– Я хвалявалася, – шапнула яна, прыціскаючыся да хлопца. – Ты пакінуў мяне адну так надоўга. Хто гэта? Што з ім? Жабрак які-небудзь? Упершыню бачу, каб жабравалі з дапамогай Булгакава. Мужык адпальвае. Я ўражаная. Цікава, што ён курыў.
– Нічога ён не курыў! Не жабрак гэта! – рэзка запярэчыў Якуб. – Ён упаў, пабіўся галавой аб падлогу, мы размаўлялі пра катоў, а потым ён узяў і пачаў цытаваць «Майстра і Маргарыту».
– Чаму ўпаў? Што здарылася? Пра якіх катоў, Куба? У цябе ж няма ката. Што ты нясеш? Вы разам курылі? – спытала Надзя, хапаючы яго за руку.
– Ды не! Што ты выдумляеш! Вядома, не! – усклікнуў ён.
Іскра замаўчаў і павярнуўся да іх. Бегемот вырваўся з яго абдымкаў і пабег да сметніц непадалёк ад сэканда. У Іскры быў выгляд чалавека, якога вырвалі з летаргічнага сну: ён здзіўлена разглядаў тых, хто сядзеў на парапеце. Потым закурыў цыгарэту і павольна пайшоў за катом.
Першаю запляскала ў ладкі дзяўчына з зялёнымі валасамі. Яна ўскочыла на ногі і заапладзіравала як шалёная. Да яе далучыўся шчарбаты паштальён у шапцы, што змахвала на ленінскі картуз, а потым – высокі мужчына ў клятчастым плашчы і фіялетавых чаравіках, а хлопец са скейтбордам пачаў стукаць ім аб асфальт. І ўрэшце авацыю падхапілі астатнія. Праз хвіліну ўся пляцоўка перад універсамам грымела апладысментамі. Чым гучнейшымі яны рабіліся, тым мацней паскараў крок Іскра. А ў канцы пабег. Нібыта ўцякаў, ахоплены страхам.
У тую суботу дадому яны не вярнуліся, а селі на лаўку ў парку за прыпынкам. Хоць сакавік толькі-толькі пачаўся, сонца ўжо прыемна прыгравала, а дзень быў бязветраны. Яны запівалі рэшткамі кефіру падсохлыя булкі і размаўлялі. Спачатку пра Іскру, а потым – пра свет, той, вакол універсама. Надзя не бачыла ў ім нічога дзіўнага, яна хадзіла сюды часта, гэта была яе тэрыторыя, штосьці кшталту малой радзімы. Тут прайшла частка яе дзяцінства, тут яна пасталела. Калі яны з бацькам вярнуліся з Гамбурга ў бабулін дом, універсам ужо стаяў. Татка – так Надзя часцей за ўсё называла свайго бацьку пасля прыезду ў Польшчу – часта браў яе з сабою сюды – «на марозіва». Яны сядалі на парапеце ля выхаду, і яна, у бяспечным таварыстве бацькі і бабулі, глядзела на пляцоўку перад універсамам і думала, што гэта найлепшае месца на свеце. Нягледзячы на тое, што ў Гамбургу асфальт быў гладчэйшы, пахла лепей, фарбаў было болей і не сустракалася «дзіўных паноў у патрапаным адзенні».
Надзя ведала, што рэальны ўніверсам, гэты малох пад дахам з хвалістага жалеза, яго мазаічная падлога і брудныя вокны – усё некалі знікне і зробіцца гісторыяй, якую моцна прыхарошыць настальгія. Але сканцэнтраваны вакол яго маленькі свет бяссільных, беспрытульных, адзінокіх, разгубленых бедакоў, якія топяць у спірце свой смутак, няўдачнікаў, якіх лёс працяў да крыві, касцей і душы, – гэты свет будзе існаваць далей. Бо бяда, няшчасце і адзінота – вечныя. Заўсёды знойдзецца ўніверсам, вакол якога будуць збірацца гэтыя няшчасныя. Хаця б для таго, каб упэўніцца, што яны не адны ў сваім няшчасці, што яны не нейкія там адкіды грамадства, што такія адшчапенцы ёсць яшчэ. Надзя лічыла, што ім патрэбная гэтая ўпэўненасць, каб не звар’яцець. Такое месца, як гэты ўніверсам, было ім неабходнае.
