– Маўчы, сваце! Маўчыце, суседзі! Хлопцы, маўчыце! – неслася над сталамі.
– Каб ні гуку ні ад кога! – павярнуўся да хлопцаў Косцік.
Падчас наступнага перапынку Віктар, старэйшы Кантычкаў сын, Казік Здановіч і Ясь Ладан пайшлі на могілкі і чакалі там, пакуль не заняўся світанак, і тады ўдарылі ў звон.
У хаце тым часам усе ўсталі, стоўпіліся вакол стала і ўрачыста заспявалі:
– Свята светлага ўсе мы жадалі і нарэшце яго прычакалі, бо сягоння Хрыстос уваскрос, алілуя!
І сэрцы людскія затапіла радасць, дзякуй Богу за яе і хвала Яму. Галасы ўзрушана трымцелі, у вачах стаялі слёзы, а душы ляцелі ўслед за ўваскрэслым Езусам на неба, дзе сівенькі Найсвяцейшы Старац, убачыўшы адзінае Дзіця сваё, што да Яго вярталася, распраменіў твар свой і расправіў плечы, а атрады салодкіх анёлаў гралі на жалейках, лірах, арфах, кідалі Яму пад ногі кветкі дзівосныя, слалі пальмавыя галінкі, кадзілі ладанам і хорам спявалі алілуя. Алілуя! Да самога Божага трону імкнулі цяпер душы смалерчукоў, а яшчэ да сваіх блізкіх, якія ўжо на тым свеце былі, а потым вярталіся да радасцяў Вялікадня ў Смалярні, да яек свянцоных, варэнікаў, вэнджанай свініны, фаршыраваных парсюкоў, салодкіх сырнікаў і макароны на малацэ, да гульні ў біткі, да музыкі, танцаў і да суседскіх гавэндаў.
У хату ўсё заходзілі і заходзілі людзі, усе да аднаго смалерчукі, спяшаючыся на першую супольную пацеху. Са світаннем пачалі з’яўляцца і хутаране з ваколіцы. Яны пераважна прыязджалі на конях, бо ў такое разводдзе цяжка было дабрацца да Смалярні іначай.
Аж да ўзыходу сонца і яшчэ далей спявалі велікодныя песні, а потым пачалі свянціць – пазносілі кашы ў вялікі пакой, паставілі радамі на лавы і адкрылі ўсе. Кантычка надзеў комжу, памаліўся на лаціне па кнізе, потым распусціў бутэлечку свянцонай вады ў місе і шчодра пакрапіў Божыя дары. Скончыўшы цырыманіял, павярнуўся да натоўпу і гучна прамовіў:
– Хрыстос уваскрос!
– Сапраўды ўваскрос! – хорам адказалі людзі.
І пачалі хрыстосавацца. Некаторыя цалаваліся згодна з рускім звычаем. Хлопцы кінуліся да дзяўчат, патрабуючы велікоднага пацалунку, але тыя збольшага пагарджалі гэтым звычаем і называлі яго мужыцкім.
Косцік і Стах падышлі да Карусі Сакалоўскай:
– Хрыстос уваскрос!
– Сапраўды ўваскрос! Толькі без пацалункаў гэтых, – салодкім галаском адказала стройнае дванаццацігадовае стварэнне з бледным тварам і цёмнымі бровамі.
– Без твайго дазволу не буду, – паабяцаў Косцік.
Яна падала яму руку і спытала, ківаючы на Стаха:
– А гэта чый хлопец?
– Гэта Балашэвічаў Стась, пра якога я табе расказваў, у Вончы разам вучымся.
– А, той самы! Можа, ужо танчыць?
– Не танчыць і вучыцца не будзе, – адказаў за Стаха Косцік, – бо думае на ксяндза ісці.
– На сапраўднага ксяндза?
– Так, на такога, які спавядае.
– А-а, ну, калі так… – яна пільна ўгледзелася ў Балашэвіча. – Тады, можа, і ў біткі нельга?
– У біткі можна, – адказаў Стах.
– Можна? Тады стукнемся з табою па абедзе.
– Ды я… стукнемся.
Вакол дзяўчат чуліся вітанні, патрабаванні пацалункаў, воклічы, цмоканне. Юрлівейшыя хлопцы хапалі дзяўчат за шыю і здабывалі пацалункі гвалтам. Юзік Аленскі так усіх дзяўчат пахапаў.
