Бог кахання Марс - Сяргей Балахонаў 3 стр.


Ратавальная выправа, аднак, не задалася. Не, спачатку ўсё было добра. Экіпіраваліся як звычайна. Нічога лішняга з сабой браць не сталі. Перад выездам пацалаваліся вельмі палка. Настрой яшчэ на колькі пунктаў узняўся ў абаіх. Яны імчаліся па вуліцах Канстанцы. Марку вырашыў змяніць звыклы маршрут, каб падоўжыць паездку і неймавернае адчуванне, калі каханая, седзячы ззаду, туліцца да цябе, трымаецца за цябе, цалкам табе давярае. З вуліцы імператара Траяна ён выруліў каля мэрыі на даўжэзны Таміскі бульвар, па якім выехаў у прадмесці. Праваруч маячыла возера Сютгёл з маляўнічай выспай. І ў Марыны міжволі ўзніклі параўнанні з возерам Ліцвін, якое было разоў у дзесяць меншым. Машынальна матлянула галавой, каб адагнаць нязваны ўспамін і засяродзіцца на ўсё яшчэ нязвыклым для сябе тутэйшым краявідзе. Ацаніць усю красу мясцін яна змагла, калі муж, не даехаўшы да моста праз канал, збочыў на прылеглую дарогу і памчаў проста ўздоўж возера. Ад звабы вачэй пачасцілася дыханне. Яна шчыльна прыгарнулася да Марку. Той ззяў, як ззяюць шчаслівыя людзі, цешачыся прыемнасцю імгнення.

Марку думаў узбіцца на аўтастраду каля Мамаевай пярэспы, што адасабляе Сютгёл ад мора, каб потым рушыць на поўнач і ўрэшце дабрацца да іх любімага месцейка. Ён скінуў хуткасць. Наперадзе чакала дарожная развязка. Жонка адняла галаву ад яго спіны і зірнула на дарогу. Па сустрэчнай паласе павольна ехаў турыстычны аўтобус. Калі ён параўняўся з матацыклам, Марына міжволі кінула позірк на вокны. За секунду яе настрой перамяніўся. Яна войкнула і на нейкі час здранцвела. Сярод пасажыраў аўтобуса яна ўгледзела Руткоўскага. Ён заўважыў яе і нават прыветна памахаў рукой, не хаваючы фірмовай усмешкі. Пасля развязкі Марку паспрабаваў ізноў паскорыцца, але Марына запратэставала, просячы спыніцца.

– Тут нельга спыняцца, – апасліва патлумачыў ён.

– Спыніся, дзе можна, – нястрымана коўзаючыся, ужо не прасіла, а патрабавала яна.

– Ды што ж такое? – не разумеў муж прычыну перамены ў яе настроі.

– Спачатку спыніся, а тады ўжо скажу, – паставіла яна ўмову, баючыся яго рэакцыі на ўзрушальную навіну.

Праз колькі кіламетраў Марку спыніўся. Жонка паведаміла пра ўбачанае. Паверыць у рэальнасць пачутага было складана. Яны стаялі каля матацыкла на ўзбочыне аўтастрады. Міма праносіліся машыны. Праз прагалы між рэдкімі будынкамі Марына выхоплівала вачыма мора, нібыта раптоўнага мора слёз ёй было замала. Муж абдымаў яе. Намагаўся суцішыць. Акуратна спрабаваў высветліць, ці не здалося ёй, ці сапраўды аўтобусам ехаў Ягор.

– Я не ведаю. Я ўжо нічога не ведаю, – праз усхліпы казала Гваздовіч. – Гэта быццам нейкае насланнё…

– Можа, там проста быў нехта падобны да яго, – вельмі няўпэўнена дапусціў Марку.

– Ці, можа, аўтобус увогуле пустым ехаў, а мне ўсё толькі прытрызнілася, – множыла жанчына сваю роспач, баючыся сарвацца.

Каб залішне не мардаваць псіхіку выбудоўваннем здагадак, вырашылі неадкладна зазірнуць на старонку Руткоўскага. Марку дастаў смартфон і, падключыўшыся да сеціва, перадаў жонцы. Сувязь была няўстойлівай. Старонка, дадаючы лішняга нервашалу, грузілася павольна, быццам грузчыкамі нанялася арцель чарапах, у кожнай з якіх быў уласны від абсесіўна-кампульсіўнага разладу, што не дазваляў ім працаваць згуртавана.

