ўчыненае.

– Добра я зрабіў, так гадзіне і трэба, – сцвердзіў хлопец. – Шкада, што яшчэ раз не цюкнуў для пэўнасці. Вось жа недавярак!

Але праз хвіліну ён вярнуўся да рэальнасці:

– Толькі гэта ўсё ж забойства, і за яго давядзецца адказваць.

Ён думаў і то ўпадаў у адчай, то страшыўся, то зноў у чымсьці знаходзіў палёгку, а часам і палаў гневам. І пакуль ён так мучыўся сумневамі, цемра парадзела, узвяшчаючы набліжэнне дня.

Косцік падняўся і лесам пайшоў у кірунку Смалярні. Але неўзабаве неадольна захацелася спаць – ён жа за дзве ночы вачэй ні разу не заплюшчыў. Таму хлопец зашыўся ў густы зараснік і заснуў мёртвым сном.

Калі прачнуўся, было цёмна. Ён не разумеў, ранак гэта ці вечар, не мог вызначыць, з якога боку прыйшоў, а ў які трэба ісці, таму вырашыў пачакаць, пакуль або зоркі на небе з’явяцца або развіднее, каб зарыентавацца і ўзяць слушны кірунак. Жывот ад голаду да хрыбта прысох, аж дыхаць было цяжка.

Урэшце ён зразумеў, што блізіцца ноч, разабраўся па зорках і пайшоў.

Неўзабаве напаткаў хутар, залез у гарод, нарваў ахапак бручкі, вынес у лес, наталіў голад і рушыў далей.

Назаўтра Косцік ужо быў у сваёй пушчы, але ў леснічоўку не пайшоў: баяўся казаць родным пра сваё злачынства, што несла ім турботы, сорам і ганьбу. Таму застаўся ў лесе, каб падумаць над становішчам і знайсці словы сабе на абарону.

XXII. «Ваўкі з’елі»

Ромка вярнуўся толькі на чацвёрты дзень, позна ўвечары. З першага погляду ўсе зразумелі, што навіны ён прынёс вельмі кепскія. Галава ў яго павісла, на бледным твары быў адчай, пад пахай – вялікі скрутак. Ледзь перастаўляючы ногі і ні з кім не вітаючыся, Ромка прайшоў да свайго месца ў будане, акуратна паклаў скрутак на зямлю і ўпаў побач, закрываючы твар рукамі, нібы збіраючыся заплакаць.

– Ромка! Што здарылася, Ромка? – пасыпаліся пытанні.

Аленскі хвіліну ляжаў нерухома, нібы звярталіся зусім не да яго, а потым падняў галаву і прамовіў:

– Вы што, яшчэ нічога не ведаеце?

– Нічога. Што здарылася? Богам малю, кажы, кажы хутчэй! – нецярпліва прасілі смалерчукі.

– Няма больш нашага браточка, ні жывога, ні мёртвага. Ваўкі з’елі цалкам.

Людзі ашаломлена ўскрыкнулі.

– Вось што засталося ад нашага Косцічка, – сказаў Ромка, развязваючы скрутак. – Глядзіце.

А там рабрына і халява ад бота.

Убачыўшы чалавечую костку, дзяўчаты з віскам адскочылі, а хлопцы пачалі яе разглядаць і тыкаць палкамі, распытваючы Ромку пра падрабязнасці.

– Дзе ты гэта знайшоў? Як усё было? – запытаў Казік.