– Хлопцы, абараніце мяне ад яго, – папрасіла Каруся ў Стаха з Косцікам, заўважыўшы, што Юзік набліжаецца да яе.
– Не бойся, абаронім, – запэўніў Косцік, узяў за руку і засланіў сабою ад нахабы.
– Дарма яе хаваеш, не буду я яе цалаваць, не хачу, – паведаміў Юзік. – Нават калі сто рублёў заплаціць, не захачу.
– Брэшаш! – пакрыўдзілася абражаная Каруся. – Кажаш, што і за сто рублёў не хацеў бы, а сам да мяне заўжды смалою ліпнеш!
– Хто ліпне, я ліпну? Сасніла ты нешта, было б на што квапіцца. Што я, касцей не бачыў? Рэбры да самай пахвіны пералічыць можна. Жардзіна.
– Гэта хто жардзіна?! – зароў Косцік. – Мая Каруся жардзіна?!
– Ну не мая ж Зоська.
– А вось табе за такія словы!
Косцік заехаў Юзіку ў вуха, схапіў загрудкі і пасля чатырох хвілін барукання паваліў на падлогу і асядлаў. Абхапіўшы яго каленямі, левай рукой трымаў за грудзі, а правай біў па рэбрах.
– Вось табе, атрымай! За маю Карусю! Вось табе за жардзіну! Гэта я табе рэбры палічу!
Дзяўчаты паднялі крык.
– Святая Марыя! – пішчалі яны. – Б’юцца! На Вялікдзень б’юцца, у першы дзень! Грэшнікі жахлівыя!
Юзікавы прыяцелі не наважваліся ўступаць у бойку ў такі святы час і проста глядзелі. Асмеліўся толькі Віцька Гушча: выцягнуў качалку для бялізны з-пад куфра, адкуль яна канцом вытыркалася, і кінуўся на дапамогу таварышу. Але яго апярэдзіў стары Васілеўскі.
– Ах ты бязбожнік! – зароў ён. – То табе гэта не свята?! Чужой хаты не шануеш? Бацьку зняславіць хочаш?
Ён схапіў сына за шыю і выпхнуў за дзверы.
XIII. На Белую Працэсію
На наступны дзень пасля Свята Божага Цела смалерчукі пачалі збірацца ў Бабруйск на Белую Працэсію.[10] Па ўсім засценку ўсчаўся ліхаманкавы рух. Людзі насілі траву дзяружкамі, пакавалі каламажкі, драбінкі, шмаравалі збрую, боты, колы, палілі ў лазнях, стрыгліся, купаліся, надзявалі чыстае. Амаль з кожнай гаспадаркі на фэст выбіралася фурманка, а разам з тым пешкі мелася ісці моладзь.
Са старэйшых хлопцаў і дзяўчат пехатою выпраўляліся Норба Сцяпура, Алесь Пятроўскі, сыновец Мечыка, Віктар Кантычка, Ганка, Мечыкава старэйшая дачка, Гэлька Аленская, Манька Гушча і Клара Трызна. З малодшых – Віцька Гушча, Болік і Полька Вінярскія, Юзік Аленскі, Валька Трызна, вядомы збіральнік моцы Адась Лапаносы, Быліна, Кася Сцяпура і іншыя. Пешкі на адпусты збіралася і некалькі замужніх.
Балашэвічы ехалі на дзвюх фурманках: на адной старыя з Уладзем, на другой Стахавы бацькі з незамужнімі цёткамі. Стах угаварыў бацьку дазволіць яму ісці пехатою.
Назаўтра ён устаў на світанні, хутка ўмыўся, надзеў крамны гарнітур, новую чорную канфедэратку, паклаў у торбу боты, вузялок з ежай – каб колькі разоў падсілкавацца, завязаў, начапіў на кій, закінуў на плечы і, не чакаючы смалярскай кампаніі, рушыў да леснічоўкі Васілеўскіх. Косцік абяцаў, што яны пойдуць праз пушчу, зрэзаўшы некалькі вёрст, і ў канцы дарогі злучацца з местачкоўцамі.
