Канец адзіноты - Вишневский Януш Леон 6 стр.


Вось такія ў іх былі размовы пра палітыку.

Ніякіх дыскусій і спаборніцтва, за кім апошняе слова, – ім не трэба было пераконваць адно аднаго, бо абое глядзелі ў тым самым кірунку, адрозніваліся толькі нюансы.

Спачатку Якуб здзіўляўся, адкуль Надзя гэта ўсё ведае, калі так адмяжоўваецца ад любой інфармацыі пра Польшчу. Але яна ведала. З самай дакладнай крыніцы. Адзін з яе выкладчыкаў – паміж іншым, тэолаг, гісторык, палітолаг і філосаф у адной асобе – быў найлепшым і, шчыра кажучы, адзіным сябрам яе памерлага бацькі, а таксама яе хросным. Дзядзька Ігнацы. Надзя расказвала Якубу, што, калі яна была малою, Ігнацы часта бываў у іх дома ў Гамбургу. Вядома, яна мала памятае з таго часу – толькі тое, што дзядзька саджаў яе на калені, абдымаў і казытаў так, што ў яе ад смеху слёзы выступалі. Трохі лепей запомніліся яго прыходы ў дом нумар восем, калі Надзя з бацькам вярнуліся ў Польшчу. Яна памятае, як бацька з дзядзькам садзіліся за стол у зале і размаўлялі да позняй ночы. Аднаго разу яе разбудзілі гучныя галасы, яна спусцілася і ўбачыла, што бацька плача, а дзядзька Ігнацы стаіць перад ім на каленях, трымае за руку і крычыць. З таго часу ў яе засталося некалькі пабляклых фота. Адно – на якім дзядзька Ігнацы вязе Надзю на багажніку ровара, а бацька гоніцца за імі – вісіць на сцяне ў зале. Гэта апошняе фота, дзе яе бацька ўсміхаецца.

Але мацней за ўсё ёй у памяць урэзаўся той дзень на могілках – дзядзька Ігнацы доўга кленчыў на жоўтым пяску перад ямай, у якой ляжала бацькава труна. А потым Ігнацы з’ехаў з Польшчы і, калі не лічыць паштовак на дзень нараджэння, якія прыходзілі з розных мясцін, але ў асноўным з Паўднёвай Амерыкі, знік з яе жыцця. Яна думала, што назаўсёды, але два гады таму ён раптам зайшоў ва ўніверсітэцкую аўдыторыю. Амаль такі, як быў, толькі яшчэ больш схуднелы, пасівелы і сумнейшы, чым Надзя яго памятала. І ўсё ж агонь цікавасці ў вачах гарэў ранейшы.

З дзядзькам Ігнацы Надзя і размаўляла пра Польшчу. «З аналітычным падыходам і – што самае важнае – без эмоцый», – казала яна. Гэта ён дапамагаў ёй… Можа, не столькі зразумець, колькі раскрыць механізмы таго, што рабілася паміж Бугам і Одрай. Гэта з ім яна спакойна ўсё абмяркоўвала – з каталіцкім прафесарам, шчырым вернікам, але разам з тым – філосафам і вядомым палітолагам, які не заварочваўся ў кокан сваёй веры, сваіх ведаў і перакананняў.

Дзякуючы размовам з Ігнацы Надзя не толькі разумела ўсе тыя механізмы, але і магла сэнсоўна растлумачыць устрывожаным нямецкім сябрам і знаёмым, што адбылося ў Польшчы, надоўга гэта ці так, непрацяглая істэрыя. У істэрыі, якая з цягам часу ператварылася ў гісторыю, і яго, і Надзю найбольш трывожыла тое, што бескультурныя карлікі кінулі цень на ўсё навокал, а ненавісныя «салоны» саступілі месца «інтэлектуальным трушчобам». У дадатак вялізная частка тых салонаў падціскала хвост і са страхам уцякала, не змагаючыся ні за што, і ўрэшце ператварылася, паводле Надзіных слоў, у апазіцыю на канапе. Сядзела сабе па кухнях ды кавярнях, пісала палымяныя маніфесты ў фэйсбук і твітар, але «падняць сраку, прыйсці да будынка суда і раскрыць парасон, прыцягнуцца да кветкавай крамы, каб купіць белую ружу, і стаць за агароджаю ці перад паліцэйскім кардонам не жадала». Калі Якуб пытаў у Надзі, чаму яе гэта так злуе, дзяўчына адказвала, што «на канапе гісторыю стварыць немагчыма – толькі праспаць».

