– Не. Ніякіх сяброў і бубнаў. Я цябе прашу. Інакш мы з табой вельмі моцна пасварымся.
– Дасць гладыятар зарок не сыходзіцца больш у двубоях.
– Не блазнуй, а то ў археолага ператворышся.
– У археолага? О, не! Толькі не археалогія. Археалогія – гэта дарога наўпрост у пекла.
– Перастань, калі ласка, а то ўжо шчокі баляць стрымліваць усмешку.
– Перастаў. Але скажы, што будзе потым? Ён жа ніколі па сваёй волі не адчэпіцца.
– Адчэпіцца, калі мы знікнем.
– Ты нешта прыдумала?
– Так. Калі ўжо яму даспадобы танныя драмы, то чаму б не даць яму іх…
Марку збянтэжана глядзеў на жонку, намагаючыся адгадаць яе задуму. Тая падміргнула зваянаму Авідыю, узяла мужа за руку і павяла назад у корпус. «Вось мае настаўленні, вось нашае нівы азнакі», – не сказаў ім услед помнік, хоць, можа, яму і дужа карцела.
Наўмысна Ягор Марыну ў кулуарах не шукаў. Але і не быў цалкам безуважным. Падчас выступу ён даволі хутка вызначыў прысутнасць парачкі і неаднакроць пазіраў у сярэдзіну залы. Па жэстах і рухах угадваў няёмкасць, якую мусіла тады перажываць Марына. Гэта яго распаляла, натхняючы пераніцоўваць выступ у амаль што перформанс.
У перапынку шмат хто захацеў пазнаёміцца з ім асабіста. Нават тыя, хто раней нічога не чуў пра Беларусь або вельмі цьмяна ўяўляў, дзе знаходзіцца такая краіна эльфаў. Сярод іншых падышла і псіхалагіня з Харватыі, маладая прыгожая жанчына Ядранка Іванкавіч. Што праўда, яна вытрымала паўзу, даўшы зорцы пленарнага дакладу магчымасць вызваліцца са шчыльнага атачэння мімалётных прыхільнікаў. Падышла, калі побач з ім засталося два-тры чалавекі. Назвалася. Пахваліла за выступ. Агучыла некалькі псіхалагічных катэгорый, у межах якіх можна было б разглядаць версію Ягора пра песні як сродак барацьбы рускіх з адзінотай.
– Беларусаў, – ветліва, але настойліва паправіў ён.
– А якая розніца? – трошкі здзіўлена, яўна не чакаўшы пярэчанняў, удакладніла Ядранка.
– Паверце, розніца ёсць. Але гэта тэма для асобнай вялікай гутаркі, якую цяпер лепш не пачынаць, – Руткоўскі выдатна, як для такога моманту, захоўваў спакой. – Што да вашых заўваг па дакладзе, то абяцаю дапрацаваць свае высновы. Для мяне ўсё ж на першым месцы археалогія, а фалькларыстыка, культуразнаўства ў цэлым ідуць за ёю следам.
– Звычайна навукоўцы з Усходняй Еўропы, абяцаючы на грунце маіх заўваг дапрацаваць высновы сваіх дакладаў, даюць зразумець, што добра было б, каб я дала колькі асабістых кансультацый. А вы чамусьці з такой мілай сур’ёзнасцю ўхіляецеся, нібыта баіцёся пакінуць унутраны бок ветру, – яе словы мерна цурчэлі гаманкім ручаём, ад якога пачынала кружыцца галава.
– Што вы маеце на ўвазе? – між кружэннем галавы і ўдаваннем збянтэжанасці Ягор выбраў апошняе, палічыўшы за лепшае не расказваць, што, згодна з беларускімі паданнямі, унутры ветру – то-бок у віхуры – можа жыць чорт.
– Не хвалюйцеся, душа мая, тут няма ніякай таямніцы, – ручай працягваў міла гаманіць. – Я нічога не маю на ўвазе. Мая дапамога палягае не ў тым, каб нешта мець на ўвазе, а ў тым, каб нешта зрабіць. Але як сабе хочаце… Скажыце лепш, хто яна?
