Канец адзіноты - Вишневский Януш Леон 8 стр.


Яна жыла ў Познані, а ён – па-ранейшаму ў Цюрыху, што, на думку Карыны, было сакрэтам шчаслівага шлюбу. Пад сумеснае жытло яны купілі катэдж каля Франкфурта-на-Майне, на роўнай адлегласці ад сваіх гарадоў. З Алексам Карына размаўляла па-французску, каб ён не выхваляўся лепшай нямецкай, але і не вырабляючыся сваёй англійскай. Яны не мелі сваіх дзяцей, затое ўзялі пад апеку сотню чужых у Руандзе, пабудаваўшы і гадамі ўтрымліваючы там дзіцячы дом. Чатыры гады таму Надзя сутыкнулася з Карынай менавіта там, у дзіцячым доме ў прадмесці Кігалі. Яны пазнаёміліся і пасябравалі.

Карына заўсёды лічыла, што найлепей помнікі культуры рэстаўрыруюць у Польшчы. Асабліва паперу і камень. І настойвала на гэтым не як патрыётка, а як адказная кіраўніца карпарацыі. Ужо некалькі гадоў яна працавала запрошанай выкладчыцай у трох польскіх універсітэтах, а ў Надзіным вяла курс пад назвай «Віды і маштабы ўмяшання ў помнікі архітэктуры». Магло падацца, што тэма нудная, але першы погляд быў памылковы. Кожная лекцыя Карыны была займальным аповедам пра выбраны аб’ект, які яна сама даводзіла да бляску, і нагадвала мультымедыйнае шоу, у якім гісторыя, тэалогія, этыка, мастацтва, архітэктура, хімія, паліталогія і крыміналістыка змешваліся ў ідэальнай прапорцыі. Калі б Карына зрабіла з гэтых лекцый серыял, думала Надзя, яго без ваганняў купіў бы «National Geographic». А можа, нават «Нэтфлікс».

Карына была выбітнай выкладчыцай, студэнты ёю захапляліся, у іх анкетах яна здабывала бескампрамісную перамогу ўжо некалькі гадоў запар. Мабыць, таму яе не любілі выкладчыкі. Яна не ўваходзіла ні ў адну тусоўку. Калі ў прыёмныя гадзіны яе не было на факультэце, Карына была даступная па скайпе, усе прэміі і ўзнагароды цалкам пералічвала на рахунак студэнцкага навуковага гуртка. На думку Надзі, гэта быў тактычны ход і частка далёкасяжнага плана, па сваёй сутнасці – вельмі высакароднага. Мэтай Карынінай працы ў польскіх універсітэтах было нястомнае рэкрутаванне. Спачатку яна зачароўвала студэнтаў харызмай, потым вылоўлівала найлепшых і выпрабоўвала на дробных праектах у Польшчы, а калі чаканні апраўдваліся, наймала. Не выключана, што аднойчы разам з Карынай гэтыя людзі трапяць у месца, якое было вяршыняй мар – і яе, і ўсіх, хто любіў камень: у святыню Ангкор-Ват пад Сіемрапам у Камбоджы.

Гэтае выпрабаванне прайшла і Надзя. І яе з Карынай сяброўства і агульныя ўспаміны з Руанды не мелі ніякага значэння: Карына раздзяляла прафесійныя пытанні і асабістыя сімпатыі ці антыпатыі. Яна даручыла Надзі «тонкую працу» ў кляштары на Мазурах, ля возера, якога не было на карце, сярод лясоў у поўнай глушы, там, дзе нават сігнал GPS не лавіў. Да таго ж кляштар быў не зусім звычайны. У абатысы апрача сапраўднага паклікання была навуковая ступень па фізіцы, а сёстры ў дадатак да шчырых малітваў арганізоўвалі для пажылых жыхароў навакольных вёсак курсы «лічбавай пісьменнасці, каб змагацца з іх лічбавай ізаляцыяй». У тых мясцінах пытанне стаяла асабліва востра, бо вёскі фактычна апусцелі, калі моладзь з’ехала шукаць лепшага жыцця ў Германіі і Англіі. Інтэрнэт дазваляў іх бацькам і бабулям-дзядулям не толькі трымаць з імі кантакт, але і – у першую чаргу – запаўняць пустату, знаёміцца з жаніхамі-нявестамі дзяцей альбо глядзець на нованароджаных унукаў. І гэта была асноўная мэта сёстраў у лічбавай асвеце вакольнага сялянства.