На профільнай выяве (дзякуй чарапашкам за працу!) Ягор красаваўся ў атачэнні трох пекных дзяўчат – студэнтак ці аспірантак. «Ну, хто б сумняваўся! Каб Руткоўскі – і не ў кампаніі гладзенькіх баб!» – саркастычна заўважыла Марына і перавяла позірк на словы статуснага запісу.

– «Нікуды не дзенемся – мы яшчэ сустрэнемся», – прачытала яна ўголас па-беларуску, а потым пераклала на англійскую.

– Паскуда. Я заб’ю яго, – шыпеў Марку, сціскаючы кулакі. – Вось як яго ігнараваць? Як тут станеш абыякавай скалой, калі ён такія выбрыкі сабе дазваляе?

– Чакай. Гэта яшчэ нічога не значыць. Проста дражніць. Трэба зірнуць, што там далей.

Яна стала праглядаць стужку. Стужка пачыналася замацаваным запісам. У ім быў скан старонкі з часопіса 1930-х гадоў: усмешлівая дзяўчына ў хустцы і скураной куртцы сядзела за рулём матацыклета, а рэдакцыйны подпіс тлумачыў: «На гвоздильную фабрику теперь с ветерком». Пад сканам вісела аўдыё песні з савецкага фільма пра мушкецёраў. Песня называлася «Канстанцыя». Марына войкнула, і мора ў яе вачах паўтарылася. Не разумеючы вяртання жончыных слёз, Марку моўчкі прыхінуў яе і, забіраючы смартфон, незнарок пракруціў стужку да больш ранніх запісаў, зачапіўшы кнопку прайгравання аўдыё. Абсалютна неспадзявана з дынаміка на максімальнай гучнасці стрэліў надрыўны голас Руткоўскага: «У казках Авідыя…».

– Выключы гэта! Прашу! Выключы! Выключы хутчэй! Калі ласка, любы мой! – усхадзілася Марына, нібыта яе рэзалі.

– Зараз, зараз… – мармытаў Марку, не ведаючы, за што хапацца найперш.

Жонка не сунімалася. Песня не выключалася. У нейкі момант Марына заскуголіла, вырвала смартфон і ледзьве не шпурнула яго прэч. Муж учасна ўтрымаў яе руку. Ні ў чым не вінаваты апарацік здзейсніў даволі мяккую пасадку ім пад ногі ў жвір. Песня акурат скончылася. Марку шаптаў суцяшальныя словы. Марына працягвала румзаць, мала не задыхаючыся ад усхліпаў. Плач вычварна яднаўся з гудам мімаезных аўтамабіляў, прыглушаным плёскатам марскіх хваль і прарэзлівым крыкам чаек…

* * *

Выпраўляючыся на канферэнцыю ў Канстанцу, Ягор і думаць не думаў, што вось так проста ў першы ж дзень пабачыць каханую. Чыстае супадзенне, якое, тым не менш, толькі ўзмацняла яго перакананасць, што іх з Марынай сцежкі не разбегліся. Яшчэ ў Гомелі ён даў сабе слова, што па прыездзе ў Канстанцу нічагуські не зробіць дзеля яе пошукаў. І вось яна адшукалася сама. Намалявалася красуня. Гэта цешыла, і да ўдзелу ў адкрыцці канферэнцыі навуковец рыхтаваўся з прыўзнятым, калі не сказаць гуллівым, настроем.

«Кошка ў чаравічках лазіць па палічках», – раз-пораз паўтараў ён радок даўняй народнай песні, які чамусьці засеў у галаве. Паўтараў, прасуючы кашулю. Паўтараў, спускаючыся з нумара на вячэру ў кавярню. Паўтараў, гартуючы сваю веру ў новыя сустрэчы з Марынай. Як не на гэтым, дык на іншым канцы свету. Ён міжволі паўтарыў апошняе ўголас, быццам дзяліўся роздумам з начным морам. Усміхнуўся, зразумеўшы, што меў на ўвазе не свет, а сусвет – космас. Ягор падняў галаву, хоць і не дужа спадзяваўся ўгледзець у небе нават адну зорку. Аднак наўздзіў неба было густа ўсеянае зіхоткімі мігатлівымі кропкамі. Колькі хвілін ён глядзеў на іх не адрываючыся. Пашчасціла заўважыць тры знічкі. Праводзіў іх усмешкай без загадвання жаданняў. Быў упэўнены, што галоўнае яго жаданне спраўдзіцца і так: «Я праракую прыход перамогі – аб ёй, ненагляднай, песню ахвярную мне выпадзе гучна спяваць».