– Выбачайце, – археолагу, у якога на міг паплыло перад вачыма, здалося, што гутарка пакандыбала ў мяшок непраходнай вулкі, і лепш было б гэтыя дудуканні акуратна згарнуць.
– Дык хто яна? – не адступала харватка, працінаючы суразмоўцу дапытлівым позіркам.
– Яна? – хаваючы няёмкасць па кішэнях, састроіў неразуменне Руткоўскі.
– Тая, што сніцца вам, і вы кладзяце падушку другім бокам, спадзеючыся, што і яна пабачыць вас у сне. Мяркую, ваш даклад адметны не толькі спевам, але і падвоеным дном. Ці не так? – жанчына атакавала заспетага ўроспудзь навукоўца з Усходняй Еўропы.
Той ажно да амарокі быў здзіўлены, сцяміўшы, што старонні чалавек здолеў лёгка яго раскусіць. Стаў аднеквацца. Цвердзіў, што псіхалагіня памылілася. Адначасна паціху разглядаўся, вывіжоўваючы ў натоўпе Марыну. Усё ж хацеў зірнуць на яе зблізу. Пабачыць выраз твару. Злавіць тое, што магло таіцца ў яе вачах. Хаця б на хвілю. Але каханай нідзе не было. Ягор пакінуў дарэмныя выглядванні і, адольваючы рэшткі нядаўняй атакі, вярнуўся да гутаркі з новай, нечакана загадкавай, знаёмкай. Ён даў сабе рады разняволіцца, зрабіўшыся люстраным рэхам яе гаманлівага ручая. Жанчыне гэта яўна імпанавала.
Марына з Марку вярнуліся напрыканцы перапынку. Заўважыўшы Ягора, яны дэманстратыўна прайшліся паблізу. І хоць звонку ён стараўся захоўваць абраную пад абставіны маску, агульны настрой усё ж перакуліўся. Пара прадэфілявала без аніякіх прывітанняў ці якіх-небудзь знакаў. Руткоўскі акурат забаўляў суразмоўку адной з дзіўных беларускіх загадак пазамінулага стагоддзя, намагаючыся адэкватна перадаць яе па-англійску:
– «Ляцеў птах чэраз божы страх, сеў на магілу: ой, божа мой мілы, не магу з табой гаварыць – мая сіла гарыць». Што за птах?
– Пчала, – Ядранка хутка знайшлася са слушным адказам, што выглядала фантастычна, бо звычайна нават беларусы не маглі даць рады гэтай загадцы.
Уражаны Ягор хацеў яе пахваліць, але жанчына ледзь прыкметна кіўнула на Марыну і пацікавілася:
– Дык гэта яна?
– Не. Ну што вы. Гэта не яна. Яе ўвогуле няма. Яна – выдумка маёй галавы, – непраўдападобна завіхляў ён, адчуваючы, як мулка яму стаяць і як яго сіла гарыць.
Ядранка не паверыла.
Пачыналася работа па секцыях. Руткоўскі і Іванкавіч меліся працаваць у розных. Каб не згубіцца пасля, псіхалагіня прапанавала абмяняцца візітоўкамі і актуальнымі на час канферэнцыі кантактамі. Супраціўляцца сэнсу не было. Замацаваўшы абмен далікатным рукапацісканнем, яны разышліся.
Марына, употайкі назіраючы за імі, накручвала мужа: «Ну, што? Бачыш, я зусім яму не патрэбная! Уся гэтая гісторыя пра вечнае каханне да мяне і яго шаманскія скокі вакол – бессаромны блеф, з дапамогай якога ён намагаецца мне адпомсціць». У нейкі міг Ягор пераняў яе позірк. Яна імгненна адвярнулася да Марку і, каб не атмасфера канферэнцыі, дык з вялікай пэўнасцю палымяна абняла б яго. Ягор адрэагаваў ухмылкай і, звяраючыся з праграмай, падаўся ў аўдыторыю.