Надзя ж ад гісторыі адвярнуцца не магла і называла захаванне гістарычнай спадчыны, якому вучылася ва ўніверсітэце, узнаўленнем гісторыі з дапамогай хіміі, без якой помнікі культуры выглядалі б «як новыя пломбы ў старых зубах», а гэта няправільна, бо выглядаць яны мусяць так, нібыта за доўгія часы зусім не змяніліся. Напрыклад, за чатыры стагоддзі. Яны старэюць толькі дзякуючы хімічным працэсам, і гэтае старэнне нашмат важнейшае і нашмат складанейшае, чым «устаўляць пломбы», што мог бы зрабіць больш-менш талковы выпускнік мулярскай вучэльні.

Таксама іх рытуалам зрабіліся ранішнія выхады па булачкі і спакойныя лянівыя познія сняданкі. Ранкам у суботу, стараючыся не будзіць Надзю, Якуб бясшумна вылазіў з ложка і ішоў па свежы хлеб і яе ўлюбёныя круасаны з карыцай у маленькую пякарню ў прыбудове да раённага ўніверсама. За пякарняй месцілася легендарная, знакамітая далёка за межамі раёна цукерня пад назвай «Саладзенькі пончык». У бетоннай гаражнай сцяне было прастакутнае акно: да яго аднойчы прымацавалі драўляны прылавак, а ўсярэдзіне пачалі пячы пончыкі. Самыя звычайныя. З павідлам. А потым аказалася, што нічога звычайнага ў іх няма і што людзі гатовыя прыязджаць па іх з іншага канца горада. А калісьці (Якуб ведаў гэта ад Надзі) «Саладзенькі пончык» зусім ніяк не называўся, а быў проста пустым акенцам у сцяне. У часы гарэлкі па талонах, калі бацька Надзі быў прыкладна Якубавага веку, там месціўся ўсім вядомы пункт нелегальнага продажу алкаголю. Дзень быў ці ноч – раз-пораз у акенца, закрытае тонкай фанерай, асцярожна стукалі, пасля чаго фанера падымалася, і з адтуліны паказвалася рука, у якую ўкладалі грошы. Калі іх было замала, рука з’яўлялася зноў – і так пакуль не набіралася патрэбная сума, пасля чаго рука ўрэшце аддавала жаданую бутэльку. Бацька Надзі расказваў, што міліцыянты і дружыннікі, якія прыходзілі сюды часта, са зразумелых прычын атрымлівалі гарэлку за так. То бок задарма і за тое, што закрывалі на гэта вочы. Міліцыянты і дружыннікі – яны ж таксама людзі.

У разгар «плана Бальцаровіча»3 (які мусіў завяршыцца, але ўсё ніяк не завяршаўся) гарэлкі ва ўніверсаме, нібы на ўзмах чароўнай палачкі капіталізму, стала хоць заліся, і той прытончык хутка перакваліфікаваўся ў кафетэрый. Пані Юзафіна, маці пана Юзіка, які, уласна, і валодаў гаражапрытонам, была каралевай выпечкі, і найлепш ёй удаваліся пончыкі. У новых акалічнасцях гэта быў адзіны кірунак развіцця. І, як выявілася потым, правільны.

Пані Юзафіна часта бывала ў «васьмёрцы». Гэта яе мазолістая рука працягвала сасмаглым бутэльку праз акенца ў гаражнай сцяне. Работа цяжкая, у тры змены, бо палякі п’юць круглыя суткі. Надзіна бабуля ў канцы жыцця зрабілася найлепшай сяброўкай Юзафіны, а тая – хроснай маці ейнага сына, Надзінага «таткі». Іншых сябровак у Польшчы не было ў абедзвюх. Абедзве прыехалі сюды адным і тым жа цягніком. У сорак сёмым, з Сібіры…

Не менш легендарным за «Саладзенькі пончык» быў мясцовы ўніверсам – вялікі будынак у форме куба, пакрыты рыфленым жалезам. Якуб бачыў такія ў гістарычных выпусках «Польскай кінахронікі», якія паказвалі штодзённасць сямідзясятых гадоў. Ён не мог зразумець, чаму гэтую брыдоту яшчэ не знеслі, Надзя ж лічыла яе «цудоўным узорам сацмадэрнізму», які варта ахоўваць (!). Да Якуба не даходзіла, навошта ахоўваць бляшанку, якая псуе ўвесь від, але пагаджаўся, што ў гэтага месца ёсць свая атмасфера. Непаўторная. Ні ў якім «Лідле», «Тэска» ці «Бедронцы» такога не знойдзеш. Толькі, на яго думку, гэтую атмасферу стваралі людзі, а зусім не нейкі сацмадэрнізм. Дзеля людзей Якуб туды і хадзіў.