– Чакайце, дайце крыху адысці, а то жаль горла сціснуў, – Ромка некалькі разоў каўтнуў сліну, хваравіта моршчачыся і выцягваючы шыю, цяжка ўздыхнуў і пачаў расказваць: – Калі я ў іхную Патоку прыйшоў, там ужо былі жандары і ўраднік. Чакаў да самага вечара, пакуль з’едуць, а потым, дазнаўшыся, што Косцік у леснічоўку яшчэ не вярнуўся, расказаў старому Васілеўскаму ўсё, што трэба было, пераначаваў у Смалярні і пайшоў назад лесам, каб нагнаць час, страчаны ў леснічоўцы. Іду, значыць, мінаю Лапенкі, казённы лес і заходжу ў Кунцавіцкую пушчу. А мне насустрач – брычка з аб’ездчыкам і двума леснікамі, узброенымі дубальтоўкамі. Бачаць яны, што я адзін, з пустымі рукамі, пераглядаюцца між сабой, ківаюць, затрымліваюць брычку і кажуць мне:

«Табе што, таксама да Абрама на піва захацелася? Ці ты не ведаеш, што пазамінулаю ноччу ваўкі ў нашым лесе хлопца з’елі?»

Мне адразу ў галаву стукнула, што, пэўна, Косціка, ну я і пачаў пытацца.

«Якраз нашага хлопца, – кажу, – са Смалярні, ужо два дні дома няма, дык, можа, гэта яго? Як той выглядаў?»

«Як выглядаў, не ведаем, – адказваюць, – бо ад яго засталіся толькі ногі ў ботах і лахманы ад вопраткі».

«А якія боты, што за вопратка?» – пытаю.

«Боты стараватыя, з падноскамі, порткі даматканыя, у клетку, а світка чорная, зверху касматая».

– Гэта ён, Косцік! – закрычалі смалерчукі, а Ромка працягнуў:

– «Калі не баішся, – кажа аб’ездчык, то ідзі да Юркі-лесніка, ён табе пакажа, што ёсць». Я спытаў дарогу і пайшоў. Ляснік гаворыць: усё, маўляў, так, боты стараватыя былі, порткі ў клетку, світка чорнай й касматая, але лахманы я спаліў, а адным з ботаў падшыў сабе лапці. «А ногі дзе?» – пытаю. «Ногі, – кажа, – я на могілках у Кунцэвічах пахаваў, засталіся толькі халява і рабрына, якую я пазней знайшоў. Магу аддаць».

Смалерчукоў ахапіла прыгнечанасць. Ад думкі пра смерць на воўчых іклах у кожнага пайшлі па ўсім целе дрыжыкі, кожны бязмежна шкадаваў хлопца. Пачалі ўздыхаць, успамінаць, тужыць і нават плакаць.

– Бедны Косцік, – казалі яны, – столькі страху, столькі болю нацярпеўся. Такім маладым загінуў. Такі ўжо лёс, такое прызначэнне ў хлопца было. Нават пахавання людскага не даў яму Бог і касцям спачыну. Тут рабрына, там ногі, а астатняе цела дзікія звяры разам са смярдзючай падлай ператравілі і разнеслі па лесе паскудным чынам. А які хлопец быў, колькі дабра зрабіў людзям! Не было яшчэ на свеце такога, як ён.

Стах, Ганка Пятроўская і Быліна разрыдаліся ўголас.

XXIII. Сустрэча

Шмат дзён Косцік жыў у пушчы пустэльнікам, ніяк не могучы набрацца адвагі. Еў яблыкі-дзічкі, картоплю, скрадзеную ноччу на полі, спаў у дуплах дрэваў і бураломах. Ён адчуваў усё большы страх перад наступствамі і ўсё больш падаў духам. Схуднеў, счарнеў, абтрапаўся, здзічэў хлопец.

Але аднойчы ўранку ён прачнуўся, высунуў галаву з зарасніку – а побач бацька сядзіць. Сядзіць, курыць люльку і глядзіць на яго, а ў вачах слёзы. Косцік вылез і моўчкі сеў насупраць, чакаючы, пакуль бацька загаворыць. Хвілінаў пяць яны глядзелі адзін на аднаго, не кажучы ні слова, а потым стары пачаў першы.

– Вось я дзіўлюся, – прамовіў ён, – ты ўжо такі дужы хлопец, а курыць яшчэ не ўмееш, нібы і не Васілеўскі зусім. Бяры, – кінуў ён сыну некалькі лістоў тытуню, – скруці цыгарку і запалі. Убачыш, адразу весялей зробіцца.