* * *
Увечары Ядранка патэлефанавала першай. Надзіва хутка яны дамовіліся пра сустрэчу і неўзабаве вячэралі на тэрасе ўтульнай кавярні, што выходзіла на мора. Гутарка, як шкельцы чарадзейнай мазаікі, складалася сама сабой. Ніводнага разу не павісала апетае дзядулем Таранціна няёмкае маўчанне. Харватка, адкінуўшы нядаўнюю велямоўнасць, расказала, чаму вырашыла прысвяціць сябе псіхалогіі. Ягор правільна здагадаўся, што ў яе выбары не абышлося без драматычнай школьнай гісторыі. Яна пахваліла яго за праніклівасць і апавяла сапраўды даволі сумную гісторыю сваёй аднакласніцы, якую цкавалі астатнія вучні, а Ядранка змагла ёй дапамагчы.
– А чаму вы сталі археолагам? – пераняла эстафету жанчына.
– У мяне менш драматычна, – з усмешкай папярэдзіў ён.
– Дайце паспрабую адгадаць, – не зводзячы з яго вачэй, папрасіла суразмоўніца. – Можа, у дзяцінстве корпаліся ў гародчыку і знайшлі старажытную манету ці нават рыцарскія даспехі?
– У гародчыку я звычайна выкопваў толькі бульбу, – стэрэатыпна пажартаваў беларус. – Ніякія старажытнасці, апроч леташніх гнілякоў, мне там не трапляліся.
– Дык што ж тады паўплывала на выбар?
– Прыйшоў я ва ўніверсітэт дакументы падаваць. Зайшоў у прыёмную камісію і спытаў, на які факультэт паступае больш за ўсё прыгожых дзяўчат. Мне сказалі, што прыгожых дзяўчат хапае на розных факультэтах, але чамусьці прапанавалі філалагічны. Маўляў, буду там сярод красунь, як кот каля смятаны. Але з мовамі ў мяне на той час было горш чым пасрэдна. Таму, пакруціўшы розныя варыянты, давялося абраць гістарычны факультэт. Пагатоў, акурат тады падаваць дакументы на гістфак прыйшла дзяўчына неверагоднай прыгажосці. Гэты збег абставін і вызначыў мой выбар. Толькі не пішыце пра гэта нідзе.
– Мне здаецца, што ў вашым аповедзе праўда і выдумка вагаюцца ў суадносінах сорак на шэсцьдзясят. Так?
Мужчына глядзеў на яе смяшлівыя іскрынкі ў вачах і баяўся, што не вытрымае. І лёгкасць гутаркі, і атмасфера прыемна ўзрушвалі яго. Але ад усведамлення гэтае прыемнасці мурашкі забегалі па скуры і зрабілася страшна. Страшна паддацца спакусе. Страшна зрабіць недакладны крок. Страшна выйсці на тое, што завецца закаханасцю.
– Ваша праўда, – насуперак усяму згадзіўся ён. – Гісторыя майго паступлення – нібы міф. Шмат фантастычных рыс. Але ёсць і праўда. Калі сцісла, то я сапраўды паступіў на гістфак праз дзяўчыну.
– Цудоўна. Але ж гэта яўна не тая, на якую я вам сёння кіўнула? Сённяшняя значна маладзейшая. І вось яна зводзіць з глузду выдатнага беларускага археолага і адметнага спевака. Не хочаце паразмаўляць са спецыялісткай у псіхалогіі пра сваё няшчаснае каханне?
Вострым бусаком пытанне зачапіла Ягора. Але ён ізноў не паказаў выгляду, канвертуючы пачутае ў жартачкі.
– Ды якое няшчаснае каханне! – падключаючы лёгкую артылерыю сваёй абаяльнасці, сцішана выгукнуў ён. – У мяне ўсё добра. У Гомелі жонка і палюбоўніца чакаюць.
– Галоўнае не паблытаць, хто з іх хто, – не даўшы веры яго словам, пакеплівала Іванкавіч.
Яны засмяяліся. Засмяяліся, як старыя добрыя сябры. Гэты смех нават здолеў на нейкі час утаймаваць хісткі ўнутраны страх Руткоўскага.
