І Косцік пайшоў, трымаючыся як найдалей ад ракі.
Ранкам ён быў у горадзе. Ішоў, нібыта, як кажуць, душы ў целе не было, амаль у кожным мінаку падазраючы заканспіраванага паліцыянта: яму здавалася, што ўсе глядзяць на яго.
Баючыся сустрэць у Хмары кагосьці знаёмага, ён не зайшоў у дом, а скіраваўся адразу да плябані.
Павярнуўшы на вуліцу Пушкіна, хлопец пачуў аднекуль збоку салдацкую песню. Ён так любіў глядзець, як спявае і маршыруе войска, што, не зважаючы на сваю трывогу, затрымаўся паслухаць, гледзячы ў той бок.
Мелодыя была вельмі прыемная, натхняльная і нібыта… не салдацкая.
Праз паўхвіліны з-за рогу пачаў выходзіць атрад пяхоты. Завярнуў да Косціка. Усе з вінтоўкамі.
Хлопец лічыў чацвёркі – агулам 35. За апошняй ён, на сваё здзіўленне, убачыў натоўп цывільных.
Атрад выраўняўся, і грымнула песня:
Ашаломлены Косцік адступіў назад, не верачы вачам і вушам.
– Па-польску?.. Езусе… Мне сніцца ці сапраўды?! Польскае войска? – шаптаў ён, упіўшыся позіркам у шыхт.
Боты, форма і вінтоўкі – як у звычайнай расійскай пяхоты, але на галовах канфедэраткі, а на іх – польскія арлы. І словы з вуснаў – польскія. Твары маладыя, дзёрзкія, гордыя.
– Раўнуй! Раз, два, тры, раз, два, тры! – камандуе афіцэр. Сто сорак ботаў чаканяць як адзін, як адзін калышуцца сто сорак штыхоў. Рыхтык шчотка.
Ззаду бег натоўп мясцовых палякаў – душаў сто. Некаторыя, каб засведчыць легіянерам пашану, знялі шапкі, а многія асабліва ўражлівыя плакалі ад узрушэння.
– Дачакаліся! – казалі яны. – Сваіх, польскіх, жаўнераў. Па-польску спяваюць! Не «тры», а «тшы» кажуць! Слухайце, людцы родныя, слухайце!
Косцік таксама зняў шапку і далучыўся да натоўпу.
XXV. Вельмі важны сакрэт
Ясь доўга пераварочваў палкай костку, вывучаў уласныя рэбры, засунуўшы руку пад кашулю, думаў, параўноўваў і ўрэшце сказаў:
– Ведаеце што, мне здаецца, рабрына не чалавечая.
– Якую далі, такую і прынёс, што мне сказалі – тое вам перадаў, а вы разбірайцеся як хочаце! – гнеўна выкрыкнуў Ромка.
– І мне здаецца, што звярыная, – уставіў Казік.
– Значыць, я выдумляю?! Я, значыць, гадзіна?! – абурыўся Аленскі.
– Гэта мы высветлім заўтра. Пакажам костку фельчару, ён пазнае.
Казік забраў рабрыну з халявай і схаваў у сябе ва ўзгалоўі.
Але назаўтра, калі ён падняўся і сабраўся да фельчара, то знайшоў толькі халяву. Ператрэслі лісце і сена да драбніцы – няма косткі. Ніхто не сумняваўся, што забраў яе Ромка і што гісторыю пра з’ядзенне Косціка ваўкамі ён узяў са сваёй галавы, хоць і адпіраўся і кляўся ўсімі святымі.
Але праз тры дні адведаць дачок прыехаў стары Пятроўскі і пацвердзіў, што хлопца ў кунцавіцкіх лясах сапраўды зжэрлі і што Косціка ў ваколіцах Смалярні сапраўды няма.
– Бацька штодня па лесе бегае, ды і мы са Смалярні ўжо хадзілі – ні слыху ні прослыху, – паведаміў ён.
Яшчэ праз пяць дзён прыехаў Кантычка і сказаў тое самае. Увесь наступны тыдзень з леснічоўкі ніхто не з’явіўся, і Казік вырашыў схадзіць сам.
А вечарам, напярэдадні меркаванага паходу, прыехаў стары Здановіч, якога тут жа засыпалі пытаннямі пра Косціка.
