– Мабыць, кепска мы зрабілі, хлопцы, што ўзбунтаваліся, – сказаў Тарка.
– Выкінуць са школы як піць даць, – трымцеў Паўловіч.
– Калі каго выкідаць будуць, валіце ўсё на мяне, бо гэта я ўсіх узбаламуціў, – гукнуў Косцік.
– І на мяне, бо я таксама падбухторваў, – дадаў Стах.
– І на мяне, – далучыўся да вінаватых Закрэўскі.
Пасядзелі так паўгадзіны і разам пайшлі да школы.
Стаяла адліга. Неба зацягнула цёмнымі дажджавымі хмарамі, раз-пораз валіў ліпкі снег і церусіў дробны дожджык. Стары снег можна было ляпіць, як размяшаную гліну. Адусюль даносіліся галасы дзятвы, што гуляла ў снежкі. У школьным двары ўсё віравала ад групак разгарачаных вучняў.
Іншым разам палякі далучыліся б да гульні, але цяпер іх мучыла трывога: ці не давядзецца адказаць за непаслушэнства? І яны не затрымліваючыся пайшлі ў клас.
Там на адным радзе лаваў групкамі сядзелі рускія дзяўчаты, на другім – вучні-габрэі. Рускіх хлопцаў можна было пералічыць на пальцах.
Палякі таксама селі групкамі на пустыя лавы і пачалі чакаць.
Хутка ўвайшоў настаўнік, паведаміў, што бяседа пачнецца праз гадзіну, калі прыйдуць поп і фельчар, і наказаў усім прысутным хлопцам бегчы на двор да іншых гуляць у снежкі.
Габрэі, баючыся, што рускія будуць іх чапляць, хацелі былі застацца.
– Гаспадзін учыцель, – сказаў Барух Салавейчык, найстарэйшы між імі і па веку, і па класе, – мы ў снежкі ніколі не гуляем. Навошта нам гэтае зімовае паскудства? Мы лепей тут, на лаўках, фельчара ціха пачакаем.
– Хочаце тут у такую цяплынь лайдачыць і паветра брудзіць?! – закрычаў настаўнік. – Гульні на свежым паветры карысныя для здароўя! А ну ўсе, апроч дзяўчат, неадкладна на двор вымеліся! Каму сказаў!
Палякі і габрэі выйшлі з будынка.
– Гэта на нас ён злуецца, – шапнуў Стах Косціку. – Бачыў, як ён на нас вачыма лыпаў?
– Заўважыў, ага. Нічога, Казік сказаў, калі што, то ён ведае, дзе спраўку выдабыць.
Убачыўшы на двары габрэяў, руская дзятва ўсчала радасны крык:
– Жыды ідуць, жыды! Пуляйце ў іх давайце! Так пуляйце, каб з іх кароста абсыпалася!
– Не з адных жыдоў гэты натоўп, – сказаў настаўнік, які, выгнаўшы ўсіх з класа, накінуў на плечы палітон і выйшаў таксама. – Ціха!
Суцішыўшы крыкі, ён выйшаў у цэнтр двара і загадаў:
– Станавіцеся так: па гэтым баку, – паказаў ён левай рукой, – праваслаўныя, а па тым, за сорак крокаў, – католікі, жыды і татары. Роўнымі радамі стаць, выконвайце.
Такі падзел быў ушчэнт несправядлівы, бо рускіх хлопцаў было больш за семдзесят, а ўсіх астатніх разам узятых не набіралася і сарака.
– Перамогуць нас, зваляць, што ўжо тут, – сказаў нехта баязлівы сярод палякаў.
– Зваляць і зваляць. Але трымайцеся, хлопцы, цвёрда і пуляйце моцна, каб запомнілі нашы кулі, – адгукнуўся Косцік. – Калі габрэйчыкі з намі будуць, то, можа, і паб’ем кацапаў. Ставайце, хлопцы!
Яны разышліся ў ланцуг, як і рускія насупраць. Побач стала чацвёра татарскіх хлопцаў. Але габрэі збіліся ў купку і жыва штось абмяркоўвалі.
– Гэй, чаго не шыхтуецеся? Чаму ў рад не становіцеся, як астатнія? – крычаў настаўнік.