Адразу за дзвярыма, паабапал шырокай мазаічнай дарожкі, стаялі дзве вялікія пашарпаныя лаўкі – такія можна сустрэць у закінутых парках альбо на гарадскіх міні-дачах палякаў. Да гэтых лавак людзі часта прывязвалі сабак, якія – цярпліва ці не вельмі – чакалі, пакуль гаспадары вернуцца. Здавалася, іх гучны брэх нікому не замінае. Дарожка заканчвалася маленькай прастакутнай пляцоўкай, справа ад якой быў найважнейшы аддзел універсама – лікёра-гарэлачны. Насупраць размясціўся мясны – гэты, пэўна, быў тут заўсёды, і не выключана, што вітрыны-лядоўні памяталі бойкі ў чэргах пры сацыялізме. Цяпер за шклом тых вітрын, што голасна гулі, бракавала не тавару, а месца – бо там узвышаўся каўбасна- мясны дастатак. На пагрызенай зубамі часу падлозе паміж двума аддзеламі часта адлежваліся каты – худыя, тоўстыя, чорныя, шэрыя, белыя і рудыя. Здалёк іх можна было прыняць за нерухомыя плямы. Яны не звярталі ніякай увагі на людзей, што мітусіліся вакол, і звычайна спалі альбо вылізваліся. Брэх прывязаных сабак іх таксама не ўражваў. Гэтая карціна дадавала атмасферы сюррэалістычнасці. Ды нават калі б у лікёра-гарэлачным раптоўна з’явілася знакамітая дзяўчына з вяслом, гэта не выклікала б ніякага здзіўлення. Якуб быў гатовы біцца аб заклад, што аднойчы калі не дзяўчына, то вясло там дакладна матэрыялізуецца – сацрэалізм патрабуе.

Кожная суботняя вылазка па булачкі ўключала заход ва ўніверсам. «На зале» Якуб купляў кефір, потым сядаў на лаўку каля лікёра-гарэлачнага, выцягваў з папяровага пакета здобу і разглядаў спачатку катоў, а потым людзей. Назіраў, прыслухоўваўся да размоў пра свет, зусім не падобны да ягонага. На лаўцы каля паліц з бутэлькамі падоўгу сядзелі, цытуючы маладую ўкраінскую касірку, што аднойчы сказала гэта Якубу, акцэнтуючы два першыя словы, «вашы польскія бамжы». Яе ветлівая каляжанка з суседняй касы, якая, відаць, польскую ведала лепш, хутка растлумачыла Якубу, што «бомж» – гэта па-руску, і пераклала.

Неяк у пачатку сакавіка, калі ён, як заўсёды, сядзеў побач з «бамжамі», запіваючы цёплую булку кефірам, з лаўкі падняўся мужчына ў зялёнай куртцы – Якуб бачыў яго і раней. Худы, маўклівы, з сумнымі вачыма, ён звычайна трымаўся ўбаку ад іншых і часта чытаў кнігу альбо газету. У тую суботу таўсценны чорны кот, які ляжаў найбліжэй да вітрын, пачаў гучна мяўкаць. Гэта нагадвала жаласны плач немаўляці. Мужчына ў зялёнай куртцы хістаючыся падышоў да яго, прысеў, дастаў з кішэні пакунак з фольгі і, чухаючы ката за вушамі, пачаў яго карміць. Праз хвіліну тоўстая прадавачка ў белым фартуху выбегла з-за прылаўка і, намагаючыся вырваць пакунак з рук мужчыны, гучна ўсклікнула:

– Ты што тут антысанітарыю разводзіш, га, Іскра? Табе глузды адбіла ці з самага ранку ўжо назюзюкаўся?