– Што ваўкі з’елі – няпраўда, – адказаў той. – Але дзе ён цягаецца – ні бацька ягоны, ні мы, ні хтось у Смалярні не ведаем.
Расказаўшы засумавалым па засценку смалерчукам колькі дробных навінаў, ён стаў ля падводы, дзе Казік запрагаў каня, і шапнуў яму:
– Давай адыдзем крыху ўбок, у мяне для цябе сакрэт важны ёсць.
– Добра, хадзем да ракі, – прапанаваў унук.
Яны ўселіся ля вады. Дзед агледзеўся і сказаў:
– Учора прыязджаў Нахім, бабруйскі старызнік, і прывёз мне ліст. Распячатаў я – а там яшчэ адзін, табе адрасаваны, а мне – цыдулка, каб табе як найхутчэй і ў самай строгай таямніцы перадаў.
– Ад Косціка?!
– Мне здаецца, так, – адказаў стары, са значэннем усміхаючыся. – Бяры вось, – дастаў ён з-за пазухі канверт, моцна заклеены мукою.
Казік нецярпліва разарваў яго і пачаў чытаць.
Мілы мой братка Казік!
У мяне вельмі радасная навіна: у Бабруйску з’явілася польскае войска. Каманды аддаюць па-польску і белыя арлы на шапках. Аказваецца, газеты не манілі, калі пісалі пра польскія легіёны. Яны кажуць, што Польшча з вайны мусіць выйсці Польшчай, што б там ні здарылася. Братка! Калі б ты пабачыў гэтае ладнае войска, як яны прыгожа ідуць і спяваюць па-польску, ты б не вытрымаў! Хлопцы здаровыя, смелыя, вучоныя і абыходлівыя. Пераважна з Кароны, але шмат хто і з літоўскіх і беларускіх губерняў, нават з нашых надбярэзінскіх ваколіц ужо некалькі ёсць, бо ўсіх бяруць, калі ёсць поўных 18 гадоў і не калека. Калі б столькі нашых акопы не капала, было б іх тут нашмат болей. Стаська Шалабод, ваш сваяк, з акопаў ля Даманава ўцёк і ўступіў. Я, можна сказаць, таксама ўжо легіянер, толькі не ў Бабруйску буду, бо тут мяне паліцыя можа высачыць і забраць праз таго унцера.
Дзякуючы табе, братка, мяне гэтае шчасце напаткала, бо калі б ты не сказаў мне тады ўцякаць, гніў бы я цяпер у цюрме, як людарэз які. Дзякую табе за гэта і прашу: глядзі там Карусю. Калі раптам знойдзецца яшчэ які хітры салдат ці той унцер ажыве і зноў да яе палезе, калі ласка, адашлі яе дадому, як тады збіраўся, а я, як вярнуся, табе за гэта аддзячу. Толькі Богам прашу, не кажы нікому, што на маю просьбу гэта робіш, і нават што ліст ад мяне атрымаў. Там у вас такія хлопцы ёсць, што гатовыя мяне ў лыжцы вады патапіць, і калі даведаюцца, дзе я, хутка паліцыі данясуць. Можаш сказаць, што ліст во гэты пра легіёны – ад Стаські Шалабода, ён жа крэўнік ваш. Толькі Стаху Балашэвічу ад мяне пакланіся і ўсё раскажы, але загадай нічога нікому не гаварыць, і яшчэ татку майму, бо апроч цябе і твайго дзеда, я адно ім двум і давяраю. Будзь здаровы.
Твой вечны сябрук і служка,
Косцік.– Ну што? Дзе ён? Што піша? – нецярпліва спытаў стары Здановіч, які па дрыжанні ўнукавых рук і паяснелым твары зразумеў, што навіны незвычайныя.
– У легіёны ўступіў. У Бабруйску з’явілася польскае войска.
– Войска? Польскае?! – уразіўся стары. – Што ты вярзеш?
Казік прачытаў яму ўвесь ліст уголас, апусціўшы толькі просьбу наконт Карусі.
Вочы старога напоўніліся слязьмі, вусны задрыжалі і скрывіліся, як у расстроенага дзіцяці.
– Па-польску спяваюць, – шаптаў ён. – Польшча Польшчай будзе… Не можа гэтага быць! Мабыць, выйдзе так, як з тым маніфестам. Не, не веру. Божа мой, – падняў ён вочы да неба, – дай мне яшчэ пажыць.