Барух зноў выступіў наперад:
– Гаспадзін учыцель, мы не можам станавіцца супраць рускіх людзей. Мы будзем за рускіх супраць палякаў. Мы ўжо ідзём да вас. Ком ахер, брыдэр,[9] – паклікаў ён сваіх.
– Не хочам мы пархатых, не трэба! – запратэставалі насупраць. – Памочнічкі тут знайшліся! Мы з вамі хочам біцца! Станавіцеся, нехрысці пархатыя!
Габрэйчыкі зноў хвіліну параіліся, а потым паднялі рукі ўверх і, выступаючы наперад, закрычалі ў адзін голас:
– Мы ў плен здаемся! Здаемся без бою! Забірайце нас у плен!
Рускія пачакалі, пакуль «палонныя» наблізяцца, а тады сыпанулі ў іх чаргой са снежак – аж завіравала.
Габрэйчыкі – у гвалт, у піск, рукі ў ногі і хто куды.
– Брава, хлопцы, брава! – так гэтым тхарам і трэба, – пахваліў настаўнік. – А зараз вунь тым шляхціцам ганарлівым усыпце. Не бойцеся, снегам не пакалечыце.
Паўтара дзясятка хлопцаў кінулася ў пагоню за габрэямі, астатнія пайшлі ў наступ на дзевятнаццаць палякаў і татараў.
– Хлопцы, каб ніхто ўцякаць не смеў! – закрычаў Косцік. – Адзін раз мама нарадзіла! Трымаймася, пакуль дыхання хопіць! Пуляць моцна і проста ў морду, каб мала не здалося!
Яны сцягнуліся ў шчыльны ланцуг і пачалі адбіваць атакі. Некаторыя падчас габрэйскага гандлю наляпілі сабе па два дзясяткі снарадаў і цяпер імкліва шпулялі гатовыя.
Рускія «кулі» сыпаліся на іх заеддзю, па некалькі на кожнага за раз, балюча джгалі, перапынялі дыханне, сляпілі вочы.
Стаху і іншым меншым хлопцам праз некалькі хвілін такой буры ўжо хацелася плакаць, але яны сціснулі зубы і трымаліся. Яны сустракалі снежкі спінай, потым закрывалі локцем твар і пулялі па прыкладзе таварышаў.
– Давайце, хлопцы, давайце! Смела валіце, каб нас потым кацапы тхарамі не дражнілі! Бачыце, як за морды хапаюцца! Добра трымаемся, давайце, хлопцы! – бесперастанку падбадзёрваў Косцік.
Ён натхняў і словам, і справай: ляпіў снарады цвёрдыя і вільготныя, памерам з добрую бручку, біў трапна, а ў каго пацэліў, той вылятаў з поля плачучы. Гледзячы на яго, і іншыя зацята лупілі. Для большага выніку паскідвалі світкі.
Але яны не маглі зваяваць праціўніка, чыё войска пераважала колькасцю ў чатыры разы. Рускі ланцуг пуляў з усё большай ярасцю і галасам, паволі пасоўваючыся наперад і абступаючы палякаў злева і справа. Іх падбадзёрвалі настаўнік і натоўп дарослых, якія, пачуўшы на школьным двары нязвыклы шум, сышліся з усяго мястэчка.
«Параненыя» Косцікам хлопцы абтрасаліся ў тыле, хвіліну адпачывалі, набіраліся смеласці і вярталіся да бойкі. Пераследнікі габрэяў вярнуліся і зайшлі палякам са спіны, узялі іх у колца, каб ні адзін не вырваўся, і павольна змыкалі шэрагі. Наблізіўшыся на адлегласць дзесяці крокаў, грымнулі гістарычнымі словамі, што Сувораў сказаў Кацярыне: «Ура! Варшава наша!» – і кінуліся ўрукапашную. На кожнага паляка было па тры, чатыры, а то і пяць непрыяцеляў. Адны трымалі за рукі, а іншыя ўволю пулялі снежкамі. Нарэшце пачалі валіць на зямлю.
– Брава, хлопцы, брава! – хваліў настаўнік.
– Брава, рускія! Ура нашым парням! – крычалі з натоўпу, што назіраў за бойкай.
Гульня ў снежкі ператварылася ў сапраўдную бойку. Некаторыя, каб не ўпасці на зямлю, дралі праціўнікам валоссе, білі ў грудзі, брыкаліся.