Для Карыны кляштарнае заданне было толькі дробным праекцікам, затое для Надзі – першым сур’ёзным экзаменам. Так яна да гэтага ставілася. Як да нечуванага падарунка лёсу. Таму занурылася ў справу з галавой.

– Але толькі спачатку, – шаптала яна, прыціскаючыся да Якуба. – Потым на тых мастках з’явіўся ты, і я скрэбла сцены проста каб вечара дачакацца. Наступнай сустрэчы. Ты паступова ап’яняў мяне. Можа, таму ў мяне так добра атрымлівалася.

Калі б не Карына, Надзя ніколі б не трапіла на тыя масткі, калі б не Карына, яны б, хутчэй за ўсё, ніколі не сустрэліся. Таксама ім на дапамогу прыйшлі лёс і адукаваная настойлівая абатыса, якая выбівала з курыі грошы на новыя камп’ютары для сёстраў і на інтэрнэт, што працаваў бы нават за тоўстымі сценамі. Так і перасекліся сцежкі Якуба і Надзі.

– Чаму Алекс чакае мацней? – спытаў раптам Якуб, якога вырвала з задуменнага стану жаласнае скуголенне сабакі ў палісадніку.

Надзя не адказала. Яна адклала ноўтбук і моўчкі пайшла ў дом. Неўзабаве Якуб убачыў яе ўнізе – яна клікала сабаку, які ў паніцы бегаў уздоўж агароджы і не мог знайсці дзірку, праз якую сюды пралез. Урэшце жывёліна легла на спіну, а Надзя ўзяла яе на рукі і пайшла да паркана, што аддзяляў палісаднік ад шматкватэрных дамоў. Вярнулася яна праз некалькі хвілін, задыхаўшыся, і паставіла перад Якубам кошычак, поўны вялізных сакавітых вішняў, а побач – парцалянавую місу.

– Глядзі, мужык, якую здабычу твая жанчына прыцягнула! – закрычала яна. – Гэтая морда ўвесь час уцякае ад гаспадароў з чацвёртага паверха і часам залазіць сюды, каб паганяць галубоў. Дурында вушастая, не памятае, праз якую дзірку ўшчамілася. І кожнага разу, як я ім яе адношу, мне дзякуюць садавіной. Мабыць, у іх нейкі сад ёсць.

Якуб гулліва паглядзеў на яе, беручы з кошыка жменю вішняў.

– А ты ведаеш, што хадзіла да іх у маёй кашулі? І што ў цябе пад ёю нічога няма? Гэта ўжо не лічачы той драбязы, што ты босая.

Надзя кінула спалоханы позірк на свой адбітак у шыбе і з палёгкай у голасе адказала:

– І праўда. Добра, што ў цябе такія доўгія кашулі. Божа, ну я і балда. Але гэта ты вінаваты! Хто мяне раздзяваў! – з усмешкай дадала яна.

Потым расшпіліла гузікі і зняла кашулю. Голая села на падлогу і прагна накінулася на вішні. Неўзабаве на яе вуснах, падбароддзі і шыі з’явіліся пунсовыя струменьчыкі соку. Яны сцякалі па грудзях, спыняючыся на выпукласцях смочак. Якуб схіліўся і пачаў іх злізваць. Надзя моцна прыціснула да сябе яго галаву. Ён адчуў кроплі соку на скроні і шчацэ, а потым – цяпло яе языка.

– Не ведала, што ў вішнях можа быць столькі соку. А ты? – прашаптала яна яму на вуха, а потым рашуча адсунула яго галаву і спытала: – На чым мы спыніліся?

– А мы спыніліся? – расчаравана ўздыхнуў ён, кладучы галаву на яе зведзеныя сцёгны.

– Я зняла кашулю, бо не хачу яе запэцкаць. Сам ведаеш, як цяжка адмываецца вішня, – захіхікала Надзя.

– На Алексе, – сказаў Якуб, жмурачыся ад сонца.

– Так, дакладна, на Алексе! Гэта яму не цярпіцца. Карына піша, што апошнім часам ён нейкі нервовы, – адказала Надзя, пяшчотна расчэсваючы пальцамі яго валасы.

– Гэта Алекс? Ты ж казала, што ён спакойны, як пацыент у коме, і яго нічога не кранае.