Самае большае праз паўгадзіны ён прыйшоў да Патокі. Гэта была палянка моргаў на шэсць, якая, з усіх бакоў акружаная пушчай, выглядала нібыта агромністая скрыня паміж высокімі й цёмнымі сценамі лесу. Збожжа на полі расло толькі яравое (бо землі нізкія), але буйное. Пабудовы старыя, крытыя саломай і сасновым дзёрнам. Хата з адным пакоем і вялікімі сенцамі. Дзядзінец агароджаны парканам, а клумбы пад вокнамі – частаколам, пераплеценым яловымі галінамі.
Косцік, ужо гатовы, чакаў яго.
Каб не замачыць калашынаў, яны падкасаліся амаль да каленяў і рушылі вузкай, вытаптанай быдлам сцежкай.
Лес быў густы, нечапаны. Камлі елак, асінаў і дубоў удваіх не абхапіць, а верхавіны, здавалася, да неба даставалі. Клёны, грабы і ясені ад старасці зараслі сівым мохам. Кара старэнькіх бяроз пачарнела і была ўзараная глыбокімі барознамі. Штохвілі трапляліся калоды памерлых сваёю смерцю старцаў – вялікія, па пояс, злосна выдраныя і вывернутыя з зямлі бурамі. Пнёў, ссечаных чалавечай рукою, апроч ясеневых, не было зусім.
Рэльеф і лясны масіў увесь час змяняліся: пасля змяшанага чарналесся лісцяных дрэваў ішлі бярозавыя гаі, потым змрочныя яліны, за імі альховы пойменны лес, а потым зноў чарналессе, дуброва, бераг балота, парослы бярозамі, бор.
Праз вярсту ці крыху болей сцежка знікла, і яны пайшлі наўпрост. Косцік уражваў Стаха веданнем лесу: багну і бураломы абмінаў, не кружляючы і не блукаючы, у яловых гушчарах знаходзіў добрыя праходы, а ў альхоўніку – кладкі, што ляжалі нібыта спецыяльна для яго, і пры гэтым нідзе не спыняўся, не разглядаўся, не задумваўся. Відаць было, што ведаў, дзе якая нізіна пачынаецца і заканчваецца, дзе пагорак і дзе калода.
Выходзячы на прастор, яны абмяркоўвалі Стахаў экзамен, які хлопец здаў за тыдзень да гэтага.
– Калі табе яшчэ не выдалі пасведчання, адкуль ты ведаеш, што здаў? – пытаў Косцік.
– Хваліцца не буду, але магу пэўна сказаць: калі не здаў я – не здаў ніхто. Дыктоўку я напісаў без памылак, задачы рашыў правільна, а што ні пыталі – адказваў без замінкі, як па масле.
– А шмат вас здавала?
– З усіх чатырох школ разам – дзевятнаццаць.
– Няшмат. Нешта яшчэ спытаць хацеў… А! Ці праўда, што экзаменатар у пагонах быў?
– Не, апрануты быў звычайна, як усе настаўнікі. Быў экзаменатар з горада, чацвёра настаўнікаў і поп.
– З Вончы поп?
– Не, тамтэйшы, з Бірак.
– А ванчанскія хлопцы ўсе здалі?
– Усе. Паўловіч, праўда, у Законе Божым моцна плаваў, але я здолеў дапамагчы яму выкруціцца.
– А што, і Закон пыталі?! Мы ж з часу таго следства яго не вучылі.
– Мы не вучылі, а нас пыталі. З Паўловічам было так. Выклікаў яго поп да стала і кажа: «Што ты ведаеш пра патоп?» Паўловіч адказвае: «Я паляк». – «Так, ён рымскаго вераіспаведанія», – падхоплівае Грывень. «А я ведаю, – кажа поп, – і не пытаю ў яго ні малітваў, ні катэхізісу, але Стары Запавет ён мусіць ведаць. Дык што, пра патоп нічога не ведаеш?» Паўловіч пык-мык і маўчыць. «Ты ніколі не чуў, хто ўратаваўся ад патопу?» – зноў пытае поп. «Ной», – успамінае Паўловіч. «Добра, – хваліць поп. – Але ж не толькі ён, у яго ж сям’я была. Колькі Ной меў сыноў?» – «Сем», – вырываецца ў Паўловіча. Экзаменатары рагочуць. «У нашай польскай Бібліі пішуць так», – выкручваецца ён. Гэтыя зноў са смеху падаюць. Поп устае і да класа: «Хто з палякаў добра ведае сваю каталіцкую гісторыю?». Я падымаю руку. «Што, у вас праўда так напісана?» – пытаецца. «Так, отчэ Закона учыцель, – кажу я, – у нашай польскай гісторыі пішуць, што сынамі Ноя былі Сем, Хам і Яфэт». – «Дык гэта толькі тры», – пярэчыць ён. «Так, тры, але старэйшага звалі Сем, што Паўловіч вам і сказаў». А Паўловіч здагадаўся і падхоплівае: «Так, отчэ Закона учыцель, я казаў не што сыноў было сем, а што старэйшага Сем звалі, у нас яго так завуць». І давай радасна расказваць, што тыя сыны мелі жонак і дзяцей, што ў каўчэг з сабою ўзялі жывёл ад кожнае плоці па пары, ну і выплыў з таго патопу.