Косцік пачаў круціць, а стары, хвілю счакаўшы, працягнуў:

– Хлопча, чаму ты такі? Чаму ты мяне айчымам лічыш?

– Вы ж, мабыць, ужо ведаеце, што я… – асекся хлопец.

– Усё ведаю. Я тут бадзяюся, шукаю цябе, бядую па табе, галаву ламаю, а ты вось так. Навошта?

Косцік кінуўся цалаваць бацьку рукі.

– Татка! Я ж яго ненаўмысна, я яго зусім слаба стукнуў, а ён і паваліўся.

– Ды не пра тое я. Трэба табе было стукнуць – ты стукнуў, такое з кожным можа здарыцца, але чаго ты тут валэндаешся і мне не паказваешся?

– Баяўся я, татка, што вы мяне за гэта…

– Значыць, я для цябе не родны бацька, а нейкі суччын сын? Ты на сябе паглядзі, да каго ты падобны! Чорны, абтрапаны, босы.

– Падэшвы ў ботах паадставалі, дык я іх схаваў.

– Ды чорт з імі, з ботамі! Дзякуй Богу, сам жывы.

– Мяне ўжо шукаюць?

– Ураднік два разы прыязджаў, але што з таго.

– Ураднік? Значыць, той узводны памёр?

– Гэтага сказаць не магу, не ведаю. Ромка на мінулым тыдні прыходзіў, дык сказаў, што калі і выжыве, то ўсё адно здурнее, бо чэрап праламаны ў яго.

– Ромка Аленскі?

– Так. Ад усёй грамады прыйшоў мне сказаць, каб, калі знайду цябе, рушыў да іх у акопы. Паведаміў, што адваката нейкага важнага хочуць для цябе наняць.

– Не верце яму, татка, ён падступны. Мы з ім варагуем вельмі. От шэльма.

– Думаеш? Калі ты супраць, я не пайду. Самі рады дамо, не бойся.

– Можа, пакуль я тут, на фронце штось новае здарылася? Што ў газетах пішуць, што габрэі кажуць?

– Нічога. Гавораць, фронт у Баранавічах так і стаіць.

– То якой рады вы, татка, хочаце шукаць, што рабіць збіраецеся?

– Паглядзім. Пакуль апранешся па-людску, абуешся, шалаш паставіш, возьмеш стрэльбу. Мы табе ежу будзем насіць, зажывеш як пан. А потым паглядзім.

– Не прасяджу я доўга ў лесе.

– Што, кепска табе?

– Кепска і сны паганыя сняцца, пра чарцей. Нібыта цягнуць мяне, вішчаць, зубамі ляскаюць, як тыя сабакі на паўдохлую клячу, хуткі пажытак чуючы. Вы, татка, ведаеце, што я не з баязлівых, але ўначы мяне цяпер часта такі страх ахоплівае, што месца сабе не знаходжу.

– Тады табе, хлопча, паспавядацца трэба.

– Ужо тыдзень тое самае думаю. Вось калі б можна было да Бабруйска дайсці і пабачыцца са знаёмым вікарыем, то больш нічога на свеце не трэба.

– Можа, знайду табе якога. Не бойся. З родным бацькам не загінеш. А цяпер уставай і пойдзем да Патокі. Трэба ж і маці сказаць, каб яна не тужыла. Мы ж думалі, што ты ўтапіўся або цябе ваўкі з’елі. Паскудна было…

XXIV. «Выйшла пані піва піць»

Косцік у лесе пад ахоўнымі крыламі бацькі доўга не сядзеў. Праз тры дні, зманіўшы, што пойдзе, каб забіць час, да хроснага, які быў таксама лесніком (у магільніцкіх лясах за пятнаццаць вёрст адсюль), хлопец прыадзеўся трохі чысцей – у новую шапку, світку, крамныя штаны і старыя боты, – узяў добры запас ежы, тую самую сякеру за пояс і на досвітку рушыў на захад, каб паспрабаваць пераправіцца праз Бярэзіну. Кірунак ён узяў на даманскія лясы, за дзве вярсты на поўнач ад Лошы.