Калісьці яна і сабе знайшла такі ўніверсам. І нават некалькі. У розных мясцінах свету. Усе яны былі вельмі падобныя адзін да аднаго. Магчыма, Надзя адчувала сябе выгнанай, адрынутай і пакінутай з іншых прычын. Але ёй таксама было патрэбнае такое месца, каб не звар’яцець.
Яны потым разам гадалі, што ж мусіла здарыцца, каб Леон Іскра адвярнуўся ад свету. Тое, што ён ведаў на памяць булгакаўскі раман, Надзю абсалютна не здзівіла – яна таксама даслоўна памятала некаторыя ўрыўкі, прычым вялізныя. Яшчэ адна рэч, якой Якуб пра яе не ведаў.
– Ёсць кнігі, якія проста запамінаюцца. Да канца жыцця. І ты нават не заўважаеш, як яны пасяляюцца ў галаве, – сказала Надзя. – У цябе не так?
У яго было не так. Ён чытаў, можа, і не столькі, колькі маці, і дакладна менш, чым Надзя, але чытаў. І ўсё ж у яго ніколі не з’яўлялася жадання добраахвотна вучыць кнігу на памяць. Аднойчы ў пачатковай школе ён агораў дзве старонкі. У пятым класе ў іх была шалёная настаўніца мовы і літаратуры, якая настойвала, каб у канцы года яны дэкламавалі бацькам урыўкі з любімых кніг. Ён выбраў «Хлопцаў з вуліцы Пала» Ферэнца Мольнара – яе калісьці (некалькі вечароў) чытаў яму перад сном бацька. Тады Якуб упершыню ў жыцці ўбачыў, як бацька плача. Начная лямпачка асвятляла ягоны твар, таму відаць было добра. Бацька сціскаў Якубаву руку пад коўдрай і плакаў, не перастаючы чытаць. У тыя моманты хлопец любіў яго так, як не любіў ніколі. І сам плакаў, хоць бацька гэтага не заўважаў. Не толькі над лёсам гераічнага Немечка.
Карацей, пра кнігі і слёзы Якуб Надзі ўсёй праўды не сказаў.
@2
Вентылятар круціўся павольней і павольней, нібыта ў лопасцей не хапала сілы рассякаць усё гусцейшую задуху, і ў нейкі момант, выдаўшы металічны хрып, спыніўся зусім. Якуб устаў, нацягнуў джынсы, прысеў, і са шчыліны паміж драўлянымі палетамі выцягнуў бутэльку мінералкі. Потым падышоў да стала і нейкую хвіліну разглядаў кнігу, што ляжала побач з клавіятурай. На палях стракацелі алоўкавыя нататкі – адны па-польску, іншыя па-нямецку, а некаторыя нагадвалі ланцужок незразумелых знакаў. І ўсе заканчваліся клічнікам або шматкроп’ем. Якуб нахіліўся і падняў з падлогі фота ў рамцы. Шкло, якое закрывала чорна-белы здымак, трэснула роўна па дыяганалі. На фота бабулька ў квяцістай хустцы на галаве налівала апалонікам суп у талерку, якая стаяла перад мужчынам у чорным гольфе. У адной руцэ мужчына трымаў газету, а другою гладзіў па галаве дзяўчынку са светлымі валасамі і анёльскімі вачыма. Усе трое ўсміхаліся. Колькі радасці і шчасця ў звычайнай на першы погляд выяве…
Ён узяў фатаграфію і стромай лесвіцай спусціўся ў кладоўку ля кухні, бо памятаў, што апроч фарбаў, пэндзляў і папак Надзя захоўвала там шкло, на якім малявала. У металічнай скрынцы для інструментаў Якуб знайшоў нож з алмазным лязом, паклаў на гладкі сталёвы столік вялікі кавалак разбітай шыбы, зняў з крука над столікам вугольнік і выразаў шкло пад памеры рамкі. Вяртаючыся на паддашша, ён спыніўся каля лядоўні ў кухні, да паловы напоўніў лёдам высокую шклянку, заліў вадой з чайніка і выціснуў туды цэлы лімон. Падняўся наверх, паставіў рамку з фатаграфіяй на стол побач з клавіятурай і выйшаў на балкон.