Даўжэй за ўсіх не здаваўся Косцік – да яго не маглі падступіцца. Калі які зух набліжаўся – тут жа адлятаў на некалькі крокаў назад, нібыта з прашчы, яшчэ і з пераваротам.
Але ўрэшце некалькі найдужэйшых хлопцаў пайшлі на яго з усіх бакоў адначасова, схапілі – адзін за ногі, другі за шыю, трэці пад пахі – і паклалі на лапаткі.
І пачалі помсціць. Кожны, хто атрымаў у бойцы балючы ўдар альбо злаваўся на Косціка за нейкую даўнюю паразу, падыходзіў, шпурляў яму ў твар снежкі, біў па рэбрах лапцем, шчыпаў за азадак з падкрутам.
– Вось табе, сілач! Вось табе, шляхціц шалёны! А вось ад мяне, шэршань паганы! І ад мяне, блыхасты!
– Давайце сарочку яму расшпілім і за пазуху снегу напхаем, – дадаў нехта, каму шчыпкоў падалося замала.
– Не, хлопцы, лепш яму штаны сцягнуць і голай сракай павазіць па снезе, – прапанаваў іншы.
– Так, так, голага пацягаць, як санкі! – ухвалілі ідэю рускія. – Давайце, расшпільвайце яму штаны!
«Яны ж мяне зняславяць на ўсю ваколіцу, і Былінка мая на мяне глядзець не зможа», – мільганула ў Косціка жахлівая думка, балюча сціскаючы сэрца. І ён вырашыў бараніцца да апошняй кроплі крыві.
Напяўся колькі было сілаў, вызваліў правую руку, даў кулаком паміж вачэй таму, што на ім сядзеў, маланкава перавярнуўся спінай уверх, стаў спачатку на карачкі, а потым і на ногі, кінуўся ў адзін бок, у другі, абтрасаючы непрыяцеляў, і давай уцякаць. Ён бег да плота, спадзеючыся выламіць з яго кол – бараніцца.
Дабег. Схапіў адну жардзіну – пасыпалася парахня. Схапіў другую – не даецца. Убачыўшы, што яго даганяюць, пераскочыў праз плот і памчаў да будынка.
Уварваўся ў найбліжэйшую стадолу, бегае, глядзіць, шукае хоць чаго прыдатнага ў рукі схапіць. Нічога няма. Па адным баку – пусты воз на колах, па другім – высокая горка саломы. Хоць бы кавалак дрэва. А вароты без клямкі, не замкнешся.
Часу ўжо зусім няма – ні на развагі, ні на ўцёкі. Ужо чуваць галасы за сцяной, ужо ўваходзяць у вароты нападнікі.
Косцік падае на салому, адразу ж ускоквае і лезе ўверх. Нягоднікі забягаюць і караскаюцца за ім.
Косцік залез першы – у самы кут пад самым дахам. Сцягнуў бот, узяўся за канец халявы і давай лупіць паскуднікаў па галовах цяжкім кутым абцасам.
– Вось табе, кацап! Вось табе, свінапас! Зараз мы з вамі разлічымся, зараз я вас навучу. Пайшоў прэч, хрэн сабачы! Валі адсюль, свінюка! – прыгаворваў ён.
Хлопцы калодамі скочваліся ўніз і з плачам хапаліся за галаву.
Праз некалькі хвілінаў усю стадолу запаланілі вучні, і паветра зазвінела ад жахлівых пракляццяў, воклічаў, падказак, камандаў і плачу. Не прызнаючы паразы, удальцы лезлі ўверх, падстаўлялі адзін аднаму плечы, спрабавалі збіць зацятага шэршня – і з енкамі валіліся ўніз.
– Зараз я з вамі паваюю, зараз навучу! А вось табе, канакрад! І табе, свінапас! Лезьце, лезьце, людарэзы! – крычаў раз’юшаны Косцік, малоцячы ботам без разбору.
У стадолу забег настаўнік і, убачыўшы, што дзеецца, пачаў заклікаць апамятацца і загадваць спыніць «гульню».
– Васілеўскі, апамятайся! Ты ж такім ботам і забіць хлопцаў патрапіш! Апамятайся! Хопіць ужо, дзеці, у клас, у клас!