– Ведаеце што, дзядуля, – уставіў Казік, – я таксама ў легіёны пайду.
– Ты – у легіёны?! – ускрыкнуў дзед. – Хочаш мяне, старога, кінуць і маці сваю?!
У яго голасе былі чуваць ашаломленасць і трывога, але з вачэй біла бязмежная радасць.
– Калі хочаш, то ідзі сабе, дазваляю, – скончыў ён, перш чым Казік змог хаця б слова вымавіць: відавочна баяўся, што ўнук перадумае. – Ідзі, дзіцятка, калі хочаш, – паўтарыў ён. – Мы з маці з гаспадаркай справімся. Не бойся, гадоў мне шмат, але я яшчэ моцны. Ідзі, хай цябе Бог бароніць і здаровым дадому прывядзе.
Казік пацалаваў дзеду руку.
– Дзякуй, дзеда, – сказаў ён. – А цяпер пойдзем, астатніх пацешым. Думаю, Косціку не нашкодзіць, калі мы пра легіёны раскажам так, як ён у лісце навучыў.
– Не нашкодзіць. А як той салдат? – спытаў стары, падымаючыся. – Не памёр?
– Здаецца, жывы яшчэ.
Смалерчукі нецярпліва чакалі Здановіча, прагнучы даведацца крыху больш пра тое, што ў іх дамах дзеецца. Кухары ўжо зрабілі госцю гарбаты і прыцягнулі пшанічных булак.
– Мабыць, сакрэты ў вас вельмі важныя, дзядзька, што столькі часу прагаварылі, ад усіх схаваўшыся? – запытаў Трызна.
– Так, дзеткі, сакрэты, важныя сакрэты ў нас. Зараз апавяду – дык не адзін падскочыць. Казік, скажы ім ужо.
– Хадзіце ўсе сюды! – закрычаў Казік, стаўшы пасярэдзіне будана.
За чвэрць хвіліны ля яго сабралася ўся арцель.
– Я атрымаў ліст ад Стаські Шалабода, майго сваяка і прыяцеля, – загаварыў Казік, рвучы Косцікаў ліст і кідаючы яго ў агонь, – дзе гаворыцца, што ў Бабруйску з’явілася польскае войска – сапраўднае, з польскім камандаваннем і адзнакамі. Ёсць пэўнасць, што Польшча вольная будзе.
Калі б ён сказаў, што вайна скончылася і можна вяртацца дамоў, яны не ўсцешыліся б так, як гэтай навіне. На некалькі секундаў запанавала такая ціша, што было чуваць трапятанне асобных лістоў на дубах, а потым выбухнулі крыкі радасці, здзіўлення, пасыпаліся пытанні.
Казік суцішыў шум і працягнуў:
– Стаська Шалабод піша таксама, што ім трэба больш добраахвотнікаў і што тутэйшыя палякі адзін за адным бягуць з акопаў і ўступаюць у легіёны. Кажучы між намі, ён так і зрабіў. Я таксама іду заўтра ранкам.
– Я з табой, – сказаў Ясь Ладан.
– І я з вамі, – далучыўся Болік Вінярскі.
– І я! Я таксама! І я!
Гатоўнасць пайсці ў польскае войска выказалі амаль усе хлопцы ў будане.
– Толькі не ўсе і не разам, – абарваў Казік. – Па-першае, прымаюць толькі з 18 гадоў і тых, хто з выгляду здаровы. Нам, поўнагадовым, таксама разам ісці нельга, бо арцель рэзка парадзее, і за намі могуць пусціць пагоню, а яшчэ вялікай групай мы не зможам дабрацца да Бабруйска. Варта ісці партыямі чалавекі па тры, самае большае па чатыры.
Параіўшыся, яны вырашылі, што першымі пойдуць Казік, Ясь і Картавы. Новымі старастамі выбралі Сцяпуру і Алеся.
Энтузіязм і шчасце былі бязмежныя. Амаль да поўначы будан поўніўся вясёлымі размовамі і воклічамі.
Тым часам Казік паклікаў Стаха на падворак і пераказаў яму Косцікаў ліст. Стах аж падскочыў ад радасці.