– Выходзіць, што нічога, акрамя грошай. Але нядзіўна, бо гэта найбуйнейшы заказ у гісторыі кампаніі. Гіганцкі проста. У параўнанні з ім усё зробленае раней – рэстаўрацыя дамкоў з лега. Да таго ж праект такі прэстыжны, што ніхто са здаровымі глуздамі не падумае прасіць перадаплату. А Алекса ў першую чаргу хвалююць выдаткі. Гэта ён мусіць паклапаціцца пра лагістыку, закупіць матэрыялы, прабіцца праз чыноўнікаў, заплаціць людзям, рассяліць усіх, ды яшчэ і выгаду з усяго займець. А Карыну гэта абсалютна не цікавіць. Яна прыходзіць, глядзіць, абмацвае камяні і бярэцца за працу, нібыта гэта яе дом. Плюс заказ паступіў з Мюнхена.

– Гэта важна?

– Для Алекса – яшчэ як. У швейцарцаў нейкія дзіўныя комплексы што да немцаў, асабліва з Баварыі. Апрача таго, за ўсё плаціць Берлін. Калі пройдзе добра, кампанія стане адным з дзяржаўных падрадчыкаў. Сам ведаеш, колькі ў Германіі прыдатных аб’ектаў. І якія грошы круцяцца.

– А які ў гэтым твой інтарэс? – спытаў Якуб, не разумеючы Надзінага хвалявання.

– Вельмі вялікі, – спакойна прамовіла дзяўчына. – Карына хоча большасць рэстаўрацыйных матэрыялаў заказаць у Польшчы, кажа, што ў нас яны найлепшыя і з іншымі яна працаваць не збіраецца. Яна дасылае мне апісанні выбраных аб’ектаў, каб я зрабіла падлікі і каб на іх аснове ацаніць кошт заказаў для ўсяго праекта. Лічба будзе з шасцю нулямі, – дадала Надзя, памаўчаўшы. – У Карыны ёсць разумная сквапнасць, тыповая для багатых людзей, якія свой капітал здабылі самі. У Руандзе яна пабудавала дзіцячы дом за некалькі соцень тысяч еўра, але перад гэтым доўга лічыла, лепей паставіць уласны генератар ці браць электрычнасць з дзяржаўнай сеткі. Спынілася на апошнім, бо высветлілася, што, калі даць хабар, гэта будзе танней. Танней на дваццаць еўра штомесяц цягам дзесяці гадоў. За дваццаць еўра ў Руандзе можна купіць сорак літраў малака для дзяцей. Карына ў курсе, – працягвала Надзя, – што ў мяне прычын для сквапнасці нашмат больш, чым у яе. Таму яна мне давярае. Да таго ж у мяне добрая нямецкая, і калі ў мяне не будзе нейкай інфармацыі, я змагу даведацца пра ўсё проста на месцы, ад куратара аб’екта, не тлумячы галавы нікому. Яна мяне ў Мюнхене прадставіла як «адзіную асобу з правам прыняцця рашэнняў, за выключэннем фінансавых пытанняў». Маўляў, я ва ўсім разбіраюся, але хабар даваць не змагу. Ладна, заканчваю балбатаць, а то ты з нуды памрэш. Мне засталося яшчэ некалькі вылічэнняў, – яна паказала на паперы. – Зараз скончу і вазьмуся гатаваць таматны суп для свайго мужчыны, – Надзя патрапала Якубу валасы.

Потым зняла яго галаву са сваіх сцёгнаў, асцярожна паклала на скручаны плед, пацалавала хлопца і адышла ў заценены кут.

На пякучым сонцы Якуб вытрымаў усяго некалькі хвілін. Потым вярнуўся ў пакой, выцягнуў з заплечніка ноўтбук і сеў за стол. Тыдзень таму ён здаў апошні экзамен, а падарожжа ў Грузію яны з Надзяй запланавалі на пачатак жніўня. У яго два тыдні, каб скончыць з замовай, якую падсунуў бацька. Вялікая сетка цукерань хацела замяніць плацежныя тэрміналы, каб ажыццяўляць бескантактныя плацяжы не толькі картай, але і смартфонам. Трэба было перапраграмаваць бухгалтарскую сістэму ўліку. Якуб пачаў працаваць яшчэ перад сесіяй, але на час экзаменаў усё адклаў. Нецікавая, нудная, карпатлівая праца. Яго падтрымлівала толькі думка пра тое, як дорага ўласнікам давядзецца заплаціць за гэта.

Яму патрэбныя былі грошы на грузінскае падарожжа. Ён вельмі хацеў грошай. Магчыма, гэта старамодна, але ён лічыў, што мужчына мусіць мець грошы. Не гаварыць, што мае, але мець іх. Гэта прыкмета мужчыны. На цяперашні час гэта было састарэлае меркаванне, але Якуб радаваўся, калі мог нешта купіць Надзі.