– Ага, цяпер, як вашы рускія абгадзіліся, дык у клас! – роў Косцік. – Не, я яшчэ паваяваць з вамі, кацапы, хачу! Людарэзы! Свінапасы! Скуралупы! Ваданосы жыдоўскія! Тхары! Ну, хадзі сюды, паваюем!
– Дзеці, у клас, – паўтарыў настаўнік. – Пакіньце яго, ён звар’яцеў. У клас!
XI. На сваё
Бойка з іншаверцамі нарабіла шмат шуму ў Вончы і клопату – Грывеню. Габрэйскі кагал праз адваката перадаў скаргу ў інспекцыю. Дзве польскія шляхецкія сям’і ініцыявалі справу аб збіцці сваіх сыноў у Дваранскім земстве. Праз тыдзень прыехала начальства, пачаліся «дапросы» і следства. Адчуваючы сваю віну, Грывень непакоіўся і баяўся, а іншаверцы цешыліся. Палякі прагназавалі, што яго не толькі звольняць з Вончы, але і зусім служыць забароняць. Габрэі – што ў кайданы закуюць і на Сахалін вышлюць, на катаргу.
Але і тыя, і іншыя памыліліся. Следства скончылася, «начальства» з’ехала, а Грывень дзе быў, там і застаўся. Відавочна, яго хацелі перавесці, але руская грамада, папом падгавораная, не дазволіла. Большасць бацькоў рускіх вучняў сцяной стала перад «начальствам» і засведчыла, што палякі і габрэі самі хацелі біцца, што Грывень – выдатны настаўнік і выхаваўца, а таму вельмі прасілі пакінуць яго ў Вончы. Тое, што ён іхных сыноў біў, яны лічылі звычайным і нават пажаданым, бо мужык заўсёды ад начальства ў морду атрымліваў, а з нябітых дзяцей, на іхную думку, прыстойных людзей не выходзіць.
З усяго трохтыднёвага следства вынік быў толькі адзін: Грывеню забаранілі біць дзяцей да крыві і вадзіць іншаверцаў у царкву, а папу – выкладаць апошнім Закон Божы.
Габрэі былі такім паваротам падзеяў расчараваныя і сваіх дзяцей са школы пазабіралі. Некалькі палякаў таксама перастала хадзіць. Іншыя, што прагнулі вывучыць дзяцей любой цаной, паспяшаліся ўлагодзіць раз’ятранага настаўніка багатым паднашэннем.
Косцік і Стах засталіся, але іх бацькі не прыходзілі ні скардзіцца, ні ласкі Грывеня потым прасіць.
Менш за ўсіх сваім хлопцам цікавіліся Балашэвічы: акурат на той час у іх з’явілася настолькі важная справа, што для яе рэалізацыі яны былі гатовыя ахвяраваць нават будучым Стахавым святарствам. Яны куплялі зямлю. У Смалярні на продаж выставілі дзве сумежныя гаспадаркі, на валоку кожная, чые ўладальнікі перасяляліся ў горад. Балашэвічы ж ужо некалькі гадоў думалі з’язджаць з Рагоў і шукалі, дзе б купіць зямлі, але ўсё не маглі наважыцца і выбраць. А ў Смалярні купілі не думаючы. Глеба там была не найлепшая, але каля лесу, зручна. А побач – ажыўленая, чыста польская вёска, па якой яны, жывучы наводшыбе і б’ючыся з мужыкамі, заўсёды сумавалі.
Цяпер яны прадавалі лішняе быдла, коней, збожжа і начынне. Плацілі, улагоджвалі фармальнасці, радаваліся і прагнулі пераехаць як найхутчэй.
Стах у Вончы радаваўся не менш, калі пра гэта даведаўся: больш за ўсё таму, што будзе жыць побач з Косцікам, які стаў для яго як родны. І цяпер ён прагна слухаў Косцікавы аповеды пра Смалярню і на іх аснове будаваў сваё пра яе ўяўленне. Аднае суботы ён хацеў пайсці туды з сябрам і ўбачыць усё на свае вочы, але Садоўскі забараніў, паабяцаўшы, што найпазней праз тыдзень бацькі яго туды пераселяцца і тады ўжо самі спецыяльна па Стаха прыедуць.