– Во зух! Во ўдалец! Якая адвага, шчасце якое! – паўтараў ён. – Гэта ж трэба, саперніку адпомсціў, пакарання ўнік і ў людзі выбіўся. Я так рады, што стрымацца не магу. А той шэльма прасіў Пана Бога, каб Косціка ваўкі з’елі! Лотр які.
– Гэта Аленскі праз Быліну такое выдумаў, – заўважыў Казік.
– Зразумела, што праз яе. Думаў, што калі яна паверыць у Косцікаву смерць, дык да яго ласкавейшая будзе. Ты не бачыў, ён гэтымі днямі за ёй не цягаўся? Хоць ты ідзі і рыла яму чысці. Але Косцік хват, сапраўдны хват, Бог сведка. Зайздрошчу я табе, што ў легіёны ідзеш. А нам, халера, у зямлі капацца тут разам з бабамі.
– Калі хочаш і адвагі набярэшся, магу табе на колькі дзён больш годную працу прапанаваць.
– Гэта якую працу?
– Вельмі мне хочацца, каб шмат хлопцаў з нашага надбярэзінскага краю пайшло ў легіёны. Тут вышэй па рацэ многа каго са шляхецкай грамады ёсць, і простых палякаў таксама, сярод якіх знайшліся б добраахвотнікі, калі б ведалі, што войска ў Бабруйску стаіць і туды ўступаць можна. Ты б здолеў ім гэта паведаміць? Хаця б на дзесяць вёрст вакол.
– Калі я не здолею, хто ж тады здолее! Іду!
XXVI. Канакрад
Наступным ранкам Ясь паведаміў, што застанецца да наступнай партыі – расказаць Сцяпуру пра абавязкі старасты і падкупіць пісара з Лошы, каб той іх у вышук не абвяшчаў.
– Калі толькі дзеля гэтага, то ідзі, разбяромся мы з Алесем, – зазначыў Сцяпура.
– Яшчэ невядома, ці прызнаюць вас, дзядзька, за старасту, – заўважыў Ясь.
– А чаго ж не прызнаць, – сказаў Казік. – Калі ўсе чалавека хочуць, калі пісаць умее, значыць, прызнаюць. Хадзем са мной, братка, разам весялей будзе. Мы ж з дзяцінства ўсюды ўдвух ходзім.
– Не, Казічак, у першай партыі не пайду, – рашуча адмовіўся Ладан, крыху падумаўшы.
– Ну, не хочаш – сілай не пацягну.
Замест Яся ўзялі Боліка Вінярскага, адправілі старога Здановіча дадому, перадаўшы вітанні сваякам, і папаўдні зазбіраліся ў дарогу. Папрасілі трохдзённы адпачынак, сказаўшы, што хочуць сем’і адведаць, упарадкавалі адзенне, запасліся харчамі і на захадзе сонца, пераправіўшыся праз Бярэзіну на чоўне перавозчыка, пайшлі.
Назаўтра ў той самы час Стах рушыў уверх па рацэ расказваць пра легіёны іншым польскім грамадам. Першаю ён выбраў арцель жардзянскай шляхты, што размясцілася за чатыры вярсты ад іх на іншым баку Лошы.
Хлопец вельмі радаваўся даверанай яму місіі. Ён ішоў і думаў, якімі б гэта словамі шляхціцам сэрца крануць, выклікаць найбольшую радасць, запаліць імпэтам да адраджэння Польшчы і да як мага больш масавага ўступлення ў шэрагі легіянераў заахвоціць.
Па дарозе не сустракалася ні звяроў, ні стражнікаў, бо рабочыя буданы ўжо стаялі шчыльна, а вайсковыя пастарункі, пакліканыя не дапускаць шпіянажу і ўцёкаў працаўнікоў, трапляліся толькі на правым беразе Бярэзіны далёка ў тыле – за некалькі вёрст ад акопаў, ды і тое зрэдку, пераважна на дарогах і ўзгор’ях.
Калі Стах прыйшоў у Лошу, ужо сцямнела. Разам з цемрай неба зацягнулася хмарамі, і зрабілася халодна. Хлопец удакладніў у Лошы дарогу і пайшоў далей. У незнаёмай мясцовасці яго пачаў ахопліваць страх. Паветра прыносіла чужы, дзікі пах, лес злавесна мармытаў нешта. Яшчэ праз некалькі вёрст Стах пашкадаваў, што не паклікаў з сабою Карапузю. «Два – усё ж не адзін, – думаў ён, – а Карапузя пайшоў бы, калі б папрасілі. Эх, хоць ты вяртайся па яго, але ж сорамна».