– Але ж ты і хітры, – заўважыў Косцік. – Так спрытна лічбу ў імя перакруціць!
– Паўловіч – свой хлопец, як бы там ні было, я хацеў яму дапамагчы, а праз такіх дурных Ноевых сыноў мог нуль атрымаць і грызціся з тымі мужыкамі яшчэ цэлую зіму.
– Твая рацыя. Значыць, усе здалі… А колькі табе яшчэ экзаментаў трэба, каб на ксяндза пайсці?
– Дзядулька гаворыць, што яшчэ дзевяць.
– Дзевяць?! Ды ты пасівееш у той навуцы.
Праз пару гадзін пушча скончылася. Хлопцы выйшлі на адасоблены луг плошчай з добрую валоку. Побач расло колькі подкуравых дубоў. З іншага боку цякла з поўдня на поўнач рака, а за ёю быў сасновы бор са стромкімі дрэвамі, гладкімі, як кажуць, быццам звон.
– Тая паляна называецца Лапекі, – паведаміў Косцік. – Вунь у той бок, – паказаў ён направа, – выходзіць зімнік да мястэчка, якім твае смалерчукі прыйдуць.
Да той дарогі яны, аднак, рушылі не адразу – павярнулі ўлева, абышлі паляну па кромцы лесу, ля ракі раздзеліся знізу да пояса, перайшлі ў вядомым Косціку плыткім месцы ўброд і, адзеўшыся, рушылі берагам бору ўправа, набліжаючыся да броду, праз які праходзіў зімнік. Апынуўшыся за адну стаю ад яго, яны ўселіся на сухім беразе рэчкі і пачалі чакаць.
Раніца была празрыстая, нібыта шкло. Сонца паднялося ўжо над лесам, асвятляючы большую частку паляны і сцяну бору. Пушча, з якой яны прыйшлі, яшчэ драмала ў цені. Над лугам, што пераліваўся кветкамі, з меладычным гудзеннем снавалі пчолкі і пырхалі яркія матылі. На яварах і чароце над рэчкаю блішчэла буйная раса. З берага рака прасвечвала навылёт, і ў вадзе былі відаць маленькія рыбкі-гарэзы, жвір і каменьчыкі на дне. Гладкая плынь выглядала шкляною і цякла ціха, ледзь цурчэла. Часам хіба што плюхала якая большая рыбка, і тады на паверхні з’яўляўся грабеньчык хвалі, шырачыся і слабеючы, як мыльная бурбалка, альбо корань алешыны паказваў сваю лапу – і воднае шкло ізноў моршчылася. Бор напоўніўся птушынымі песнямі.
– А можа, яны прайшлі ўжо? – спытаў Стах.
– Ды нават калі б рыссю беглі – і тое не было б іх яшчэ.
Не прайшло і дзесяці хвілінаў, як на павароце зімніку на Лапекі паказаліся сілуэты смалярскіх хлопцаў.
– Ну я ж казаў, – прамовіў Косцік.
Яны глядзелі і спрабавалі разабраць тых, што ішлі наперадзе.
– Што, і Валька Трызна пехатою ідзе?
– Валька, Віцька, Адась, Болік і Юзік там, – паведаміў Стах, успомніўшы, хто збіраўся.
– Так, Юзік ад баб нізашто не адліпне.
– Ну. А які задавака, жах проста. Чуў, хваліўся нядаўна, што калі захоча, дык найпрыгажэйшая дзяўчына за ім сама бегаць будзе.
– Ды ты што? Можа, ён сабе кажановыя вілкі здабыў?
– Гэта як – кажановыя вілкі?