* * *

Марына супакоілася хутка. Працяглы кантрасны душ. Не менш працяглы бурлівы секс. Зялёная гарбата. Свежыя булачкі з вішнямі. Адчуванне, што нічога надзвычайнага не здарылася. Абыякавасць да таго, што недзе ў гэтым новым для яе горадзе знаходзіўся Ягор. Яна павесялела. Марку цешыўся з гэтага. І хоць жонка заявіла, што болей падобных зрываў не будзе, ён прапанаваў больш не заходзіць на старонку Руткоўскага, а на ўсе навіны пра яго папросту чхаць. Яна згадзілася, палічыўшы прапанову і разумнай, і своечасовай.

Як выдатнікаў Марку і Марыну запрасілі на адкрыццё міжнароднай канферэнцыі, што праводзілася ва ўніверсітэце імя Авідыя. Мерапрыемства чакалася вельмі маштабнае. Удзельнікі з дзясяткаў краін свету. Мноства секцый і тэматычных панэлей. Добры шанец завязаць цікавыя і карысныя знаёмствы – нават калі сам нідзе не выступаеш, а прысутнічаеш адно як слухач. Маштабнасць каштавала немалых грошай. Рэктарат асабліва не афішаваў крыніцу фінансавання. Але пракідкі Пыркэлаб дазнаўся без вялікіх намаганняў, што за ўсім гэтым стаіць міжнародная карпарацыя «Coböl Engineering». Яе кіраўніцтва пачало заахвочваць навукоўцаў усяго свету заняцца вывучэннем феномена адзіноты. Уласна адзіноце канферэнцыю і прысвяцілі. Адзіноту са сваіх вежаў разглядалі і прыродазнаўцы, і гуманітарыі.

– Гуманітарыі? – перапытала Марына ў мужа, не дапускаючы, што можа там сустрэць Ягора.

– Так. Карпарацыя замовіла ўсебаковае вывучэнне адзіноты. Але хімікаў і біёлагаў усё адно будзе больш.

– А навошта ёй гэта спатрэбілася? Ну, ёсць адзінота. Які практычны сэнс у яе шырокім даследаванні? Ці гэта ўсё толькі шырма для адмывання грошай?

– У «Coböl» столькі грошай, што і за тысячу такіх канферэнцый не адмыеш, – з веданнем справы рагатнуў Марку. – Тут рэальны інтарэс. Пасля інцыдэнту ў Сінгапуры два з паловай гады таму. Памятаеш?

– Цісканіна ў тэатры «Вікторыя»? Вадзяны слуп на канцэрце «Crystal Castles»? Напад дзікіх пчол на станцыю метро «Фенікс»? – Марына разгублена, але трапна вывуджвала з памяці водгулле старых навін.

– Не, нешта горшае. Калі мераць інтарэсамі карпарацыі. Цягам аднаго тыдня там звольніліся больш за тысячу высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія працавалі на «Coböl».

– Самі звольніліся? – не дала веры жонка. – Калі б я працавала на «Coböl» як высокакваліфікаваны спецыяліст, то трасцы б адтуль самохаць звольнілася.

– Тыя спецыялісты спачатку лічылі гэтак жа. А потым узялі і сінхронна напісалі заявы.

– А адзінота?..

– Адзінота згадвалася ў заявах як адзіная прычына звальнення.

– Ды ну, – махнуўшы рукой, расчаравана гмыкнула Марына. – Лухта ўсё гэта. Хутчэй за ўсё, іх нехта пераманіў да сябе.

– Я такіх падрабязнасцей не ведаю. Але менавіта з тых часоў «Coböl» і важдаецца з адзінотай.