Ён ішоў далей, гледзячы на буданы, якія то тут, то там усё яшчэ свяціліся агнямі па правым баку, і ад гэтага відовішча крыху смялеў.
Адолеўшы добрую вярсту, ён збочыў да аднаго з буданоў запытацца пра жардзянскую арцель, бо ў такой цемры мог вельмі лёгка прапусціць лукавіну ракі, пра якую яму сказалі ў Лошы.
Там былі толькі габрэі, што акурат заўзята спрачаліся пра нешта, напаўняючы будан аглушальным галасам. Стах ледзь здолеў дабіцца ад аднаго, што жардзянцы тут зусім недалёка.
Хлопец прамінуў некалькі буданоў, зноў зайшоў у нейкі і па адзенні і польскай мове (а гэта не заўсёды сустракаецца нават у шляхецкіх засценках) зразумеў, што на месцы.
Арцель была невялікая – чалавек пяцьдзясят, у асноўным мужчыны.
– Гэта польская грамада? – спытаў Стах.
– Польская, польская, – адказала некалькі галасоў.
– Можа, і шляхта яшчэ?
– О, яшчэ якая! – усклікнуў мажны пан з валасамі, прыцярушанымі сівізной, – стараста арцелі, як выявілася пазней.
– То хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус.
– На вякі вякоў, – хорам адказалі палякі, а стараста запытаў:
– З кім маем прыемнасць размаўляць?
– А тут усе свае?
– Усе.
– Я – таемны пасланец ад польскага войска, якое з’явілася ў Бабруйску, – сцішыўшы голас, паведаміў Стах.
Шляхта ўскочыла на ногі і ліхаманкава закідала Стаха дзясяткамі пытанняў.
– Ціха! Як жыды! – абсек іх стараста. – Хай вашаць раскажа ўсё падрабязна і для ўсіх разам, – звярнуўся ён да хлопца.
– Мяне польскае войска ў Бабруйску прыслала таемна да палякаў, што ў акопах працуюць, наказаўшы, каб тыя, каму ўжо васямнаццаць ёсць, хто свой і не калека, уцякалі да іх і ўступалі добраахвотнікамі.
– Я выбачаюся, пане. Войска афіцыйнае? Дазволенае? Можа, тое нейкія…
– Афіцыйнае, дазволенае царскім дзядзькам Мікалаем Мікалаевічам. А якое войска, каб жа вы толькі бачылі! Царскай гвардыі да яго ой як далёка. Форма навюткая, толькі з-пад іголкі, на шапках польскія арлы і белыя кутасы, на грудзях гузікі пазалочаныя і ланцужкі срэбныя, нагавіцы з чырвонымі лампасамі, боты ва ўсіх хромавыя, на ўвесь квартал адсвечваюць. Каб жа ж вы бачылі!
– Калі вашаць кажа, што войска дазволенае, то чаму ў яго трэба ўцякаць? – распытваў недаверлівы шляхціц.
– А таму, пане, што дзядзька з пляменнікам як каты ў мяху сябруюць. Мікалаевіч дазвол на польскае войска выдаў, а цар, каб яму насаліць, сказаў, што мабілізацыі абвяшчаць не будзе. А дзядзька яму на гэта: ды я добраахвотнікаў знайду і без тваёй мабілізацыі абыдуся. Дык і ідуць жа добраахвотнікі! Як мурашкі перад дажджом, сцякаюцца з усіх бакоў у Бабруйск. Вунь ужо Стась Шалабод з акопаў уцёк, ён з грынчан, а са смалерчукоў – Казік Здановіч, Картавы, Болік Вінярскі і шмат-шмат іншых, якіх і не згадаю ўжо. Па дарозе трэба толькі сцерагчыся, каб як уцекача не затрымалі, але таго, хто запішацца ў легіёны, ужо не маюць права чапаць.
– Па-мойму, з гэтага вялікі бунт можа выбухнуць.
– Бунт? Ой, пане, дык калі Польшчу па-добраму не вызваляць, будзе бунт, а як жа. А што, нам, шляхціцам, бунт нязвыклы? Ці, можа, вы несапраўдная шляхта, раз бунту баіцеся?