У зацененым кутку, схаваўшыся ад сонца, сядзела Надзя ў расшпіленай кашулі, навушніках і з ноўтбукам на каленях. Спінай яна абаперлася аб сцяну, а на драўлянай падлозе вакол грувасціліся аркушы з запісамі. Якуб паставіў шклянку на гаршчок, павернуты донцам дагары. Надзя перастала пісаць, падняла галаву, крыху ссунула навушнікі і доўга глядзела хлопцу ў вочы – задуменна, пранікліва і з дзіўнай павагаю.
– Куба, – нарэшце прамовіла яна, – мне трэба сказаць табе нешта вельмі важнае.
Ён нервова зачасаў валасы назад і прысеў перад ёю. Яна прыцягнула яго за галаву да сябе, рассунула вусны языком і доўга цалавала.
– Я цябе вельмі моцна кахаю, ты ж ведаеш? – шапнула дзяўчына.
Яна ўзяла шклянку, прагна выпіла ваду да дна і моўчкі пачала зноў настукваць нешта на клавіятуры. Усё яшчэ седзячы, Якуб ашаломлена глядзеў на яе грудзі, і Надзя не магла гэтага не заўважыць. Яна перастала пісаць, усміхнулася, зашпіліла гузікі і, пакруціўшы галавой, сказала:
– Не цяпер.
Ён сеў побач і моўчкі агледзеў паперы на падлозе. У асноўным гэта былі графікі і фотаздымкі з фрагментамі муроў, сцен, падлог альбо столяў нейкай будыніны. Падпісаныя яны былі па-нямецку і часам – па-англійску.
– Як толькі скончу з гэтай дакументацыяй для Карыны, давай што-небудзь з’ямо. Я зраблю таматны суп з локшынай – можаш пачынаць радавацца, – сказала Надзя. – Я хутка. Абяцала сёння зрабіць гэтую ацэнку, Карына вельмі чакае. Хаця насамрэч мацней чакае Алекс.
Карына. Надзіна выкладчыца. Зноў яна, падумаў Якуб, назіраючы за маленькім смешным тэр’ерам, які пралез пад сеткай і цяпер як шалёны бегаў па палісадніку, ганяючы галубоў. Карына ўсё часцей урывалася ў іх жыццё. Якуб пазнаёміўся з ёю некалькі тыдняў таму. Было ўжо за поўнач, яны з Надзяй сядзелі на кухні і раптам пачулі гучны стук. За дзвярыма, схаваўшыся за вялізным букетам руж, стаяла ўсмешлівая худая брунетка веку Якубавай маці. Вельмі падобная да яе. Ён памятае, як яна акінула яго дапытлівым позіркам і, гучна смеючыся, прамовіла:
– Я думала, што буду першая, а вы паглядзіце – нехта апярэдзіў. Спадзяюся, я вас не з ложка выцягнула? – яна ўвапхнула агромністы букет Якубу, абняла Надзю і дадала: – Такога я б сабе не прабачыла.
Яна адмаўлялася заходзіць, маўляў, я толькі Надзю павіншую і пайду. Надзя практычна сілай зацягнула яе ў перадпакой. Якуб нічога не разумеў: ён не ведаў гэтай жанчыны; і навошта букет – таксама не ведаў. Не ўяўляў, пра якія віншаванні вялося.
Яны зайшлі на кухню. Якуб паклаў букет на стол. Жанчына падала хлопцу руку.
– Карына, – прадставілася яна і, не чакаючы адказу, з усмешкай дадала: – А вы ж Якуб, так? Я ўпэўненая, што недзе вас бачыла.
Ён уважліва паглядзеў на яе, напружваючы памяць. Не, нічога не ўспаміналася.
– А вы шчасліўчык, – жанчына павярнулася да Надзі: – Налі мне гарэлкі, халодненькай, не шкадуючы, і адразу пабягу. Алекс у машыне чакае. Не хацеў заходзіць, бо да Цюрыха дарога доўгая, баяўся, што з польскага дома я не выйду, па-першае, хутка і не абразіўшы гаспадароў, а па-другое, цвярозая. Таму абачліва застаўся ў аўто. А я хацела зайсці і выйсці магу нецвярозай. І казала ж яму, што ў Цюрых з Польшчы ўжо даўно лётаюць самалёты, ды яшчэ і некалькі разоў на дзень, але ён упёрся: машына і ўсё. Мабыць, мае на гэта прычыны. У такіх выпадках ён схільны сварыцца, і тады лепш за ўсё дапамагае гарэлка. Я ад яе раблюся лагоднаю як лань і ўвесь час яму падтакваю. Ён гэта вельмі любіць. Таму налі мне сто грам. «З горачкай».