Усе, хто сядзеў на лаўках ля лікёра-гарэлачнага, сціхлі нібы па камандзе. Мужчына, якога пхнула прадавачка, упаў, стукнуўшыся галавой аб падлогу. Жанчына альбо не заўважыла гэтага, альбо папросту праігнаравала. Расставіўшы ногі, яна навісла над ім, крычучы:

– Не карміць жывёл у краме! У заалагічнай – кармі, калі прыперла! Ты ж нам санстанцыю сюды наклічаш і з тэлебачання яшчэ! Ці ты не бачыш, што Бегемот ужо і так як свіння аб’еўся? А раве, бо ўспомніў, што сакавік! Дзень з ноччу паблытаў, бо сляпы на адно вока і некастрыраваны! Наравецца і перастане!

Спалоханы кот панічна пабег да выхаду. Якуб ускочыў з лаўкі, падышоў да мужчыны, які ляжаў на зямлі, і падаў яму руку, дапамагаючы ўстаць.

– Вы нічога не пашкодзілі? Усё ў парадку? – спытаў ён ціха, калі мужчына ўрэшце ўстаў і схапіў яго за плячо, каб утрымацца на нагах.

– У найлепшым на свеце парадку, малады чалавек, – адказаў той, змушана ўсміхаючыся. – Усё трашчыць і пішчыць, – дадаў ён, памаўчаўшы, і акуратна абмацаў чэрап. – Калі вы гэтага трэску не чуеце, значыць, мяне моцна галавой аб зямлю шандарахнула. Сумнага коціка хацеў прыгарнуць, істоту галодную накарміць, як Бог наказаў, – ён уздыхнуў і ціха дадаў, абтрасаючы куртку: – А гэтая мегера яго прагнала. Відаць, ніхто яе не любіць.

Калі мужчына павольна клыпаў да выхаду, апусціўшы галаву, над лаўкамі ўсё яшчэ вісела ціша.

Так лёс звёў Якуба з Іскрам, адзіным бамжом, якога ніхто і ніколі, як выявілася пазней, бамжом называць не адважваўся. Максімум «бяздомным». У пачэснай кампаніі заўсёднікаў Бермудскага трохкутніка (так на раёне называлі невялікую пляцоўку паміж бляшанкай універсама, аднапавярховым будынкам сталоўкі «Жамчужынка» і сэкандам з выцвілым надпісам «Фірмовае адзенне з Заходняй Германіі на вагу» над дзвярыма) амаль усе гаварылі пра яго як пра Іскру і звярталіся гэтак жа. Былі і такія, што казалі выключна «наш пан Іскра», і ў гэтым чуліся павага і цеплыня. Зрэшты, яго так і звалі: Леон Барталамей Іскра.

Якуб пра гэта даведаўся, калі ў тую сонечную суботу выйшаў на пляцоўку за крамай. Мужчына ў зялёнай куртцы сядзеў непадалёк ад выхаду на нізкім цэментавым парапеце пад абклеенай плакатамі вітрынай. Аб яго ногі цёрся, выгінаючы і спружынячы спіну, чорны кот, які па-ранейшаму драў горла сумна і пранізліва. Якуб крыху павагаўся, а потым сеў побач з мужчынам. Колькі часу яны моўчкі назіралі за катом. Урэшце мужчына выцягнуў у бок хлопца касцістую руку з адкрытым пачкам «Мальбара». Якуб памятае, што, калі ён адмовіўся, Іскра таксама не стаў курыць, схаваў цыгарэты ў кішэнь, устаў з парапета, пакланіўся і прадставіўся, моцна паціснуўшы яму руку. А калі сеў назад, гладзячы Бегемота, яны з Якубам загаварылі аб прыродзе катоў.