Адкрыццё канферэнцыі адбывалася ў самай вялікай універсітэцкай зале. Яна была бітком набатаваная ўдзельнікамі і запрошанымі слухачамі яшчэ за паўгадзіны да афіцыйнага пачатку. Марку і Марыне дасталіся вельмі выгодныя месцы амаль пасярэдзіне залы. Разглядаючы буклет з праграмай, заўважылі, што на пленарнае пасяджэнне заяўлены навуковец з Беларусі. Марку спытаў у жонкі, ці ведае яна такога. Тая адно паціснула плячыма – магчыма, чула, але не больш.

– Галоўнае, што таго вырадка тут няма, – з лёгкім трымценнем прашаптаў Марку.

– Ай, ды пляваць яму на навуку, – выпінаючы абыякавасць, кінула Марына. – Завяліся лішнія грошы, дык прыехаў мяне пазлаваць і са шлюндрамі на пляжах паваляцца.

Пачатак канферэнцыі быў даволі стандартны. Прамовы. Падзякі. Нягеглыя жартачкі. Хацелася пазяхаць. Марына сядзела, прыкрыўшы рот рукой, каб яе частых позехаў ніхто не бачыў. Ажывілася падчас пленарных выступаў. Пагатоў, матэрыялы агучваліся вельмі дыскусійныя.

Бельгійскі хімік даводзіў, што адчуванне адзіноты – гэта ўсяго толькі набор пэўных рэчываў, якія пераважаюць у канкрэтны момант у арганізме чалавека. Расійскі біёлаг, наадварот, даводзіў, што ні хімічныя працэсы ў арганізме, ні нават вірусы не здольныя наўпрост справакаваць адчуванне адзіноты. Калумбійская літаратуразнаўца казала пра феномен адзіноты ў творах Габрыеля Гарсія Маркеса. Хіліла да таго, што Маркес змог па-майстэрску абмаляваць сітуацыі глыбокай адзіноты, але так і не прапанаваў ні ў адным са сваіх твораў нейкага дзейснага сродку ад яе.

Пасля калумбійкі да кафедры запрасілі госця з Беларусі. Насуперак таму, што было пазначана ў праграмцы, мадэратар абвясціў даклад «Матывы адзіноты ў архаічных беларускіх народных песнях», з якім выступаў Ягор Руткоўскі. Такая сабе замена гульца на полі. Марыну з мужам ад пачутае навіны скаланула. Яны няўцямна перазірнуліся. Марку вельмі баяўся, каб жонка не падкінулася новай істэрыкай. Тая ж, адчуваючы паскораную пульсацыю ў скронях, усё ж намагалася захаваць раўнавагу. Адкрыццё навуковай канферэнцыі – не тое месца, дзе можна было даваць волю істэрычным праявам.

– Можа, выйдзем? – хваляваўся муж.

– Не. Інакш гэта нам будуць прыпамінаць да канца жыцця, – жонка выстаралася мужнасці. – Дый яму лішняй нагоды для радасці не хачу даваць.

Руткоўскі прывітаў залу па-румынску і па-беларуску, а далей выступаў на англійскай мове. Казаў, што матыў адзіноты найбольш выразна назіраецца ў сіроцкіх, удовіных, частцы любоўных і восеньскіх песень. Зрабіў акцэнт на тым, што ў большасці песень адлюстравалася жаночая адзінота, тады як інтанацыі мужчынскай скаргі на адзіноту сустракаюцца толькі зрэдчас. Пералічыў назвы некаторых песень, у тым ліку і ў арыгінале. Працытаваў беларускага даследчыка Віктара Каратая: «Матыў самотнасці мае ў творах досыць шырокую меладычную амплітуду: ад журботнага піянісіма да магутнага фортэ, а ў ансамблевых спевах – і да крэшчэнда». Выказаў уласнае перакананне, што для беларусаў песні пра адзіноту з’яўляліся адначасова і лекамі ад яе. Без папярэджання праспяваў урывак з народнай балады:

Усе коні вараныя –Адзін конік белагрывы.Павёз дзевачку і к мору,Павёз красную не ў пору.Я цяпер іду адзінНа вазерушка Ліцвін.