Надзя выцягнула з маразілкі запацелую бутэльку расійскай гарэлкі. Потым падышла да Карыны, моцна яе абняла і сказала:
– Ты памятала. Дзякуй.
І наліла гарэлкі ў дзве шклянкі. Адну падала Карыне, а з другою падышла да Якуба.
– Шчаслівага чарговага года, Надзенька! – прамовіла Карына, салютуючы ім шклянкай.
Яна выпіла гарэлку да дна, закусіла жменяй чарэшні з міскі, што стаяла на стале, абняла іх абаіх і пайшла да дзвярэй. Калі Якуб з Надзяй выбеглі ўслед на ганак, Карына ўжо садзілася ў «мерседэс». Надзя выйшла на сярэдзіну дарогі і махала, пакуль машына не знікла за паваротам. Якуб тым часам паспешліва сарваў некалькі стакротак і, калі Надзя вярнулася, павіншаваў яе з днём нараджэння. Ён не разумеў, як мог забыць пра гэта. Менавіта тады, сціскаючы ў руках букецік і цалуючы Надзю, ён упершыню адчуў удзячнасць да таямнічай Карыны, якая, нібы метэарыт, з’явілася ў Надзіным доме. І ў ягоным жыцці.
На кухні Надзя наліла ім яшчэ гарэлкі і коратка распавяла Якубу, хто такая Карына: скончыла архітэктурны факультэт знакамітай Політэхнічнай школы ў Палезо пад Парыжам, альма-матэр двух французскіх набелістаў, некалькіх прэзідэнтаў і ледзь не дваццаці кіраўнікоў найбуйнейшых кампаній краіны, а пасля – аспірантуру Жэнеўскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «кансервацыя помнікаў архітэктуры».
Менавіта там кожную пятніцу, суботу і нядзелю яна бачылася на занятках з Аляксандрам фон Ліпенам, багатым банкірам з Цюрыха, старэйшым за яе на дваццаць гадоў. Пра тое, што Аляксандр з арыстакратычным прозвішчам кіруе адным з найбуйнейшых банкаў Швейцарыі, Карына тады і не здагадвалася. Для яе ён быў аднакурснікам – відавочна старэйшым за астатніх, але таксама студэнтам. Да таго ж спакойным, адстароненым і нечувана разумным. Алекс, як яна яго называла, пачаў падсаджвацца да яе ў сталоўцы, быў страшэнна мілы, гаварыў па-французску без нямецкага акцэнту, пасля абеду заўсёды заносіў яе паднос на стойку, ранкам чакаў яе з каваю, з часам пачаў вітацца польскім «дзень добры», а ўвечары праводзіў да метро. На пытанне, чаму ён пайшоў ва ўніверсітэт, адказваў, што яго цікавяць помнікі архітэктуры і што яму падабаецца вучыцца. Аднойчы яны сядзелі ў парку, і Алекс сказаў: «Богу дзакую, што сахапіўся сахаваннем помнікаў, бо цабе суштрэў». Калі яны ўжо былі парай, Карына даведалася: Аляксандр фон Ліпен такі багаты, што можа купіць не толькі сталоўку, але і проста-такі ўвесь універсітэт. Пасля двух гадоў у Жэневе, дзе яна, каб пражыць, з раніцы працавала паштальёнкай, а вечарамі – афіцыянткай, Карына вярнулася ў Познань. Алекс часта прыязджаў да яе. Здаралася так, што ён прылятаў а дзясятай, хапаў таксоўку, імчаў да Карыны, расказваў, як сумаваў, а потым забываў шкарпэткі, спяшаючыся на самалёт у Швейцарыю а чатырнаццатай.