– Ты такога не ведаеш? У сэрцы старой кажаніцы вырастаюць такія касцяныя вілкі, з якімі можна каханне здабыць. Трэба злавіць кажаніцу, забіць і кінуць у мурашнік. Праз тры дні ад яе толькі тыя костачкі і застануцца. Іх трэба ўзяць з сабою і сесці каля дзяўчыны, якая хочаш каб цябе пакахала, – толькі каб яна не бачыла. Учапіць яе імі лёгенька за спадніцу і да сябе падцягнуць. Кажуць, што хоць бы ты насаты як чорт быў, а яна прыгожая як анёлак, – сама на цябе вешацца будзе. А калі яна табе апрыкрае і ты захочаш, каб адчапілася, тады зноў побач з ёю сядзь і тымі вілкамі адапхні.
– І што ж, гэта праўда?
– Кажуць, праўда, але гэта трэба такую старую кажаніцу знайсці – каб яна ўжо дзевяць дзяцей спарадзіла.
Хлапечая грамада набліжалася да броду і ўжо збіралася пераходзіць, а дзяўчаты, якія, ведаючы пра пераправу, ішлі ззаду, толькі выходзілі з лесу.
– Як думаеш, можа, у яго насамрэч такія костачкі ёсць? – спытаў Стах.
– Можа, і ёсць. Ты не чуў, дзяўчына якая за ім лётае?
– Кажуць, Зоська Ладан па ім сохне.
– Зоська ягоная. А іншыя?
– Лапаносы казаў, што і Кася Сцяпура з ім ахвотна ходзіць.
Хлопцы перайшлі брод, каб не бянтэжыць дзяўчат, але Віцька з Юзікам цішком вярнуліся назад і стаіліся ў алешніку ля самай пераправы.
– От паскуды бессаромныя. Давай пойдзем прагонім.
– Давай.
Яны ўсталі і падышлі да броду.
– І не сорамна вам, хлопцы, бабам пад спадніцы зазіраць? – спытаў Косцік.
– Табе шкада? – агрызнуўся Юзік. – Я толькі ў Зоські сваёй паглядзець хачу.
– А твая Зоська што, асобна ідзе, каб ты толькі ў яе глядзеў?
– Слухай, Косцік, Бог мне сведка, у тваёй Быліны падглядаць не будзем, – прысягнуў Юзік.
– Бабздыры! Паскуднікі! Кабялюгі! – аблаялі хлопцы, плюнулі і рушылі да бору даганяць астатніх.
Дзяўчаты падышлі да пераправы. Сярод іх было некалькі замужніх са Смалярні і жанчыны з суседніх Ямаў, якія далучыліся па дарозе.
Дзеўкі, відаць, чакалі ад хлопцаў якогасьці паскудства, бо, зайшоўшы ў ваду, спыніліся і пачалі ўглядацца ў алешнік. Не заўважыўшы нічога падазронага, яны паднялі спадніцы і павольна пайшлі. Ішлі асцярожна, агаляючыся роўна настолькі, наколькі даставала вада. На сярэдзіне дарогі яны ўсё ж заўважылі нязваных, усчалі крык і пачалі спалохана хавацца адна за адну.
– Паскуднікі! Паршыўцы! А ну вылазьце адтуль! – крычалі яны ў алешнік.
Юзік з Віцькам гучна смяяліся ў адказ.
– Распуснікі! Свінтухі, каты памаўзлівыя! Вылазьце, а то атрымаеце! – лаяліся і гразіліся дзяўчаты, але марна.
– Ціха, дзеўкі, мы з Міхалінаю зараз вас перавядзем, – супакоіла іх Забэла Паклацкая з Ямаў, кабета пад сорак, тоўстая і шырокая ў клубах, як печ. – Хадзем, што нам, бабам, – звярнулася яна да ўдовай Міхаліны Вінярскай.
Яны ўдзвюх загарадзілі дзяўчат, павярнуліся да алешніку задам і як мага вышэй задралі спадніцы.
– Ідзіце, дзяўчаткі, цяпер хай любуюцца.
Дзяўчаты і хлопцы, што назіралі здалёк, выбухнулі смехам.
– Хлопцы, сядзіце роўна, мы вас сфатаграфуем!
– Картачкі бясплатныя мець будзеце, толькі вочы закрыйце, а то ад вялікага бляску аслепнуць можна! – несліся да бясстыднікаў кпіны з абодвух бакоў.