– На ваш погляд, якая псіхалагічная праблема найбольш уласцівая беларусам? – перапыніўшы смех, раптоўна змяніла тэму жанчына. – Толькі не кажыце, што адзінота…
– Сіндром татальнай адзіноты да нас яшчэ не дабраўся, – беларус з удзячнасцю перайшоў на новую хвалю гутаркі. – А нашай праблемай, пэўна, ёсць тое, што мы не ўмеем добра камунікаваць.
– Бавячы сённяшні вечар з вамі, я наўрад ці магу пагадзіцца з такім сцверджаннем.
– Ды ў нас нават няма свайго ёмістага слова для абазначэння гэтага. У рускіх – «общение». Ва ўкраінцаў – «спілкування». І там, і там наўпрост спасылка на пэўную еднасць людзей. А ў нас у афіцыйным моўным стандарце гэта называецца «зносіны». Нібыта мы мусім у час камунікавання «зносіць», то бок трываць, цярпець адно аднаго…
– І як вам мяне «зносіць» сёння? – пацікавілася Ядранка, уставіўшы ў сваю англамоўную рэпліку толькі што пачуты беларускі дзеяслоў.
– Дзякуй, з вамі файна, – стрымана прашамацеў Ягор, каб крый божа не нагаварыць лішніх кампліментаў.
– Дзякуй, і мне з вамі таксама.
Яны расплаціліся за вячэру і выйшлі з кавярні. Нягледзячы на позні час, людзей на вуліцы было шмат – шпацыравалі, размаўлялі, весяліліся. Беларус і харватка ішлі моўчкі. Ён не ведаў, што рабіць далей. Яна ж не давала зразумець, чым сёння ўсё павінна скончыцца. Найлепшым варыянтам для яго было б вяртанне ў гатэль, поціск рукі ці, што горай, лёгкія абдымкі на развітанне – і кожны разбягаецца па сваіх нумарах.
– А ў Беларусі ёсць мора? – абарвала цішыню жанчына. – Мне сорамна, але я так кепска ведаю геаграфію…
– Няма ў нас мора. Азёры ёсць. Прыгожыя. Але не самыя вялікія…
– Шкада, што няма. Я сама на Адрыятыцы нарадзілася. Мяне бацькі і назвалі Ядранкай у гонар Адрыятычнага мора. Вельмі яго люблю. Там столькі цудоўных мясцін! Каб былі мы цяпер у мяне на радзіме, я абавязкова паказала б вам парачку… Хаця і тут ёсць сваё хараство…
– Я ведаю. Сам учора блукаў па прыгожым куточку ўзбярэжжа.
– Слухайце, у вас жа заўтра секцыя, як і ў нас, з дзесяці гадзін?
– Так. І што?
– Хадзем.
Яна схапіла спадарожніка за руку і павабіла за сабой. Для яго гэта было поўнай нечаканасцю, але ўпарціцца ён не стаў, адно папытаўшы:
– Сербкі ўсе такія рамантычныя?
– Харваткі, – крыху збянтэжылася жанчына.
– А якая розніца? – Ягор паўтарыў яе словы з размовы ў кулуарах канферэнцыі.
– Залічана, – скеміўшы, што беларус цішком узяў рэванш, пасміхнулася яна.
Не адпускаючы яго рукі, Ядранка працягвала імкліва ісці. Ішла, нібы ўжо сто разоў хадзіла гэтымі сцежкамі. Скончылася набярэжная. Колькі хвілін яны шыбавалі ўздоўж парослага хмызняком схілу. Потым павадырка запаволіла хаду і збочыла на ледзь прыкметную сцяжынку, якая праз зараснік вяла да мора. І толькі тады, калі да марскіх хваль засталося тры крокі й два прыскокі, яе поціск аслаб і Ягор неўзабаве вызваліўся. Гарэзліва смеючыся, жанчына скінула з сябе адзенне і пабегла ў мора. Яна здавалася вельмі шчаслівай і неверагодна свабоднай. Плёскаючыся ў вадзе, працягвала смяяцца. Заклікала не саромецца і далучацца да яе. Гучна спявала песню на сваёй роднай мове. З усіх слоў Руткоўскі здолеў разабраць толькі некалькі – штосьці пра «srce Balkansko i more Jadransko».