Але часцей за ўсё ён заставаўся даўжэй. На нейкія выхадныя Карына ўзяла яго ў Гданьск, адкуль яны мусілі на некалькі дзён паехаць у Калінінград, дзе даўным-даўно, у нямецкім за тымі часамі Кёнігсбергу, нарадзіўся і жыў да самай смерці прадзед Алекса, прафесар філасофіі, што выкладаў ва ўніверсітэце, рэктарам якога быў не хто іншы, як Імануіл Кант. Алекс хацеў наведаць не столькі ўніверсітэт, колькі могілкі, каб знайсці пахаванне прабабулі-яўрэйкі, якую ягоная швейцарская сям’я прагнула выкрасліць са сваёй арыстакратычнай гісторыі.
Па дарозе ў Гданьск яны чарговы раз спыніліся выпіць кавы. Карына расказвала, што ў падарожжы Алексу патрэбная кава дзесьці кожныя сто кіламетраў, асабліва калі за рулём не ён. І калі яны пілі каву з папяровых кубкаў, аблакаціўшыся на высокі столік у тлумным «Макдоналдсе», а Карына апавядала пра «Труймяста», Алекс раптам спытаў па-польску, ці выйдзе яна за яго замуж. Вось так ні з вады ні з яру, на сярэдзіне яе расказу пра Сопат. Спачатку яна падумала, што недачула, што, магчыма, кепска зразумела яго мілую, але ўсё яшчэ кепскую польскую, але калі ён паўтарыў пытанне па-французску, потым па-нямецку і ўрэшце пачаў цалаваць ёй рукі – зразумела, што ён «насамрэч, усур’ёз». Яе не бянтэжыла прапанова за кавай у «Макдоналдсе», яна часта падкрэслівала, што гэта ідэальна ўпісваецца ў Алексаву жыццёвую філасофію: нічога не адкладаць, пераходзіць да сутнасці тады, калі адчуваеш неабходнасць яе выказаць. «Якая розніца, просяць тваёй рукі ў “Макдоналдсе” ці ў гатэлі “Рыц”, рука ж тая самая», – казала Карына Надзі. Да таго ж арыстакрат Аляксандр фон Ліпен лічыць, што кава ў «Мак-Кафэ» на магістралі А1 у Польшчы на сем паверхаў лепшая за тую, якую ён піў у «Рыцы» па ўсім свеце. Гэта зусім не значыць, што Алекс – нячулы і нерамантычны або пакутуе на алексітымію. У Карыны нават думкі пра гэта не з’явілася, калі яна ў той дзень у «Макдоналдсе» на А1, усхвалявана выціраючы слёзы, паабяцала яму стаць ягонай жонкай. І правільна. Бо калі яны прыехалі ў «Гранд-атэль» у Сопаце, у нумары чакалі яе ўлюбёныя фрэзіі, што плавалі ў парцалянавых місах, а вечарам, калі яны сядзелі абняўшыся на пляжы перад гатэлем, Алекс раптам пачаў капаць пясок ля нагі Карыны і «выпадкова» знайшоў плацінавы пярсцёнак з чорнай жамчужынай, які тут жа надзеў ёй на палец.
Калі яны ажаніліся, то заснавалі сумесную рэстаўрацыйную кампанію. З увагі на падаткі офіс размясцілі ў Манака. Алекс кіраваў назіральнай радай, бо гэта былі ягоныя грошы, а Карына стала выканаўчай дырэктаркай, бо гэта яна прымножыла пачатковы капітал. Алекс – нягледзячы на ўніверсітэт – быў абазнаны ў гістарычных каштоўнасцях як турыст, бо шмат падарожнічаў, а Карыну (з той самай прычыны) ведалі куратары помнікаў культуры, якія ён наведваў.
Кампанія мужа і жонкі фон Ліпен стала нечувана паспяховай, выйграла мноства конкурсаў і аўкцыёнаў. Яны рэстаўрыравалі аб’екты па ўсёй Еўропе, ад Нарвегіі да Кіпра, а яшчэ ў Злучаных Штатах, В’етнаме, Сінгапуры і нават апошнім часам у Кітаі. Калі нехта з гэтай галіны не ведаў Карыны, гэта значыла, што ён быў зусім зялёны навічок. Калісьці Алекс забяспечваў замовы дзякуючы сваім сувязям, але цяпер усе хацелі здабыць электронны адрас Карыны.