На змярканні ён стаяў ля іх межаў. Мясцовасці Косцік не ведаў, з вечара было надзвычай цёмна, таму спыніўся пераначаваць. Вогнішча вырашыў не распальваць, а лепш пашукаць якога бяспечнага схову. Агледзеўся, бачыць – стаіць дуб з подкурам. Залез туды, прыставіўшы сукаватую галіну, праспаў ноч і з усходам сонца рушыў далей.

Узвышша ішло роўнае, парослае рэдкім сасоннікам.

Праз колькі гадзінаў Косцік спаткаў чарнігаўскую арцель, якая майстравала бэлькі для зямлянак: пазнаў іх па доўгіх кажухах, нашмараваных алеем і сцягнутых ззаду ў фалды на манер спадніцы, – такія самыя насілі чарнігаўскія стальмахі, якія штогод прыходзілі ў смалярскую пушчу гнуць ясеневыя абады.

Прайсці незаўважаным між імі па рэдкім лесе было немагчыма, таму Косцік трохі збочыў і зрабіў крук на вярсту ў бок поўначы – а там тыя самыя кажухі з фалдамі. Хлопец пайшоў далей на поўнач, упэўнены, што хутка лес будзе іншы.

Праз добрую вярсту дарога сапраўды пайшла ўніз, сасоннік змяніўся ельнікам, а потым і поймай з альхоўнікам, парослай высокай густой папараццю. Пасярэдзіне цёк ручай, нешырокі – месцамі можна было пераскочыць, але чысты і ў любым месцы як найменш да калена. Паколькі Косцік не ішоў наўпрост на захад, то вырашыў, што ручай прывядзе яго да Бярэзіны, і рушыў па яго цячэнні, хаваючыся ў папараці.

З абодвух бакоў поймы даносіліся адгалоскі работаў: спачатку рэха сякераў і грукат паваленых дрэў, потым стукат колаў і рытмічны звон доўгіх пілаў, крактанне бэлек, як падчас зводу вуглоў, удары кірак, людскі гоман, ляскат рыдлёвак, зноў стукат колаў і гук забіваных цвікоў. Апошні даносіўся і спераду.

Косцік прайшоў яшчэ колькі стаяў і ўбачыў будаваную праз раку грэблю і масток праз ручай. Схаваўшыся ў папараці, пачакаў, пакуль работнікі не разыдуцца абедаць, потым падкраўся да самага мастка і пад ім перабег на іншы бок. Праз сотню крокаў па абодва бакі рачулкі ён убачыў загарадзі з завостраных калоў, але сама рачулка была вольная. За некалькі стаяў адсюль прасвечвала праз загарадзь поле.

Сэрца ў Косціка застукала хутчэй: цяпер ён ведаў, што рабіць. Пабег у бор, збоку ад месца, дзе працавалі, знайшоў тонкую сухую елачку, ссек яе, адцяў пяць кавалкаў, на сажань кожны, перанёс іх да ручая, звязаў лыкам у плыт і пачаў чакаць вечара, чытаючы Ружанец на шчаслівае падарожжа.

Калі добра сцямнела, ён сцягнуў плыт на ваду і паплыў, адпіхваючыся кіем. Плыў павольна, бо было цёмна, і плыт увесь час чапляў берагі. Косцік абапіраўся аб зямлю, каб не плюхала. Раз-пораз ён спыняўся і ўслухоўваўся ў глухую ноч. Спераду траскатаў рачны параход, часам чуліся людскія воклічы, а ззаду даносілася глухое, нібы з-пад зямлі, ваўчынае выццё.