Піскнуў месенджар – Надзя скінула яму спасылку на аэрафотаздымкі. Манументальны неагатычны гмах з зялёным дахам. Чатырохпавярховы будынак з трох бакоў быў аточаны паркам, а ўпрыгожаны бюстамі і статуямі тэракотавы фасад глядзеў на раку, што цякла ўнізе. Пад спасылкай Надзя напісала: «Цудоўная штука, але яна крадзе час, які я магла б бавіць з табой. Ты для мяне самы важны. Ты ж гэта ведаеш, праўда?» Якуб адчуў сябе ўзрушаным.

Надзя нават не ўсведамляла, як часта ўзрушвае яго. І, пэўна, не ведала, што так яшчэ мацней прывязвае Якуба да сябе. Яна штосьці кідала вось так, неабачліва, пра тое, што ён самы важны, гатавала яму таматны суп з найтанчэйшай локшынай, як ён любіў, дасылала эсэмэс, дзе казала ўзяць куртку, бо збіраецца на дождж. Але гэта яшчэ не ўсё. Яна папаўняла яго рахунак на тэлефоне, бо ведала, што Якуб пра гэта забывае, прадаўжала праязны альбо нагадвала ў лісце, што ў чацвер у яго бацькі дзень нараджэння. Яна ўзрушвала яго пастаянна.

Якуб паглядзеў на чорна-белае фота ў рамцы. Спыніў позірк на ўсмешлівым дзявочым твары. І задумаўся.

Калі яна была такая шчаслівая? У якім веку? Дванаццаць гадоў? Не больш. Ён ніколі не пытаў у яе пра гэта. Яны з бацькам вярнуліся з Гамбурга ў бабуліну «васьмёрку», калі Надзі было адзінаццаць. Калі бацька памёр, яна заканчвала шосты клас, а калі пакінула гэты свет аўдавелая бабуля Цэцылія – здавала выпускныя экзамены. У васямнаццаць гадоў Надзя засталася адна. Зусім адна. Яе бацька сваякоў не меў. Сям’я бабулі Цэцыліі не вярнулася з Сібіры. У Надзі было некалькі адрасоў, яна пісала туды – і па-польску, і па-руску. Ёй ні разу не адказалі.

За дом не трэба было змагацца – Цэцылія перад смерцю перапісала яго на Надзю. Выбіваць давялося дапамогу праз страту бацькі. З нямецкай страхавой, амаль два гады. Пасля школы дзяўчына засталася з домам, поўным успамінаў, у чарговай жалобе, без блізкіх і без грошай.

Яна хацела ўцячы. Як найдалей. Здала дом за бясцэнак, папрасіўшы толькі глядзець сад. Паўналетняй грамадзянкай Польшчы вярнулася ў Гамбург і з адной валізкай выйшла на тым самым вакзале, з якога з’ехала з бацькам.

Як бяздомная грамадзянка Германіі яна пайшла ў адпаведную ўстанову. На яе шчасце, чыноўніца аказалася полькай, якая спачатку не магла зразумець, чаму Надзя саромеецца прасіць дапамогі, а выслухаўшы яе гісторыю, расплакалася і аднесла яе сітуацыю да «dringender Notfall» – выключнага выпадку кшталту страты дома ў пажары, паводцы ці ў выніку тэрарыстычнага нападу. Першы тыдзень Надзя пражыла ў чатырохзоркавым гатэлі, пасля чаго ёй выдзелілі студыю на апошнім паверсе абшарпанага шматпавярховіка ў раёне Вілемсбург, куды ноччу лепей не забрыдаць. Атрымаўшы першую выплату, дзяўчына паехала ў «Ікею», купіла матрац, пасцель, коўдру і вінныя кілішкі. Праз некалькі дзён яе паставілі на ўлік на біржы працы.

У студыі без мэблі Надзя пражыла каля месяца. Працу яна знайшла самастойна. Немцы ўсё яшчэ каюцца за мінулае, а паколькі маюць грошы, то могуць літаральна адкупіць гістарычныя грахі. Надзя знайшла дзяржаўнае агенцтва па дапамозе ахвярам катастроф, а для немцаў адсутнасць школы ў эквадорскай вёсцы, выхавацелькі ў дзіцячым садку на Гаіці, перакладчыцы ў бальніцы ў Бірме – таксама катастрофа. Надзя сказала, што ведае англійскую, у Бірму можа вылецець хоць заўтра і за тыдзень зробіць усе патрэбныя прышчэпкі. У дадатак нават не пацікавілася заробкам. Назаўтра малады валанцёр прывёз ёй дамову на подпіс.