І пакуль публіка не паспела асэнсаваць раптоўнае відовішча, Ягор паўшэптам – так, як ён звычайна шаптаў што-небудзь ласкавае Марыне – прадэкламаваў пераклад урыўка на англійскую, пасля чаго з усмешкай падзякаваў усім за ўвагу. Зала грымнула воплескамі – мабыць, найгучнейшымі за ўвесь час ад пачатку канферэнцыі. Нават Марку ледзьве не запляскаў, але ўчасна ўстрымаўся, злавіўшы няўхвальны позірк жонкі. Яна не жадала ствараць нават імітацыі апладысментаў. Мадэратар абвясціў перапынак.

Намагаючыся не выдаваць сябе, Марына паглядала на свайго колішняга каханка. Сутыкнуцца з ім у кулуарах было для яе дужа сумнеўным шчасцем. Марку таксама гэта разумеў. Ён вымеркаваў зручны момант і вывеў жоначку з залы, каб верагоднасць сустрэчы з праклятым госцем Канстанцы звесці да мінімуму. Атрымалася. Яны выйшлі ў двор і моўчкі пакрочылі па ўніверсітэцкім скверыку да бюста ўсюдыіснага Авідыя.

– Ты насамрэч хацеў яму папляскаць? – парушыла цішыню яна.

– А што тут такога? – адразу не патрапіў адказаць ён.

– Сапраўды, – прагучала праз ухмылку.

– Не, ён, вядома, казёл. Але мушу прызнаць, што даклад цікавы, – запахла апраўданкамі.

– Ведаю я, як ён такія тэрміновыя даклады піша, – выпраменьвала скептыцызм Марына. – Тры-чатыры кніжкі. Вялікая бутэлька «Jack Daniel’s». Дзве гадзіны дыяганальнага чытання з алоўкам пад выпіўку. А потым яшчэ столькі ж – напісанне тэксту.

Пыркэлаб хацеў сказаць, што раней і сам гэтак пісаў некаторыя работы, дзе не патрабавалася дакладных вылічэнняў, але сціснуў сківіцы, каб не прабалбатацца.

– І які ж ён усё-ткі паскуднік! – знянацку выдала Марына без надрыву і горычы, але з прыкметнай шчопаццю сарказму ў голасе. – Усе гэтыя яго інтанацыі, шэпты, усмешкі адно дзеля таго, каб здабыць прыхільнасць аўдыторыі.

– Паскуднік, але манера трымацца і прыёмчыкі для выступу мяне станоўча ўразілі.

– Ты ў адвакаты яму наняўся?

– Я ж не інквізітар, каб усюды бачыць заганы. Дый з песняю добра прыдумана. Згадзіся.

– Да твайго ведама, пане Не-Інквізітар, песню ён праспяваў зусім невыпадковую. Разлічваў ударыць па мне. Значыць, ведаў, што я буду на адкрыцці. Разумееш? Ён робіць усё, каб нагадаць мне пра тое, што я з ім зрабіла.

– Нічога ты з ім не зрабіла. Такіх выпадкаў, як ваш, сотні тысяч, калі не мільёны. Па кароткім каханні доўгія ўздыханні. Спачатку людзі кахаюць ці думаюць, што кахаюць. Потым нехта з закаханай пары прыходзіць да цяму, што гэта ўсё самападман, замак з пяску, які не вытрымлівае выпрабавання новымі цікавымі знаёмствамі і адкрыццём шырэйшых даляглядаў. Ты сышла ад яго і сышла. Я разумею, што яму там цяжка было, невыносна, «глыбокая яма ўнутры, і ўсё туды гопае». Але ж колькі можна пакутаваць! Даўно б выкінуў цябе з галавы ды знайшоў кагосьці. Дык жа не! Яму лепей калупацца ў сваіх душэўных ранах і даводзіць цябе да шаленства новымі і новымі выбрыкамі.

– І гэтага не спыніць…

– Чаму ж? Давай я дамоўлюся са сваімі старымі сябрамі па мотаклубе. Перастрэнуць яго дзе-небудзь. Прыродны нораў не зменяць, але ў бубен натаўкуць так, што пасля і думаць пра цябе забаіцца. Ты толькі скажы.

Назад Дальше