Мова Іскры, словы, што ён выкарыстоўваў, ледзь не філасофскія адступленні, якія ён лёгка, нібы мімаходзь, укручваў у маналог, аказаліся цалкам супрацьлеглымі ўяўленням Якуба пра гэтага чалавека, бо ён лічыў яго чуллівым да жывёл, але па сутнасці – мужланам-п’яніцам з лаўкі ля лікёра-гарэлачнага. Хлопец запомніў, як яму раптам зрабілася сорамна тады: ацэньваючы Іскру, ён кіраваўся прыкрымі стэрэатыпамі, аўтаматычна падзяліўшы свет на «мямляў» з лаўкі ля лікёра-гарэлачнага і вышэйшых за іх людзей – такіх, як ён, Якуб. Ён нічога не ведаў пра «бамжоў», апрача таго, што быць адным з іх ён не хоча. А цяпер ён слухаў Іскру, і… аказваецца, «у катоў фаза хуткага сну даўжэйшая, чым у людзей», а «коткі ў Старажытным Егіпце асацыяваліся з культам вярхоўнага бога Ра, а ў часы адсталага еўрапейскага Сярэднявечча іх у Вялікі Пост палілі сотнямі, бо верылі, што гэта ведзьмы ў абліччы жывёл», а «каэфіцыент энцэфалізацыі ў катоў у два разы вышэйшы, чым у сабак».

Ён памятае, што тады задаўся пытаннем, чым жа можна памераць той дзіўны каэфіцыент, а Іскра раптоўна спаслаўся на «Майстра і Маргарыту» Булгакава. Якуб ведаў гэты раман! Яму падсунула яго маці, калі ён быў ліцэістам-першагодкам, і, мабыць, падсунула зарана, бо асаблівага ўражання кніга на яго не зрабіла. Ён не разумеў і не падзяляў матчынага захаплення, якая перачытвала і перачытвала таго «Майстра…», як нейкі Талмуд, кожны раз занураючыся з галавой і нібы беручы прычасце. Мацней за ўсё яму ўрэзалася ў памяць дзіўная, а месцамі і смешная сюррэалістычнасць. А яшчэ тое, што адным з галоўных герояў быў усёмагутны д’ябал – здаецца, Вольфганг, ці, можа, Воланд, ці яшчэ неяк, – у чыёй свіце хадзіў Бегемот, вялікі чорны кацяра, што ўмеў размаўляць і ездзіў па Маскве на трамваі. І гэта было амаль усё, што Якуб памятаў.

Іскра ўважліва яго выслухаў, а потым нечакана спытаў, як завуць ягоную маці. Быццам гэта было самым важным. І раптам устаў, узяў ката на рукі, абняў і пачаў расказваць, што «ў Понтыя Пілата балела галава і што ён марыў толькі пра тое, каб зноў апынуцца ў сябе дома». І яшчэ згадаў нейкага Ешуа і першасвятароў. Спачатку Якуб падумаў, што Іскра трохі трызніць, бо ў галаве нешта перамкнула ад удару аб падлогу, і толькі потым зразумеў, што Іскра, які стаіць перад ім – з катом Бегемотам на руках, – дэкламуе «Майстра і Маргарыту»! Хлопец глядзеў на яго разгублена, не ведаючы, як рэагаваць. Смяяцца? Здзіўляцца? Захапляцца? Тое, што тут дзеялася, патыхала яшчэ большай сюррэалістычнасцю, чым увесь булгакаўскі Воланд і кот, які ездзіў па Маскве. І, нібыта гэтага было мала, акурат у момант, калі Іскра цытаваў урывак пра трамвай, які адрэзаў галаву Берліёзу, на пятлі проста за ўніверсамам з віскам затармазіў трамвай! Іскра дэкламаваў далей, і да парапета падыходзілі і сядалі побач новыя людзі. Спачатку – маладая дзяўчына з зялёнымі валасамі, потым – высокі худы хлопец у акулярах, які, заціснуўшы каленямі скейтборд, цішком пачаў запісваць выступ Іскры на тэлефон, яшчэ пазней – украінская касірка, што выбегла пакурыць, за ёю – пара старых, якія цягнулі дзве вялікія торбы з пакупкамі. І хутка там ужо сядзелі радком некалькі чалавек, што з цікаўнасцю і здзіўленнем разглядалі мужчыну, які чытаў маналог з катом на руках. Сядзелі і моўчкі слухалі.

У нейкі момант за спінаю Іскры паказалася Надзя ў аліўкавым спартыўным касцюме, са звязанымі ў хвост валасамі і з тэлефонам у руцэ. Прабегла міма Іскры і раптам рэзка спынілася. Стала непадалёк. Схавала тэлефон у кішэнь і пачала слухаць. Якуб зірнуў на гадзіннік: з таго часу як ён выйшаў з дому, прамінула амаль дзве гадзіны. Ён ускочыў і паспяшаўся да Надзі.

Назад Дальше