«А нічога, што гэта Чорнае мора, шаляніца?» – гізаваў у думках мужчына, але ўсё адно захоплена пазіраў і слухаў. Можа, яму і хацелася б далучыцца да гэтага шчасця, адчуць гэтую свабоду, але даймалі змеі тысячы сумневаў. Яна ж не сунімалася і клікала зноў і зноў. Урэшце ён наважыўся пераступіць праз свае ваганні. Зняў і кінуў долу майку. Ды наступны рух зрабіць ужо не здолеў – нехта, бясшумна падабраўшыся ззаду, ударыў яго па патыліцы. У вачах пацямнела – Ягор знепрытомнеў.
2
Знадворныя камеры не працавалі ад самага пачатку буры. Дакладней, іх давялося вымкнуць, бо з гэтае авечкі нат касмыля воўны не было – аб’ектывы цалкам засыпала пылам у першы ж дзень непагадзі. Столькі ж карысці мелі ад «сланечнікаў» – сонечных батарэй. Адно ветракі заставаліся непадуладнымі стыхіі і выдавалі чаканую долю электрычнасці.
Бура не спынялася вось ужо колькі тутэйшых месяцаў. Актыўная яе фаза, як выглядала, мінула. Аднак бясконцыя масы пылу, узнятага магутнымі вятрамі, што ўвесну прыйшлі з полюсаў, працягвалі лунаць над паверхняй. Покрыва, утворанае пылам, мяркуючы па ўсім, ахінула цэлую планету. Прынамсі, так сказала Марына, а ў Ягора не было прычын не верыць ёй як больш абазнанай у выбрыках мясцовага клімату.
Пылавая бура, не нашкодзіўшы базе, шкодзіла ў іншым. Яна стварыла дабрадайную глебу для парасткаў псіхалагічнага дыскамфорту. Краявіды за шклом ілюмінатараў і ў пагоду нельга было назваць выбітнымі. З надыходам жа непагадзі не засталося і гэтага – ілюмінатары змушана схавалі ў браню. Пра выезды на цяжка- ці легкавозе давялося забыць. Пра выхады, нават і па ўсіх правілах бяспекі, і пагатоў не пачыналі гаворкі. Мусілі засяродзіцца на «хатніх справах». Горы, даліны, кратары – гэта ўсё, вядома, добра. Але догляд саду і агарода, пад якія аддалі некалькі адсекаў, быў больш карысным і жыццёва важным, чым летуценная прага даследавання наваколля. Яно і слушна, бо камянямі і пародамі ў разе патрэбы не наясіся, шуканы мінерал у рот не пакладзеш! Разважаючы пра гэта, Руткоўскі падышоў да часова «аслеплага» ілюмінатара. Пастаяўшы з хвіліну ў роздуме, ён набраў на аўтаномным пульце завучаную камбінацыю лічбаў, каб злёгку прачыніць «аканіцы» – як ён называў браніраваныя шчыты. Шчыты павольна, калі не сказаць гультаявата, рассунуліся, вызваліўшы вузенькую палоску тоўстага шкла. Ягор адразу ж прыліп да яго ў спадзеве ўбачыць ужо знаёмую частку даліны. Аднак нічога, акрамя клубоў пылу, выглядзець не атрымалася. Мужчына расчаравана ўздыхнуў і вярнуў «аканіцы» на месца.
– Што ты там робіш? – па гучнай сувязі пачуўся бадзёры голас Марыны. – Зноў каля морайка пагоданькі жджэш?
– Кшталту таго, – азваўся ён і дадаў па-ўкраінску: – Ніч безмежна і пуста.
– Гэта з «Океана Ельзи»? – не пазнала яна.
– Не. Гэта з «Плачу Єремії».
– Ягорка, ты толькі сам не плач, а то, крый божа, даліны Марынэра ў акіян ператворыш, – гулліва прашчабятала жанчына. – Я разумею, што табе карціць пакорпацца ў грунце, каб адшукаць сляды спачылых у невараці цывілізацый. Але патрывай ужо. Паводле маіх разлікаў, пыл асядзе месяцы праз два. Тады выб’ем мы з табой дарожачку хоць у воласць Кідонію, хоць на кратар Вікторыю.