Па меры набліжэння да грэблі ён плыў усё павольней і так ціха, як мог. Убачыўшы нарэшце белы масток, Косцік лёг на плыт плазам і паплыў па цячэнні. Зачапіўшыся за бераг, ён лёгка адпіхваў плыт рукой, крыху яго паскараў, і вада несла яго, нібы шматок дзёрну.

Да мастка заставалася не больш за дваццаць крокаў, калі з правага боку данесліся прыглушаныя галасы. Зусім блізка.

«Мабыць, ахова», – з трывогай падумаў ён.

Ён схапіўся за траву, падцягнуў плыт ушчыльную да берага, стаіў дыханне і прыслухаўся. Хвіліна цішыні – а потым зноў галасы і крокі. І раптам крык:

– Стой! Ні уйдзёш! Паймаю! Стой, гавару!

У Косціка аж душа зайшлася і кроў ударыла ў галаву. Ён маланкава ўскочыў на карачкі і сцяўся, гатовы да скачка.

Адразу ж за крыкам па мастку ў левы бок нехта за кімсьці пагнаўся, і праз колькі секундаў выбухнуў вясёлы дзявочы смех.

– Ну што? Гаварыў жа, паймаю, – прамовіў мужчынскі голас.

– Ты ні цісні ж ты так, чуіш! Ні лапай! Мікалай, каб ты праваліўся! Кажу, ні лапай дзе ні нада, а то ў зубы дам! – галасіла дзяўчына, але неяк задаволена ці што.

– Цьху, каб на вас халера! – Косцік плюнуў так, што аж вада плюхнула. – Іншага месца марцаваць не знайшлі, трэба на грэблю. Страху праз вас нацярпеўся. Ха-ха-ха, але ж і сучка! Патаскуха.

Дачакаўшыся, пакуль парачка знікне, ён зноў лёг на плыт, адпіхнуўся і рушыў далей.

Паўгадзіны плыт перасоўваўся з той самай чарапашынай хуткасцю, а потым наперадзе зашумела Бярэзіна. Косцік адчуў, як з душы падае стопудовы камень, асцярожна ўзяў кій, скіраваў плыт супраць цячэння і ціхенька зацягнуў «Маці Святую». Спяваў і час ад часу падымаў вочы да неба, усеянага, нібы макам, зоркамі, каб Маці звярнула на яго малітву больш пільную ўвагу. Калі скончыліся куплеты, якія Косцік ведаў на памяць, ён загаварыў да Божае Маці сваімі словамі і сваім голасам:

– Найсвяцейшая Марыя, прашу, давядзі мяне цэлым да бабруйскага вікарыя і намоў яго адпусціць мне грахі і парадзіць мне, каб я мог да ранейшага спакою вярнуцца. А лепей угавары Сына Твайго, каб Ён унцера – калі той не вельмі даўно памёр – ажывіў, як ажыўляў людзей, калі хадзіў па зямлі, і зняў з мяне правіну забойства. Ацалі яго зусім, Найсвяцейшая Маці, толькі, можа, пысу яму крыху скрыві ці зрабі лысым, каб за ім дзеўкі менш упадалі. А яшчэ хай так станецца, каб мяне вясной у войска разам з іншымі аднагодкамі забралі і каб я змог даслужыцца да чыну, вышэйшага за унцера, і здабыць каханне, дадому вярнуўшыся.

Калі ён плыў ручаём, то збіраўся пасля пераправы праз Бярэзіну разабраць плыт і схаваць лыка і бярвенне ў лесе, каб было на чым вяртацца назад. Але ў месцы, куды ён прыстаў, ляжала шырокае поле, засеянае жытам. Не захацеўшы траціць час на пошукі схову, ён загнаў плыт у глыбейшы выгін берага і прывязаў да кія.

– Як ніхто не знойдзе – добра, а калі сцягнуць, дык у найбліжэйшым лесе новы зраблю, – сказаў ён сам сабе. – А можа, і зусім не давядзецца вяртацца. Можа, да гарадчанскага дзядзькі махну.

Назад Дальше