Так яна ўцякала чатыры гады. Ад роспачы, дэпрэсіі, тугі, адрынутасці. І ўсюды сутыкалася з нечуванай бядой, пасля чаго па-іншаму глядзела на сваю. Спачатку была Бірма, потым – Самалі, урэшце Руанда. Нямецкае агенцтва прапанавала ёй пасаду галоўнай спецыялісткі ў Берліне. Яна адмовілася. У Польшчу Надзя вярнулася з Нікарагуа. З адной валізкай – яшчэ меншай, чым тая, з якой з’язджала.

Найперш яна паразганяла дакучлівых забудоўшчыкаў, якія прапаноўвалі залатыя горы за бабулін дамок, не хаваючы, што збіраюцца яго знесці. Атрымаўшы рашучую адмову, яны пачалі пагражаць, а потым і рэгулярна ўрывацца. Аднойчы Надзя дапамагла занесці дадому торбы з пакупкамі нейкай бабульцы, што стаяла перад ёю ў чарзе да касы. Дзверы ім адчыніла дачка бабулькі і, не хаваючы ўзрушанасці, запрасіла ў кватэру. Надзя не адмовілася, бо ад жанчыны ішло цяпло, і за гарбатай прагаварылася, што жыве ў «васьмёрцы». Аказалася, што бабулька цудоўна памятае Цэцылію, а яе дачка – юрыстка. Дачка немаведама адкуль здабыла для Надзі выпіску з зямельнага кадастру. Гэта было няпроста, бо бабуля Цэцылія як рэпатрыянтка атрымала старэнькі дамок на гарадскіх ускраінах у канцы 1947 года ад камуністаў. А яны размяркоўвалі дамы па загадзе партыйнай левай пяткі – хапала ліста, падпісанага на каленцы якім-небудзь сакратаром, і чырвонай пячаткі з цэнтральнага камітэта. Бабуля Цэцылія дастаткова доўга жыла сярод камуністаў, каб разумець, што гэтага замала. Пасля чарговай партыйнай чысткі ліст можа стаць несапраўдным, уладнаму сакратару могуць скруціць шыю, а пячатку – зламаць. Таму яна хадзіла ва ўпраўленне і ныла аж да часу, пакуль той шматок паперы з сакратарскім подпісам не змяніўся на запіс у зямельным кадастры. Больш за ўсё Цэцыліі дапамагло тое, што яна гаварыла па-руску зусім без акцэнту. Нейкі чыноўнік, даваенны інтэлігент, які рускую ведаў вельмі слаба, так напалохаўся, што неадкладна заняўся бабулінай справай. Цэцылія па звычцы яшчэ і прадставілася Цэцыліяй Леонаўнай, таму чыноўнік прыняў яе за таварыша камуністку з братняга СССР. Вось так бабуля Надзі зрабілася ўласніцай дома нумар восем. Пра той кадастравы запіс яна забыла, бо ён ні разу не спатрэбіўся.

Спагадлівая дачка бабулькі з універсама перакапала гарадскія архівы і знайшла яго. Потым на ўсялякі выпадак заверыла дакумент у натарыуса і напісала кароткі ліст у юрыдычны аддзел кампаніі-забудоўніка, далучыўшы pdf-файл з копіяй кадастравага запісу. І з таго часу ў «васьмёрку» больш ніхто не прыходзіў. Нават на арыгінал зірнуць не захацелі.

На грошы з запозненай нямецкай дапамогі па бацьку і па яго страхоўцы Надзя адрамантавала дом, уцяпліла сцены, накрыла будынак новым дахам, абгарадзіла сад за домам, засадзіўшы яго туямі, паставіла мазутны ацяпляльны кацёл замест вугальнага, амаль замяніла водаправод і дабудавала ванны пакой на паддашшы. А яшчэ паступіла ва ўніверсітэт. Архітэктура была для яе бацькі ўсім. У дзяцінстве яна залазіла яму на каленкі і на экране заўсёды ўключанага камп’ютара бачыла будынкі, якія бацька спецыяльна для яе круціў, павялічваў, змяншаў ці нейкім чараўніцтвам адчыняў, каб яна, нібы Аліса з Краіны цудаў, магла зазірнуць усярэдзіну. А праз колькі часу яны ішлі гуляць і глядзелі на ўжо гатовыя будынкі: задзіралі галовы, дакраналіся да сцен, заходзілі – і там усё было як на карцінках у бацькавым камп’ютары.

Назад Дальше