Тыдзень мінаў за тыднем, а ніводзін Балашэвіч у Вончу не зазіраў.
Перад самай Вербніцай у трох малодшых аддзелаў скончыўся навучальны год, і Косцік адбыў дадому. Стах застаўся яшчэ на адну чвэрць, а апроч таго яму прыкладна месяц пасля Вялікадня трэба было старанна рыхтавацца да экзаменаў.
Калі ён у сераду прыйшоў на кватэру, то фурманкі не ўбачыў, затое была навіна, што сям’я ўжо зусім пераязджае ў Смалярню, і загад чакаць, пакуль яго забяруць.
Ён чакаў і баяўся, што святкаваць давядзецца ў Вончы, бо ў сераду раптоўна прыйшла адліга. Палі зачарнелі плямамі зямлі, долы ператварыліся ў шумныя плыні, а лёд на рацэ пасінеў ад верхаводдзя. Па дарозе было не праехаць ні на санях, ні на колах. Сяляне, калі ім трэба было ў мястэчка, прыходзілі пешкі альбо прыязджалі конна.
Але ў суботу пад вечар на санях прыехаў бацька. Яны хутка сабраліся і выехалі на зімнік, які выбягаў з мястэчка праз завулачак між гумнамі, недзе дзве вярсты ішоў полем ля рэчкі, потым яе перасякаў і вузкай сцяжынай цераз моцна павысяканыя лясы выводзіў да самага смалярскага поля.
Праз поле яны больш ішлі пры санях, чым ехалі, бо палазы на мокрым жвіры пішчалі, як галодныя проські, і конь кідаўся ў бакі. Бацька з сынам узлазілі на сані хіба што на рэштках гурбаў, якія завея намяла пад платы.
Верхаводдзе, што разлілося па рацэ і лугах, стварала ўражанне, нібы перад імі як найменш Бярэзіна. Было так глыбока, што, каб не намачыцца, давялося здымаць у санках насціл і падымаць яго вышэй, кладучы ўпоперак на білы. Але лёд яшчэ трымаўся.
Амаль на ўсёй лясной дарозе ляжаў снег, хоць і брудны. Паклаўшы насціл як належыць, яны пусцілі каня рыссю.
– Ну, сынку, цяпер у нас ёсць зямля ўласная і хата, – сказаў Балашэвіч. – Досыць ужо з мужыкамі за чужое нагрызліся і панам накланяліся. У Смалярні столькі быдла, колькі ў Рагах, мы трымаць не зможам, будзем жыць крыху бядней, але ў святым спакоі.
– Шмат жывёлы засталося?
– Дваццаць штук усяго, больш, мабыць, не атрымаецца.
– Дык і гэта шмат! У Васілеўскіх толькі пяць галоваў.
– Нам хопіць, сынку, гэта праўда. Прынамсі хоць адпачнем. Хай яна гарам гарыць і пылам ідзе, тая арэнда.
– А ў Рагах ніхто жыць не будзе?
– Тры сям’і там наймаюць, а ў кожнай па трое дарослых сыноў. Справяцца з мужыкамі, абароняцца.
І пацёк доўгі аповед пра тое, як куплялі і як важна мець сваё.
– Ты ж, дзіцятка, і не разумееш, – казаў Ян, – як важна мець кавалак уласнае зямлі, як па-рознаму жывецца на сваім і на арэндзе ці на панскай службе. Іншая праца, іншая і карысць з яе. Жывучы на арэндзе, чалавек не хоча трывалыя будынкі ставіць, сад садзіць, поймы сушыць, лес гадаваць, бо ведае, што праз год ці два трэба здымацца адсюль. І тады стараецца толькі, каб з гаспадаркі найбольш выцягнуць, не дбаючы, што іншыя па ім знойдуць. Ёсць такія арандатары, якія пад канец тэрміну нават дзіркі ў даху правіць не хочуць, а тое й гной на старану вывозяць.
А ў маёнтках яшчэ больш працу і Божы дар марнуюць. Там парабкам абы час перабыць і да аканома падлізацца, у пана што-небудзь скрасці або шкоду яму ўчыніць праз злосць ад таго, што пан у масле катаецца, а хам нястачу цярпіць.